А-100

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да навігацыі Перайсці да пошуку
«А-100»
Тып Таварыства з абмежаванай адказнасцю
Заснаванне 16 жніўня 1994 (27 гадоў таму) (1994-08-16)[1]
Размяшчэнне Мінскі раён, вёска Баравая, д. 7
Ключавыя постаці Аляксандр Цэнцер, Ірына Валадзько
Галіна Будаўніцтва, гандаль
Прадукцыя Жыллё, крама, склад; збыт бензіну, дызельнага паліва
Колькасць супрацоўнікаў 700 (2014)
Дэвіз Мы стараемся
Даччыныя кампаніі «АСтоТрэйдынг» (А-100 АЗС), «А-100 Дэвелапмент», «Авія-100», «АСтоРэс» (страўні «Sun Café»)
Сайт www.a-100.by

«А-100» — беларускае прадпрыемства, заснаванае ў жніўні 1994 года ў Мінску[2]. На 2015 г. мела найбуйнешую ў краіне прыватную сетку з 35 аўтазаправачных станцый, што належала беларускім уладальнікам. З 1 студзеня 2015 г. сетка АЗС перайшла да абслугоўвання на беларускай мове пасля 4-месячнай падрыхтоўкі супрацоўнікаў на курсах «Мова Нанова»[3]. Таксама перакладчыкі «Мова Нанова» бясплатна пераклалі шыльды і абвесткі на запраўках, звыш 3000 цэтлікаў для тавараў і стварылі размоўнікі для супрацоўнікаў[4]. У выніку ўдалося павялічыць продажы за кошт росту дзелі беларускамоўных пакупнікоў[5], асабліва моладзі[6]. На 2015 г. даччынае будаўнічае прадпрыемства «А-100 Дэвелапмент» ўключала УП «Дамаан», ТДА «Этэрыка», ЗП «АСтоМакс» і УП «Алмары». «А-100 Дэвелапмент» узвяло 22 з 35 заправак «А-100», бізнес-цэнтр «А-100» у Мінску, жылы квартал «Зялёны Бор» (пас. Лясны, Мінскі раён) і шматлікія прыдарожныя і сталічныя крамы.

Сетка аўтазаправак[правіць | правіць зыходнік]

На 2015 г. «А-100» мела 35 аўтазаправак: 17 у Мінску, 5 у Мінскім раёне, 4 у Брэсце, 2 у Магілёве (газазаправачныя), па 1 у Віцебску (газ), Брэсцкім, Віцебскім (газ), Маларыцкім і Смалявіцкім раёнах.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

У жніўні 1994 г. былы інжынер канструктарскага бюро Аляксандр Цэнцер за кошт прададзенага аўтамабіля «Масквіч 2141» набыў бензавоз «ГАЗ-53» (4620 літраў) і адчыніў першую ў Мінску кантэйнерную аўтазаправачную станцыю. У 1995 г. адчынілі першую стацыянарную АЗС і павялічылі аўтапарк да 9 бензавозаў. Назву «А-100» прадпрыемства атрымала ад актанавага ліку 100, які мае авіяцыйнае паліва[7]. У 1996 г. «А-100» пачало прымаць да аплаты электронныя карты «Берліо» і выпускаць уласныя паліўныя талоны. У 1997 г. запраўкі «А-100» першымі ў Беларусі абзавяліся пыласосамі для вадзіцелей. У 2000 г. таксама ўпершыню ў краіне «А-100» узвяла газазаправачную станцыю і пачала прапаноўваць паслугі аўтаматычнай мыйкі самаходаў. У 2001 г. АЗС пачалі абсталёўваць аўтаматычнымі мыйнямі, кампрэсарамі для падпампоўвання шынаў і шматхуткаснымі палівараздатачнымі калонкамі. Адначасна стварылі даччынае будаўнічае прадпрыемства «А-100 Дэвелапмент». У 2003 г. на АЗС увялі электронны нагляд за колькасцю паліва ў рэзервуарах. У 2004 г. пачалася разбудова сеткі хуткага харчавання «Sun Café» (бел. Сонечная кавярня), якая на 2009 г. налічвала 7 страўняў з пераважным размяшчэннем пры АЗС. У канцы 2005 г. пачалося будаўніцтва новай галоўнай сядзібы прадпрыемства ў в. Баравая (Мінскі раён), якую ўзвялі ў 2007 годзе. У 2006 г. пачалося ўзвядзенне 15 шматпавярховых дамоў у квартале «Зялёны Бор» (пасёлак Лясны, Мінскі раён), дзе прадалі 4064 кватэры. Тамсама рассялілі 15% супрацоўнікаў. 21% кватэр збылі за першы месяц ад пачатку продажаў.

У 2007 г. на АЗС з’явілася паслуга арэнды прычэпа. У 2008 г. — паслуга афармлення аўтастрахоўкі. У 2009 г. сетка АЗС займела ўласную бонусную карту «А-100+» і запусціла платны пракат ровараў[8]. За 2010—2014 гг. на АЗС «А-100» прадалі 492,4 млн літраў бензіну. У 2011 г. 175 тыс. аўтамабілістаў Мінска з 600 тыс. (29%) карысталіся аўтамыйкамі на АЗС «А-100». У 2013 г. колькасць карыстальнікаў аўтамыек у Мінску вырасла да 350 тыс. з 1 млн аўтамабілістаў (35%). У красавіку «А-100» набыў брэсцкую сетку «Галон» у складзе 4 АЗС. На 2014 г. сетка АЗС мела 4 млн пакупнікоў (42% ад насельніцтва Беларусі). Тады ж адчынілі ўласны верталётны клуб «Авія-100» і прадставілі першы ў Беларусі электрамабіль. На 2014 г. 90% плошчаў будынкаў, якія толькі будаваліся «А-100 Дэвелапмент», ужо загадзя выкупілі ў арэнду. 98% плошчаў узведзеных будынкаў здаваліся ў арэнду. Агулам на 2014 г. узвялі 7 гандлёвых і бізнес-цэнтраў, з іх 2 найбольшыя ў сталіцы (пад назвай All) на 10,8 тыс кв.м (верасень 2012 г.; Даўгінаўскі тракт, д. 178; 500 месцаў стаянкі, гіпермаркет і 30 крамаў) і 12,8 тыс. кв.м. (Даўгінаўскі тракт, 178) былі ў складзе «А-100» праз даччыннае таварыства з дадатковай адказнасцю «Этэрыка». 30 студзеня «А-100» падарыла Выканаўчаму камітэту Мінскага раёна ўзведзены ў жылым квартале «Зялёны Бор» (пас. Лясны) за 3 млн дзіцячы сад № 4 на 150 выхаванцаў і 23 выхавальнікі[9]. Улетку пачалася забудова аэрадрома «Баравая» (146 га) жытлом на 12 тыс. кватэр (1 млн кв.м., 12 кварталаў) разам з 12 дзіцячымі садамі і 4 школамі[10]. 9 кастрычніка 2014 г. адбыўся запуск першай у Беларусі станцыі зарадкі электрамабіляў. Таксама ў 2014 г. «А-100 АЗС» набыў уласны склад захоўвання нафтапрадуктаў.

Зноскі

  1. А-100 усталявала мемарыяльную дошку на месцы першай грамадскай АЗС, «А-100» (16 жніўня 2013). Праверана 12 мая 2016.(недаступная спасылка)
  2. Алена Анкуда, «Штодзённік». Чэмпіянат Беларусі па паветраплаванні абышоўся дорага, Газета «Наша ніва» (15 верасня 2014). Праверана 13 жніўня 2015.
  3. Кліентаў аўтазаправачных станцый «А-100» будуць абслугоўваць па-беларуску, Tut.by (8 студзеня 2015). Праверана 13 жніўня 2015.(недаступная спасылка)
  4. Сетка заправак «А-100» афіцыйна пацвердзіла пераход на беларускую мову, Еўрарадыё (8 студзеня 2015). Праверана 13 жніўня 2015.
  5. Дзмітрый Корсак. Пасля таго, як на нашых станцыях пачалі размаўляць па-беларуску, кліентаў стала больш, Onliner.by (22 студзеня 2015). Праверана 13 жніўня 2015.
  6. Мікалай Левертаў. Куды крочыць рэкламіст, Агенцтва «Таранціна і сыны» (16 красавіка 2015). Праверана 13 жніўня 2015.
  7. Алена Анкуда, «Штодзённік». «Я ежджу на працу на ровары» // Наша ніва : газета. — 25 верасня 2013. — № 36 (825). — С. 9. — ISSN 1819-1614.
  8. БелаПАН. Будучыня транспарта - за роварамі і электрамабілямі, Хартыя'97 (15 ліпеня 2014). Праверана 13 жніўня 2015.
  9. Андрэй Корсак. Група кампаній «А-100» падарыла Мінскаму раёну новы дзіцячы садок, БелаПАН (30 студзеня 2014). Праверана 13 жніўня 2015.(недаступная спасылка)
  10. Мікалай Градзюшка, Onliner.by. Улетку пад Мінскам пачнуць будаваць новы мікрараён, Хартыя’97 (14 красавіка 2014). Праверана 13 жніўня 2015.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]