Аляксандр Уладзіміравіч Мілінкевіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з А. Мілінкевіч)
Аляксандр Уладзіміравіч Мілінкевіч
Дата нараджэння 25 ліпеня 1947(1947-07-25)[1] (76 гадоў)
Месца нараджэння
Грамадзянства
Род дзейнасці фізік, этнолаг, выкладчык універсітэта, гісторык, палітык, матэматык, праваабаронец
Месца працы
Навуковая ступень кандыдат фізіка-матэматычных навук
Альма-матар
Узнагароды
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Алякса́ндр Уладзі́міравіч Мілінке́віч (25 ліпеня 1947, Гродна) — беларускі навуковец, грамадскі дзеяч і палітык.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Скончыў фізіка-матэматычны факультэт Гродзенскага педінстытута. Працаваў настаўнікам (Гродна). Пасля сканчэння аспірантуры Інстытута фізікі АН БССР (1972) працаваў малодшым навуковым супрацоўнікам. У 1976—1978 гадах працаваў інжынерам і старшым выкладчыкам Гродзенскага педінстытута. Стажыраваўся ва ўніверсітэце Манпелье (Францыя, 1980) і Каліфарнійскім універсітэце (ЗША, 1998), прайшоў курс навучання ў Еўрапейскім цэнтры даследавання праблем бяспекі ў Гарміш-Партэнкірхене (ФРГ, 2000). Кандыдат фізіка-матэматычных навук (1976). У 1980—1984 гадах загадваў кафедрай Сеціфскага ўніверсітэта (Алжыр), быў дацэнтам Гродзенскага ўніверсітэта (1978—1980, 1984—2000).

Заснавальнік і кіраўнік грамадскай арганізацыі «Ратуша». Кіраўнік праграм «Фонду спрыяння лакальнаму развіццю». У 1996—1997 гадах прэзідэнт баскетбольнага клуба «Гродна-93».

Кандыдатура Мілінкевіча ў 2014—2015 годзе разглядалася на пасаду рэктара Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта[2]. У красавіку 2015 года Мілінкевіч прайграў выбары рэктара амерыканцу Дэвіду Поліку, пасля чаго заявіў, што гэты ўніверсітэт «больш не будзе служыць Беларусі»[3].

Грамадска-палітычная дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

Намеснік старшыні Гродзенскага гарвыканкама (1990—1996) па пытаннях адукацыі, культуры, аховы здароўя, моладзі, спорту, СМІ, рэлігіі, міжнародных зносін і аховы гістарычнай спадчыны.

Падчас кампаніі па выбарах прэзідэнта Беларусі ў 2001 годзе быў кіраўніком перадвыбарчага штаба Сямёна Домаша.

У 1996—2003 гадах старшыня гродзенскага абласнога грамадскага аб’яднання «Ратуша», ліквідаванага ўладамі.

У 1999—2005 гадах старшыня Беларускай Асацыяцыі Рэсурсных Цэнтраў.

У 2003—2005 гадах старшыня гродзенскага «Таварыства Беларускай Школы».

Увосень 2004 года Мілінкевіч быў кандыдатам на парламенцкіх выбарах у Гродзенскай вобласці — прайграў аднаму з памочнікаў Аляксандра Лукашэнкі[4].

У кастрычніку 2005 года на Кангрэсе дэмакратычных сіл быў абраны «адзіным кандыдатам ад дэмакратычных сіл». Удзельнічаў у выбарах прэзідэнта Беларусі ў 2006 годзе; паводле афіцыйных звестак, набраў 6 % галасоў выбаршчыкаў і заняў 2-е месца пасля Лукашэнкі.

Аляксандр Мілінкевіч у Варшаве, 5 ліпеня 2006

У 2005—2007 гадах старшыня Рады Аб’яднаных дэмакратычных сіл. У сакавіку 2007 года, незадоўга да новага Кангрэса дэмакратычных сіл, на якім быў адхілены з пасады старшыні, называў сябе «прэзідэнтам дэмакратычнай часткі грамадства»[5].

У 2012 годзе не быў зарэгістраваны ў якасці кандыдата на парламенцкіх выбарах[6].

У 2006—2016 узначальваў Рух «За Свабоду», у 2008 Рух быў зарэгістраваны беларускімі ўладамі ў якасці праваабарончага грамадска-асветніцкага аб’яднання[7].

Заяўляў пра свой магчымы ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах 2015 года[8], хаця раней казаў пра тое, што на выбары павінен пайсці малады палітык[9]. Урэшце не выставіў сваю кандыдатуру і не падтрымаў ніводнага з кандыдатаў.

У 2007 годзе ў Еўрапарламенце казаў: «усё, магчыма, зараз будзе анексія Беларусі»[10]. У лістападзе 2010 года Мілінкевіч прагназаваў, што расійскае кіраўніцтва ў 2011—2012 прыкладзе намаганні, каб адхіліць Лукашэнку ад улады ў Беларусі: маўляў, Маскве патрэбны чалавек, які «цалкам аддасць Беларусь пад кантроль Расіі» і «спыніць любое збліжэнне з Еўропай»: «статус-кво не можа захавацца»[11]. У студзені 2019 года, ужо як «канцлер Вольнага беларускага ўніверсітэта», разважаў аб тым, што «падчас кожных выбараў прэзідэнта Беларусі былі расійскія правакацыі»[10].

У верасні 2022 года прызначаны пазаштатным дарадцам Святланы Ціханоўскай па пытаннях еўрапейскага выбару Беларусі[12].

Навуковая і даследчыцкая дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

Кандыдацкая дысертацыя па тэме «Механізм генерацыі звышмагутных лазерных імпульсаў» (1976). Аўтар 65 навуковых прац і манаграфій па квантавай электроніцы, лазернай тэхніцы, гісторыі, культуры, адукацыі, архітэктуры Беларусі.

Краязнавец. У канцы 1980-х знайшоў пахаванне апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў Воўчыне, за што ўзнагароджаны ордэнам «За заслугі перад польскаю культурай», напісаў пра гэта ўспаміны. Арганізаваў рэстаўрацыю старажытнага вежавага гадзінніка на Фарным касцёле ў Гродне[13].

Ацэнкі[правіць | правіць зыходнік]

Паводле пісьменніцы Святланы Алексіевіч, Аляксандр Мілінкевіч з’яўляецца прыкладам беларуска-польскага інтэлігента[14].

Прэміі і ўзнагароды[правіць | правіць зыходнік]

26 кастрычніка 2006 года ўзнагароджаны Еўрапарламентам прэміяй імя Андрэя Сахарава «За свабоду думкі».

Лаўрэат польскай прэміі «Рыцар свабоды», якую арганізуе Фонд імя Казіміра Пулаўскага (2007)[15].

Узнагароджаны медалём 100 гадоў БНР Рады Беларускай Народнай Рэспублікі[16].

Зноскі

  1. Alexander Milinkjewitsch // Munzinger Personen Праверана 9 кастрычніка 2017.
  2. Пілецкі А. У якасці магчымага рэктара ЕГУ абмяркоўваецца кандыдатура Мілінкевіча? Архівавана 11 ліпеня 2015. — euroradio.fm, 10.11.2014, 17:02
  3. https://eurobelarus.info/news/society/2015/04/15/alexandr-milinkevich-egu-bol-she-ne-budet-sluzhit-belarusi.html
  4. https://belisrael.info/?p=5280
  5. https://nashaniva.by/?c=ar&i=7334
  6. http://dossier.bymedia.net/index.php?option=com_apressdb&view=publications&layout=entry&id=66102(недаступная спасылка)
  7. http://pyx.by/bel/ruh/dakumanty Архівавана 20 сакавіка 2015.
  8. http://news.tut.by/politics/420546.html Архівавана 26 снежня 2014.
  9. http://news.tut.by/politics/373950.html Архівавана 5 ліпеня 2015.
  10. а б https://novychas.by/palityka/aljaksandr-milinkevicz-kali-budze-intervencyja
  11. https://news.tut.by/politics/204615.html Архівавана 20 кастрычніка 2020.
  12. Еўрапейскі выбар: ці гатовыя да яго беларусы — эфір з Мілінкевічам | Навіны Беларусі | euroradio.fm . euroradio.fm. Праверана 21 верасня 2023.
  13. belsat.eu
  14. пад рэд. Валера Булгакава. Беларусь: ні Эўропа, ні Расея. Меркаваньні беларускіх эліт. — Варшава: Выдавецтва ARCHE, 2006. — С. 124-125. — 258 с. — ISBN 83-89406-77-2.
  15. Радыё Свабода Архівавана 2 кастрычніка 2021.
  16. Алексіевіч, Пазьняк, Вольскі, Эрыксан, Белавус. Хто яшчэ ўзнагароджаны мэдалём у гонар БНР-100

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]