Перайсці да зместу

Андрэй Міхайлавіч Федарэнка

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з А. М. Федарэнка)
Андрэй Міхайлавіч Федарэнка
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння 17 студзеня 1964(1964-01-17) (62 гады)
Месца нараджэння
Грамадзянства
Альма-матар
Месца працы
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці пісьменнік, драматург
Мова твораў беларуская
Грамадская дзейнасць
Член у
Прэміі

Андрэ́й Міха́йлавіч Федарэ́нка (нар. 17 студзеня 1964(1964-01-17), Бярозаўка, Гомельская вобласць) — беларускі празаік.

Скончыў Мазырскі політэхнічны тэхнікум і бібліятэчны факультэт Мінскага інстытута культуры (1985—1990). Служыў у Савецкай Арміі. Працаваў мулярам у Мікашэвічах Лунінецкага раёна, на чыгунцы ў Калінкавічах Гомельскай вобласці, старшым бібліятэкарам Бярозаўскай бібліятэкі № 2 Мазырскага раёна, карэктарам штотыднёвіка «7 дней», загадчыкам аддзела навукі і мастацтва часопіса «Полымя», на кінастудыі «Беларусьфільм». У 2005—2011 гадах — загадчык аддзела прозы ў часопісе «Маладосць». У 2011—2012 гадах супрацоўнік аддзела прозы і паэзіі газеты «Літаратура і мастацтва». Цяпер стыль-рэдактар часопіса «Дзеяслоў». Член Саюза беларускіх пісьменнікаў, у 2017 выбраны ў Раду Саюза[1]. Удзельнік традыцыйных шахматных турніраў СБП[2][3].

Друкуецца з 1987 года.

Аўтар аповесцей «Гісторыя хваробы» (1989), дзе вывеў сацыяльна-псіхалагічны партрэт сучаснай моладзі, аповесці-фантасмагорыі «Смута, альбо XII фантазій на адну тэму» (1994), пра жыццё сучаснага грамадства, якое страціла маральныя арыенціры, аповесці «Вёска» (1995), філасофскага роздум над лёсам Беларусі і беларусаў, таксама «Такое кароткае лета» і «Ланцуг» (абедзве 1994), «Нічые» (2001). Аўтар дзіцячых і юнацкіх аповесцей «Шчарбаты талер» (1999), «Афганская шкатулка» (2002). Аўтар п’ес «Жаніх па перапісцы» (1993), «Багаты кватарант» (1997), публіцыстычных артыкулаў і іншага.

Творчасці Федарэнкі ўласцівы псіхалагічны аналіз, гуманістычны погляд на чалавека, драматызм, элементы фантастыкі, мастацкай умоўнасці, эмацыянальнасць, спавядальнасць.

У водгуку на кнігу Андрэя Федарэнкі «Сузіральнік» (2018), доктар філалагічных навук Ганна Кісліцына ахарактарызавала яго прозу як «няспешную, удумлівую»: «Аўтар як быццам калекцыяніруе заканамернасці чалавечага быцця, якія знаходзіць у самым простым абывацельскім жыцці. Яго назіранні часта аказваюцца даволі нечаканымі»[4]. Яна ж высока ацаніла раман «Жэтон на метро» (2019; выйшаў асобнай кнігай у 2020): «Было вельмі цікава ўбачыць тэкст, які, з аднаго боку, бліскуча напісаны Андрэем Федарэнкам, адным з найлепшых беларускіх празаікаў, якога слушна лічаць выдатным стылістам, з другога боку — пабудаваны паводле законаў трылера»[5].

Перакладае з беларускай на рускую мову.

Асобныя творы Федарэнкі перакладзены на рускую[6][7], англійскую[8] і іншыя мовы.

  • «Гісторыя хваробы» (1989)
  • «Смута» (1994)
  • «Шчарбаты талер» (1999)
  • «Афганская шкатулка» (2002)
  • «Нічые» (2009)
  • «Мяжа» (2011)
  • «Сечка» (2012)
  • «Ланцуг» (2012)[9]
  • «Вёска» (2013)
  • «Ціша» (2014)
  • «Сузіральнік» (2018)
  • «Жэтон на метро» (2020)
  • «Падслуханая казка» (2025), кніга для дзяцей у серыі «Ветрачок», пачатай у 2025 годзе выдаўцом Раманам Цымберавым[10].