Перайсці да зместу

Беларуская чыгунка

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з БЧ)
Беларуская чыгунка
БЧ
Поўная назва: Беларуская чыгунка
Гады працы: з 1862
Краіна:  Беларусь
Горад кіравання: Сцяг Мінска Мінск
Стан: дзеючая
Падпарадкаванне: Міністэрства транспарта і камунікацый
Афіцыйны сайт: rw.by
Схема Беларускай чыгункі.
Аддзяленні Беларускай чыгункі.      Мінскае аддзяленне      Баранавіцкае аддзяленне      Брэсцкае аддзяленне      Віцебскае аддзяленне      Гомельскае аддзяленне      Магілёўскае аддзяленне
Будаўніцтва ўчасткаў сучаснай Беларускай чыгункі.
Храналогія электрыфікацыі Беларускай чыгункі.

Беларуская чыгунка — дзяржаўны аператар чыгуначных ліній у Беларусі; дзяржаўнае беларускае аб’яднанне, падпарадкаванае Міністэрству транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь, у склад якога ўключана 84 арганізацыі і 3 прадстаўніцтвы. У сучасных межах дзейнічае з 1953 года. У снежні 1991 года аддзялілася ад адзінай чыгункі былога СССР і стала самастойная. Агульная эксплуатацыйная даўжыня чыгункі 5479 км, з іх 1228 км электрыфікавана (01.01.2019).

27 лістапада 1996 ўзнагароджана Ганаровай граматай Кабінету Міністраў Рэспублікі Беларусь [1].

У канцы XIX стагоддзя Беларусь стала адным з самых развітых чыгуначна-транспартных рэгіёнаў Расійскай імперыі. За 1860-1880-я гады тут здадзена ў эксплуатацыю больш за 2 тыс. км чыгуначных ліній, на пачатку XX стагоддзя — яшчэ каля 1 тыс. км. У 1913 годзе даўжыня чыгуначнай сеткі перавышала 3,8 тыс. км. Паскоранае будаўніцтва чыгунак было абумоўлена эканамічнымі і ваенна-палітычнымі інтарэсамі Расіі ў перыяд яе капіталістычнага развіцця і геаграфічным размяшчэннем Беларусі.

Першая на Беларусі чыгуначная лінія ПарэччаГродна (30 км) і далей да сучаснай граніцы з Польшчай пачала дзейнічаць 27 снежня 1862 года як частка Пецярбургска-Варшаўскай чыгункі. У 1866—1869 гадах пабудаваны чыгуначны ўчастак Завольша—Віцебск—Полацк—Бігосава (уваходзіў у склад Рыга-Арлоўскай чыгункі). У 1871 годзе ў эксплуатацыю здадзена магістраль Смаленск—Мінск—Брэст, якая на вузлах Орша, Мінск, Баранавічы, Брэст аб’яднала лініі розных напрамкаў і вызначыла асноўныя кірункі фарміравання Беларускай чыгункі. У 2-й палове XIX стагоддзя пракладзена (адна з першых на Беларусі) вузкакалейка ад ракі Сож да Старынкаўскага чыгуналіцейнага завода (Слаўгарадскі раён). У 1873 годзе пабудаваны чыгуначны ўчастак Ковель—Брэст (частка чыгункі Брэст—Бярдзічаў), пачаўся pyx паяздоў па лініі Вільня—Мінск—Гомель (участак будучай Лібава-Роменскай чыгункі). У 1882—1887 гадах пачала дзейнічаць сетка Палескіх чыгунак (працягласць больш за 1 тыс. км), якія звязалі Прыбалтыку з заходнімі губернямі Украіны і цэнтральную Расію з Польшчай. На пачатку XX стагоддзя пракладзены яшчэ 2 чыгуначныя магістралі, якія злучылі Пецярбург з паўднёвымі губернямі Расіі і Польшчай: Віцебск—Орша—Магілёў—Жлобін—Оўруч (1904—1916) і Невель—Полацк—Маладзечна—Ліда—Ваўкавыск (1907) з выхадам да сучаснай граніцы з Польшчай і адгалінаваннем Масты—Гродна. Пабудаваны таксама лініі мясцовага значэння: Крулеўшчына—Варапаева, Вярэйцы—Градзянка, Асіповічы—Старыя Дарогі—Слуцк, Васілевічы—Хойнікі і інш.

Будаўніцтва чыгунак вялося ўручную, выкарыстоўваліся рэйкі лёгкага тыпу, масты будаваліся пераважна драўляныя. Эксплуатаваліся паравозы малой магутнасці і 2-восевыя таварныя вагоны грузападымальнасцю 15—16 тон. У 1915—1917 гадах пабудаваны чыгуначныя лініі на ўчастках ЖлобінКалінкавічы, Калінкавічы— Оўруч (Украіна), Полацк—Ідрыца (Расія). У 1922 годзе на базе Аляксандраўскай, Маскоўска-Балтыйскай і іншых участкаў дарогі створана Маскоўска-Беларуска-Балтыйская чыгунка. У эксплуатацыю ўведзены новыя чыгуначныя лініі: Орша—Унеча (1923), Орша—Лепель (1927), Чарнігаў—Гомель (1930), Рослаў—Крычаў— Магілёў—Асіповічы (1931), Бабруйск—Старушкі (1939), Варапаева—Друя (1933). Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР (1939) створаны Брэст-Літоўская чыгунка (кіраўніцтва ў Баранавічах) і Беластоцкая чыгунка (кіраўніцтва ў Беластоку). У 1939 годзе Беларусь абслугоўвалі Заходняя, Беларуская (кіраўніцтва ў Гомелі), Брэст-Літоўская і Беластоцкая чыгункі.

У Вялікую Айчынную вайну, каб перашкодзіць дастаўцы жывой сілы і ваеннай тэхнікі ворага на фронт, беларускія партызаны вялі на Беларускай чыгунцы актыўныя баявыя дзеянні, у т.л. рэйкавую вайну. Гітлераўскія акупанты ў час адступлення знішчалі чыгуначнае. палатно, паравозы, дэпо, станцыі.

У пасляваенны перыяд Беларуская чыгунка ў асноўным адноўлена (да 1950). У 1951 годзе Брэст-Літоўская чыгунка і Мінскае аддзяленне Заходняй чыгункі аб’яднаны ў Мінскую чыгунку, якая ў 1953 годзе далучана да Беларускай чыгункі (кіраўніцтва ў Мінску). У 1957 Беларусі перададзены Аршанскае і Віцебскае аддзяленні Калінінскай чыгункі (РСФСР). У выніку чыгуначная сетка рэспублікі супала з адміністрацыйнымі граніцамі БССР. Ажыццяўлялася рэканструкцыя і пераўзбраенне чыгункі, падведзены лініі да буйных новабудоўляў: да Салігорска, Бярозаўскай ДРЭС, Полацкага нафтаперапрацоўчага аб’яднання і інш.

У 1963 годзе электрыфікаваны першы ўчастак чыгункі Мінск—Аляхновічы. У 1963 годзе пачаўся рух пасажырскіх цягнікоў на цеплавознай цязе на лініі Орша—Брэст. У 1966 годзе на гэтым напрамку на цеплавозы павялі грузавыя цягнікі. Пазней былі электрыфікаваныя таксама ўчасткі Аляхновічы—Маладзечна (1966) і Мінск—Асіповічы (1973). У 1975 годзе быў электрыфікаваны ўчастак Мінск—Стоўбцы, у 1979 годзе — Орша—Краснае, ў 1981 годзе пачаўся рух грузавых цягнікоў на электрацяге на ўчастку Смаленск—Орша і прыгарадных электрацягнікоў на ўчастку Барысаў—Орша. У 1981 годзе быў электрыфікаваны ўчастак Стоўбцы—Баранавічы, у 1983 — Баранавічы—Брэст. У 2015 годзе завершана электрыфікацыя ўчастка ад Мінска да Гомеля, у 2017 годзе — да Вільнюса.

Хуткасць пасажырскіх цягнікоў дасягнула 120—140 км/гадз, грузавых — 100 км/гадз. На вакзалах і чыгуначных станцыях наладжана даведачна-інфармацыйная служба, з 1989 года ўведзена аўтаматызаваная сістэма браніравання і продажу білетаў «Экспрэс-2» на пасажырскія цягнікі і даведачна-інфармацыйная сістэма «ВІЗІНФОРМ» у Мінску, Гомелі і Брэсце. Пачата (1989) будаўніцтва буйнога вакзальнага комплексу ў Мінску. Курсіруюць камфартабельныя цягнікі «Беларусь», «Буг», «Дняпро», «Мінскі», «Няміга» і інш. Дзейнічаюць 2 вылічальныя цэнтры (Мінск, Брэст) і спец. бюро па распрацоўцы аўтаматызаваных сістэм кіравання ў Гомелі.

У перыяд з 28 лютага да 12 сакавіка 2022 года не працавала электронная сістэма продажу квіткоў на сайце Беларускай чыгункі і ў карпаратыўным мабільным дадатку, у выніку чаго купляць квіткі пасажырам прыходзілася ўручную ў дзень адпраўлення на вакзалах і станцыях, што выклікала сур’ёзныя складанасці. Касіры ўпершыню за шмат гадоў сталі выдаваць папяровыя білеты старажытнага ўзору (без месца). Таксама ўзнікалі складанасці і з аплатай карткамі[2].

Беларуская чыгунка трапіла ў санкцыйныя спісы Канады (лістапад 2022 года) і Украіны (студзень 2023 года)[3]. Канада (лістапад 2022 года), Еўрапейскі Саюз і Швейцарыя (чэрвень 2023 года), Украіна (лістапад 2023 года), а таксама Аўстралія (люты 2024 года) абвясцілі аб санкцыях супраць начальніка БЧ Уладзіміра Марозава[4].

Шчыльнасць чыгуначнай сеткі Беларусі больш за 26 км на 1 тыс. км². Удзельная вага ў грузаабароце 72,2 %, y пасажыраабароце — 54,6 % (1993). Асноўныя грузапатокі чыгуначнага транспарту праходзяць на напрамках Орша—Мінск—Брэст, Гомель—Мінск—Маладзечна, Калінкавічы—Жлобін—Орша—Віцебск і Лунінец—Баранавічы—Ліда—Беняконі; экспартна-імпартных грузаў — праз пагранічныя станцыі Брэст, Гродна, Бераставіца, Свіслач, Высока-Літоўск. Асноўнымі вузламі грузапатокаў з’яўляюцца Мінск, Полацк, Віцебск, Салігорск, Брэст, Гомель, Магілёў, Орша, Баранавічы і інш.

Цалкам электрыфікаваны ўчасткі Смаленск — Орша — Мінск — Баранавічы — Брэст і Вільнюс — Маладзечна — Мінск — Асіповічы — Жлобін — Гомель (з’яўляюцца двухшляховымі на ўсім працягу).

У складзе Беларускай чыгункі 6 аддзяленняў (унітарных прадпрыемстваў): Мінскае, Баранавіцкае, Брэсцкае, Гомельскае, Магілёўскае, Віцебскае, якія аб’ядноўваюць 368 станцый, 17 лакаматыўных дэпо, 12 вагонных дэпо, 20 дыстанцый пуці, 13 дыстанцый сігналізацыі і сувязі, 7 дыстанцый электразабеспячэння і інш. прадпрыемствы. Парк грузавых вагонаў налічвае каля 36 тыс. адзінак транспартных сродкаў, пасажырскі парк мае больш за 1 тыс. цягавых сродкаў (цеплавозы, электравозы, дызель-цягнікі, электрацягнікі і інш.).

З 1971 года працуе Музей гісторыі Беларускай чыгункі.

Беларуская чыгунка — член міжнароднай Арганізацыі супрацоўніцтва чыгунак і Міжнароднага саюза чыгунак.

Аддзяленні Беларускай чыгункі

[правіць | правіць зыходнік]

Фармат пасажырскіх перавозак [5]

[правіць | правіць зыходнік]

Лакаматыўная гаспадарка

[правіць | правіць зыходнік]
Лакаматыўныя і вагонныя дэпо БЧ

На чыгунцы 16 асноўных, 4 адваротных і 1 маторавагоннае дэпо. Асноўныя лакаматыўныя дэпо:

  • ЦЧ-1 Мінск
  • ЦЧ-2 Маладэчна
  • ЦЧ-3 Баранавічы
  • ЦЧ-4 Лунінец
  • ЦЧ-5 Ліда
  • ЦЧ-6 Ваўкавыск
  • ЦЧ-7 Брэст
  • ЦЧ-8 Гомель
  • ЦЧ-10 Жлобін
  • ЦЧ-11 Калінкавічы
  • ЦЧ-12 Магілёў
  • ЦЧ-13 Асіповічы
  • ЦЧ-14 Крычаў
  • ЦЧ-15 Орша
  • ЦЧ-16 Віцебск
  • ЦЧ-17 Полацк

Маторавагоннае дэпо:

  • ЦЧ-9 Мінск

Начальнікі Беларускай чыгункі

[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 2: Аршыца — Беларусцы / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн., 1996. — 480 с.: іл. ISBN 985-11-0061-7 (т. 2), ISBN 985-11-0035-8
  • История Белорусской железной дороги из XIX века в век XXI. / В. В. Яновская и др. — Минск: «Мастацкая літаратура», 2012. — 955с. ISBN 978-985-02-1375-4.
  • Железная дорога Беларуси: История и современность. В. Г. Рахманько, А. В. Бессольнов, В. А. Шоба и др. Под общей редакцией В. Г. Рахманько. — Мн.: ОДО «Триолета», 2001. — 488 с. ISBN 985-6533-02-3.
  • Железнодорожная магистраль Белоруссии. 100 лет./Д. Б. Лосев, А. В. Кость и др. — Минск: «Беларусь», 1971. — 206с.