Бабруйскі мастацкі музей імя Георгія Паплаўскага

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Бабруйскі мастацкі музей імя Георгія Паплаўскага
Профіль мастацкі
Заснаваны 1976
Падпарадкаванасць Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь
Месцазнаходжанне Магілёўская вобласць, Бабруйск, вул. М. Горкага, 28.
Памеры фонду 682 (2014)
Дырэктар Святлана Прывалава
artbobruisk.museum.by (руск.)

Бабруйскі мастацкі музей імя Георгія Паплаўскага — музей выяўленчага мастацтва ў Бабруйску (Беларусь).

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Музей быў заснаваны 8 ліпеня 2009 года на базе «Выставачнай залы Бабруйска», якая вядзе сваю гісторыю з 1976 года, калі яе арганізаваў старшыня Бабруйскай гарадской арганізацыі Саюза мастакоў БССР Сямён Абрамаў, які на працягу з 1976 па 1989 год быў яе дырэктарам. Памяшканне выставачнай залы было самым буйным у Беларусі пасля мінскага Палаца мастацтва.

30 ліпеня 2012 года адбылося ўрачыстае адкрыццё музея для наведвальнікаў пасля рэканструкцыі памяшкання[1]. Музею было прысвоена імя знакамітага земляка, Народнага мастака Беларусі Георгія Паплаўскага.

Сёння музей мае 2 памяшканні ў Бабруйску: мастацкая галерэя па вул. М. Горкага, 28 і выставачная зала па вул. Сацыялістычнай, 100.

Місія музея — захаванне для будучага пакалення твораў прафесійных мастакоў, чыё жыццё і творчасць былі звязаны з Бабруйскім краем.

Мастацкі фонд музея пачаў фарміравацца з 2004 года. Асноўнай экспазіцыяй на сённяшні дзень з’яўляецца экспазіцыя твораў бабруйскіх мастакоў з 1960-х гадоў па 2016. На 2014 год колькасць адзінак захоўвання асноўнага фонду — 682. Найбольш адметныя калекцыі: сучасная мастацкая кераміка, графіка Георгія Паплаўскага, Людвіга Асецкага, Юрыя Нікіфарава, творы Валерыя Назарава (мастака-пастаноўшчыка кінафільма «Анастасія Слуцкая»), расійскага жывапісца Мікалая Давыдава, беларускіх жывапісцаў Паўла Масленікава, Эдуарда Белагурава, Леаніда Марчанкі, Максіма Калтыгіна, Уладзіміра Рубцова, Уладзіміра Дамарада і іншых.

Сярод маладых мастакоў, якія творы папоўнілі экспазіцыю музея — Жанна Будэйка, Наталля Марчанка, Уладзімір Канцадайлаў, Алег Захарэвіч, Ірына Кустава, Марына Арасланава.

Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва ў экспазіцыі музея прадстаўлена габеленам, батыкам і пано з скуры.

Музей з’яўляецца арт-пляцоўкай да штогадовых міжнародных пленэрах па кераміцы у Бабруйску «Арт-Жыжаль», якімі з 2003 года творча кіруе мастак-кераміст Валерый Калтыгін, старшыня Бабруйскай гарадской арганізацыі Беларускага саюза мастакоў.

У 2006 годзе жыхар Бабруйска Віталь Сакалоў перадаў у дар роднаму гораду калекцыю узораў мінералаў і горных парод, якая з’яўляецца другой па велічыні ў Беларусі, пасля той, што сабраная ў Музеі землязнаўства геаграфічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Экспанаты калекцыі папоўнілі дапаможны фонд музея на 988 прадметаў. Значная іх частка прадстаўлена ў пастаяннай экспазіцыі «Жывапіс зямлі», якая адкрылася ў музеі ў чэрвені 2014 года[2].

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]