Багагласнікі

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Багагласнікі — уніяцкія і праваслаўныя зборнікі песнапенняў, пашыраныя ў XVIXIX стст. на Беларусі і Украіне ў рукапісным і друкаваным выглядзе. Прызначаліся для спявання ў час богаслужэнняў, хрэснага ходу і дома на святы. Уключалі беларускія і ўкраінскія духоўныя псальмы і канты(укр.) бел., лацінскія гімны(руск.) бел., польскія кантычкі(польск.) бел., календы, гейналы, пастаралькі і інш.

Большасць багагласнікаў мела аднолькавую структуру: 1-я частка ўключала песні, прысвечаныя асноўным царкоўным святам, пакутам Ісуса, некаторым тыдням царкоўнага календара, «цудатворным» абразам; 2-я — святам, што звязаны з Багародзіцай; 3-я — апосталам і пакутнікам; 4-я змяшчала пакаянныя і замілавальныя песнапенні. Паэтычная і музычная аснова ідзе ад жыцій святых, грэчаскіх духоўных песень, усходне-славянскіх народных песень, каталіцкіх і праваслаўных гімнаў і харалаў. Большасць кантаў і псальмаў узята з беларускіх і ўкраінскіх узораў кантавай культуры 16—17 ст. Выкладаліся яны 1-, 2-, 3-, 4- і 5-галосна. Ёсць звесткі пра існаванне вялікай колькасці рукапісных багагласнікаў, сярод іх багагласнік, што зберагаўся ў Богаяўленскім манастыры[удакладніць], жыровіцкі багагласнік 17 ст., супрасльскія багагласнікі 18 ст. (адзін з іх зберагаецца ў бібліятэцы АН Літвы). Найбольш ранні друкаваны багагласнік, што дайшоў да нашага часу, выдадзены ў 1790 годзе у Пачаеве (цяпер Крамянецкі раён Цярнопальскай вобласці, Украіна) на царкоўнаславянскай, лацінскай і польскай мовах са значнай колькасцю беларусізмаў і ўкраінізмаў, стаў асновай багагласнікаў 19 — пач. 20 ст., што друкаваліся ў Пецярбургу, Кіеве, Львове, Вільні, Гродне. Багагласнікі — каштоўныя помнікі самабытнай, інтэрнацыянальнай па сваіх вытоках, народнай у аснове кантавай культуры.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 2: Аршыца — Беларусцы / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн., 1996. — 480 с.: іл. ISBN 985-11-0061-7 (т. 2), ISBN 985-11-0035-8