Баганда

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да навігацыі Перайсці да пошуку
Баганда
(Baganda)
Okwanjula mu buganda.jpg
Агульная колькасць 8848700 (2022 г.)
Рэгіёны пражывання Уганда
Мова луганда
Рэлігія анімізм, культ продкаў, іслам, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы сукума, рундзі, баньяруанда, кіга, нколе

Бага́нда, га́нда (саманазва Baganda) — усходнеафрыканскі народ, асноўнае насельніцтва Уганды. Адносна невялікія абшчыны баганда таксама існуюць у Танзаніі, Кеніі і Вялікабрытаніі. Агульная колькасць (2022 г.) — 8 848 700 чал.[1]

Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]

Каля 10001100 гг. н. э. плямёны банту мігрыравалі ва Усходнюю Афрыку[2], у тым ліку ў рэгіён Вялікіх азёр, дзе з іх з'яўленнем узніклі земляробства і апрацоўка жалеза[3]. У раёне паўночна-заходняга берага возера Вікторыя склалася 6 буйных сваяцкіх аб'яднанняў банансангвава — Фумбэ, Лугавэ, Нгеэ, Нёні, Н'янг і Нджаза. У канцы XIII ст. іх землі былі заваяваны правадыром Ката Кінту з астравоў Сэсэ. Ён прывёў з сабою яшчэ 13 аб'яднанняў і стварыў дзяржаву Буганда[4]. Менавіта ў яе межах склаўся этнас баганда з агульнай для ўсіх матэрыяльнай культурай і мовай луганда.

Культура[правіць | правіць зыходнік]

Заняткі[правіць | правіць зыходнік]

Галоўным заняткам баганда здаўна з'яўляецца земляробства. Вырошчваюць бананы, клубневыя культуры, проса. З пачатку XX ст. шырока распаўсюджаны бавоўнік, кава, ананасы, розныя віды гародніны. Для сучаснай сельскай гаспадаркі характэрна спалучэнне традыцыйных харчовых і камерцыйных культур. З прадуктаў земляробства вырабляюць фарбавальнікі, тэхнічны алей, цыноўкі, упрыгожванні, вяроўкі, заменнікі тытуню і інш.[5] На зямлі працуюць як мужчыны, так і жанчыны. Мужчыны таксама займаюцца рыбалоўствам, будаўніцтвам, вырабам хатніх тканін. Рыба — важная крыніца жывёльных бялкоў, паколькі жывёлагадоўля мае дадатковы і вельмі абмежаваны характар. Нягледзячы на знешни дабрабыт сельскіх жыхароў, у мінулым сярод іх была пашырана хвароба квашыяркор, выкліканая бялкова-энергетычным недаяданнем[6]. Ад яе асабліва пакутвалі ў раёнах, дзе для ежы вырошчалі пераважна клубневыя і бананы.

Да кантактаў з еўрапейцамі і суахілі ў другой палове XIX ст. гандаль быў абмежаваны абменам, у тым ліку рытуальным. Дзякуючы абмену баганда атрымоўвалі соль і жалеза з раёна возера Альберт, мяса — ад суседніх народаў-жывёлагадоўцаў. Нястача неабходных рэчаў вырашалася дзякуючы трафеям падчас вайны. Мясцовыя традыцыйныя рамёствы: выраб тканін, лодак, упрыгожванняў, пляценне, ганчарства, будаўніцтва і г. д. Частка рамеснікаў абслугоўвала патрэбы правадыроў і манархаў Буганды[7]. Імпарт прамысловых тавараў зрабіў іх дзейнасць непатрэбнай. Аднак некаторыя рамёствы захоўваюцца да нашых дзён. Сярод іх — выраб каляровых лёгкіх тканін накшталт тапы з кары фікусаў[8][9]. Шырока распаўсюджана вытворчасць піва.

Вопратка[правіць | правіць зыходнік]

Народная жаночая вопратка

Жаночая народная вопраткабусууці. Гэта доўгая сукенка з яркай тканіны з квадратным выразам і кароткімі аб'ёмнымі рукавамі, якая апяразваецца ніжэй стану і зашпіляецца на гузікі на левым боку дэкальтэ[10]. Мужчынская народная вопратка канзу ўяўляе сабою доўгі баваўняны халат.

Жытло[правіць | правіць зыходнік]

Асноўны від паселішча — вёска. Вёскі баганда будуюцца на схілах пагоркаў, маюць раскіданую планіроўку. Яны звычайна складаюцца з 30 — 80 гаспадарак мака. Мака ўключае некалькі жылых і гаспадарчых пабудоў, акружаных апрацаванымі землямі. Цэнтральнае месца займае мака правадыра, калі той мае рэзідэнцыю ў вёсцы. У XIX ст. манархі Буганды ў якасці сталіцы засноўвалі вялікія паселішчы кібуга, якія іншаземныя вандроўнікі называлі гарадамі. Апошняя кібуга знаходзілася ў Менга[11]. Яна ўяўляла сабою рэзідэнцыю манарха ў выглядзе пашыранай мака. Астатнія кварталы-гаспадаркі будавалі правадыры. Круглявыя хаціны ўзводзіліся на слупах, аплеценых галінамі. Сцены фарміравалі з цыновак і гліны. Дах крылі саломай. У вёсках хаціны былі аднапакаёвымі. У кібуга ўнутраную прастору вялікіх хацін падзялялі з дапамогай адрэзкаў тканін.

Грамадства[правіць | правіць зыходнік]

Са старажытных часоў баганда падзяляюцца на пашыраныя сваяцкія аб'яднанні. Чальцы кожнага з іх могуць прасачыць сваю генеалогію да агульнага продка па мужчынскай лініі. Першасна іх было толькі 6, але да 1900 г. колькасць аб'яднанняў дасягнула 52 і да 1996 г. скарацілася да 46. Блізкія сваякі манарха стваралі асобнае аб'яднанне Алулангіра[12]. Аб'яднанні расселены дысперсна, хаця іх правадыры жывуць у сталых рэзідэнцыях. У мінулым яны выбіраліся радай старэйшын і потым зацвярджаліся манархам Буганды. У аб'ядннях маеюцца асноўны і дадатковы татэмы. Выключэнне складае Алулангіра, у якога няма татэмаў[13]. Лічыцца, што лёс пэўнага чалавека цалкам залежыць ад поспеху яго аб'яднання, уплывае на выбар яго імя і потым на шлюб, паколькі жаніцьба з прадстаўнікамі аб'яднанняў бацькі і маці забаронена. Калі асоба не можа ідэнтыфікаваць сваё аб'яднанне і становішча блізкіх сваякоў у ім, яна не разглядаецца паўнавартым баганда.

Сваяцкія аб'яднанні падзяляюцца на некалькі тыпаў меньшых па колькасці груп, ніжэйшай з якіх з'яўляецца нуклеарная сям'я энджу[14]. Здаўна яе галоўнае прызначэнне бачылі ў эканамічным дабрабыце. Жонка лічылася памагатай свайго мужа («той, што лушчыць бананы»). Да прыняцця хрысціянства была шырока распаўсюджана палігінія. Шлюбу папярэднічалі доўгія перагаворы са сваякамі нявесты, што суправаджаліся абавязковымі падарункамі і выкупам. Выкуп вяртаўся да мужа ў выніку развода. Дзеці выхоўваюцца ў згодзе з кодэксам паводзін мпісу. Яго парушэнне вядзе да фізічнай кары. Ініцыяцыі не практыкуюцца, хаця вядомы сямейныя абрады пасля першай менструацыі. Сельскагаспадарчыя землі не з'яўляюцца маёмасцю энджу, таму не перадаюцца па спадчыне. Большая частка рухомай маёмасці памерлага размяркоўваецца на карысць старэйшага сына. На яе могуць прэтэндаваць астатнія чальцы сваяцкага аб'яднання і правадыры.

Фальклор[правіць | правіць зыходнік]

Вусная народная творчасць прадстаўлена загадкамі, міфамі, легендамі і прыказкамі. Папулярнасцю карыстаецца цыкл, прысвечаны першым людзям Кінту і Намбі. Баганда захоўваюць генеалагічныя апавяданні і вусную гісторыю сваёй краіны.

Музычнае мастацтва[правіць | правіць зыходнік]

Баганда славяцца музычнымі традыцыямі. Распаўсюджаныя народныя музычныя інструменты: барабаны, флейты, арфа, ксілафон, ламелафон. Характэрна гучанне паралельных актаў, калі тоны, якія граюцца адным музыкантам, адпавядаюць тэмбрам, якія грае другі музыкант. Акорды не выкарыстоўваюцца, таму важна сумяшчальнасць актаў. Кожная актава падзяляецца на 5 інтэрвалаў[15]. Кожная сваяцкая супольнасць мае свае рытуальныя і святочныя танцы, аднак танцы мувагола, нанкаса і бакісімба вядомы ва ўсіх супольнасцях[16]. Яны ўключаюць з кругавыя рухі станам, рух на пальцах ног і рухі рукамі наперад ці ўгару.

Мова[правіць | правіць зыходнік]

Мова луганда адносіцца да групы моў банту[17], мае тонавы характар. Шырока ўжываецца ў сучаснай Угандзе, вывучаецца ў школах. Алфавіт на аснове лацінкі.

Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

Старажытныя вераванні баганда абапіраліся на анімізм і культ продкаў. Баганда верылі ў бога-творцу Катонду. У Бугандзе дзейнічалі 3 храмы, прысвечаныя яму, аднак лічылася, што ён амаль не ўмешваецца ў жыццё простых людзей. Большую ролю адыгрывала шанаванне духаў падзвіжнікаў лубаале. Яны разглядаліся як абаронцы жывых. Ім прыносілі ахвяры, жрацы лубаале прадказвали будучыню. Непасрэднае значэнне для звычайнага народа мелі незлічоныя ніжэйшыя духі продкаў мізіму, гор, лясоў і г. д.[18] На ўзроўні дзяржавы шанаваліся духі манархаў-кабака. У 2001 г. магільні кабака ў Касубі трапілі ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

З 1844 г. баганда ўсталявалі кантакты з Занзібарам, з 1862 г. — з еўрапейцамі, пасл чаго сярод іх пачалі распаўсюджвацца іслам і хрысціянства. Улады Буганды з недаверам адносіліся да новых рэлігій, паколькі меркавалі, што яны падарвуць усеўладдзе манархаў. У 1885 г. кабака Мванга закатаваў некалькіх хрысціян. У 1888 г. рэлігійныя супярэчнасці прывялі да грамадзянскай вайны, у якой перамогу атрымалі хрысціяне. У нашы дні большасць вернікаў — хрысціяне, каля 15% — мусульмане, захоўваецца вера ў духаў продкаў і прыроды.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]