Бактрыйска-Маргіянскі археалагічны комплекс
Бактрыйска-Маргіянскі археалагічны комплекс Бронзавы век | |
---|---|
![]() | |
Геаграфічны рэгіён | Цэнтральная Азія |
Лакалізацыя | Туркменістан, Таджыкістан, Афганістан, Узбекістан |
Датаванне | 2400 да н. э. — 1700 да н. э. |
Тып гаспадаркі | сельская гаспадарка |
Даследчыкі | Віктар Іванавіч Сарыяніды |
![]() |
|
![]() |
Бактрыйска-Маргіянскі археалагічны комплекс (таксама вядомыя назвы Оксуская цывілізацыя, Маргіянская цывілізацыя) — старажытная цывілізацыя бронзавага веку ў Цэнтральнай Азіі. Існавала прыкладна ў сярэдзіне 3 тысячагоддзя да н.э. — першай трэці 2 тысячагоддзя да н.э.
Адкрыццё
[правіць | правіць зыходнік]Ганур-Дэпэ, першы вядомы помнік Бактрыйска-Маргіянскага археалагічнага комплекса, быў адкрыты савецкім археолагам В. І. Сарыяніды ў 1974 г. на тэрыторыі Марыйскага аазіса (Туркменістан)[1]. Да канца першага дзесяцігоддзя XXI ст. было выяўлена каля 200 помнікаў. Згодна з гіпотэзай першаадкрывальніка, Ганур-Дэпэ быў цэнтрам старажытнай краіны Маргуш, адкуль паходзіць назва Маргіянская цывілізацыя. Існуе таксама назва Оксуская цывілізацыя (ад грэч. Ώξος — Амудар’я), якая канцэнтруецца вакол адкрыццяў на тэрыторыі старажытнай Бактрыі. Аб’яднанне падобных помнікаў двух суседніх гістарычных рэгіёнаў у Бактрыйска-Маргіянскі археалагічны комплекс дазваляе разглядаць іх як супольную цывілізацыю, што існавала адначасова з цывілізацыямі ў Месапатаміі і даліне Інда.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]У наш час не існуе агульнапрынятай храналогіі Бактрыйска-Маргіянскага археалагічнага комплекса. Падуанскі археолаг Масіма Відале прапануе наступную перыядызацыю[2]:
- Эра рэгіяналізацыі (4600 — 2400 гг. да н. э.): узнікненне сельскай гаспадаркі, апрацоўкі металаў, раннія гарадскія паселішчы
- Эра інтэграцыі (2400 — 1900 гг. да н. э.): распаўсюджванне аднолькавых культурных рыс, развітыя гарадскія паселішчы, будаўніцтва палацаў
- Эра лакалізацыі (1900 — 1300 гг. да н. э.): з'яўленне лакальных варыянтаў адзінай культуры
Існаванне сельскай гаспадаркі прасочваецца на паўночных схілах Капетдага з 5 тысячагоддзя да н. э. Мясцовыя земляробы вырошчвалі мяккую пшаніцу, а таксама здабывалі волава, золата, лазурыт, бірузу, алебастр. У эру рэгіяналізацыі пачалі фарміравацца адзіныя культурныя рысы, якія выяўляюцца ў керамічных вырабах, тыпах жытла з сырцовай цэглы, асаблівых метадах пахавання і г. д. У аснове распаўсюджання аднатыпных артэфактаў палягаў абмен, што закранаў не толькі поўдзень Цэнтральнай Азіі, а таксама даліну Зераўшана, Ферганскую даліну, Гарган, Аравійскі паўвостраў і захад Паўднёвай Азіі[3].
Узнікненне Бактрыйска-Маргіянскага археалагічнага комплекса звязана са з'яўленнем буйных гарадоў паміж 2400 г. да н. э. і 2250 г. да н. э. У гэты перыяд насельніцтва канцэнтруецца ў дэльце Мургаба, што можна патлумачыць засухамі, якія вымушалі сялян пакідаць папярэднія месцы жыхарства і рушыць у аазіс. Міграцыя суправаджалася вырубкай тугаёў, меліярацыйнымі мерапрыемствамі і капаннем каналаў для наступнай ірыгацыі. Дзякуючы гэтаму старажытныя насельнікі Маргіяны атрымоўвалі 2 ураджаі за год. Яны вырошчвалі 2 разнавіднасці пшаніцы, вінаград, слівы і яблыні[4]. Дадзены рэгіён мог з'яўляцца адным з найстаражытнейшых цэнтраў шаўкаводства[5]. Былі распаўсюджаны такія свойскія жывёлы, як авечкі, козы, каровы, вярблюды-бактрыяны, аслы. Археолагамі было знойдзена пахаванне каня, зробленае ў 3 тысячагоддзі да н. э. Прыкладна ў той жа час асвойвалася верхняя плыня Амудар'і. Напрыклад, у аазісе Дашлы на паўночным усходзе Афганістана земляробчыя паселішчы з'явіліся ў сярэдзіне 3 тысячагоддзя да н. э.[6].
Поспехі сельскай гаспадаркі дазвалялі канцэнтраваць насельніцтва ў буйных паселішчах. Так, Ганур-Дэпэ быў заснаваны ў 2300 — 2250 гг. да н. э.[7] У час росквіту ён займаў плошчу 20 — 50 га[8]. У ім знаходзіліся ўмацаваны палац, храмы, штучныя сажалкі і самы вялікі вядомы некропаль бронзавага веку, які ўмяшчае каля 5000 магільняў[9]. Блізкім па плошчы горадам быў Алтын-Дэпэ, а горад Намазга-Дэпэ дасягаў 70 га. У гарадскім цэнтры, які ўзнік у Дашлы каля 2300 г. да н. э., была ўзведзена цытадэль памерамі 88 м х 84 м[10] з масіўнымі падвоенымі мурамі. Апроч жылых будынкаў знутры цытадэлі вылучалася вялікае сховішча для збожжа. Вакол буйных гарадоў стваралася сетка меньшых па плошчы сельскіх паселішчаў. Найлепей яна вывучана вакол Ганур-Дэпэ[11], дзе на адлегласці 40 км ад горада было знойдзена болей за 40 археалагічных помнікаў.
Носьбіты культуры Бактрыйска-Маргіянскага археалагічнага комплекса карысталіся піктаграфічнымі знакамі, аднак не мелі пісьмовасці[12]. Таму канкрэтныя гістарычныя падзеі і дакладная палітычная структура не вядомы. Шматлікія артэфакты дэманструюць сувязі Бактрыйска-Маргіянскага археалагічнага комплекса з Іранам, Месапатаміяй і Індскай цывілізацыяй, адкуль прывозілі сыравіну для ювелірных вырабаў, слановую косць, цыліндрычныя пячаткі і інш. Доказам уплыву старажытнай месапатамскай цывілізацыі можа быць зікурат — чатырохступеністая вежа 28 м у вышыню, выяўленая археолагамі ў Алтын-Дэпэ[13].

Разам з гэтым, дамінавалі мясцовыя культурныя традыцыі. Нягледзячы на знаёмства з цыліндрычнымі пячаткамі, якія паходзяць з Месапатаміі і былі распаўсюджаны на суседнім Іранскім плато, носьбіты культуры Бактрыйска-Маргіянскага археалагічнага комплекса аддавалі перавагу мясцовым каменным або металічным штампаваным пячаткам. На іх выразалі складаныя кампазіцыі, імі апячатвалі дзверы жытлаў або складоў з таварамі, адзначалі гліняныя пломбы на мяшках і пасудзінах. Акрамя таго, пячаткі служылі абярэгамі: выразаныя на іх выявы павінны былі засцерэгчы ад хвароб, няшчасных выпадкаў і злых духаў[14]. Найбольшым доказам арыгінальнасці Бактрыйска-Маргіянскага археалагічнага комплекса з'яўляюцца пахавальныя некропалі, дзе археолагі знаходзяць шматлікія металічныя рэчы, кераміку, статуэткі і прадметы паўседзённага побыту. Магільні маргіянска-бактрыйскага тыпу выяўлены таксама на поўдні ад прынятых сярод навукоўцаў межаў археалагічнага комплексу ў Харасане (Іран)[15].
У першай трэці — сярэдзіне 2 тысячагоддзя да н. э. адбыўся заняпад Бактрыйска-Маргіянскага археалагічнага комплекса. Яго прыкметамі былі [16]: лакалізацыя матэрыяльных традыцый, пераход насельніцтва з умацаваных гарадскіх цэнтраў у дробныя сельскія паселішчы у стэпавых і предгорных раёнах паўднёвага захаду Таджыкістана і поўдня Узбекістана, а таксама на ўскраіны ранейшых месцаў жыхарства. Прычыны заняпаду дакладна не вядомы. Мяркуецца, што гэта магло здарыцца з-за зменаў клімату, апустыньвання, змяньшэння водных рэсурсаў, засалення глебы, уварванняў індаеўрапейцаў, носьбітаў суседняй Андронаўскай археалагічнай культуры.
Грамадства
[правіць | правіць зыходнік]
Этнічнае паходжанне стваральнікаў Бактрыйска-Маргіянскага археалагічнага комплекса не вядома. В. І. Сарыяніды лічыў, што яны былі індаеўрапейцамі, перасяленцамі з Малой Азіі, а іх рэлігію атаесамляў з пачаткамі зараастрызму[17]. Палеагенетычныя даследаванні не падвердзілі індаеўрапейскае паходжанне рэшткаў носьбітаў культуры археалагічнага комплекса[18]. Яно аказалася даволі стракатым. Тагачасныя жыхары мургабскага і амудар'інскіх аазісаў былі генетычна звязаны з неалітычным насельніцтвам поўдню Сярэдняй Азіі, Блізкага Усходу, Паўднёвай Азіі. На статуэтках, знойдзеных археолагамі, найчасцей знаходзяцца рысы, блізкія да прадстаўнікоў Блізкага Усходу, але антрапалагічныя даследаванні рэшткаў у магільнях дэманструюць, што большасць пахаваных была падобна на жыхароў Міжземнамор'я[19]. Выказваюцца гіпотэзы, што носьбіты Бактрыйска-Маргіянскага археалагічнага комплекса маглі размаўляць на сіна-каўказскіх, касіцкіх, дравідыйскіх мовах.
Археалагічныя раскопкі сведчаць пра сацыяльнае распластаванне грамадства. Напрыклад, у Алтын-Дэпэ вылучаліся тры групы, якія адрозніваліся ўзроўнем дабрабыту, характарам жытлаў і нават харчаваннем[20]. Першая група жыла ў вялікіх шматпакаёвых пабудовах, якія складаліся з нядбайна аздобленых цесных пакойчыкаў, калектыўныя магільні, што знаходзяць побач, утрымлівалі толькі нешматлікія гліняныя пасудзіны, а палову мясной ежы складалі дзікія жывёлы. Гэтая група магла быць прадстаўлена простымі абшчыннікамі, рамеснікамі і земляробамі. Другая група жыла ў будынках, разлічаных на адну сям'ю. Яна магла належыць да заможных абшчыннікаў. У іх пахаваннях знойдзены шматлікія каралі, пярсцёнкі, бронзавыя пячаткі і тэракотавыя статуэткі, а косткі дзікіх жывёл амаль не сустракаюцца. Вялікія дамы трэцяй групы кіраўнікоў і жрацоў мелі правільную планіроўку і займалі плошчу ў 80 — 100 м². Яны змяшчалі ў магільні розныя ўпрыгожванні, у тым ліку з золата і срэбра, шматлікія каралі і наборныя паясы. Паказальна, што нават рост у гарадской эліты быў вышэйшым, чым у простых абшчыннікаў — наступства сытага і заможнага жыцця.
Рэлігійныя інстытуты займалі важнае месца ў культуры Бактрыйска-Маргіянскага археалагічнага комплекса. Пра гэта сведчаць вялікія храмавыя будынкі, што ўзводзіліся ў гарадах. Відавочна, рэлігійныя ўяўленні насельніцтва былі політэістычнымі. Гіпотэза В. І. Сарыяніды пра зараджэнне зараастрызму ў межах археалагічнага комплекса ў нашы дні выглядае вельмі спрэчнай[21]. Археолагі імкнуцца рэканструяваць вераванні на аснове тлумачэння сакральнага сэнсу выяў пячатак і статуэтак. Сакральны сэнс маглі мець трубы[22], рэшткі і выявы якіх часцяком знаходзяць падчас раскопак.
Зноскі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Гонур-депе — свидетельство древней истории туркмен
- ↑ Vidale, M. Treasures from the Oxus: The Art and Civilization of Central Asia — P. 9
- ↑ Élise Luneau, Climate Change and the Rise and Fall of the Oxus Civilization in Southern Central Asia
- ↑ Katherine M. Moore, Naomi F. Miller, Richard Meadow, Agriculture and herding in the early oasis settlements of the Oxus Civilization
- ↑ Гл.: Zhou, X., Li, X. Wang, J. Morus planting and silk production in Oxus civilization (2000 BC), Transoxiana
- ↑ Dashly 3 - Zoroastrian Heritage
- ↑ Гонур-депе – свидетельство древней истории туркмен
- ↑ Gonur Depe
- ↑ Nadezhda A Dubova, Types of Graves at Gonur Depe Bronze Age Site in Turkmenistan
- ↑ Dashly 3 - Zoroastrian Heritage
- ↑ Gonur / Gonor/ Gunar, Mouru, Murgab, Merv, Margiana
- ↑ Mysterious signs or pictographic inscriptions in the Oxus civilisation?
- ↑ ИРАН И СРЕДНЯЯ АЗИЯ В ДРЕВНОСТИ
- ↑ Культура древних цивилизаций: блистательная Маргиана
- ↑ Oxus Culture Finds in North Khorasan
- ↑ Bronze Age Central Asia
- ↑ За сотни лет до Заратустры на берегах Мургаба
- ↑ The Genomic Formation of South and Central Asia
- ↑ За сотни лет до Заратустры на берегах Мургаба
- ↑ ИРАН И СРЕДНЯЯ АЗИЯ В ДРЕВНОСТИ
- ↑ Gerard Fussman, Margush and the Indo-Europeans
- ↑ Bo Lawergren, Oxus Trumpets, ca. 2200 - 1800 BCE
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- The World of the Oxus Civilization / Ed. by Bertille Lyonnet, Nadezhda A Dubova — Abingdon: Routledge, 2020 ISBN 9781138722873
- Vidale, M. Treasures from the Oxus: The Art and Civilization of Central Asia — London, New York: I.B. Tauris, 2017 ISBN 9781784537722
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Бактрыйска-Маргіянскі археалагічны комплекс
- Central Asia’s Lost Civilization
- BMAC Archaeology
- Pierre Lombard, The Oxus civilization/BMAC and its interaction with the Arabian Gulf. A review of the evidences
- C.C. Lamberg-Karlovsky, The Oxus Civilization — La Civilización del Oxus
- Маргианская археологическая экспедиция
- Куфтерин В. В., Палеопатология населения Бактрийско-Маргианского археологического комплекса и некоторых сопредельных территорий: краткий обзор
- Маргуш: цивилизация раскаленных песков Архівавана 18 жніўня 2021.