Балта-славянскія мовы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Краіны, дзе балцкія і славянскія мовы з'яўляюцца мовай большасці.      балцкія     усходнеславянскія     заходнеславянскія     паўднёваславянскія

Ба́лта-славя́нскія мовы — гіпатэтычная група моў, якая аб'ядноўвае ў сабе балцкую і славянскую галіны індаеўрапейскае моўнай сям'і.

Балцкія і славянскія мовы маюць шэраг лінгвістычных рыс, адсутных у іншых галінах індаеўрапейскай сям'і моў, што дае падставу некаторым мовазнаўцам прапаноўваць гіпотэзы аб колішнім сумесным развіцці будучых балцкіх і славянскіх моў. Пэўная частка сучасных індаеўрапеістаў лічыць балцкія і славянскія мовы часткай адной групы ў складзе індаеўрапейскай сям'і, аднак некаторыя аспекты іх зносін застаюцца нявызначанымі, што падмацоўваецца палітычнымі фактарамі[1][2]. Іншыя лінгвісты выказваюць меркаванні пра падзел гіпатэтычнай балта-славянскай групы на тры галіны: усходнебалцкую, заходнебалцкую і славянскую[3][4].

Існуюць спробы рэканструкцыі прабалта-славянскай мовы, якая, у выпадку пацвярджэння балта-славянскай гіпотэзы, з'яўляецца агульным продкам прабалцкай і праславянскай мовы, і аддзялілася, у сваю чаргу, ад праіндаеўрапейскай мовы. Пры рэканструкцыі прабалта-славянскай мовы ў лінгвістыцы выкарыстоўваюцца метады кампаратывістыкі і, у прыватнасці, асаблівыя гукавыя законы. Паводле гэтых гіпотэз адзін з найбольш інавацыйных дыялектаў прабалта-славянскага дыялектнага кантынуума вылучыўся з яго складу і потым даў пачатак праславянскай мове, ад якой паходзяць усе славянскія мовы.

Гісторыя даследаванняў[правіць | правіць зыходнік]

Характар узаемаадносін між балцкімі і славянскімі мовамі быў прадметам спрэчак з самага пачатку даследаванняў у галіне індаеўрапеістыкі. Некаторыя з тэорый тлумачылі блізкасць між балцкімі і славянскімі мовамі вынікам дыялектнай блізкасці і працяглых узаемных кантактаў, а не агульным генетычным паходжаннем.

Мовы балцкай і славянскай галін індаеўрапейскай сям'і падзяляюць між сабою шмат фаналагічных, лексічных, марфасінтаксічных і акцэнталагічных асаблівасцей. Адзін з ранніх індаеўрапеістаў, нямецкі лінгвіст А. Шляйхер ужо ў 1861 годзе выказаў гіпотэзу, згодна з якой існавала прабалта-славянская мова, якая паходзіла ад праіндаеўрапейскай мовы і ў канцы свайго існавання распалася на прабалцкую і праславянскую мовы. Латышскі лінгвіст Я. Эндзэлінс у процілегласць гэтаму меркаваў, што лінгвістычныя падабенствы між балцкімі і славянскімі мовамі тлумачацца выключна агульнымі кантактамі і, такім чынам, прабалта-славянскай мовы не існавала. У пачатку ХХ ст. французскі індаеўрапеіст А. Мее ў адказ на гіпотэзы Шляйхера выказаў думку, што падабенствы між балцкімі і славянскімі мовамі ўзніклі ў выніку незалежнага паралельнага развіцця без існавання агульнай прабалта-славянскай мовы. Альтэрнатыўную гіпотэзу прапанаваў польскі даследчык Я. Развадоўскі, згодна з якой існаваў перыяд агульнага існавання, разыходжання (і, адпаведна, незалежнага існавання прабалцкай і праславянскай моў) і, нарэшце, паўторнае сыходжанне[5]. Падобная гіпотэза была падтрымана Х. Бірнбаўмам[6].

Генетычную роднасць балцкіх і славянскіх моў пацвярджае Т. Оландэр, які кіруецца сваімі даследаваннямі ў галіне акцэнталогіі[7].

Іншая гіпотэза, прапанаваная расійскімі даследчыкамі В. Івановым і У. Тапаровым, пастуліруе падзел прабалта-славянскай мовы на заходнебалцкую, усходнебалцкую і праславянскую мовы[8]. Гэтая ж гіпотэза таксама прапаноўвае вылучэнне праславянскай мовы як інавацыйнага і перыферыйнага з балта-славянскіх дыялектаў, які ў хуткім часе пашырыў свой арэал і асіміляваў іншыя балта-славянскія дыялекты за выключэннем найбольш аддаленых, якія леглі ў аснову літоўскай, латышскай і прускай. Паводле гэтай жа гіпотэзы, у прыватнасці, ставіцца пад сумненне балцкае адзінства.

Падобная мадэль падтрымліваецца глотахраналагічнымі даследаваннямі В. Кромера[9]. Тым не менш, апошнія камп'ютарныя методыкі сведчаць на карысць існавання асобных балцкай і славянскай галін[10]. Іншыя даследаванні, абапіраючыся на звесткі археалогіі і глотахраналогіі, датуюць распад прабалта-славянскай мовы 1500—1000 гг. да н.э.[11] Карыстаючыся глотахраналагічнымі метадамі, расійскі лінгвіст А. Старасцін падаваў іншую дату — 1210 г. да н.э.[12]

Існуе падобны падыход, які пастуліруе вылучэнне славянскіх моў з балцкіх, дзе славянскія адыгралі ролю даччыных адносна балцкіх.

Некаторая частка лінгвістаў аспрэчвае генетычную роднасць між балцкімі і славянскімі мовамі, але большасць лінгвістаў прызнае наяўнасць перыяду агульнага развіцця ў славянскіх і балцкіх моў. Р. Грэй і К. Аткінсан мяркуюць, што адасабленне балцкіх і славянскіх моў адбылося каля 1400 г. да н.э. Гэтая гіпотэза вылучаецца больш шырокім наборам выкарыстаных метадалогій[13]. Сярод цяперашніх прыхільнікаў балта-славянскае гіпотэзы адзначаецца таксама нідэрландскі лінгвіст Р. Бекес, на думку якога балцкія і славянскія мовы першапачаткова ўтваралі адзіную мову і, адпаведна, складаюць адзіную групу[14].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Сучасныя лінгвісты падзяляюць гіпатэтычную балта-славянскую групу ў асноўным на балцкую і славянскую галіны[15][16].

Адзін з прыхільнікаў гіпотэзы балта-славянскага адзінства, польскі лінгвіст Т. Лер-Сплавіньскі вызначае перыяд існавання падобнага адзінства ў перыяд 500—600 гадоў, прывязваючы яго пачатак (і вылучэнне з праіндаеўрапейскага кантынуума) да эпохі экспансіі культуры шнуравой керамікі (у якую ўваходзілі прабалта-славяне), а канец да эпохі экспансіі лужыцкае культуры[17]. Прыхільнік тэорыі кантакту С. Бернштэйн датуе час балта-славянскага кантакту сярэдзінай II тысячагоддзя да н.э. — сярэдзінай I тысячагоддзя да н.э.[18]

Ужо ў VIVII стст н.э. праславянская мова значна пашырыла свой арэал, у выніку чаго праславянскае маўленне амаль без наяўнасці дыялектных адрозненняў стала распаўсюджаным на тэрыторыях ад Ноўгарада да паўночнай Грэцыі. Гэтая акалічнасць дазваляе выказваць некаторым даследчыкам гіпотэзы аб статусе праславянскай мовы як кайнэ Аварскага каганата — цюркскай дзяржавы Еўропы[19]; у прыватнасці, авары і славяне ўдзельнічалі разам у набегах на Візантыйскую імперыю і аблозе Канстанцінопаля. У сваю чаргу, гэта дае падставы раду гісторыкаў меркаваць, што славяне мелі статус ваеннай касты, а іх гаворка набыла рысы кайнэ і стала лінгва-франка дзяржавы авараў. Падобныя гіпотэзы тлумачаць распаўсюджанне праславянскай мовы на Балканы, яе дыялектную аднастайнасць і хуткую моўную асіміляцыю авараў, аднак гэтыя ж гіпотэзы не тлумачаць распаўсюджанне славянскіх гаворак ва Усходнюю Еўропу, дзе сувязей з аварамі амаль не існавала[20]. Гэтае пашырэнне, імаверна, што стала прычынай знікнення іншых балта-славянскіх дыялектаў, у выніку чаго да нашых часоў дайшлі толькі балцкія і славянскія мовы.

Анамастычныя даследаванні сведчаць пра пашырэнне гістарычнага арэала балцкіх моў на значна большай за сучасную тэрыторыі, які дасягаў сучаснай Масквы. Незважаючы на гэта, вялікая частка балцкіх моў з цягам часу так ці інакш была выцеснена іншымі мовамі, у чым удзельнічалі і носьбіты славянскіх моў.

Агульныя рысы[правіць | правіць зыходнік]

Пэўная сувязь між балцкімі і славянскімі мовамі ўсталёўваецца наяўнасцю рада агульных інавацый, адносна якіх можна аднавіць храналогію развіцця, і якія пры гэтым адсутнічаюць у іншых індаеўрапейскіх мовах. Акрамя таго, балцкія і славянскія мовы маюць вялікі набор агульных лексем, якія існуюць і ў іншых індаеўрапейскіх мовах, але маюць аднолькавыя змены ў значэнні і ў балцкіх, і ў славянскіх мовах[21].

  • Змены ў фанетыцы і фаналогіі:
  • Падаўжэнне галосных перад праіндаеўрапейскімі непрыдыхальнымі звонкімі зычнымі *b, *d, *g (закон Вінтэра);
  • зліццё праіндаеўрапейскіх аспіраваных зычных *bʰ, *dʰ, *gʰ, *ǵʰ з неаспіраванымі (без прыдыхання) зычнымі (*b, *d, *g, *ǵ). Падобныя рысы сустракаюцца ў іншых індаеўрапейскіх мовах, аднак у цэлым падобнае зліццё з'яўляецца спецыфічным толькі для балта-славянскіх;
  • Пераход індаеўрапейскага націску на папярэдні склад у выпадку, калі першапачатковы склад змяшчаў ларынгальны зычны (закон Гірта);
  • З'яўленне галосных верхняга ўздыму перад індаеўрапейскімі складовымі санорнымі (*l̥ *r̥ *m̥ *n̥), пры гэтым найчасцейшым галосным у гэтай пазіцыі стаў *i. Замест *i мог устаўляцца *u, што было ўласціва і прагерманскай мове;
  • Узнікненне супрацьпастаўлення між узыходным і сыходным тонам у падоўжаных складах, пры гэтым узыходны тон звычайна ўзнікаў у складах з праіндаеўрапейскімі звонкімі або ларынгальнымі зычнымі ў канцы;
  • Зліццё праіндаеўрапейскіх кароткіх *o і *a ў *a. Падобнае зліццё адбылося таксама ў некаторых іншых індаеўрапейскіх мовах, але ў балта-славянскіх яно мусіла адбыцца пасля закону Вінтэра: паводле закону Вінтэра *o і *ā падоўжыліся ў *ō і *ā адпаведна, што, такім чынам, магло адбыцца толькі пасля зліцця *o і *a;
  • Спрашчэнне двайных зычных;
  • Фаналагічная палаталізацыя;

Да іншых інавацый адносяцца рысы, якія ёсць не толькі ў балцкіх і славянскіх мовах, але і ў іншых індаеўрапейскіх. Такім чынам, гэтыя рысы не з'яўляюцца прамымі доказамі на карысць балта-славянскай гіпотэзы, але ў той ці іншай ступені падмацоўваюць яе:

  • Сатэмізацыя: пераход зычных палатавелярных *ḱ, *ǵ, *ǵʰ праіндаеўрапейскай мовы ў свісцячыя *ś, *ź, *ź, зліццё лабіявелярных зычных *kʷ, *gʷ, *gʷʰ праіндаеўрапейскай мовы са звычайнымі велярнымі *k, *g, *gʰ. Пазней усе свісцячыя ў балцкіх і славянскіх мовах перайшлі ў *s, *z за выключэннем літоўскай;
  • Закон ruki: пераход *s у *š перад *r, *u, *k або *i, пры гэтым у славянскіх *š пазней перайшло ў *x у пазіцыі пасля галоснага задняга рада.
  • Змены ў граматыцы:
  • Замена першапачатковага праіндаеўрапейскага канчатка -*es(y)o тэматычных назоўнікаў адзіночнага ліку роднага склону ў *-ād (пр.-слав. *vlьka, лет. vil̃ko, латышск. vìlka). У прускай пры гэтым меўся, меркавана, іншы канчатак, які ўтварыўся з першапачатковага роднага склону праіндаеўрапейскай мовы: deiwas («Бога»), tawas («[няма] бацькі»);
  • Выкарыстанне канчатка *-ān у назоўніках і прыметніках з коранем, што пачынаецца на ā-, адзіночнага ліку творнага склону. Пэўным выключэннем з гэтага з'яўляецца літоўскае rankà, аднак гэта правіла пацвярджаецца ўсходнелітоўскім runku і латышскім rùoku;
  • Выкарыстанне канчатка *-mis у множным ліку творнага склону (лет. sūnumìs, ст.-слав. synъmi). Між іншым, падобны канчатак сустракаецца таксама ў германскіх мовах;
  • Узнікненне супрацьпастаўлення між пэўнымі і няпэўнымі прыметнікамі, пэўныя формы ўтварыліся шляхам далучэння адноснага займенніка *jas у канцы прыметніка (лет. geràsis, але gẽras; ст.-слав. dobrъjь, але dobrъ);
  • Выкарыстанне роднага склону для прамога дапаўнення адмоўнага дзеяслова (бел. кнігі (я) не чытаў, лет. knygos neskaičiau)[22].
  • Скланенне прыслоўяў на -nt паводле тыпу асноў на -jo-;
  • Разбурэнне тыпу скланення на зычны, і пераход імён гэтага тыпу ў скланенне на -i-;
  • Выцясненне асновы назоўнага склону ўказальнага займенніка so, асноваю ўскосных склонаў;
  • Утварэнне формы давальнага склону адзіночнага ліку асабовага займенніка першай асобы ад асновы роднага склону;
  • Замена старой формы роднага склону адзіночнага ліку -o- асноваў формаю аблатыва;
  • Утварэнне займенных прыметнікаў;
  • Агульныя спосабы ўтварэння параўнальных ступеней;
  • Ускосны склон першай асобы адзіночнага ліку men-, множнага — nōsom;
  • Дапасаванне няправільных тэматычных дзеясловаў (лет. dúoti, пр.-слав. damь);
  • Наяўнасць ē/ā ў прэтэрыце;
  • Балцкі канчатак дзеясловаў на -áuju, славянскі — -ujǫ.

Магчымасць аднаўлення адзінай акцэнтуацыйнай парадыгмы, зыходзячы з славянскай і балцкай акцэнтуацыйных парадыгм, як доказ існавання балта-славянскага моўнага адзінства разглядалі У. Ільіч-Світыч і У. Дыбо[23][24][25]. Тым не менш, нягледзячы на значнае падабенства славянскай і балцкай акцэнтуацыйнай парадыгмы, поўнай тоеснасці не існуе, з-за чаго паводле звестак акцэнталогіі магчымае адзінства трэба адносіць да часу існавання ларынгалаў, фарміравання склонавай і дзеяслоўнай сістэм[26].

  • Лексіка:

Ніжэй прыведзеныя ўзоры некаторых слоў, якія з'яўляюцца агульнымі для большай часткі або ўсіх балта-славянскіх моў:

  • *léipā («ліпа»): лет. líepa, пруск. līpa, латышск. liẽpa, латг. līpa, пр.-слав. *lipa, ст.-слав. і рас. липа, польск. lipa;
  • *ránkā («рука»): лет. rankà, пруск. rānkan (вінавальны склон), латышск. ròka, латг. rūka, пр.-слав. *rǭkà, ст.-слав. рѫка, рас. рука, польск. ręka;
  • *galwā́ («галава»): лет. galvà, пруск. galwo, латышск. galva, латг. golva, пр.-слав. *golvà, ст.-слав. глава, рас. голова, польск. głowa.

Урэшце, каля 200 слоў у балцкіх і славянскіх з'яўляецца выключнымі сыходжаннямі[5], аднак крытыкі тлумачаць іх узаемнымі запазычваннямі або захаваннем лексем праіндаеўрапейскай мовы. Некаторыя лексемы, якія разглядаюцца як выключна балта-славянскія, на самай справе не з'яўляюцца такімі, бо сустракаюцца і ў іншых індаеўрапейскіх мовах[27].

Лексікастатыстыка паводле стандартнага 100-слоўнага спіса Сводэша, у якім імавернасць запазычванняў невысокая (не больш за 5-10%), дае карціну блізкай роднасці латышскай, літоўскай і славянскіх моў. Згодна з методыкай А. Старасціна запазычванні пры падліку не ўлічваюцца. Варта адзначыць найменшы паказчык супадзенняў між балгарскай і балцкімі, найбольшы — між беларускай і балцкімі.

Літоўская Латышская
Руская 54 % 45 %
Беларуская 57 % 48 %
Украінская 55 % 46 %
Балгарская 47 % 41 %
Македонская 52 % 44 %
Сербскахарвацкая 53 % 45 %
Славенская 51 % 42 %
Чэшская 51 % 43 %
Славацкая 52 % 43 %
Верхнелужыцкая 51 % 44 %
Ніжнелужыцкая 50 % 43 %
Польская 53 % 45 %
Сярэднеарыфметычны паказчык 52 % 44 %
  • Іншыя падабенствы:
  • Прыназоўнік па (або блізкія да яго формы) у шматлікіх славянскіх і балцкіх мовах (у тым ліку і ў беларускай) мае значэнне «пасля» і спалучаецца з месным склонам у славянскіх і родным у балцкіх: лет. po švenčių, бел. па свяце, але рас. после праздника. У рускай мове прыназоўнік по (тоесны беларускаму па) выкарыстоўваецца ў давальным склоне, але ёсць адзінкавыя выключэнні накшталт беларускага выкарыстання (по приезде).

Адрозненні[правіць | правіць зыходнік]

Крытыкі тэорыі існавання балта-славянскай групы і колішняй адзінай балта-славянскай мовы выказваюць аргументы, якія збольшага групуюцца ў двух тыпах.

Аргументы ўмоўнага першага тыпу заключаецца ў наяўнасці ў адной з галін моў тых ці іншых інавацый, адсутных у іншай, пры гэтым існуюць агульныя або аналагічныя інавацыі, якія не дапускаюць тлумачэння гэтага факта з таго, што яны маглі ўзнікнуць пасля канчатковага разыходжання балцкіх і славянскіх моў. Самі па сабе падобныя аргументы не абвяргаюць гіпотэзу балта-славянскага адзінства (напрыклад, у форме моўнага саюза), аднак падразумяваюць істотнае першапачатковае разыходжанне моў.

Да другога тыпу адносяцца аргументы на карысць таго, што аналагічныя інавацыі развіваліся ў абедзвюх галінах блізкім, але не тоесным спосабам, або далі розныя вынікі. Таксама ў гэту катэгорыю трапляюць факты, якія адлюстроўваюць збліжэнні балцкіх і славянскіх моў з рознымі галінамі індаеўрапейскай сям'і, што адносяцца да гарантавана старажытнага моўнага стану. Частка гэтых аргументаў не пярэчыць магчымасці развіцця славянскіх моў як адной з груп балцкіх моў, аднак пацвярджэнне падобных гіпотэз сутыкаецца з недахопам фактычных звестак.

Многія пярэчанні абодвух тыпаў аспрэчваюцца як з фактычнага, так і з метадалагічнага погляду. Напрыклад, істотнай праблемай з'яўляецца адсутнасць глыбокай прабалцкай рэканструкцыі, выкліканая вельмі кароткім абсягам надзейных і трывалых звестак па ўсіх заходнебалцкіх мовах.

Да аргументаў умоўнага першага тыпу адносяцца:

  • Захаванне праіндаеўрапейскага *sr у балцкіх, але пераўтварэнне ў *str у славянскіх. З іншага боку, некалькі падобных змен у балцкіх могуць сведчыць пра яго архаічны характар;
  • Выкарыстанне суфікса -mo ў парадкавых лічэбніках балцкіх моў, тады як у славянскіх — -wo;
  • Суфікс -mai у балцкіх дзеясловах першай асобы адзіночнага ліку цяперашняга часу, у славянскіх — іншы (дыскусійна);
  • Адсутнасць у славянскіх мовах інфіксу -sto-, які ёсць у балцкіх;
  • Адсутнасць адрознення ў прабалцкай форм трэцяй асобы адзіночнага і множнага ліку, тады як у праславянскай гэта адрозненне захоўвалася;
  • Адсутнасць у славянскіх суфікса прыметнікаў -inga, які ёсць у балцкіх;
  • Адсутнасць у славянскіх памяншальнага суфікса -l-, які ёсць у балцкіх;
  • Адсутнасць у балцкіх славянскага суфікса аддзеяслоўных назоўнікаў -telь-;
  • Прысутнасць праіндаеўрапейскага суфікса множнага ліку -es у праславянскай мове, але яго адсутнасць у балцкіх;
  • Адсутнасць у балцкіх суфікса прыслоўяў -lo, які існаваў у праславянскай;
  • Прысутнасць у праславянскай закону адкрытага склада, які адсутнічаў у балцкіх (і, у прыватнасці, у прабалцкай);
  • Захаванне ў славянскіх праіндаеўрапейскага аорыста -s-, слядоў якога ў балцкіх не знойдзена (дыскусійна[28]);
  • Наяўнасць у праславянскіх лічэбніках вялікага квантытатыва суфікса -tь (напрыклад, пяць, шэсць), у той час як у балцкіх яго слядоў не знойдзена;

Аргументы другога тыпу:

  • Праславянская мова, як і балцкія, развілі форму займенных прыметнікаў, аднак у славянскіх гэты працэс ужо адбываўся пасля заканчэння дзеяння закону адкрытага склада, тады як у балцкіх слядоў дзеяння гэтага закону няма;
  • Аргументы А. Трубачова пра існаванне ў мінулым дака-фракійска-балцкіх моўных сувязей, што не пакінулі слядоў у славянскіх, і, наадварот, наяўнасць славяна-ілірыйскіх і славяна-італьянскіх сувязей, што не знайшлі адбітку ў балцкіх[29]. Гэтыя звесткі, зрэшты, могуць разглядацца як спекуляцыйныя праз недахоп дака-фракійскіх і ілірыйскіх звестак.

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Encyclopædia Britannica. Balto-Slavic languages.
  2. Fortson, Benjamin W. Indo-European Language and Culture: An Introduction. — 2nd ed. — Malden, Massachusetts: Blackwell, 2010. — ISBN 978-1-4051-8896-8.
  3. Kortlandt, Frederik. Baltica & Balto-Slavica. — 2009. — С. 5.
  4. Derksen, Rick. Etymological Dictionary of the Slavic Inherited Lexicon. — 2008. — С. 20.
  5. а б Дини П. У. Балтийские языки / Под редакцией В. Н. Топорова. — М.: ОГИ, 2002. — 544 с. — ISBN 5-94282-046-5.
  6. Бирнбаум Х. №2 // О двух направлениях в языковом развитии. — Вопросы языкознания. — М., 1985.
  7. Olander, Tomas. Det baltoslaviske problem – Accentologien. — 2002. Архівавана 19 ліпеня 2011.
  8. Иванов, В. B.; Toпоров, B. H. Об отношениях между славянскими и балтскими языками. — 4-й Международный Конгресс славянских исследований. — М., 1958.
  9. Kromer, Victor V. Glottochronology and problems of protolanguage reconstruction. — 2003.
  10. James Clackson. Indo-European Linguistics, An Introduction. — Cambridge, 2007.
  11. Novotná, Petra; Blažek, Václav. XLII // Glottochronolgy and its application to the Balto-Slavic languages. — Baltistica. — 2007. — Т. 2. — С. 185-210.
  12. Novotná P., Blažek V. Glottochronology and its application to Balto-Slavic lanuages. — Baltistica XLIII, 2. — Vilnius, 2007. — 204 с.
  13. Gray, R.D.; Atkinson, Q.D. 426 // Language-tree divergence times support the Anatolian theory of Indo-European origin. — Nature. — 2003. — С. 435-439.
  14. Beekes, Robert. Comparative Indo-European Linguistics. — Amsterdam: John Benjamins, 1995. — ISBN 90-272-2151-0, 1-55619-505-2.
  15. James Clackson. Indo-European Linguistics, An Introduction. — Cambridge, 2007.
  16. Benjamin W. Fortson. IV // Indo-European Language and Culture, An Introduction. — 2nd ed. — Wiley-Blackwell, 2010.
  17. Лер-Сплавинский Т. Ответ на вопрос «Существовали ли балто-славянское языковое и этническое единство и как его понимать?». — Сборник ответов на вопросы по языкознанию (к IV Международному съезду славистов). — М., 1958.
  18. Бернштейн С. Б. Ответ на вопрос «Существовали ли балто-славянское языковое и этническое единство и как его понимать?». — Сборник ответов на вопросы по языкознанию (к IV Международному съезду славистов). — М., 1958.
  19. Holzer, Georg. Urslawisch. — Enzyklopädie des Europäischen Ostens. — Klagenfurt: Wieser Verlag, 2002. Архівавана 27 верасня 2007.
  20. Curta, Florin. 31 // The Slavic Lingua Franca. (Linguistic Notes of an Archaeologist Turned Historian). — East Central Europe/L'Europe du Centre-Est. — 2004. — С. 125-148.
  21. Mažiulis, Vytautas. Baltic languages. — Britannica Online Encyclopedia.
  22. Matasović, Ranko. Poredbenopovijesna gramatika hrvatskoga jezika. — Zagreb: Matica hrvatska, 2008. — ISBN 978-953-150-840-7.
  23. Иллич-Свитыч В. М. Именная акцентуация в балтийском и славянском. Судьба акцентуационных парадигм. — М., 1963.
  24. Дыбо В. А. Сокращение долгот в кельто-италийских языках и его значение для балто-славянской акцентуации. — Вопросы славянского языкознания. — М., 1961.
  25. Дыбо В. А. Афганское ударение и его значение для индоевропейской и балто-славянской акцентологии. — Балто-славянские исследования. — М., 1963.
  26. Дыбо В. А. Славянская акцентология. Опыт реконструкции системы акцентных парадигм в праславянском. — М., 1981.
  27. Лаучюте Ю.-С. А. О методике балто-славянских исследований. — Славяне. Этногенез и этническая история. — Л.: Издательство Ленинградского ўниверситета, 1989.
  28. Zinkevičius Z. Lietuvių kalbos istorija. 6 t. — Vilnius: Mokslas, 1985-1994. — ISBN 5-420-00102-0.
  29. Трубачёв О. Н. Этногенез и культура древнейших славян: Лингвистические исследования. — М.: Наука, 2003. — 489 с. — ISBN 5-02-032661-5.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Багдзевіч А. І. Уводзіны ў славянскую філалогію: дапаможнік / А. І. Багдзевіч, С. Г. Ляскевіч. — Гродна: ГрДУ, 2011. — 274 с. ISBN 978-985-515-417-5
  • Топоров В. Н. Новейшие работы в области изучения балто-славянских языковых отношений (Библиографический обзор).
  • Barschel; Kozianka; Weber (eds.) (1992), Indogermanisch, Baltisch und Slawisch, Kolloquium in Zusammenarbeit mit der Indogermanischen Gesellschaft in Jena, September 1989, Munich: Otto Sagner, ISBN 3-87690-515-X
  • Beekes, Robert (1995), Comparative Indo-European Linguistics, Amsterdam: John Benjamins, ISBN 90-272-2151-0 (Europe), ISBN 1-55619-505-2 (U.S.)
  • Fortson, Benjamin W. (2010), Indo-European Language and Culture: An Introduction (2nd ed.), Malden, Massachusetts: Blackwell, ISBN 978-1-4051-8896-8
  • Holzer, Georg (2001), „Zur Lautgeschichte des baltisch-slavischen Areals”, Wiener slavistisches Jahrbuch (47): 33–50
  • Holzer, Georg (2007), Historische Grammatik des Kroatischen. Einleitung und Lautgeschichte der Standardsprache, Frankfurt am Main: Peter Lang, ISBN 978-3-631-56119-5
  • Kortlandt, Frederik (2009), Baltica & Balto-Slavica, Amsterdam-New York: Rodopi, ISBN 978-90-420-2652-0
  • Matasović, Ranko (2005), „Toward a relative chronology of the earliest Baltic and Slavic sound changes”, Baltistica 40/2
  • Matasović, Ranko (2008), Poredbenopovijesna gramatika hrvatskoga jezika, Zagreb: Matica hrvatska, ISBN 978-953-150-840-7
  • Olander, Thomas (2009), Balto-Slavic Accentual Mobility, Berlin & New York: Mouton de Gruyter, ISBN 978-3-11-020397-4
  • Stang, Christian (1957), Slavonic accentuation, Oslo: Universitetsforlaget, ISBN 978-82-00-06078-9
  • Szemerényi, Oswald (1957), „The problem of Balto-Slav unity”, Kratylos 2: 97–123

Вонкввыя спасылкі[правіць | правіць зыходнік]