Баляслаў Пачопка

З пляцоўкі Вікіпедыя
(Пасля перасылкі з Баляслаў Пачобка)
Jump to navigation Jump to search
Баляслаў Пачопка
Balaslaw Paczopka.jpg
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння: 13 кастрычніка 1884(1884-10-13)
Месца нараджэння:
Дата смерці: 26 снежня 1940(1940-12-26) (56 гадоў)
Месца смерці:
Пахаванне:
Альма-матар:
Месца працы:
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці: публіцыст, пісьменнік, журналіст
Мова твораў: беларуская

Баляслаў Пачопка, Баляслаў Пачобка (13 кастрычніка 1884, засценак Уляны, Рукойненская гміна, Віленскі павет (Расійская імперыя) — 26 снежня 1940, м. Целяханы, цяпер Івацэвіцкі раён) — рэлігійны і культурна-асветны дзеяч, удзельнік беларускага хрысціянскага руху, журналіст, педагог і публіцыст.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Паходзіў з дваранскай сям’і Антона Пачопкі. 25.10.1905 залічаны выхаванцам Віленскай духоўнай каталіцкай семінарыі. У чэрвені 1907, на другі год навучання, пакінуў семінарыю.

З 1913 — загадчык аддзела рэлігіі, у 1914-15 гады — рэдактар-выдавец першай беларускай катaліцкай газеты «Biełarus» (Вільня). Cталы аўтар газеты «Наша Ніва». Падрыхтаваў і выдаў у Вільні шэраг кніг на беларускай мове: «Жыццё папежа Піюса X» (1914), «Чалавек на вышыні сваёй годнасці», «Бог з намі: Беларускі малітэўнік» (1915), «Святы Езафат Кунцэвіч» (1916), «Як вучыць жыць і верыць св. Хрыстова Паўсюдная Царква» (1923).

У гады вайны выкладаў на першых Віленскіх беларускіх настаўніцкіх курсах (1915). У Вільні на Юр'еўскай вуліцы 13 лістапада 1915 года дзякуючы намаганням Алаізы Пашкевіч (Цёткі) і Баляслава Пачобкі, з удзелам Сабіны Іваноўскай была адкрыта першая беларуская школа.

Працаваў дырэктарам Свіслацкай беларускай настаўніцкай семінарыі (1916—18). Аўтар першай «Граматыкі беларускай мовы» (1918). Беларуская граматыка Пачобкі была надрукаваная асобнай кнігай лацініцай у друкарні «Гоман» (Вільня). На працягу прыблізна году (у 1918) гэтай граматыкай карысталіся пры выкладанні беларускай мовы ў Свіслацкай настаўніцкай семінарыі і навакольных школах[1]. Яе крытыкавалі беларускія мовазнаўцы за шматлікія паланізмы і русізмы.

У міжваеннае дваццацігоддзе далучыўся да справы беларускага ўніяцтва. Пасвячоны ў святары ў 1925 годзе. Душпастырскую дзейнасць праводзіў на Палессі. З 17.9.1926 — пробашч уніяцкага Бабровіцкага прыхода ў Косаўскім павеце. Удзельнік уніяцкіх канферэнцый у Пінску (1932, 1933). Друкаваўся ў перыядычных выданнях «Гоман», «Biełaruskaja krynica», «Chryścijanskaja Dumka». Супрацоўнічаў з газетай віленскіх краёўцаў «Przegląd Wileński».

За прыхільнасць да беларускай мовы і культуры праследаваўся польскімі ўладамі. Памёр 26.12.1940 пасля таго, як быў збіты невядомымі.

Пакінуў рукапісную спадчыну.

Зноскі

  1. Ігар Бараноўскі. Помнік святару-беларусу (120-ыя ўгодкі з дня нараджэння а. Баляслава Пачопкі) // Царква. Грэка-каталіцкая газета. № 4 (43), 2004. – Брэст: ПП В.Ю.А., 2004

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст.: Жыццярысы, мартыралогія, успаміны / Аўтар-укладальнік: Ю. Гарбінскі. — Мн.-Мюнхен: Беларускі кнігазбор, 1999. ISBN 985-6318-65-3
  • Трацяк Я. Пачопкіа // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5: М — Пуд / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1999. — 592 с.: іл. ISBN 985-11-0141-9.
  • Бараноўск І. Помнік святару-беларусу (120-ыя ўгодкі з дня нараджэння а. Баляслава Пачопкі) // Царква. Грэка-каталіцкая газета. № 4 (43), 2004.
  • Календарыюм // «Czasopis» № 12/2005

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]