Банацка-балгарская мова

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Банацка-балгарская мова
Саманазва bâlgàrsćijà jázić
Краіны Румынія, Сербія
Рэгіёны Банат
Статус ёсць пагроза знікнення[d]
Класіфікацыя
Катэгорыя Мовы Еўразіі

Індаеўрапейская сям'я

Славянская галіна
Паўднёваславянская група
Балгарская мова
Пісьменнасць лацінка
Atlas of the World’s Languages in Danger 1513
Glottolog bana1308

Банацка-балга́рская мова (саманазва: Palćena balgarsćija jázić, Banátsća balgarsćija jázić; балг.: банатски български език) — стандартызаваная форма аднаго з знешніх дыялектаў балгарскай мовы, распаўсюджанага ў гістарычным рэгіёне Банат, што на паўночным усходзе Сербіі і захадзе Румыніі. Моваю карыстаюцца банацкія балгары — адна з этнаграфічных груп балгараў. Афіцыйныя падлікі даюць колькасць носьбітаў мовы прыкладна ў 8 000 чалавек, з якіх 1 658 пражывае ў Сербіі, каля 6 500 — у Румыніі; іншыя ацэнкі даюць колькасць носьбітаў прыкладна да 15 тыс. чал.

Дыялекты, што палеглі ў аснову літаратурнай банацка-балгарскай мовы, маюць стандартызаваную пісьмовасць і параўнальна старую літаратурную традыцыю.

Паходжанне, класіфікацыя[правіць | правіць зыходнік]

Дыялекты, на якіх заснаваная банацка-балгарская літаратурная мова, выкарыстоўваюць банацкія балгары — мясцовая этнаграфічная група балгараў. З'яўленне продкаў банацкіх балгараў звязваецца з перасяленнем балгараў з поўначы Балгарыі некалькі стагоддзяў таму на тэрыторыі тагачаснай Валахіі — княства на тэрыторыі паўднёвай Румыніі.

Асноваю банацка-балгарскіх дыялектаў стаў паўлікянскі дыялект рупскай дыялектнай групы, які дагэтуль мае ўжытак у цэнтральнай і паўночнай Балгарыі. Іншыя варыянты кялсіфікацыі разглядаюць банацка-балгарскія дыялекты як вынік змяшэння паўднёва-ўсходняга і паўночна-заходняга балгарскіх дыялектаў ва ўмовах «астраўной» сітуацыі і ва ўмовах новага іншамоўнага атачэння.

Банацкія балгары, у адрозненне ад балгараў Балгарыі, прытрымліваюцца каталіцкага веравызнання.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Першай літаратурна-пісьмовай і рэлігійнай мовай банацкіх балгараў-каталікоў стала г.зв. ілірская пісьмовая мова на аснове штакаўскага дыялекту з ужыткам басанчыцы — спецыфічнай баснійскай азбукі на аснове кірыліцы — і італьянскай лацініцы. Гэты варыянт пісьмовай мовы меў ужытак да 1860 года.

У 1740-х гадах у мястэчку Дудэшці-Векі была заснавана першая школа, дзе адбывалася вывучэнне банацка-балгарскай мовы, пры гэтым у адукацыі выкарыстоўваўся лацінскі алфавіт. Ужо ў гэтыя часы лацінскі алфавіт выкарыстоўвалі таксама некаторыя святары, але яго асаблівасцю заставалася забарона на яго выкарыстанне. У ХІХ ст. групамі мясцовай інтэлігенцыі пачынае ажыццяўляцца праца па ўдасканаленні ранейшых кніг на мове і напісанні новых прац. У гэтым жа стагоддзі банацка-балгарскія школы сталі выкарыстоўваць новую пісьмовую мову — г.зв. ілірыйска-славянскую, якая прасоўвалася ў рэчышчы панславянскага руху ілірызму. У працэсе выкарыстання гэта пісьмовай мовы банацка-балгарская мова ўвабрала ў сябе пэўную колькасць харвацкіх і славенскіх запазычванняў.

У 1851 годзе пад аўтарствам Імер Берэца выходзіць Катэхізіс на мове, пазней Андраш Клабучар складае на мове кнігу малітваў і гімнаў. У 1866 годзе Ёжэф Рыл разам членамі Універсітэцкага таварыства ў Вінгу праводзіць працу па стандартызацыі мовы і выдае яе правапіс (Balgarsku právupisanj), які пазней выкарыстоўваўся для распрацоўкі мясцовых навучальных матэрыялаў. Пішуцца свецкія вершы, у прыватнасці, Янашам Узунам. Пазнейшыя працы таксама абапіраюцца на рэлігійную галіну — выдаюцца пераклад Евангелля, складаецца каляндар (Леапольд Кослікаў), малітоўнік (Франк Глас, Людовік Фішэр). Гэтыя працы набылі пэўную папулярнасць у банацка-балгарскай літаратуры.

Першая траціна ХХ ст. характарызуецца перапынкам у развіцці мовы, выкліканым рэзка ўзмоцненай мадзьярызацыяй і падзелам Банату між Румыніяй і Югаславіяй у 1919 годзе. З 1930 года працэс развіцця мовы адноўлены, але ён быў зноў спынены Другой сусветнай вайной: літаратурная мова практычна згасла, знаходзячы выкарыстанне олькі ў канфесійных мэтах. На цяперашні момант назіраецца адраджэнне гэтай мікрамовы.

Пры адукацыі таксама выкарыстоўваліся сербская або румынская мовы, але ў рэлігійнай дзейнасці працягваецца ўжыванне банацка-балгарскай мовы.

Асноўныя рысы[правіць | правіць зыходнік]

З дыялекталагічнага пункту гледжання банацка-балгарскія дыялекты могуць класіфікавацца як адныя з гаворак паўлікянскага дыялекту, распаўсюджанага ў сучаснай Балгарыі.

Фанетыка, фаналогія[правіць | правіць зыходнік]

Банацка-балгарскія дыялекты адрознівае ад літаратурнай балгарскай мовы наяўнасць шэрагу трывалых гукавых адпаведнасцей. Напрыклад, галосны [ɨ] можа паўставаць на месцы сваіх этымалагічных адпаведнікаў або выступаць на месцы /i/[1]. Сярод іншых падобных асаблівасцей вылучаецца рэфлекс стараславянскага ѣ у выглядзе шырокага е, а таксама пераходы o > u і, часам, e > i (напрыклад, pole > puljé («поле»), selo > sélu («сяло»), ognište > ugništi («агмень»))[1]. Іншая характэрная асаблівасць — паляталізацыя канчатковых зычных, уласцівая іншым паўднёваславянскім мовам, але толькі некаторым дыялектам балгарскай (напрыклад, den > denj («дзень»))[2].

Лексіка[правіць | правіць зыходнік]

У сувязі з кантактамі ў гістарычна шматнацыянальным Банаце банацка-балгарскія дыялекты гістарычна ўспрынялі некаторую частку лексікі іншых народаў рэгіёна. Да падобных запазычванняў адносяцца нямецкія (drot «дрот», gáng «пярэдні пакой, калідор»), венгерскія (vilánj «электрычнасць», mozi «кіно»), харвацкага (stvár «рэч», ráčun «рахунак») і румынскага (šedinca «сустрэча») паходжання. У банацка-балгарскіх дыялектах таксама ўтрымліваецца пэўная колькасць лексемаў асманскага і грэчаскага паходжання, якія з'яўляюцца таксама ўласцівымі і іншым балгарскім дыялектам (hirgjén < ergen «халасцяк», trandáfer > τριαντάφυλλο «ружа»). Запазычванні складаюць каля 20% ад усяго лексічнага фонду банацка-балгарскіх дыялектаў[2][3].

Акрамя запазычванняў, маюць ужытак неалагізмы і калькі, якія замянілі некаторыя ранейшыя словы (напрыклад, svetica замест старога ikona (пад уплывам нямецкага Heiligenbild); zarno «куля» (ад «зерне»); oganbalváč «вулкан», літаральна — «вогнены шалік»; predhurta «прадмова»)[2].

Пісьмовасць[правіць | правіць зыходнік]

Банацка-балгарская літаратурная мова мае ўласны алфавіт, у аснову якога пакладзены харвацкая версія лацінскага алфавіта. Гэты алфавіт адлюстроўвае некаторыя фанетычныя рысы, архаічныя для балгарскіх дыялектаў Балгарыі. Алфавіт кадыфікаваны ў 1866 годзе і выкарыстоўваецца ў літаратуры і СМІ[2].

Ніжэй прыведзены выгляд сучаснага банацка-балгарскага алфавіта. Прыведзеныя адпаведнікі кірылічным алфавітам, а таксама гукі, што пазначаюцца той ці іншай літарай (паводле IPA)[4][5].

Лацініца
Кірылічны адпаведнік
IPA
А а
Ъ
/ɤ/
Á á
А
/a/
B b
Б
/b/
C c
Ц
/t͡s/
Č č
Ч
/t͡ʃ/
Ć ć
Ќ (c)
/kʲ/
D d
Д
/d/
Dz dz
Ѕ (дз)
/d͡z/
Dž dž
Џ (дж)
/d͡ʒ/
E e
Е
/ɛ/
É é
Ѣ
/e/
Лацініца
Кірылічны адпаведнік
IPA
F f
Ф
/f/
G g
Г
/ɡ/
Gj gj
Ѓ (гь)
/ɟ/
H h
Х
/h/
I i
И
/i/
J j
Й , Ь
/j/
K k
К
/k/
L l
Л
/l/
Lj lj
Љ (ль)
/ʎ/
M m
М
/m/
N n
Н
/n/
Лацініца
Кірылічны адпаведнік
IPA
Nj nj
Њ (нь)
/ɲ/
O o
О
/ɔ/
P p
П
/p/
R r
Р
/r/
S s
С
/s/
Š š
Ш
/ʃ/
T t
Т
/t/
U u
У
/u/
V v
В
/v/
Z z
З
/z/
Ž ž
Ж
/ʒ/
  • Узор:

Ойча наш на банацка-балгарскай і параўнанне з балгарскім перакладам[6].

Baštá náš, kojtu si na nebeto: Imetu ti da se pusveti.
Kraljéstvotu ti da dodi. Olete ti da badi,
kaćétu na nebeto taj i na zemete.
Kátadenjšnija leb náš, dáj mu nám dnés.
I uprusti mu nám náša dalgj,
kaćétu i nija upráštemi na nášte dlažnici.
I nide mu uvižde u nápas,
negu mu izbávej ud zlo.
Отче наш, Ти, който си на небето, да се свети името Ти,
да дойде царството Ти, да бъде волята Ти,
както на небето, така и на земята.
Насъщния ни хляб дай ни днес
и прости нам греховете ни,
тъй както и ние прощаваме на ближните си,
и не ни въвеждай в изкушение,
ала избави ни от Лукавия.

Зноскі

  1. а б Иванова Ц., Бечева Н. Говорът и книжовноезиковата практика на българите-католици от сръбски Банат.
  2. а б в г Стойков С. Банатски говор. — Издателство на БАН, 1967.
  3. Нягулов Б. Банатските българи. — С. 27.
  4. Стойков С. Банатският говор. — Издателство на БАН, 1967. — 21-23 с.
  5. Нягулов Б. Банатските българи. — С. 11.
  6. Svetotu pismu: Novija zákun. — Timişoara: Helicon, 1998. — ISBN 973-574-484-8

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Милетич Л. Книжнината и езикът на банатските българи // Сборник за народни умотворения, наука и книжнина. София, 1900, кн. XVI и XVII.
  • Duličenko A. D. Das Banater-Bulgarische // Einführung in die slavischen Sprachen. Darmstadt, 1998.
  • Rill J. Bâlgàrskutu právupísanji. U Péštà, 1866.
  • Velčov L. Manen madžársći-bâlgarsći rêčnić… Szeged, 1896.