Баранавіцкае выступленне рабочых і салдатаў (1905)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Баранавіцкае выступленне рабочых і салдатаў пачалося 21 снежня 1905 г. як палітычная стачка баранавіцкіх чыгуначнікаў. 22 снежня 300 чыгуначнікаў на чале са старшынёй камітэта Баранавіцкага аддзялення Усерасійскага чыгуначнага саюза інжынерам эсэрам М. Ляпко адмовіліся выконваць распараджэнні адміністрацыі, вывелі са строю камутатар, спынілі рух паяздоў. Да рабочых далучыліся салдаты чыгуначнай брыгады. 23-24 снежня мітынгі і сходы рабочых перараслі ва ўзброенныя выступленні супраць жандараў і войскаў. На задушэнне выступлення баранавіцкіх рабочых і салдатаў з Вільні 25 снежня прыбылі пагранічныя войскі, 26 снежня — карная экспедыцыя генерала Арлова. У горадзе ўведзена ваеннае становішча, пачаліся масавыя арышты. Кіраўнікі і актыўныя ўдзельнікі выступлення (М. Ляпко, І. Бачэўскі, К. Гайдамовіч, А. Друкаў, М. Мухін і іншыя) былі кінуты ў віленскую турму. 29 снежня салдаты чыгуначнага батальёна зноў правялі сход, спяваючы «Марсельезу», прайшлі па горадзе. У памяць аб падзеях 1905 у Баранавічах устаноўлены мемарыяльная дошка і стэла.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 2: Аршыца — Беларусцы / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 2. — 480 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0061-7 (т. 2). с. 292—293