Перайсці да зместу

Баранская міні-ЦЭЦ

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Баранская міні-ЦЭЦ
Краіна  Беларусь
Месцазнаходжанне Віцебская вобласць, Аршанскі раён, Барань
Статус дзеючая
Увод у эксплуатацыю снежань 2013
Асноўныя характарыстыкі
Электрычная магутнасць, МВт 3,25 МВт
Характарыстыкі абсталявання
Асноўнае паліва мясцовыя віды паліва (драўняная шчэпка, фрэзерны торф)
Кацельныя агрэгаты тэрмамасляны кацёл (17,2 МВт)
Колькасць і марка турбін турбагенератар ORC (3,25 МВт)
На карце
Баранская міні-ЦЭЦ (Беларусь)
Баранская міні-ЦЭЦ
Баранская міні-ЦЭЦ

Бара́нская міні-ЦЭЦ — цеплаэлектрацэнтраль у горадзе Барань Аршанскага раёна Віцебскай вобласці. З’яўляецца філіялам РУП «Віцебскэнерга»[1]. Уведзена ў эксплуатацыю ў снежні 2013 года[2].

Будаўніцтва міні-ЦЭЦ пачалося ў жніўні 2012 года[2]. Праект рэалізоўваўся ў рамках Дзяржаўнай комплекснай праграмы мадэрнізацыі асноўных вытворчых фондаў Беларускай энергетычнай сістэмы[3]. Галоўнай мэтай праекта было замяшчэнне прыроднага газу мясцовымі відамі паліва для эканоміі валютных сродкаў[2].

Генпадрадчыкам выступіла аўстрыйская кампанія «Polytechnik Luft-und Feuerungstechnik GmbH», якая паставіла асноўнае абсталяванне[3][2]. Аб'ём работ беларускіх будаўнічых арганізацый склаў 37 %[2]. Праектна-каштарысную дакументацыю распрацоўвала РУП «БелНДПІэнергапрам»[4].

Кошт будаўніцтва склаў каля 15,5 млн еўра. Фінансаванне ажыццяўлялася за кошт уласных сродкаў РУП «Віцебскэнерга» і крэдытных рэсурсаў[1].

Тэхнічныя характарыстыкі

[правіць | правіць зыходнік]

На міні-ЦЭЦ усталявана абсталяванне, якое працуе па арганічным цыкле Рэнкіна (ORC)[3]. Асаблівасцю тэхналогіі з’яўляецца выкарыстанне ў турбагенератары пароў сіліконавага масла замест традыцыйнай вадзяной пары, што дазваляе эфектыўна працаваць пры больш нізкіх тэмпературах[2]. У якасці цепланосiта кацельнай устаноўкі выкарыстоўваецца тэрмамасла[2].

Асноўнае абсталяванне складаецца з аднаго тэрмамаслянага катла цеплавой магутнасцю 17,2 МВт і аднаго турбагенератара электрычнай магутнасцю 3,25 МВт[1].

Станцыя працуе ў аўтаматычным рэжыме з мінімальнай колькасцю персаналу. Агрэгаты дазваляюць падтрымліваць працу ў шырокім дыяпазоне цеплавых нагрузак — ад 10 да 100 %[2].

Паліва і эканамічны эфект

[правіць | правіць зыходнік]

У якасці паліва выкарыстоўваюцца мясцовыя віды паліва: фрэзерны торф і паліўная шчэпка. Абсталяванне дазваляе спальваць іх як паасобку, так і ў сумесі ў любых суадносінах (ад 0 да 100 %)[1]. У зімовы перыяд расход паліва можа дасягаць 100 тон шчэпкі і 100 тон торфу ў дзень[2].

Увод міні-ЦЭЦ дазволіў поўнасцю забяспечыць патрэбы горада Барань (каля 11 тыс. жыхароў) у цеплавой энергіі і замясціць імпартуемы прыродны газ[3][2]. Эканомія газу ацэньваецца прыкладна ў 6—7 млн нм³ у год (каля 15 тыс. тон умоўнага паліва)[3][1].

  1. а б в г д Мини-ТЭЦ Барань: стоимость строительства станции составила около 15,5 млн евро (руск.). bbgl.ru (25 лютага 2014). Праверана 18 студзеня 2026.
  2. а б в г д е ё ж з і Как отопить целый город без газа: репортаж с мини-ТЭЦ «Барань» (руск.). EnergoBelarus.by (17 мая 2016). Праверана 18 студзеня 2026.
  3. а б в г д Разработка и модернизация мини-ТЭЦ (руск.). Энергатэхпрам. Праверана 18 студзеня 2026.
  4. Объекты Беларуси (руск.). РУП «Белнипиэнергопром». Праверана 18 студзеня 2026.