Бара (вецер)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Утварэнне бары

Бара (італ.: bora, ад грэч. βορέας — паўночны вецер; «барэй» — халодны паўночны вецер) — моцны парывісты халодны вецер, што дзьме на ўзбярэжжы параўнальна цёплых мораў ці буйных азёр, што аддзеленыя нізкімі горнымі хрыбтамі ад моцна астуджаных кантынентальных раўнін.

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Ўтвараецца пераважна ў халодную пару года пры затрымцы халоднай масы паветра нізкімі горнымі хрыбтамі. Перавальваючы праз іх, вяршыня халоднай масы паветра апярэджвае ніжнюю частку; паветра не паспявае прагрэцца, як пры фёне, і абвальваецца ўніз да нагрэтай паверхні з нізкім атмасферным ціскам. Працягласць бары — ад сутак да тыдня. Сутачны перапад тэмператур падчас бары можа дасягаць 40 °C.[1]

Геаграфія[правіць | правіць зыходнік]

У Расіі асабліва моцныя бары Наварасійскай бухты і Геленджыкскай бухты, дзе вятры маюць паўночна-ўсходні кірунак і дзьмуць больш за 40 дзён у год; берагоў Байкала (сарма на Малым моры) і баргузін на процілеглым беразе), чукоцкага горада Певек (т. зв. «южак»). У Еўропе найбольш вядомыя бары Адрыятычнага мора (у раёне гарадоў Трыест, Рыека, Задар, Сень і інш.). У Харватыі гэты вецер называюць «бура». Падабенства з барой мае і вецер «норд» у раёне Баку, містраль на Міжземнаморскім узбярэжжы Францыі ад Манпелье да Тулона, «нортсер» у Мексіканскім заліве. Асаблівы тып бары — сцёкавы вецер у Антарктыдзе і на паўночным востраве Новай Зямлі.

Новарасійская бара[правіць | правіць зыходнік]

Пасля бары, Наварасійск, 1993

Перад з’яўленнем бары ля вяршыняў гор можна назіраць густыя аблокі, якія жыхары Новарасійска называюць «бароды». Першапачаткова вецер вельмі няўстойлівы, але паступова ён набывае пэўны кірунак і велізарную хуткасць — да 60 (і нават да 80) м/с[2]. У сярэднім хуткасць наварасійскай бары складае больш за 20 м/с. Падаючы на паверхню мора, бара выклікае моцнае хваляванне. Узмацнелыя хвалі затапліваюць берагі і таксама прыносяць разбурэнне; пры моцных маразах (у Наварасійску парадку −20…-24 °C) яны застываюць, і ўтвараецца ледзяная корка.

Зноскі