Барбара (карная аперацыя)
Аперацыя «Barbara» | |||
---|---|---|---|
Асноўны канфлікт: Вялікая Айчынная вайна | |||
Дата | 9—16 кастрычніка 1943 года | ||
Месца | Васілевіцкі і Калінкавіцкі раёны | ||
Праціўнікі | |||
|
|||
![]() |
Аперацыя «Барбара» (ням.: Unternehmen «Barbara») — кодавая назва карнай аперацыі нямецкіх акупацыйных улад у Другой сусветнай вайне супраць партызан і насельніцтва ў Васілевіцкім і Калінкавіцкім раёнах 9—16 кастрычніка 1943 года.
Перадумовы
[правіць | правіць зыходнік]Тэрыторыя так званага «Мокрага трохвугольніка» (міжрэчча Дняпра, Прыпяці і Бярэзіны) прызначалася камандаваннем групы армій «Цэнтр» для размяшчэння тылоў 2-й нямецкай арміі, якая адступала ў ходзе Чарнігаўска-Прыпяцкай аперацыі 1943 года. Па вынікам нямецкай разведкі «Мокрага трохвугольніка» начальнік аператыўнага аддзела штаба аховы тылу 2-й арміі дакладваў, што «абстаноўка ў новым тыле арміі карэнным чынам адрозніваецца ад абстаноўкі ў ранейшых тылавых раёнах... Тут... толькі некаторыя буйныя населенныя пункты (Рэчыца, Брагін, Хойнікі, Мазыр) кіруюцца і кантралююцца нямецкімі ўстановамі, а астатняя тэррыторыя знаходзіцца пад кантролем партызан». У выніку, камандаванне 2-й арміі правяло карную аперацыю «Барбара».
Сілы карнікаў
[правіць | правіць зыходнік]Аперацыя праваодзілася сіламі баявых груп вермахта і жандармерыі ў складзе 105-га грэнадзёрскага і 57-га ахоўнага палкоў, 7 асобных батальёнаў, артылерыйскіх дывізіёнаў, спец. сапёрных і іншых падраздзяленняў. Іх павінен быў падтрымліваць бронепоезд.
Баявыя дзеянні
[правіць | правіць зыходнік]Баявыя дзеянні разгарнуліся ў трохвугольніку Калінкавічы — Жлобін — Рэчыца. Галоўны ўдар прынялі на сябе брыгады і атрады Палесскага і Гомельскага партызанскіх злучэнняў. Карнікі правялі «маршы-прачоскі» з тым, каб прыціснуць партызан і насельніцтва, якое выходзіла разам з імі, да чыгункі Калінкавічы — Жлобін. Яшчэ да пачатку аперацыі карнікі панеслі страты: 7 кастрычніка быў узарваны бронецягнік, падарваны на мінах танк і некалькі грузавых машын з салдатамі і афіцэрамі. 10 кастрычніка разгарнуліся баі вакол вёсак Буда, Смалянка, Восіпава Рудня, Замосце, Дудзічы, Антонаўская Рудня. Некалькі разоў пераходзіла з рук у рукі вёска Булаўкі, баі за якую вяла 99-я Калінкавіцкая партызанская брыгада. 12 кастрычніка гітлераўцы занялі вёскі Насавічы, Карма, Залатуха, Лукі, Хамічы, Вязавіца, Ліпаў, выйшлі на лінію Халоднікі — Давыдавічы, завяршыўшы акружэнне раёна правядзення аперацыі. Але да гэтага часу Васілевіцкі партызанскі атрад імя П. К. Панамарэнкі вывеў насельніцтва ў размяшчэнне Гомельскага партызанскага злучэння, схаваўшы ў лясах жывёлу і хлеб. 99-я Калінкавіцкая партызанская брыгада заставалася ў блакадзе, адцягваючы на сябе сілы карнікаў. 16 кастрычніка брыгада рушыла да гасцінца Халоднікі — Ліпаў. З боку нямецкага гарнізона ў Ліпаве брыгаду прыкрывалі партызаны з 1-га атрада імя Варашылава. Адбіўшы нямецкія атакі яны забяспечылі адыход асноўных сіл брыгады з блакады.
Вынікі
[правіць | правіць зыходнік]У раёне карнай аперацыі гітлераўцы растралялі каля 200 мірных грамадзян, спалілі некалькі вёсак, устанавілі новыя апорныя пункты, узмацнілі ўцалелыя гарнізоны. Але партызаны невялікімі дыверсійнымі групамі прасачыліся ў раёны сваёй дыслакацыі і працягвалі наносіць удары па камунікацыям праціўніка. Працягам аперацыі «Барбара» сталі аперацыі «Асвячэнне храма» і «Хубертус».
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл. / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1990. — 680 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-012-2.