Касцёл Святых Апосталаў Пятра і Паўла і манастыр базыльян (Баруны)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Барунскі манастыр базыльян)
Каталіцкі храм
Касцёл Святых Апосталаў Пятра і Паўла і манастыр базыльян
54°18′59″ пн. ш. 26°08′21″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Вёска Баруны (Ашмянскі раён)
Канфесія Рымска-каталіцкая царква
Епархія Гродзенская
Ордэнская прыналежнасць базыльяне
Архітэктурны стыль віленскае барока
Архітэктар Аляксандр Асікевіч
Дата заснавання 1692
Будаўніцтва 17471753 гады
Дата скасавання 1833
Рэліквіі і святыні Абраз Маці Божай Барунскай
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 412Г000062шыфр 412Г000062
Праблемы з <mapframe>:
  • Атрыбут «latitude» мае няслушнае значэнне
  • Атрыбут «longitude» мае няслушнае значэнне
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Касцёл Святых Апосталаў Пятра і Паўла і манастыр базыльян — рымска-каталіцкая святыня (раней грэка-каталіцкая) у в. Баруны. Помнік архітэктуры 2-й паловы XVIII ст.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Паводле звестак краязнаўцы Пётра Бітэля, на мяжы XVIXVII стст. у Барунах будаваўся драўляны касцёл (згарэў яшчэ незавершаны) і да канца XVII ст. тут не было іншых культавых збудаванняў.

Храм на малюнку Н. Орды, XIX ст.

У 1692 г. намаганнямі ксяндза Мікалая Песьляка закладзена уніяцкая царква ў гонар З'яўлення Дзевы Марыі і заснаваны манастыр. У 1700 г. з мястэчка Вішнева «разам з маёмасцю і настаўнікам» сюды пераведзена базыльянская школа, спачатку трохгадовая, а з 1780 г. — шасцігадовая (праіснавала да 1833 г.). Вядомы беларускія святочныя вершы, верагодна, частка школьнага спектакля. У XIX ст. базыльянская школа стала знакамітай дзякуючы сваім выхаванцам, сярод якіх вядомыя пісьменнікі, сябры Адама Міцкевіча — Антон Эдвард Адынец і Ігнат Ходзька.

Храм пасля перабудовы ў праваслаўную царкву, 1916

Базыльяне прывезлі з сабой цудатворны абраз Маці Божай і пачалі будаваць мураваную царкву, якая згарэла разам з усім мястэчкам у 1707 г. Рашэннем Варшаўскага сейма ў 1710 г. былі вылучаны сродкі на аднаўленне пабудоў, аднак работы спынены ў 1711 г. — з-за маравой пошасці. Новая фундацыя ў 1715 годзе належыць мітрапаліту кіеўскаму і галіцкаму Л. Кішку. Існуючы мураваны храм пабудаваны ў 17471753 гг. паводле праекта архітэктарам Аляксандрам Асікевічам. Для афармлення інтэр'ера, якое працягвалася да 1770 г., базыльяне запрашалі лепшых майстроў з Вільні і Мінска.

У 17781793 гг. быў узведзены мураваны двухпавярховы кляштарны корпус. У 1833 г. перададзены праваслаўным, з 1845 г. у манастыры размяшчалася духоўнае вучылішча. У выніку рэканструкцыі 19 ст. набыў рысы класіцызму.

Манастыр перастаў існаваць самастойна ў 1874 г., і быў прыпісаны да Віленскага манастыра Святога Духа. Царква 22 верасня 1881 г. пераасвячона як праваслаўная Пакрова Прасвятой Багародзіцы.

У 19201922 гг. у былым кляштары дзейнічала беларуская настаўніцкая семінарыя, дырэктарам якой быў вядомы дзеяч рэвалюцыйнага і нацыянальна-вызваленчана руху С. Рак-Міхайлоўскі. У 1922 г. царкава пераасвячона як касцёл Св. Пятра і Паўла.

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Касцёл[правіць | правіць зыходнік]

Галоўны фасад касцёла

Царква ўяўляе сабой трохнефавую базіліку з кампактным кафаліконам, які больш развіты ў шырыню, чым у глыбіню, і выцягнутай алтарнай апсідай з вялікімі сакрысціямі па баках вімы. Увага дойліда скіравана на стварэнне выразнага мастацкага аблічча даволі шырокага галоўнага фасада. Каб зрокава зменшыць яго працягласць, фасад энергічна падзяляецца на асобныя вертыкальныя часткі. Цэнтральны неф закрывае тыпова «брамкавы» рызаліт, завершаны фігурным атыкавым франтонам з масіўнымі валютамі.

На вонкавых вуглах бакавых нефаў пастаўлены адносна невялікія чацверыковыя вежы, дыяганальны разварот якіх надае ўсяму фасаду хвалістую прасторавую структуру. Адна з вежаў мае тэлескапічную трох'ярусную будову, завяршэнне другой не захавалася ці ўвогуле не існавала, таму што поруч з ёй, праз браму, асобна пастаўлена двух'ярусная вежа-званіца. У выніку вертыкальны рытм фасада набывае пэўную адвольнасць і асіметрыю, але не страчвае мастацкай гармоніі.

Інтэр'ер[правіць | правіць зыходнік]

Інтэр'ер касцёла
Галоўны алтар

У інтэр'еры сем высокамастацкіх разьбяных алтароў, выкананыя разьбяром Фрэдэрыкам Квячурам, сталяром Паўлам Якавіцкім і інш., славуты абраз Маці Божай Барунскай. У інтэр'еры цэнтральны неф, апсіда і сакрысціі перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі з распалубкамі, бакавыя нефы — крыжовымі, насычанымі галаснікамі. Завяршае магутную перспектыву інтэр'ера стукавы барочна-ракайльны алтар, вырашаны ў выглядзе карынфскай каланады з разарваным і інтэнсіўна крапаваным антаблементам. Над ім чатыры скульптуры архангелаў. Больш аблегчаная кампазіцыя другога яруса алтара разгортваецца вакол круглага акна-люкарны, фланкіраванага шчытом з выявамі Тройцы, анёлаў і ляпной кампазіцыяй «Глорыя» ў завяршэнні. Скульптурнае стукавае аздабленне амбона мае рысы стылю ракако. Пад храмам — крыпта-пахавальня.

Капліца[правіць | правіць зыходнік]

Невялічкая двух'ярусная капліца на васьміграннай аснове, пастаўленая перад царквой, прасторава развівае ансамбль і ўключаецца ў адвольную гульню вертыкальных і гарызантальных рытмаў. Другі ярус капліцы ўяўляе сабой скразную вежу з чатырма лучковымі прасветамі, пад скляпеннем якой устаноўлена скульптура Хрыста. Збудаванне завершана невялікай двух'яруснай цыліндрычнай вежачкай з крыжам над гранёным шатровым дашкам. Капліца абнесена мураванай агароджай з брамкай. У гэтай «студэнцкай» капліцы, паводле мемуараў І. Ходзькі, захоўвалася школьная харугва, на якой на белым атласе з аднаго боку быў вышыты абраз Маці Божай, апякункі школы, з другога — сноп збожжа — эмблема плёну навук, якую вучні тлумачылі пасвойму: «Вучыся, асёл, добра — будзеш мець хлеб».

Манастыр[правіць | правіць зыходнік]

Будынак манастыра
Галерэя ў манастыры

Двухпавярховы мураваны будынак мае Т-падобную планіровачную кампазіцыю з рэгулярным рытмам фасадаў, які ствараюць прамавугольныя аконныя праёмы ў простых ліштвах і лапаткі ў прасценках. Перакрытыя цыліндрычнымі скляпеннямі з распалубкамі памяшканні аб'яднаны галерэямі з ажурнымі крыжовымі скляпеннямі.

Абраз Маці Божай Барунскай[правіць | правіць зыходнік]

Абраз Маці Божай Барунскай

У касцёле шануецца абраз Маці Божай Барунскай (суцяшальніцы засмучаных) невядомага мастака. Першапачаткова належаў прапаведніку-базыльяніну і місіянеру айцу Іасафату Бражысу, які перад смерцю ў 1691 г. перадаў святыню сваяку Мікалаю Песляку. У 1702 г. базыльяне, занепакоеныя набліжэннем шведскага войска, перадалі абраз літоўскаму гетману Міхалу Вішнявецкаму ў Валожын. У Баруны абраз вернуты ў 1709 г. Перад скасаваннем касцёла ў 1833 г. абраз аддадзены Важынскім, вернуты ў храм у 1922 г. У апошнюю нядзелю 1991 г. парафія ў Барунах святкавала 300-годдзе культу Маці Божай Барунскай, Суцяшальніцы ўсіх засмучаных.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]