Барух са Шклова
| Барух са Шклова | |
|---|---|
| Асабістыя звесткі | |
| Дата нараджэння | 1744 |
| Месца нараджэння | |
| Дата смерці | 1808 |
| Грамадзянства | |
| Прафесійная дзейнасць | |
| Род дзейнасці | пісьменнік, рабін |
| Грамадская дзейнасць | |
| Член у | |
Барух Бэн Якаў Шык са Шклова (Шкло́вер) (іўр.: ברוך שיק משקלוב; род. 1744, Шклоў — 1808, Слуцк?) — папулярызатар навукі ў асяроддзі ўсходнееўрапейскіх яўрэяў, пісьменнік, перакладчык і выдавец кніг на іўрыце. Ранні прадстаўнік Гаскалы (Яўрэйскага Асветніцтва) ва Усходняй Еўропе[1].
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Барух Шык нарадзіўся ў горадзе Шклоў у сям'і патомных рабінаў, яго дзядзька па маці быў адзін з самых вядомых рабінаў XVIII стагоддзя Ар'е Лейб Гінцбург. Першапачатковую рабінскую адукацыю Барух атрымаў у свайго бацькі, які быў рабінам Шклова каля 20 гадоў[2]. Ў 1764 годзе стаў рабінам і некаторы час працаваў суддзёй (даян) у рабінскім судзе ў Мінску.
Першай навуковай кнігай Шыка, напісанай у гады яго жыцця ў Мінску, была «Tif’eret Adam» («Вянок Адама»; 1777), праца па анатоміі чалавека, заснаваная на лацінскіх творах Джыролама Кардана з Павійскага ўніверсітэта, а таксама на талмудычных крыніцах і «Зогары». У гэтым тэксце шырока цытаваў антрапаморфныя ўрыўкі пра боства з «Зогара», якія ён лічыў дакладнымі анатамічнымі апісаннямі чалавечага цела. У Мінску таксама напісаў «‘Amude ha-shamayim» («Слупы нябесныя»), працу па месяцовай астраноміі і па вылічэнні часу «нараджэння» маладзіка. У гэтым тэксце выкарыстоўваліся творы Майманіда і Эўкліда, а таксама «Матэматычны канон» Франсуа Віета. Анатомія і астраномія Шыка былі заснаваны на сістэмах Галена і Пталемея. Лацінскія рукапісы, якімі ён карыстаўся, відаць, былі прывезены ў Шклоў Екуціэлем Горданам, былым студэнтам-медыкам Падуанскага ўніверсітэта і вучнем Майсея Хаіма Луцата[1].
Прага ведаў павяла яго ў Заходнюю Еўропу, ён вывучаў медыцыну ў Англіі і атрымаў медычны дыплом, у прыватнасці, авалодаў латынню[2], затым пераехаў у Берлін, дзе пазнаёміўся з многімі дзеячамі Гаскалы, такімі як Мозес Мендэльсон, Давід Фрыдлендэр і Нафталі Гірц Веселі (Візель).
У Берліне Шыку трапіўся старадаўні рукапіс кнігі XIV стагоддзя паводле пталямееўскай астраноміі, геаметрыі і календары, і ён яго выдаў у 1777 годзе. У тым жа годзе былі выдадзены ўласныя працы Шыка па астраноміі і анатоміі. Берлінскія прыхільнікі Гаскалы аказалі вялікую падтрымку пісьменніцкай і выдавецкай дзейнасці Шыка, многія з іх, у тым ліку і сам Мендэльсон падпісаліся загадзя на будучыя кнігі і дапамагалі з фінансаваннем. Паэт Веселі нават напісаў хвалебную паэму ў гонар яго кніг. Але праз пяць гадоў пасля адбыцця Шыка з Берліна, Веселі склаў досыць непахвальны партрэт польскага рабіна, дзе крытыкаваў яго за ігнараванне нямецкай мовы і прыродных навук[1].
У той перыяд (1784 год) Берлінскі гурток спрабаваў выкарыстаць Саламона Маймона у якасці прапагандыста навуковых ведаў на іўрыце, зрэшты, беспаспяхова. У адрозненне ад Маймона і Фрыдлендэра, Шык застаўся артадаксальным яўрэем, у яго кнігах сустракаецца, напрыклад, крытыка Азарыі Дэ Росі за недастаткова дакладнае прытрымліванне уяўленням мудрацоў Талмуда аб прыродзе. У адрозненне ад Маймона Шык вярнуўся ў 1778 годзе з Берліна ў родную Беларусь.

У 1778 годзе шык прыбыў у Вільню для знаёмства з Віленскім гаонам і атрымання яго адабрэння. Пасля гэтага Шык выдаў пераклад часткі кніг Эўкліда на іўрыт (1780 год), а таксама пераклаў з англійскай мовы дапаможнік па алгебры, геаметрыі і трыганаметрыі (1784 год). У прадмове да перакладу Эўкліда пераказаў гутарку з Гаонам, які рэкамендаваў перакладаць пабольш навуковых кніг на іўрыт. У тым жа прадмове ўтрымліваецца найбольш вядомае выказванне Баруха, у якім ён перадае словы Гаона:
Я чуў сам з яго святых вуснаў, што кожная загана ў веданні навук прывядзе чалавека да ста заган у мудрасці Торы, так як Тора і навука цесна звязаныя[2]
Некаторыя іншыя сведчанні пацвярджаюць стаўленне Гаона да навук, апісанае Шыкам. Гэтыя словы шырока цытаваліся маскілім у дзевятнаццатым стагоддзі як рабінскае адабрэнне навуковых даследаванняў[3][4].
Купец і вучоны Іешуа Цэйтлін (1742-1822) стварыў нешта накшталт малой акадэміі ў сваім маёнтку Вусце каля Чэрыкава, дзе сярод іншых дзейнічаў і Шык. Відаць, ён меў там лабараторыю для навуковых заняткаў. Там жа напісаў кнігу па асабістай гігіене. Пасля вяртання ў Беларусь абвінаваціў лідараў узмацняючагася хасідскага руху, сярод іншага, у распаўсюджванні забабонаў і цемрашальства сярод яўрэяў, а таксама ў ачарненні тых, хто займаўся талмудызмам і навуковымі ведамі.
Пад канец жыцця, магчыма, пераехаў у Слуцк, дзе быў лекарам князёў Радзівіла[5].
У прадмове да перакладу Эўкліда патлумачыў, якая матывацыя стаяла за яго дзейнасцю па распаўсюджванню навуковых ведаў:
Яны прывялі да таго, што народ Ізраіля грашыў у адносінах да навук і быў уражаны слепатой. Яны зрабілі народ Ізраіля пасмешышчам... Імя Божае апаганьваецца, калі язычнікі кажуць нам, што мы дурная нацыя, а не нацыя мудрацоў... Не такі быў шлях нашых мудрацоў, ніякая таямніца, вучэнне або навука не былі схаваныя ад іх[2].
Шматкроць згадваемыя насмешкі над адсталасцю яўрэяў, па ўсёй верагоднасці, адлюстроўваюць уласны вопыт аўтара ў Берліне, калі высветлілася, што многія яго веды, атрыманыя гадамі працы, безнадзейна састарэлі, перш за ўсё праз незнаёмства з сістэмай Каперніка[2]. Пасля Берліна звузіў кола прадметаў да матэматыкі і пачаў пазбягаць здабывання навуковых фактаў са старых яўрэйскіх кніг, у тым ліку Талмуда і «Зогара». У прадмове да «Мераў вымярэння» ён піша:
У наш час «навукі» служаць павелічэнню пашаны Торы. Яны робяць мудрацоў Торы паважанымі і шанаванымі ў вачах народаў і князёў. Таму я вырашыў прыйсці на дапамогу народу Ізраіля і падняць упалую карону Еуды[2].
- ↑ а б в The YIVO Encyclopedia of Jews in Eastern Europe. encyclopedia.yivo.org. Праверана 18 верасня 2025.
- ↑ а б в г д е David E. Fishman. A Polish Rabbi Meets the Berlin Haskalah: The Case of R. Barukh Schick // AJS Review. — Association for Jewish Studies, 1987. — Vol. 12, no. 1. — P. 95—121. Памылка ў зносках: памылковы тэг
<ref>; імя "fishman" вызначана некалькі разоў з розным зместам - ↑ Iris Idelson-Shein Rabbis of the (Scientific) Revolution: Revealing the Hidden Corpus of Early Modern Translations Produced by Jewish Religious Thinkers(англ.) // The American Historical Review. — 2021-03-01. — В. 1. — Т. 126. — С. 54–81. — ISSN 0002-8762. — DOI:10.1093/ahr/rhab001
- ↑ David Ellenson ז״ל David Ellenson, “‘Or Nogah’ and the Uses of History: Blidstein, Petuchowski, and the Diverse Readings of a Nineteenth- Century Reform Halakhic Text,” in Emet le-Ya’akov: Facing the Truths of History – Essays in Honor of Jacob J. Schacter (Boston: Academic Studies Press, 2023), 504-521. — 2023-12-07.
- ↑ Шик, Барух // Еврейская энциклопедия Брокгауза и Ефрона. — СПб., 1908—1913.