Барценеўская бітва
Барценеўская бітва — бітва войскаў цвярскога князя Міхаіла Яраславіча з аб'яднанымі сіламі вялікага князя ўладзімірскага Юрыя Данілавіча і ардынцаў пад камандаваннем Каўгадыя. Адбылася 22 снежня 1317 года.
Перадгісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Юрый Данілавіч, атрымаўшы ўлетку 1317 года ад Міхаіла Яраславіча вялікае княжанне, адмовіўся распусціць войскі і ўвосень пачаў рабаваць землі Цвярскога княства, плануючы затым злучыцца з наўгародцамі і разгарнуць актыўныя дзеянні супраць цвярскога князя.
Ход падзей
[правіць | правіць зыходнік]Бітва адбылася ля вёскі Барценёва ў Цвярскім княстве (цяпер урочышча Барценёва каля вёскі Балашуціна Старыцкага раёна Цвярской вобласці; лакалізацыя месца бітвы дыскусійная). Міхаіл Яраславіч атрымаў поўную перамогу, у палон да яго патрапілі жонка Юрыя Данілавіча Агаф'я (сястра ардынскага хана Узбека) і брат Барыс Данілавіч. Юрый Данілавіч з невялікім атрадам паскакаў з поля бою, здолеўшы ўцячы ад пагоні і дабрацца да Таржка дзякуючы цемры. На наступны дзень, 23 снежня, Міхаіл Яраславіч, які не жадаў сварыцца з Узбек-ханам, прыняў ганаровую капітуляцыю Каўгадыя. Яны адправіліся ў Цвер, дзе князь «ушанаваў» Каўгадыя і адпусціў.
Вынікі
[правіць | правіць зыходнік]Нягледзячы на перамогу ў Барценеўскай бітве, Міхаіл Яраславіч у лютым 1318 года быў вымушаны заключыць мірную дамову з Юрыем Данілавічам і Наўгародскай рэспублікай, здолеўшы, аднак, дамагчыся згоды Юрыя на сумесную паездку ў Арду для вырашэння пытання аб вялікім княжэнні.