Барысаўская града

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Барысаўская града

Краявід у Смалявіцкім раёне
Каардынаты: 54°05′ пн. ш. 28°02′ у. д.HGЯO
Размяшчэнне Беларусь
physical
Барысаўская града
Барысаўская града

Барысаўская града — частка Беларускай грады ў Барысаўскім і Смалявіцкім раёнах.

Мяжуе з Верхнебярэзінскай нізінай на поўначы і Цэнтральнабярэзінскай раўнінай на поўдні. Плошча каля 2 тыс. км², працягнулася на 100 км вузкай дугой ад Мінскага да Лукомскага ўзвышша. Шырыня ад 10 да 30 км.

Геалогія[правіць | правіць зыходнік]

У тэктанічных адносінах Барысаўская града прымеркавана да Прыаршанскай монакліналі. Крышталічны фундамент перакрыты асадкавымі пародамі верхняга пратэразою (сярэднерыфейска-ніжнявендскі комплекс тэрыгенных чырванаколерных адкладаў і покрыўна-ледавіковая фармацыя магутнасцю ад 200 да 400 м), сярэднедэвонскімі пясчанікамі і глінамі. Антрапагенавая тоўшча (магутнасць да 100 м) складзена з адкладаў беларускага, бярэзінскага, дняпроўскага і сожскага зледзяненняў, налібоцкага, александрыйскага, шклоўскага і муравінскага міжледавікоўяў. Барысаўская града сфарміравалася ў час адступання сожскага ледавіка.

Карысныя выкапні: легкаплаўкія гліны, торф.

Рэльеф[правіць | правіць зыходнік]

Градава-ўзгорысты рэльеф захаваўся на асобных участках (каля Смалявіч вышыні дасягаюць 220 м, Халопеніч — 205 м, Барысава — 193 м), дзе сканцэнтравана вялікая колькасць марэнных узгоркаў (адносныя перавышэнні 10-20 м), паміж якіх хвалістыя, другасна-марэнныя і водна-ледавіковыя раўніны. Найвышэйшы пункт Барысаўскай грады — 220,3 м, знаходзіцца ў Смалявіцкім раёне на тэрыторыі Усяжскага сельсавета. Размяшчаецца за 0,9 км на паўночны ўсход ад в. Емяльянава, 1,7 км на паўночны захад ад в. Куркова, 1,2 км на ўсход ад в. Шпакоўшчына на добра акрэсленым узгорку правільнай формы ў атачэнні ворных угоддзяў. Маецца геадэзічны пункт у выглядзе металічнай піраміды; каардынаты: 54°04,714' пн.ш., 28°02,351' у.д.[1].

Складзена з пясчана-галечнага матэрыялу, з валуноў, суглінкаў, супескаў, месцамі перакрытых маламагутнымі лёсападобнымі суглінкамі.

Гідраграфія[правіць | правіць зыходнік]

Бярэзіна ля Барысава

Барысаўскую граду дрэніруе рака Бярэзіна (верхняе цячэнне) з прытокамі Гайна, Бродня, Сха, Бобр, Нача (прыток Бабра). Характэрная асаблівасць Бярэзіны на гэтым участку — асіметрыя надпоймавых тэрас і поймы. Правы схіл даліны стромкі, высокі, левы — часцей спадзісты, з выразнымі тэрасамі. Каля Барысава глыбока ўрэзаная скразная даліна, утвораная ў час спуску Верхнебярэзінскага прыледавіковага вадаёма.

Глебава-расліннае покрыва[правіць | правіць зыходнік]

Глебы дзярнова-падзолістыя слабаападзоленыя на водна-ледавіковых марэнных супесках, якія падсцілаюцца пяском, забалочаныя і тарфяна-балотныя.

Лясістасць да 40% тэрыторыі (на ўсходзе да 50 %, на захадзе 30 %). Лясы хваёвыя, ялова-хваёвыя кусцікава-зеленамошныя і лішайнікавыя, у паніжэннях бярозава-арлякова-зеленамошныя і шэраальховыя. Поймавыя і нізінныя лугі.

Зноскі

  1. elib.bsu.by(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 25 красавіка 2021. Праверана 30 сакавіка 2021.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]