Барысаў (паэма)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
«Барысаў»
Выданне
Ілюстрацыя А. Волкава
да паэмы
Жанр паэма
Аўтар Янка Купала
Мова арыгінала беларуская
Дата напісання 1934
Дата першай публікацыі 11 ліпеня 1934

«Барысаў» — ліраэпічная паэма Янкі Купалы, завершаная 4 ліпеня 1934 года ў Скупліна[1]. Напісаная ў час творчай камандзіроўкі на Барысаўшчыну разам з пісьменнікамі І. Гурскім і В. Кавалём у ліпені 1934 года[2]. Упершыню апублікаваная 11 ліпеня 1934 года ў Менску ў газеце «Звязда» пад загалоўкам «Да адкрыцця помніка Леніну ў Барысаве». Урывак з яе пад загалоўкам «І памёр стары Барысаў» апублікавала газета «Літаратура і мастацтва» 12 ліпеня 1934 года. Пад назвай «Барысаў» упершыню з’явілася ў часопісе «Полымя рэвалюцыі» (№ 8 за 1934 год)[2]. Раней лічылася, што першая публікацыя паэмы пад назвай «Барысаў» адбылася ў зборніку «Песня будаўніцтву», выдадзеным у Менску ў 1936 годзе[1].

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Сваім патасам, інтанацыйна—сінтаксічнай структурай і паэтычным стылем твор набліжаецца да паэмы «Над ракой Арэсай». Паэт апявае стваральную працу савецкіх людзей і вітае індустрыялізацыю краіны. Вялікія перамены, што адбываліся пасля рэвалюцыі, проціпастаўлены пакутам, якія беларускі народ зведаў у мінулым. Удзячнасць барысаўчанаў за перамены, як і ў большасці твораў таго часу, адрасаваная Леніну і камуністычнай партыі. Кульмінацыйным пунктам паэмы з’яўляецца адкрыццё помніка Леніну як «сімвалізацыя перамогі сацыялізму і адзінства народа і партыі».[1]

Твор напісаны ў характэрным для паэтыкі Купалы сказавым стылі і пабудаваны паводле распаўсюджанага ў тыя гады прынцыпу супрацьпастаўлення сучаснага, новага грамадскага ладу змрочнаму мінуламу. У сувязі з гэтым паэма падзяляецца на дзве ўнутрана звязаныя паміж сабой часткі.[2]

Паэме ўласцівы зменлівы рытм, багацце інтанацыйнага малюнку. Спакойна—эпічнае апісанне павольнае плыні Бярозы як бы ўвасабляе сабою аднастайную хаду мінулых стагоддзячў. Зварот да адвечнае прыроды (вербалозы, пушчы, віры), анафарычных паўтораў, выкарыстанне пяцістопнага ямбу з усечанай апошняй стапой, алітэрацый і асанансаў спрыяюць выяўленчаму эфекту. Потым рытм паэмы рэзка мяняецца: паэт пераходзіць да трохстопнага харэю, які надае кароткаму вершаванаму радку (з 2—3 словаў) імклівасць і дынамічнасць. У апошніх строфах паэт спалучае чатырох— і трохстопны харэй. Такое спалучэнне дапамагло аўтару рытмічна і інтанацыйна ўзмацніць гучанне фіналу паэмы.[1]

Як і шмат якія іншыя творы Я. Купалы 1930-х гадоў, паэма характарызавалася аднамерным паказам рэчаіснасці, публіцыстычна-дэкларатыўнай танальнасцю, налётам рытарычнасці і ілюстрацыйнасці, калі чалавек, асоба, індывідуальнасць адыходзілі на другі план, а то і зусім раствараліся ў адлюстраванні грамадска-сацыяльнага асяроддзя, а на першым плане панавала т.зв. калектыўная эмоцыя. Паэма прасякнутая сцвярджэннем утапічна-ілюзорных ідэй і поглядаў аўтара. Ей нестае дакументальнае праўды падзей і фактаў, глыбіні і арыгінальнасці мастацкага асэнсавання рэчаіснасці.[2]

У якасці хібаў паэмы крытыкі адзначалі пэўную абстрактнасць і схематычнасць твору:[1]

" У ідэйна-мастацкіх адносінах паэма «Барысаў», якую Купала напісаў па тагачасным сацыяльным заказе (ці загадзе), падобная на дзясяткі і сотні такіх жа абстрактна-схематычных, пазбаўленых праўды твораў, якія былі выкліканы да жыцця той гістарычнай эпохай.
Ул. Гніламёдаў[3]
"

Пераклады і мастацкія ўвасабленні[правіць | правіць зыходнік]

Паэма перакладалася на армянскую (Н. Зар’ян), літоўскую (Э. Матузявічус), рускую (М. Браўн, С. Гарадзецкі) і украінскую (Т. Масенка) мовы. Ілюстрацыі да паэмы зрабіў А. Волкаў[1].

Зноскі

  1. 1,0 1,1 1,2 1,3 1,4 1,5 Ц. Ліякумовіч Барысаў (паэма) // Янка Купала : Энцыклапедычны даведнік. — Мінск: БелСЭ, 1986. — С. 65—66.
  2. 2,0 2,1 2,2 2,3 Мікола Мікуліч На іржышчы часу… // Літаратура і мастацтва. — Мінск: 2012. — В. 16 лістапада. — № 46. — С. 6. — ISSN 0024-4686.
  3. Ул. Гніламёдаў. Янка Купала: жыццё і творчасць / В. Жураўлёў. — 2-е. — Мінск: Беларуская навука, 2012. — 252 с. — ISBN 978-985-08-1403-6.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Янка Купала: Энцыкл. даведнік / БелСЭ; Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн., БелСЭ, 1986. — 727 с, 26 л. іл.; Артыкул «Барысаў (паэма)» / Аўтар — Ц. Ліякумовіч. — C. 65—66.
  • Навуменка І. Янка Купала. — Мн., 1980.
  • Мікола Мікуліч На іржышчы часу… // Літаратура і мастацтва. — Мінск: 2012. — В. 16 лістапада. — № 46. — С. 6. — ISSN 0024-4686.