Барыс Мяфодзьевіч Лабанаў

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Барыс Мяфодзьевіч Лабанаў
руск.: Борис Мефодьевич Лобанов
Дата нараджэння 18 ліпеня 1938(1938-07-18)[1] (85 гадоў)
Месца нараджэння
Грамадзянства
Род дзейнасці навуковец
Навуковая сфера камп’ютарны аналіз, сінтэз маўлення[ru], распазнаванне маўлення
Месца працы
Навуковая ступень доктар тэхнічных навук
Альма-матар
Узнагароды Нагрудны знак «Ганаровы радыст СССР[ru]»,
1 сярэбраны і 2 бронзавыя медалі ВДНГ СССР,
Юбілейны медаль «У гонар 80-годдзя Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі»

Бары́с Мяфо́дзьевіч Лаба́наў (нар. 18 ліпеня 1938, Пракоп’еўск, Кемераўская вобласць, Расія) — беларускі вучоны ў галіне тэхнічнай кібернетыкі[2]. Распрацаваў тэарэтычныя асновы і метады аналізу, сінтэзу[ru] і распазнавання маўлення. Распрацаваў першыя ў СССР прылады для сінтэзу рускага і беларускага маўлення[3]. Аўтар больш чым 300 навуковых прац па праблемах аналізу, распазнавання і сінтэзу маўлення[4][5][6]. Аўтар трох раздзелаў першага даведніка па штучным інтэлекце, выдадзенага ў СССР, прысвечаных сістэмам маўленчых зносін[7]. Здзейсніў шэраг вынаходніцтваў у гэтай галіне[8].

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Барыс Мяфодзьевіч Лабанаў нарадзіўся 18 ліпеня 1938 года ў горадзе Пракоп’еўск Кемераўскай вобласці. У 1948 годзе сям’я пераехала ў Мінск на сталае месца жыхарства[9].

Навучанне і пачатак навуковых даследаванняў[правіць | правіць зыходнік]

Ужо ў школе Барыс Лабанаў захапіўся канструяваннем радыёапаратуры: у 6-м класе сабраў свой першы дэтэктарны радыёпрыёмнік, у 8-м — лямпавы, а ў 10-м сканструяваў уласную УКВ-радыёстанцыю. У 1955 годзе скончыў сярэднюю школу № 13 горада Мінска і канчаткова вызначыўся ў выбары сваёй будучай спецыяльнасці[10][9].

У гэты час у Мінску не існавала ВНУ падыходзячага профілю, і Барыс Лабанаў паступіў на аддзяленне «Радыёсувязь і радыёвяшчанне» Мінскага электратэхнікума сувязі. У тэхнікуме ён працягваў заставацца радыёаматарам, арганізаваў першыя Рэспубліканскія радыёспаборніцтвы па «паляванні на ліс», атрымаў першы разрад па радыёспорце і пасведчанне радыёназіральніка за сігналамі першага спадарожніка Зямлі[9].

Пасля заканчэння тэхнікума ў 1958 годзе Барыс Лабанаў атрымаў дыплом з адзнакай, але замест працягу вучобы ў ВНУ быў прызваны на тэрміновую службу ў Савецкую Армію на пасадзе старшага радыёмайстра (Петразаводск). Ужо ў 1959 годзе, маючы дастатковую спецыяльную падрыхтоўку і добра абсталяваную прыборамі радыёмайстэрню, Барыс Лабанаў заняўся даследаваннем маўлення, вывучаючы яго пры дапамозе мікрафона і асцылографа. У той жа час ён уступіў у перапіску з вядомым навукоўцам, прафесарам Л. А. Чыстовіч, ад якой атрымаў шэраг каштоўных парадаў па правядзенні даследаванняў маўлення. Захаваўся дакументальны запіс у дзённіку Лабанава, датаваны 25 кастрычніка 1959 года: «Фанемафон вядзе да фанемографа». З гэтага запісу відаць, што ўжо тады Барыс Лабанаў усвядоміў і вызначыў генеральную стратэгію сваіх будучых даследаванняў: «Да распазнавання маўлення праз сінтэз», якой нязменна прытрымліваўся праз усю далейшую навуковую дзейнасць[9].

Пасля заканчэння службы ў войску ў 1961 годзе Барыс Лабанаў паступіў у Мінскі радыётэхнічны інстытут (МРТІ) на спецыяльнасць «Радыётэхніка» і ўжо на першым курсе стаў старшынёй студэнцкага навуковага таварыства інстытута, у межах якога разам з групай студэнтаў пачаў распрацоўку аналізатара маўленчых сігналаў. У 1965 годзе, будучы студэнтам чацвёртага курса, Лабанаў апублікаваў свае першыя чатыры навуковыя працы па аналізе маўленчых сігналаў, якія былі залічаны як дыпломны праект, што дазволіла яму скончыць інстытут датэрмінова. Прапанаваны ў гэтых працах метад паляпшэння асноўных параметраў паралельнага спектральнага аналізу эфектыўна выкарыстоўваўся пазней пры распрацоўцы сістэм распазнавання маўлення[9].

Скончыўшы ў 1965 годзе МРТІ, Барыс Лабанаў паступіў у аспірантуру інстытута і працягнуў працаваць над задачамі першаснага аналізу маўленчых сігналаў для сістэм распазнавання і сінтэзу маўлення. У 1968 годзе ён скончыў аспірантуру і абараніў кандыдацкую дысертацыю па тэме «Некаторыя пытанні аналізу маўленчых сігналаў»[11].

Навуковая дзейнасць у 60-я і 70-я гады[правіць | правіць зыходнік]

Яшчэ навучаючыся ў аспірантуры, у 1966 годзе Б. М. Лабанаў арганізаваў гасразліковую навуковую лабараторыю аналізу і сінтэзу маўленчых сігналаў пры кафедры радыёпрыёмных прылад МРТІ, многія з супрацоўнікаў якой яшчэ доўгі час працягвалі займацца маўленчымі даследаваннямі. У лабараторыі пад кіраўніцтвам Лабанава ўпершыню ў СССР быў сканструяваны спектрааналізатар для маўленчых даследаванняў «Спектр-1» і прыбор для інтанаграфічных даследаванняў маўлення «Інтанограф». У гэты перыяд у лабараторыі праводзіліся даследаванні метадаў аўтаматычнага вылучэння фанетычных прыкмет гукаў маўлення, напрыклад такіх, як «шумны», «звонкі», «галосны», «выбухны». На іх аснове ўпершыню ў СССР была распрацавана прылада распазнавання маўленчых каманд «Сезам-1», якая была адзначана сярэбраным медалём ВДНГ СССР[11].

У другой палове 60-х гадоў ХХ стагоддзя Б. М. Лабанаў прыняў удзел у вырашэнні фундаментальнай праблемы распазнавання маўлення, звязанай з нелінейнымі скажэннямі часавай восі ў працэсе вымаўлення гукаў. Такога роду скажэнні стваралі істотныя цяжкасці пры супастаўленні вымаўленых слоў з іх эталонамі ў працэсе распазнавання маўлення. У 1968 годзе незалежна і практычна адначасова Г. С. Слуцкер (Маскоўскі дзяржаўны навукова-даследчы інстытут радыё[ru]) і Т. К. Вінцюк (Інстытут кібернетыкі АН УССР[uk]) для вырашэння гэтай праблемы прапанавалі выкарыстаць метад дынамічнага праграмавання[en] (ДП-метад)[11]. У 1969 годзе Б. М. Лабанаў у суаўтарстве са Слуцкерам апублікаваў артыкул, у якім было дадзена далейшае развіццё ДП-метаду для выпадку, калі межы распазнаванага слова невядомыя, г. зн. для вырашэння задачы выяўлення і распазнавання гукаспалучэнняў у бесперапынным маўленчым сігнале. ДП-метад атрымаў у далейшым шырокае прызнанне замежных даследчыкаў[12].

На наступны год пасля паспяховай абароны дысертацыі, у лістападзе 1969 года Б. М. Лабанаў быў накіраваны на навуковую стажыроўку тэрмінам на 10 месяцаў у Вялікабрытанію. Стажыроўку па праблемах аналізу маўленчых сігналаў Б. М. Лабанаў праходзіў пад кіраўніцтвам прафесара К. Чэры ў Імперскім каледжы навукі і тэхналогіі[en] (Лондан), а па праблемах сінтэзу маўлення — пад кіраўніцтвам прафесара Р. Лорэнца ў Эдынбургскім універсітэце[12].

Пасля праходжання стажыроўкі ў Вялікабрытаніі асноўным напрамкам навуковай працы Б. М. Лабанава стала распрацоўка метадаў і прылад сінтэзу маўлення па тэксце. Яшчэ падчас стажыроўкі ў Эдынбургскім універсітэце ім былі праведзены паспяховыя эксперыменты па сінтэзе гукаў рускага маўлення, якія дазволілі закласці асновы фармантнага сінтэзу маўлення па фанемным тэксце. У выніку, ужо ў 1972 годзе пад кіраўніцтвам Б. М. Лабанава быў распрацаваны першы ў СССР сінтэзатар рускай мове «Фанемафон-1», адзначаны двума медалямі ВДНГ СССР[12]. «Фанемафон» быў здольны не толькі сінтэзаваць рускае маўленне, але і чытаць уведзены тэкст на некалькіх замежных мовах, а таксама сінтэзаваць спевы[13].

У 1973 годзе Б. М. Лабанаву прысвоена званне «старшы навуковы супрацоўнік». У гэты час на працы Лабанава па сінтэзе рускага маўлення звярнула ўвагу кіраўніцтва Маскоўскага аддзялення Цэнтральнага навукова-даследчага інстытута сувязі (ЦНДІС). У выніку ў 1974 годзе на базе Мінскага аддзела ЦНДІС была адкрыта Лабараторыя маўленчых сістэм, кіраўніком якой Лабанаў заставаўся наступныя 15 гадоў. Асноўным напрамкам прац лабараторыі з’яўлялася развіццё метадаў і стварэнне сістэм аўтаматычнага распазнавання і сінтэзу маўлення[14].

Разам з практычнай дзейнасцю па стварэнні маўленчых дыялогавых сістэм Б. М. Лабанаў надаваў вялікую ўвагу навукова-арганізацыйнай працы. У 1976 годзе ён арганізаваў і правёў у Мінску Усесаюзную школу-семінар «Аўтаматычнае распазнанне слыхавых вобразаў» (АРСВ), на якой прысутнічала больш за 200 удзельнікаў з 75 навуковых арганізацый СССР. Школа-семінар АРСО праводзілася рэгулярна (кожныя два гады) да 1991 года, а Б. М. Лабанаў з 1976 года ўваходзіў у пастаянна дзеючы праграмны камітэт АРСВ. На семінары ўдзельнікам АРСВ у Мінску быў упершыню прадэманстраваны прататып тэлефоннай даведачнай сістэмы з сінтэзаваным маўленчым адказам[15].

У 1978 годзе Лабанаў па запрашэнні французскіх навукоўцаў быў накіраваны ў двухмесячную камандзіроўку ў Францыю для навуковай працы і азнаямлення з працай вядучых навуковых цэнтраў маўленчых даследаванняў: універсітэтаў у Парыжы, Нансі і Экс-эн-Правансе, а таксама маўленчых лабараторый у Тулузе, Грэноблі, Арсеі і Ланіёне. У перыяд знаходжання ў Францыі Лабанаў прыняў удзел у канферэнцыі па маўленчай сувязі і быў прыняты ў члены Акустычнага таварыства франкамоўных краін[15].

У 1979 годзе Лабанаў прадстаўляў на Сусветнай выставе «Тэлекам-79» у Жэневе новую мадэль сінтэзатара маўлення — «Фанемафон-3», адзначаную дыпломам выставы. Вядомы фантаст Артур Кларк, наведаўшы павільён СССР і азнаёміўшыся з сінтэзатарам маўлення, запісаў у кнігу водгукаў: «Вы апярэдзілі мае фантазіі з фільма „Касмічная адысея 2001 года»[15][16], а швейцарская газета «Аглядальнік» апублікавала артыкул: «Цяпер рускія вывучаюць замежныя мовы пры дапамозе камп’ютара, які гаворыць». За комплекс прац па стварэнні сінтэзатараў маўлення ў 1981 годзе Лабанаву было прысвоена званне «Ганаровы радыст СССР»[15].

Навуковая дзейнасць у 80-я гады[правіць | правіць зыходнік]

У пачатку 1980-х гадоў Б. М. Лабанаў пачаў развіваць прапанаваны ім метад артыкуляцыйна-фармантнага сінтэзу маўлення па тэксце, які быў пакладзены ў аснову новага пакалення сінтэзатараў маўлення. У 1983 годзе Б. М. Лабанаў у суаўтарстве з В. Я. Кучаравым выдаў кнігу «Сінтэзаванае маўленне ў сістэмах масавага абслугоўвання»[17].

Да пачатку 1984 года Лабанаў стварыў канчатковую фармулёўку і здзейсніў тэарэтычную і эксперыментальную распрацоўку адзінага лінгваакустычнага падыходу да вырашэння праблемы сінтэзу маўлення па тэксце. Распрацаваныя метады і алгарытмы іх рэалізацыі ляглі ў аснову доктарскай дысертацыі «Даследаванне і распрацоўка метадаў аўтаматычнага сінтэзу маўлення па фанемным тэксце», якую Лабанаў паспяхова абараніў у 1984 годзе ў Інстытуце электронікі і вылічальнай тэхнікі Акадэміі навук Латвійскай ССР у Рызе. Пазней атрыманыя тэарэтычныя і эксперыментальныя вынікі былі адаптаваны для сістэм сінтэзу маўлення на іншых еўрапейскіх мовах. У прыватнасці, да 1987 года была распрацавана англамоўная версія сінтэзатара, якая дэманстравалася на Сусветным кангрэсе фанетычных навук і атрымала высокую ацэнку англамоўных спецыялістаў[18].

На 80-я гады ХХ стагоддзя прыходзіцца перыяд стварэння першых прамысловых сістэм сінтэзу і распазнавання маўлення і іх шырокага ўкаранення ў галіне «Сувязь» СССР пры непасрэдным удзеле Б. М. Лабанава і яго калег — Б. В. Панчанка, М. П. Дзегцярова, В. П. Афанасьева. У Калінінградзе была праведзена доследна-канструктарская распрацоўка з далейшай серыйнай вытворчасцю маўленчага тэрмінала «Марс-1», які ўключае падсістэмы распазнавання маўлення «Сезам» і сінтэзу маўлення «Фанемафон». На базе маўленчага тэрмінала «Марс-1» распрацавана сістэма аўтаматычнага інфармавання абанентаў міжгародняй тэлефоннай сеткі (АІАМТС) аб запазычанасці за перамовы. Сістэма АІАМТС была паспяхова ўкаранёна і працяглы час эксплуатавалася ў шэрагу буйных гарадоў: Мінску, Новасібірску, Алма-Аце, Фрунзе, Петрапаўлаўску-Камчацкім. Іншая сістэма — сістэма кантролю за параметрамі апаратуры тэлефонных і радыёстанцый з аператыўным апавяшчэннем дзяжурнага персаналу пра ўзніклыя непаладкі — была ўкаранёна на Мінскай, Маскоўскай і Зеленаградскай АТС, а таксама на Беларускай рэспубліканскай радыёрэтрансляцыйнай станцыі РТС-5[19].

Лабараторыя распазнавання і сінтэзу маўлення[правіць | правіць зыходнік]

У 1988 годзе Б. М. Лабанаў паступіў на працу ў Інстытут тэхнічнай кібернетыкі АН БССР па запрашэнні дырэктара інстытута В. С. Танаева і ўзначаліў толькі створаную лабараторыю распазнавання і сінтэзу маўлення. Пераход Б. М. Лабанава ў Інстытут тэхнічнай кібернетыкі супаў па часе са з’яўленнем першых персанальных камп’ютараў (ПК) і ў планах прац лабараторыі з’явілася тэматыка, звязаная з абсталяваннем ПК сістэмамі маўленчага ўводу-вываду інфармацыі. Фармантны метад, які доўгі час іграў ключавую ролю ў сістэмах сінтэзу маўлення па тэксце, не падыходзіў для гэтай мэты з-за неабходнасці вялікага аб’ёму вылічэнняў у рэальным часе. У 1989 годзе Б. М. Лабанаў прапанаваў новы мікрахвалевы метад (МХ-метад) сінтэзу маўленчых сігналаў, у якім замест вылічэнняў фармантных ваганняў выкарыстоўваўся падрыхтаваны загадзя набор мікрахваляў натуральнага маўленчага сігналу. Пад кіраўніцтвам Лабанава МХ-метад быў рэалізаваны супрацоўнікам лабараторыі А. М. Івановым у сінтэзатары «Фанемафон-5». Кампактнасць яго праграмнага забеспячэння (усяго 64 Кб) дазволіла абсталяваць сінтэзам маўлення ўжо першыя IBM PC/XT і нават айчынныя ПК ЕС-1840. Сінтэзатар маўлення быў запатрабаваны ў многіх практычных прыкладаннях невідушчымі карыстальнікамі. У далейшым на аснове МХ-метаду былі распрацаваны версіі для чэшскай і польскай моў, а таксама аўтаномны аднаплатавы модуль сінтэзу маўлення, украінскамоўная версія якога некаторы час працавала на лініі кіеўскага метро[20].

Міжнароднае супрацоўніцтва[правіць | правіць зыходнік]

Складаная эканамічная сітуацыя, якая склалася ў краіне да сярэдзіны 1990-х гадоў, прымусіла шукаць крыніцы фінансавання даследаванняў за мяжой, у першую чаргу, у форме сумесных міжнародных праектаў.

У 1992 годзе Б. М. Лабанаў атрымаў галоўны прыз Міжнароднага конкурсу па распазнаванні вобразаў кампаніі «Hewlet Packard» за працу «Распазнаванне голасу». Важную ролю ў інтэграцыі беларускіх даследчыкаў у галіне лінгвістыкі і маўлення ў еўрапейскую супольнасць сыграў ягоны ўдзел у міжнародным праекце «Развіццё Еўрапейскай камп’ютарнай сеткі па лінгвістыцы і маўленні ва ўсходнім накірунку» (1994—1996), які фінансаваўся еўрапейскім фондам «Copernicus». Б. М. Лабанаў з’яўляўся каардынатарам гэтай сеткі ў Беларусі.

У 19951996 гадах сумесна з Дрэздэнскім тэхнічным універсітэтам выконваўся міжнародны праект: «Двухмоўны сінтэз маўлення: нямецкі/рускі». Наступным быў праект «Аналіз натуральнай мовы і маўлення» (1996—1997), які выконваўся сумесна з універсітэтам у Саарбрукене (Германія), універсітэтам у Манчэстэры (Вялікабрытанія) і Інстытутам праблем перадачы інфармацыі (Расія) і фінансаваўся еўрапейскім фондам INTAS. Удзел у гэтым праекце быў звязаны з далейшым развіццём мадэляў сінтэзу маўлення шляхам іх інтэграцыі ў сістэмы апрацоўкі натуральнай мовы метадамі камп’ютарнай лінгвістыкі.

У 1996 годзе французская кампанія «Sextant Avionique» прапанавала рэалізаваць навуковы праект «Распазнаванне маўленчых каманд ва ўмовах шумоў у кабіне самалёта». Праект фінансаваўся фондам Міністэрства абароны Францыі. Нягледзячы на выключную складанасць пастаўленай задачы, праект быў паспяхова выкананы і прыняты замоўцам.

Іншай камерцыйнай распрацоўкай стаў праект стварэння інтэлектуальнага тэлефоннага аўтаадказчыка, які выконваўся з 1997 па 2000 год па дамове з кампаніяй «NovCom NV» (ЗША). Сутнасць праекта заключалася ў рашэнні задачы распазнавання імёнаў абанентаў і іншай службовай інфармацыі, якая вымаўляецца па тэлефоне, з тым, каб сістэма змагла выконваць функцыі тэлефоннага аўтасакратара.

Б. М. Лабанаў з’яўляўся навуковым кіраўніком пералічаных міжнародных праектаў. Ключавую ролю ў іх паспяховай рэалізацыі адыгралі таксама супрацоўнікі лабараторыі Т. В. Ляўкоўская, А. М. Іваноў і А. У. Кубашын.

Навуковая дзейнасць у 2000-х гадах[правіць | правіць зыходнік]

Пачынаючы з 2000 года навуковыя інтарэсы Б. М. Лабанава ад праблем распазнавання ізноў перайшлі да праблем сінтэзу маўлення. Ён тэарэтычна абгрунтаваў і развіў новы навуковы кірунак у маўленчых даследаваннях — камп’ютарнае кланіраванне маўлення — для вырашэння задач высакаякаснага сінтэзу маўлення па тэксце з максімальна магчымым набліжэннем да голасу і манеры чытання канкрэтнага чалавека. За наступныя сем гадоў Б. М. Лабанаў апублікаваў звыш 40 навуковых прац, прысвечаных гэтай праблеме, а ў 2008 годзе ў выдавецтве «Беларуская навука» выйшла кніга «Камп’ютарны сінтэз і кланіраванне маўлення» (сумесна з Л. І. Цырульнік). Адначасова пад яго кіраўніцтвам, пры актыўным удзеле Л. І. Цырульнік, была распрацавана новая мультыхвалевая мадэль сінтэзу маўлення па тэксце — «Мультыфон», якая забяспечыла высокую якасць і персаналізацыю сінтэзаванага маўлення; была створана тэхналогія і спецыяльныя праграмныя сродкі кланіравання акустычных, фанетычных і інтанацыйных характарыстык маўлення чалавека — камп’ютарныя сістэмы «ФонаКланатар» і «ІнтаКланатар».

Атрыманыя ў пачатку 2000-х гадоў тэарэтычныя і эксперыментальныя вынікі дазволілі ажыццявіць пад навуковым кіраўніцтвам Б. М. Лабанава шэраг сумесных прыкладных праектаў. У 2005—2007 гадах быў выкананы міжнародны INTAS-праект «Распрацоўка шматгалосай і шматмоўнай сістэмы сінтэзу маўлення па тэксце і сістэмы распазнавання маўлення (мовы: беларуская, польская, руская)». Удзельнікі праекту: Беларусь, Германія, Польшча, Расія. У 2006—2007 гадах сумесна з ТАА «ІнваСэрвіс» (Мінск) была распрацавана сістэма «Чытальнік», арыентаваная на стварэнне і рэдагаванне «гаворачых» падручнікаў для невідушчых вучняў спецшкол Беларусі.

У 2007—2008 гадах сумесна з ТАА «ТэлеКантэнт» (Масква) была распрацавана сістэма сінтэзу маўлення для мабільных тэлефонаў, якая дазваляла стварыць новы від мабільных паслуг — праслухоўванне аўдыякніг. З 2008 года сумесна з СПІІРАН (Санкт-Пецярбург) праводзілася распрацоўка мультымедыйнай сістэмы аўдыёвізуальнага сінтэзу маўлення — так званай «гаворачай галавы», якая дазваляе істотна палепшыць камфортнасць успрымання маўлення ў шэрагу практычных прыкладанняў.

Навукова-арганізацыйная і педагагічная дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

Б. М. Лабанаў надае значную ўвагу навукова-арганізацыйнай і педагагічнай працы. З 1995 года ён з’яўляецца сябрам Еўрапейскай асацыяцыі маўленчых даследаванняў (ESCA) і акадэмікам Міжнароднай акадэміі інфармацыйных працэсаў і тэхналогій. З 2002 года — навуковы эксперт Еўрапейскай сеткі «Моўныя тэхналогіі», а з 2006 года — старшыня Беларускага падкамітэта Міжнароднай асацыяцыі маўленчых даследаванняў (ISCA). Б. М. Лабанаў — сябра праграмных камітэтаў шэрагу міжнародных канферэнцый па праблемах маўленчых тэхналогій і штучнага інтэлекту. З 2007 года сябра рэдкалегіі зноў створанага расійскага часопісу «Маўленчыя тэхналогіі».

З 1998 па 2002 год Б. М. Лабанаў з’яўляўся па сумяшчальніцтве прафесарам БДУІР, дзе чытаў спецкурс «Маўленчы інтэрфейс інтэлектуальных сістэм», а з 2003 па 2006 год — прафесарам Інстытута інфарматыкі ўніверсітэта ў Беластоку (Польшча), дзе чытаў спецкурс «Структурныя метады распазнавання і сінтэзу маўлення».

Б. М. Лабанаў актыўна ўдзельнічае ў падрыхтоўцы навуковых кадраў. З 1997 па 2006 гады Б. М. Лабанаў — сябра спецыялізаваных саветаў па абароне доктарскіх дысертацый пры АІПІ НАН Беларусі і БДУІР, а з 2007 года — сябра спецыялізаваных саветаў пры Беларускім дзяржаўным універсітэце і Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце.

Кар’ера[правіць | правіць зыходнік]

У 19681974 працаваў у Мінскім радыётэхнічным інстытуце на пасадах:

У 19741989 гадах з’яўляўся кіраўніком навуковай лабараторыі маўленчых сістэм Мінскага аддзела Цэнтральнага навукова-даследчага інстытута сувязі Архівавана 6 жніўня 2018. (Масква)[21].

З 1988 года і па цяперашні час працуе ў Аб’яднаным інстытуце праблем інфарматыкі НАН Беларусі на пасадах:

Вучоныя ступені, званні[ru][правіць | правіць зыходнік]

  • 13 верасня 1968 года рашэннем Дзяржаўнага НДІ радыё прысвоена вучоная ступень кандыдата тэхнічных навук па спецыяльнасці «Радыётэхніка і сувязь».
  • 3 кастрычніка 1973 года рашэннем Вышэйшай атэстацыйнай камісіі зацверджаны ў вучоным званні старшага навуковага супрацоўніка па спецыяльнасці «Радыёпрыёмныя прылады».
  • 26 красавіка 1985 года рашэннем Вышэйшай атэстацыйнай камісіі пры Савеце міністраў СССР прысвоена вучоная ступень доктара тэхнічных навук па спецыяльнасці «Тэхнічная кібернетыка і тэорыя інфармацыі».
  • 19 студзеня 1995 года абраны правадзейным членам (акадэмікам) Міжнароднай акадэміі інфармацыйных працэсаў і тэхналогій.

Асноўныя публікацыі[правіць | правіць зыходнік]

Манаграфіі[правіць | правіць зыходнік]

Дысертацыі[правіць | правіць зыходнік]

  • Кандыдацкая (1968): «Некоторые вопросы анализа речевых сигналов» па спецыяльнасці «Радыётэхніка і сувязь». Колькасць старонак: 150.
  • Доктарская (1984): «Исследование и разработка методов автоматического синтеза речи по фонемному тексту» па спецыяльнасці «Тэхнічная кібернетыка і тэорыя інфармацыі». Колькасць старонак: 340.[22]

Артыкулы ў часопісах і матэрыялах канферэнцый[правіць | правіць зыходнік]

  • Лобанов, Б. М. Автоматическое распознавание звукосочетаний в текущем речевом сигнале / Б. М. Лобанов, Г. С. Слуцкер, А. П. Тизик // Труды НИИР. — 1969. — № 4. — C. 67-74.
  • Лобанов, Б. М. Об автоматическом выделении шумных звуков методом фазовой плоскости / Б. М. Лобанов // Акустический журнал. — М., 1970. — Вып. 3. — С. 24-31.
  • Lobanov, B. Classification of Russian Vowels Spoken by Different Speakers // Journal of the Acoustical Society of America. — 1971. — Vol. 2, № 4 (2). — P. 606—608.
  • Lobanov, B. The Phonemophon Text-to-Speech System // Proceedings of the XI-th International Congress of Phonetic Sciences ICPhS’87. — Tallinn, 1987. — P. 120—124.
  • Lobanov, B. TTS-Synthesizer as a Computer Means for Personal Voice Cloning // Phonetics and its Applications. — Stuttgart: Steiner. — 2002. — P. 445—452.
  • Lobanov, B. A Prototype of the Software System for Study, Training and Analysis of Speech Intonation / B. Lobanov, V. Zhitko, V. Zahariev // Speech and Computer: 20th International Conference, SPECOM 2018, Leipzig, Germany, September 18-22, 2018, Proceedings. — Springer, 2018. — P. 337—346.

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Беларуская энцыклапедыяБеларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1996.
  2. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 9: Кулібін — Малаіта / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 9. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0155-9 (т. 9). С. 80
  3. Lobanov B. History and Development of Speech Science and Technology in USSR(англ.) // Systemtheorie Signalverarbeitung Sprachtechnologie: Rüdiger Hoffmann zum 65. Geburtstag / Eds. D. Mehnert, D. Kordon, M. Wolff. — Dresden: TUDpress, 2013. — С. 327-338. — ISBN 9783944331195.
  4. Boris Lobanov (англ.). «ResearchGate». Праверана 8 кастрычніка 2018.
  5. Б.М. Лабанаў . Лабараторыя распазнавання і сінтэзу маўлення. Праверана 8 кастрычніка 2018.
  6. Борис Мефодьевич Лобанов: к 70-летию со дня рождения 2008.
  7. Искусственный интеллект: Системы общения и экспертные системы 1990.
  8. Патенты автора ЛОБАНОВ БОРИС МЕФОДЬЕВИЧ (руск.). «findpatent.ru». Праверана 8 кастрычніка 2018.
  9. а б в г д Борис Мефодьевич Лобанов: к 70-летию со дня рождения 2008, с. 7.
  10. Борис Мефодьевич Лобанов: к 70-летию со дня рождения 2008, с. 3.
  11. а б в Борис Мефодьевич Лобанов: к 70-летию со дня рождения 2008, с. 8.
  12. а б в Борис Мефодьевич Лобанов: к 70-летию со дня рождения 2008, с. 9.
  13. Фонемофон - Синтезатор человеческой речи созданный в институте связи. 1976 год. Праверана 18 сакавіка 2019.
  14. Борис Мефодьевич Лобанов: к 70-летию со дня рождения 2008, с. 9-10.
  15. а б в г Борис Мефодьевич Лобанов: к 70-летию со дня рождения 2008, с. 10.
  16. Лобанов, Б.М. К истории русскоговорящих машин (От голоса робота - к персональному клону голоса человека)(руск.) // Новости искусственного интеллекта. — Москва: 2003. — № 1 (55). — С. 3-9.
  17. Синтезированная речь в системах массового обслуживания 1983.
  18. Борис Мефодьевич Лобанов: к 70-летию со дня рождения 2008, с. 10-11.
  19. Борис Мефодьевич Лобанов: к 70-летию со дня рождения 2008, с. 11.
  20. Борис Мефодьевич Лобанов: к 70-летию со дня рождения 2008, с. 11-12.
  21. Борис Мефодьевич Лобанов: к 70-летию со дня рождения 2008, с. 4.
  22. Исследование и разработка методов автоматического синтеза речи по фонемному тексту (руск.). «dslib.net». Праверана 9 кастрычніка 2018.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]