Барыс Усяславіч

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Барыс Усяславіч
Rahvałod-Barys (Połacak). Рагвалод-Барыс (Полацак).jpg
Барыс едзе на княжанне ў Полацк
князь полацкі
1101 — 1129
Папярэднік Усяслаў Брачыславіч
Пераемнік Давыд Усяславіч
 
Нараджэнне да 1054
Смерць 1129(1129)
Полацк
Дынастыя Рагвалодавічы
Бацька Усяслаў Брачыславіч
Дзеці Рагвалод-Васіль, Іван, Звеніслава

Барыс Усяславіч (да 1054 — пачатак 1129) — князь полацкі (1101 — пач. 1129).

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Сын полацкага князя Усяслава Брачыславіча, напэўна, старэйшы[1]. Магчыма, адзін з сыноў, што ў 1067 годзе трапілі ў кіеўскі палон на Ршы разам з бацькам і, напэўна, сядзелі ў порубе. Калі так, Барыс нарадзіўся не пазней за 1054 год. Пасля смерці бацькі ў 1101 годзе сеў на полацкім стальцы, але вядома пра гэта ўскосна.

Ёсць і іншыя думкі наконт удзелу, які кн. Барыс атрымаў ад бацькі. Л. Аляксеў лічыў ім Друцк[2], але з крыніц вядома, што да 1116 года горад належаў менскаму кн. Глебу[3].

Упершыню згадваецца пад 1102 годам В. Тацішчавым (XVIII ст.), калі быццам хадзіў супраць яцвягаў і вяртаючыся заснаваў Барысаў[2][4]. Пра заснаванне ім горада паведамляе і беларуска-літоўскі летапіс (XVI ст.), але без часу і акалічнасцяў. Ёсць думка, што летапісец XVI ст. і Тацішчаў карысталіся полацкім летапісам. Унікальныя звесткі Тацішчава вымагаюць пільнага стаўлення, не выключана, што і яны, і месца беларуска-літоўскага летапісу толькі ўдалыя супалыя «рэканструкцыі». У кожным разе, час заснавання пацверджаны першай згадкай (1128) і археалагічна, а назва звязана з імем князя амаль бясспрэчна, але пра пэўнасць акалічнасцяў казаць немагчыма.

Пабудова крэпасці кн. Барысам на паўднёвай мяжы свайго ўдзела[5][6], напэўна, звязана з актыўнай дзейнасцю менскага кн. Глеба, які да 1103 года выгнаў двух іншых братоў — Рамана і Давыда, захапіўшы іх суседнія са сваім удзелы. Відаць, і адносіны кн. Барыса з кн. Глебам не былі добрымі, прынамсі, ён не дапамог брату ні ў 1104, ні ў 1116 і 1118 гадах[7][8].

У 1106 годзе кн. Барыс з братамі здзейсніў няўдалы паход супраць земгалаў, якія, паводле Лаўрэнцеўскага летапісу, перамаглі «Всеславичь всю братью и дружины убиша 9 тысящь». Выказаны сумненні ці праўда ўсе браты там былі, бо прынамсі двое — Раман і Давыд, не мелі ўдзелаў і знаходзіліся ў Чарнігаўскай зямлі. Колькасць загінулых бясспрэчна перабольшана або вынік пазнейшага перапісвання. У свой час В. Тацішчаў падаў 900[9], але найверагодней, разумеючы неадпаведнасць, ён проста скараціў лічбу на парадак. Даследчыкі прапаналі некалькі варыянтаў зыходнай лічбы ў крыніцы. У кожным разе, страты былі цяжкія, пэўна таму летапісец адзначыў гэту падзею. Розна ацэньваюць і наступствы паразы, ад яе эпізадычнасці да страты полацкага кантролю над земгаламі. «Аповесць мінулых гадоў», складзеная ў 1110—1118 гады, згадвае земгалаў у пераліку даннікаў Русі, таму, калі кантроль і быў страчаны, то неўзабаве адноўлены.

Напэўна, пабудаваў княжацкую сядзібу з Барыса-Глебскім манастыром у Бельчыцах і заказаў надпісы на г.зв. Барысавых камянях[2]. Прынамсі, такую сукупнасць — заснаванне Барысава, стварэнне бельчыцкага комплексу і надпісы на камянях — звязвае з дзейнасцю полацкага кн. Барыса беларуска-літоўскі летапіс.

На думку Л. Аляксеева, пры кн. Барысе былі значна абмежаваны правы князя ў Полацку і ўзмацнілася гарадское самакіраванне[2].

У 1121 годзе, паводле В. Тацішчава, вял.кн. кіеўскі Уладзімір Усеваладавіч ездзіў у Смаленск «для разгляду нязгод і ўсмірэння» полацкіх князёў, акалічнасцяў не паведамляецца і крыніца звестак не падаецца. На думку Э. Загарульскага, нязгоды паміж Усяславічамі ўзніклі з-за паланення і смерці кн. Глеба і, магчыма, пераходу Менскай воласці да вял.кн. кіеўскага[10]. Ці так гэта і якая роля кн. Барыса ў падзеях не вядома.

Згадваецца «Жыціем» сваёй пляменніцы Прадславы ў перыяд 1120—1128 гадоў, як полацкі князь і сведка заснавання ёю Спаскага манастыра[11].

На думку Э. Загарульскага, магчыма, да жніўня 1128 года князь Барыс страціў дзеяздольнасць, праз узрост ці хваробу, і стала пытанне пра ажыццяўленне ўлады[12]. На гэта прэтэндаваў кн. Давыд Усяславіч, наступны з братоў паводле старшынства. Магчыма, гэта і было «няпраўдай» кн. Давыда з-за якой вял.кн. кіеўскі Мсціслаў Уладзіміравіч жніўнем 1128 года пачаў вялікі паход на Полацкую зямлю. Пэўна не вядома чаго хацеў вял.князь і самі палачане, але яны выгналі Давыда і «узяўшы» Рагвалода Барысавіча пайшлі прасіць яго сабе князем да вял.кн. Мсціслава, які просьбу задаволіў. На думку Э. Загарульскага, палачане і хацелі каб намеснікам пры Барысе быў яго сын, добра ім вядомы Рагвалод[13].

Неўзабаве, на самым пачатку 1129 года (сакавіцкага, але перад разводдзем), кн. Барыс памёр і кн. Давыд мусіць сеў на полацкім стальцы. Падзеі суправаджаліся ўсобіцай і прычыніліся высылцы полацкіх князёў у Візантыю вял.кн. Мсціславам (1130).

Барыс і Рагвалод[правіць | правіць зыходнік]

Жніўнем 1128 года, выгнаўшы з Полацка князя Давыда Усяславіча, палачане ўзялі («поемше») не названага па бацьку Рагвалода пайшлі прасіць сабе яго князем да вял.кн. кіеўскага Мсціслава, які іх просьбу задаволіў. Шэраг даследчыкаў, у т. л. М. Пагодзін, М. Баўмгартэн[14], М. Карамзін[15], С. Салаўёў[16], В. Данілевіч[17], Д. Ліхачоў[18], У. Пічэта, Ф. Успенскі[19], мяркуючы просьбу палачан у зацвярджэнні князя на стальцы і грунтуючыся на немагчымасці гэтага для племянніка перад дзядзькамі, лічаць Рагвалода Усяславічам — братам князёў Барыса і Давыда. То бок Рагвалод Усяславіч — выснова гістарыёграфаў[16]. Ні пра смерць, ні пра высылку, ні пра што іншае датычна Рагвалода Усяславіча крыніцы не паведамляюць[20][12].

Пры гэтым, як адзначыў Э. Загарульскі, пра смерць полацкага князя Барыса Усяславіча («престависѧ кнѧзь Полотьскыи Борисъ»[21][22]) летапіс паведамляе толькі пачаткам 1129 года[23]. Таму не ясна, што ў Полацку рабіў Давыд і навошта палачане прасілі сабе князем Рагвалода да таго часу[24]. Вядома адно, што нейкая «няпраўда» Давыда была прычынай паходу Мсціслава, нягледзячы на сватаўство паміж імі. Выказвалася думка, што паведамленне летапісу пра смерць кн. Барыса ў 1129 годзе было памылкай летапісу, а на праўдзе ён памёр на пачатку 1128 года, першым так падаў падзеі В. Тацішчаў, але для гэтага няма ніякіх падстаў, апроч імкнення даслечыкаў развязаць наяўныя ў іх супярэчнасці.

Многія гістарыёграфы, у т. л. Л. Аляксееў[25], Э. Загарульскі[26][11], А. Рапаў[27], А. Рукавішнікаў[28], Б. Флора[29], В. Янін[30], развязваюць праблему інакш, лічачы не названага па бацьку Рагвалода тоесным Барысу Усяславічу; т.б. думаюць, што Барыс — хроснае імя Рагвалода. Напэўна, першым развязаў супярэчнасць такім чынам складальнік Густынскага летапісу яшчэ ў XVII ст., запісаўшы «преставися князь Полоцкий Рогволдъ или Борисъ», што на думку Ф. Успенскага яўная «рэканструкцыя»[31]. Некаторыя даследчыкі, напрыклад Б. Флора, падмацоўваюць гэту версію спасылкай на імёны па бацьку Васіля і Івана Рагвалодавічаў, дададзеных да спісу высланых полацкіх князёў у пазнейшых Растоўскім (не захаваўся) і Васкрасенскім летапісах, а таксама Маскоўскім зводзе[32], але верагоднасць пазнейшых спіскаў сумнеўная[33].

Тоеснасць Барыса і Рагвалода, аднак, малаверагодна[19]. Па-першае, парушаецца традыцыя надання імёнаў у родзе Рурыкавічаў не называць сына ў жывога бацьку, а ў Барыса быў сын Рагвалод[19]. Па-другое, хоць паводле назіранняў Ф. Успенскага, у адрозненне ад імёнаў Глеб, Раман і Давыд, імя Барыс магло быць хросным у пары з родавым, але калі само давалася як родавае, то адначасова было і хросным, т.б. адзіным. У выпадку з князем Барысам Усяславічам ва ўсіх наратыўных, эпіграфічных, сфрагістычных крыніцах яго імя ўжываецца звычайным для родавых, а не хросных імёнаў чынам.[19]

Так, у паведамленні пад 1129 годам пра смерць «престависѧ кнѧзь Полотьскыи Борисъ» ён называны адным імем, традыцыяй у такіх выпадках было падаваць родавае імя, зрэдку дадавалі да яго і хроснае, згадка толькі хроснага імя часам сустракаецца пры смерці малалетніх[34]. У паведамленні летапісу пад 1144 годам «Изяславъ отда дщерь свою Полотску за Борисовича за Роговолода»[35] і згадцы «Жыція Еўфрасінні Полацкай» 1170-х гадоў «княжна Борисовна именем Звенислава» ў традыцыі побач родавых імёнаў сына і дачкі мусіла бы быць родавае, а не хроснае імя па бацьку[36]. Тое ж тычыцца г.зв. Барысавых і Рагвалодава канямёў, на першых надпіс «Господи помози рабу своему Борисоу» дае адзінае імя бацькі, на другім — надпіс 1171 года «В лето 6679 месяца мая в 7 день доспен крест сей. Господи помози рабу своему Василию в крещении именем Рогволоду сыну Борисову» дае хроснае і родавае імя сына, варта было б чакаць, каб наследуючы бацьку ён даў бы свае адно, хроснае ці родавае, або наадварот — абодва імя бацькі, калі іх праўда было два[37]. Урэшце, на пячатках і пломбах атрыбутаваных кн. Барысу змешчана паясная выява св. Барыса і пазначана імя Барыс, на пячатцы ж яго сына на аверсе выява князя на стальцы і імя Рагвалод, на рэверсе выява св. Васіля Кесарыйскага. У гэтым плане пячаткі атрыбутаваныя кн. Барысу тыпалагічна тоесныя пячаткам атрыбутаваным яго брату кн. Глебу Усяславічу, дзе таксама змешчана толькі пагрудная выява св. Глеба і пазначана імя Глеб.

Таму частка даследчыкаў лічыць не названага па бацьку Рагвалода сынам Барыса Усяславіча. Напэўна, першым такую выснову зрабіў В. Тацішчаў, які ў сваім апісанні падзей 1128 года паказвае ўдзельнікам Рагвалода Барысавіча. На думку Э. Загарульскага, палачан не мелі бы патрэбы весці да Мсціслава хоць для чаго Рагвалода Усяславіча, які быў бы немады і добра вядомы, а Рагвалод Барысавіч быў юнаком, што вымагала прадстаўлення. Тое ж тычыцца «узяцця» палачанамі Рагвалода, аб’ектам дзеянняў мог быць толькі вельмі малады чалавек, дарослы выступаў бы самастойна. Калі б меркаваны Рагвалод Усяславіч быў старэйшы за Давыда, яму не трэба было б зацвярджэння, калі наадварот -- быў маладзейшы, не зразумела чаму вял.кн. Мсціслаў аддаў перавагу яму перад сваім сватам супраць права старшынства.[38][12]

Пячаткі і пломбы[правіць | правіць зыходнік]

Станам на 2016 год, меркавана, кн. Барысу Усяславічу атрыбутуюць пячаткі і пломбы 7 тыпаў.[39]

Першы мае на аверсе паясную выяву св. Барыса і Глеба; на рэверсе — расквітнелага шасціканцовага крыжа. Адбітак адной пары матрыц, дыяметрам 30 мм, знойдзены ў 2009 годзе ў Брусілаўскім раёне Жытомірскай вобласці Украіны. Асобнік другой пары матрыц знойдзены ў 2004 годзе ў Смаленску.

Другі (паводле Яніна, Гайдукова, № 333а) адрозніваецца ад першага роставай выявай св. Барыса і Глеба на аверсе. Дыяметр 28-30 мм. Знойдзена два асобнікі ў Ноўгарадзе.

На думку І. Жукава, пячаткі 1-га і 2-га тыпу, калі належаць кн. Барысу Усяславічу, то паходзяць з часу яшчэ пры жыцці кн. Усяслава (канец XI ст.).

Трэці (паводле Яніна, № 330) мае на аверсе паясную выяву св. Барыса ў княжай шапцы з мучаніцкім крыжом каля грудзей, злева калонкавы надпіс «ⓐ — Б — О», справа — «Р — Н — С», вакол абадок; на рэверсе — расквітнелага шасціканцовага крыжа, па баках надпіс «IC — ХС», вакол абадок. Дыяметр 13 мм. У 1962 годзе адзін асобнік знойдзены ў Ноўгарадзе.[40]

Чацвёрты мае на аверсе паясную выяву св. Барыса ў княжай шапцы з мучаніцкім крыжом каля грудзей, злева захавалася літара «Б», справа — «Н»; на рэверсе — расквітнелага шасціканцовага крыжа. Дыяметр 13 мм. Знойдзена 30 асобнікаў у 2010—2013 гадах у Полацку падчас раскопак.

Пяты мае на аверсе паясную выяву св. Барыса ў княжай шапцы з мучаніцкім крыжом каля грудзей; на рэверсе — літары «Б». Дыяметр 13 мм. Знойдзена 2 асобнікі ў 2010—2013 гадах у Полацку падчас раскопак.

Шосты мае на аверсе паясную выяву св. Барыса ў княжай шапцы з мучаніцкім крыжом каля грудзей; на рэверсе — раўнаканцовага крыжа ў паўкругу. Дыяметр 13 мм. Знойдзена 2 асобнікі ад розных пар матрыц у 2010—2013 гадах у Полацку падчас раскопак.

Сёмы мае на аверсе паясную выяву св. Барыса ў княжай шапцы з мучаніцкім крыжом каля грудзей; на рэверсе — добразычлівы надпіс у чатыры радкі «ГНПО-МОЗН-БОРН-СОВ[Н]» (Господи помози Борисови). Дыяметр 12 мм. Знойдзены 3 асобнікі ад двух пар матрыц у 2013 годзе ў Полацку падчас раскопак. На думку І. Жукава, гэта найпазнейшы тып пячаткі кн. Барыса Усяславіча.[40]

Памяць[правіць | правіць зыходнік]

Помнік князю Барысу ў Барысаве

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Загарульскі, 1998
  2. 2,0 2,1 2,2 2,3 БС, 1982
  3. Насевіч В. Л. Друцкае княства і князі Друцкія // Друцк старажытны: Да 1000-годдзя ўзнікнення горада. — Мн., 2000. — С. 49-76.
  4. Татищев, кн. II, с. 199.
  5. Алексеев, 1966, с. 76
  6. Алексеев, 1966, с. 90
  7. Загорульский, 1994, с. 6
  8. Загарульскі, 1998, с. 74
  9. Татищев, кн. II, с. 204.
  10. Загарульскі, 1998, с. 77.
  11. 11,0 11,1 Загарульскі, 1998, с. 72
  12. 12,0 12,1 12,2 Загарульскі, 1998, с. 81
  13. Загарульскі, 1998, с. 83
  14. Baumgarten, 1927, p. 9, 32. Tab. VIII. №№ 7, 8
  15. Карамзин, Т. II., 1892, с. Прим. 251.
  16. 16,0 16,1 Соловьёв, 1988, с. 401, 684. Прим. 186
  17. Данилевич, 1896, с. 71. Прим. 54.
  18. Повесть временных лет. — М.-Л., 1950. — Ч. 2. — С. 556. (у дадатках Радаводная табліца складзеная Д. С. Ліхачовым)
  19. 19,0 19,1 19,2 19,3 Литвина, Успенский, 2006
  20. Загорульский, 1994, с. 8
  21. ПСРЛ. Т. I. Стб. 299;
  22. ПСРЛ. Т. II. Стб. 293.
  23. Загорульский, 1994, с. 8.
  24. Загорульский, 1994, с. 6-7
  25. Алексеев, 1975, с. 230
  26. Загорульский, 1994, с. 7, 9
  27. Рапов, 1977, с. 58—59
  28. Рукавишников, 2002, с. 44, 48, 51
  29. Флоря, 1995, с. 113
  30. Янин, Гайдуков, 1998, с. 40
  31. Литвина, Успенский, 2006, с. 273—274
  32. Флоря, 1995, с. 110-116
  33. Литвина, Успенский, 2006, с. 274—275
  34. Литвина, Успенский, 2006, с. 270—271
  35. ПСРЛ. Т. I. Cтб. 311;
  36. Литвина, Успенский, 2006, с. 269
  37. Литвина, Успенский, 2006, с. 271
  38. Загорульский, 1994, с. 8-9
  39. Жуков, 2013
  40. 40,0 40,1 Жуков, 2016

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Baumgarten N. Généalogies et mariages occidentaux des Rurikides Russes du X-e au XIII-е siècle // Orientalia Christiana. — Roma: 1927. — В. Vol. 9: 1. Num. 35. Maio..
  • Алексеев Л. В. Полоцкая земля: Очерки истории северной Белоруссии в IX—XIII вв. — М: Наука, 1966. — 295 с.
  • Алексеев Л. В. Полоцкая земля // Древнерусские княжества Х-XIII вв. — М.: 1975. — С. 202—239.
  • Борис Всеславич // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 73. — 737 с.
  • Жуков И. Вислые печати Полоцкого князя Всеслава Брячеславича и его сыновей Бориса и Глеба Всеславичей // Нумизматика и фалеристика № 4, 2013. — С. 18-21.
  • Данилевич В. Е. Очерк истории Полоцкой земли до конца XIV столетия. — Киев, 1896.
  • Загарульскі Э. М. Заходняя Русь: ІХ-ХІІІ ст.: Вучэб. дапам. — Мн., 1998. — 260 с.
  • Загорульский Э. М. Генеалогия полоцких князей Изяславичей. — Мн.: ВУЗ-ЮНИТИ, 1994.
  • Карамзин Н. М. История государства российского. В 12 т. — СПб, 1892. — Т. II.
  • Литвина А. Ф., Успенский Ф. Б. Выбор имени у русских князей в X—XVI вв.: Династическая история сквозь призму антропонимики.. — М.: Индрик, 2006. — 904 с. — 1 000 экз. — ISBN 5-85759-339-5.
  • Рапов О. М. Княжеские владения на Руси в X — первой половине XIII в. — М.: Изд-во МГУ, 1977. — 268 с.
  • Ру­ка­виш­ни­ков А.В. Не­ко­то­рые во­про­сы ис­то­рии По­лоц­кой зем­ли до­мон­голь­ско­го пе­рио­да // Рус­ское сред­не­ве­ко­вье. 2000–2001. — М.: 2002. — С. 40-69.
  • Соловьёв С. М. Сочинения. кніга I: История России с древнейших времён. Т. 1-2; кніга II. Т. 3-4. — М., 1988.
  • Соловьёв С. М. Сочинения. кніга III: История России с древнейших времён. Т. 5-6. — М., 1989.
  • Флоря Б. Н. Историческая традиция об общественном строе средневекового Полоцка // Отечественная История. — 1995. — № 5.
  • Янин В. Л., Гайдуков П. Г. Актовые печати Древней Руси X—XV вв. Т. 3: Печати, зарегистрированные в 1970—1996 гг. — М., 1998.