Басовішча

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Басовішча
фота
Выступ «N.R.M.» на «Басовішчы-2007».
Асноўная інфармацыя
Жанры альтэрнатыўная музыка
рок-музыка
Гады правядзення 1990 — наш час
Краіна Flag of Poland.svg Польшча
Горад Гарадок
Заснавальнікі БАС
Мова песень беларуская
польская
basowiszcza.org

«Басо́вішча» (Фестываль Музыкі Маладой Беларусі, польск.: Basowiszcza) — штогадовы фестываль беларускай альтэрнатыўнай і рок-музыкі, які рэгулярна праводзіцца Беларускім аб’яднаннем студэнтаў (БАС) на некамерцыйнай аснове на лясной паляне Борык каля мястэчка Гарадок на Беласточчыне, пачынаючы з 1990 года.

Фэст адбываецца на працягу двух ліпеньскіх дзён. Традыцыйна на фестывалі ладзіцца конкурс маладых выканаўцаў, якія даслалі свае заявы на ўдзел і паспяхова прайшлі адбор.

Удзельнікі[правіць | правіць зыходнік]

Гурт «Pomidor/OFF» на «Басовішчы-2008».

Штогод у асноўнай частцы праграмы «Басовішча» бярэ ўдзел каля двух дзясяткаў гуртоў. Пераважная колькасць з іх з’яўляюцца беларускімі, але звычайна ў праграму ўваходзяць некалькі польскіх гуртоў. Цягам некалькіх апошніх гадоў у фестывалі ўзялі ўдзел гурты з ЛітвыIR», «Mountainside»), УкраіныТінь Сонця», «...и Друг Мой Грузовик») і гурт з Італіі («Orchestra Arturo Piazza»).

Сярод гуртоў з Беларусі практычна кожны год удзел бяруць «N.R.M.», «ULIS», «Neuro Dubel», «Крама». Сярод гуртоў з Польшчы — «ZERO-85», «RIMA».

У першы дзень фестывалю перад асноўнай часткай звычайна ладзіцца вольная сцэна, дзе гурты могуць прадэманстраваць свае здольнасці.

У 2007 годзе фестываль працягваўся тры дні замест традыцыйных двух, у выніку чаго больш за 30 гуртоў атрымалі магчымасць выступіць на «Басовішчы».[1]

Конкурсная частка[правіць | правіць зыходнік]

Пераможцы конкурснай часткі «Басовішча-2008» — гурт TLUSTA LUSTA.

У 1992 годзе ў праграму фэстываля быў уключаны конкурс маладых выканаўцаў, за перамогу ў якім маладыя гурты атрымліваюць прызы: звычайна фінансавыя ўзнагароды альбо час запісу ў студыі. У розныя гады пераможцамі конкурсу станавіліся гурты «R.F.Braha» (1997); «КальЯн» (1998); «Znich», «Deviation», «Exist», «Алесюкі» (1999); «Сонца Мао», «PostScriptum», «Zet», «RIMA» (2000); «Impatt», «Бан-Жвірба», «Праект 2001», «ZERO-85» (2001); «Partyzone», «BN», «STOD» (2002); «Triquetra», «Сьцяна», «IQ48», «Indiga» (2003); «Таксі», «Сонцаварот», «Tarpach», «HMP» (2004); «5set5», «Зьмяя», «Mauzer», «Imprudence» (2005); «Parason», «S.D.M.», «Vodar Susviet», «Людзі Сьвятла», «Nevma» (2006); «Фляўс і Кляйн», «SOK», «Unia» (2007); «TLUSTA LUSTA», «Spita/\ь F», «Глюкі» (2008) і іншыя.

У 2009 годзе пры правязенні юбілейнага, дваццатага фэсту, ад конкурсу маладых выканаўцаў было вырашана адмовіцца. Як патлумачыла намесніца старшыні Беларускага аб’яднаньня студэнтаў Кася Кузьміч, няма сэнсу рабіць конкурс і раздаваць узнагароды, бо «гурты, якія перамагалі ў конкурсе апошнім часам, па-сапраўднаму так і не даказалі сваю вартасць»[2]. Замест маладых гуртоў былі запрошаны пераможцы конкурсаў папярэдніх гадоў.

Публіка[правіць | правіць зыходнік]

Выступ гурта «Крама» на «Басовішчы-2007».

Штогод «Басовішча» наведвае некалькі тысячаў гледачоў.[3] Чакалася, што фестываль 2008 года наведаюць 3 тысячы гледачоў.[4]

Візавае пытанне[правіць | правіць зыходнік]

Публіка на «Басовішчы-2007».

Ад 21 снежня 2007 года Польшча далучылася да краінаў-удзельніц Шэнгенскай дамовы. Гэта падвысіла кошт аднаразовых візаў для грамядзянаў Беларусі з 5 да 60 еўра з дадаваннем больш жорсткіх патрабаванняў для атрымання візы. У 2008 годзе Беларускае аб’яднанне студэнтаў вяло перамовы з Міністэрствам замежных справаў Польшчы пра спрошчанае атрыманне бясплатных візаў для наведвальнікаў фестывалю з Беларусі. Дамова была дасягнута, але з абмежаваннем у 150 бясплатных візаў для гледачоў, бо колькасць усіх ахвотных значна перавышала консульскія магчымасці[4], у выніку чаго візы атрымалі тыя, хто найхутчэй падаў заяўкі.

У 2009 годзе вырашэннем пытання з візамі займаўся гарадзенскі рух «За Свабоду!» як суарганізатар «Басовішча-2009». Уся візавая падтрымка гледачоў фэстываля ажыццяўлялася праз польскі кансулят у Гродна, бо дамовіцца пра выдачу бясплатных візаў для гледачоў у Мінску ў арганізатараў не атрымалася.[5] У выніку візы атрымалі каля 600 з тысячы ахвотных патрапапіць на фестываль. Паводле словаў каардынатара фестываля Паўла Мажэйкі людзі прынеслі дакументы ў апошнія дні, таму кансулят проста не здолеў разгледзець усе заяўкі за малы час. У выніку візу не атрымалі каля 400 чалавек з тых, што падалі дакументы.[6] Паводле іншых звестак, праз гродзенскі рух «За Свабоду!» бясплатныя візы атрымалі 800 чалавек[7].

Размяшчэнне і даезд[правіць | правіць зыходнік]

Сцэна, дзе праводзіцца фестываль, размяшчаецца на лясной паляне Борык (польск.: Borek). Падчас правядзення фестываля тут ствараецца намётавае мястэчка, дзе жыве ў намётах у дні фэсту большасць гледачоў, і разгортваецца інфраструктура харчавання і пітва. Намётавае мястэчка звычайна ахоўваецца, уваход на яго і размяшчэнне намётаў платны, хаця і не вельмі дарагі (каля 10 злотых).

На аўтамабілі да месца правядзення фестываля з Беларусі даехаць можна праз памежны пераход БераставіцаБаброўнікі да паварота на Гарадок, з Беластоку — па дарозе 65. Цягніком з Гродна можна патрапіць Кузніцу Беластоцкую, адкуль аўтобусам ці цягніком да Беластоку. З цэнтральнага аўтавакзала ў Беластоку шмат разоў на дзень да Гарадка (прыпынак польск.: Waliły-Stacja) адпраўляюцца аўтобусы, дарога куды займае прыблізна гадзіну. Расклады цягнікоў і аўтобусаў лепей спраўдзіць на сайтах польскай чыгункі[заўв 1] і аўтавакзала ў Беластоку.[заўв 2]

З Мінску звычайна арганізуецца групавы даезд ахвотных адразу да месца правядзення фестываля.

Зноскі

  1. Воля Кузьміч. У праграме Басовішча-2007 больш за 30 гуртоў. Generation.by. Праверана 30 чэрвеня 2018.
  2. Сяргей Будкін. «Басовішча»: «У конкурсе няма сэнсу». «Тузін Гітоў». Праверана 30 чэрвеня 2018.
  3. ХХ Фэстываль Музыкі Маладой Беларусі Басовішча 17—18 ліпеня 2009. basowiszcza.org. Праверана 30 чэрвеня 2018.
  4. 4,0 4,1 Зьміцер Панямонаў На «Басовішчы» чакаюць 3 тыс. гледачоў, але беларускім фанам далі толькі 150 віз. Еўрапейскае радыё для Беларусі (10 ліпеня 2008). Праверана 30 чэрвеня 2018.
  5. Маша Яр. Візу на «Басовішча» можна атрымаць толькі ў Гродне. «Эўрарадыё» (26 чэрвеня 2009). Праверана 30 чэрвеня 2018.
  6. Ганна Балаховіч. Каля 400 чалавек не атрымалі візы на «Басовішча». «Эўрарадыё» (16 ліпеня 2009). Праверана 30 чэрвеня 2018.
  7. Выдадзена больш за 800 пашпартоў з візамі. LiveJournal. Праверана 30 чэрвеня 2018.

Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]