Батаўскае паўстанне

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
«Змова Юлія Цывіліса», карціна Рэмбранта (1661).

Паўстанне батаваў — паўстанне германскага племя батаваў пад правадырствам Юлія Цывіліса супраць Рымскай імперыі ў 70 годзе н.э.

Калі пры імператары Вітэліі сярод батаваў праходзіў набор у армію і пры гэтым здзяйснялася шмат злоўжыванняў, іх падняў на паўстанне нейкі Юлій Цывіліс — чалавек, паводле сведчанняў Тацыта, царскага роду, які быў раней абвінавачаны ў змове і разам з Юліем Паўлам у ланцугах адпраўлены да Нерона.

Першапачаткова Цывіліс (вызвалены з-пад варты Гальбай) абвясціў, што ён паўстае толькі супраць Вітэлія, а не супраць рымскага валадарства наогул. Магчыма, ён дзейнічаў разам з прыхільнікамі Веспасіяна, якія марылі пра звяржэнне Вітэлія. Даволі хутка ён прыцягнуў да свайго мецяжу таксама канінефатаў і фрызаў.

Цывіліс напаў на рымскі флот, які стаяў на Рэйне. Матросы батаўскага паходжання перайшлі на яго бок, рымляне былі перабіты, і ўвесь флот у 24 караблі патрапіў у яго рукі. Неўзабаве да паўстання далучыліся германскія плямёны з правага берага Рэйна. Рымляне сталі цярпець паражэнні.

Руіны рымскага храма ў Ветэры.

Калі батавы са сваімі саюзнікамі аблажылі Ветэру (Castra Vetera), Цывіліс запатрабаваў ад двух легіёнаў, якія абаранялі яе, прысягнуць Веспасіяну. Аднак неўзабаве прыйшла вестка, што і германскія легіёны абвясцілі Веспасіяна імператарам. Тады Цывіліс абвясціў, што сапраўдная мэта яго — вызваленне германцаў ад рымскага валадарства.

Перамога рымлян пры Гельдубе прывяла да вызвалення гарнізона Ветэры, які, разам з іншымі войскамі, заняў Навезій. Цывіліс узяў Гельдубу і зноў аблажыў Ветэру. Тады і галы таксама адпалі ад Рыма. Ветэра здалася паўстанцам, услед за ёй — Навезій і Маганцыяк. Было абвешчана стварэнне гальскай дзяржавы.

Вестка пра батаўскае паўстанне выклікала перапалох у Рыме. Рымляне накіравалі вялікія сілы на Рэйн. Цывіліс здзейсніў напад на Трыр; германцы ўварваліся ў рымскі лагер, але атака была адбіта Цэрыялам. Цывіліс вымушаны быў схавацца ў Ветэры, аказваючы ўпартае супраціўленне, але, нарэшце, позняй восенню 70 года здаўся рымлянам. Паўстанне было задушана.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Пры напісанні артыкула выкарыстаны матэрыял з Энцыклапедычнага слоўніка Бракгаўза і Эфрона (1890—1907).