Бацвіннік

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
суп
Уваходзіць у нацыянальныя кухні
славянская
Кампаненты
Асноўныя бацвінне
Магчымыя бульба, маладыя буракі з бацвіннем, цыбуля рэпчатая, морква, тамат, агурок

Бацвіннік — халодны суп, прыгатаваны з бурачнага бацвіння.

Можа гатавацца на вадзе, квасе або кіслай заквасцы[1]. Страва вядомая па ўсёй Беларусі[2].

Складнікі[правіць | правіць зыходнік]

Для прыгатавання выкарыстоўваюць маладыя буракі з бацвіннем (1-2), бульбу (3), рэпчатую цыбулю (1), моркву, таматы (2-4), агуркі (2-3) і зеляніну. Пры гатаванні на квасе (3 літры) выкарыстоўваюць бацвінне (1 пучок) без буракоў, свежыя агуркі (4-6), зялёную цыбулю і кроп. Таксама бывае бацьвіньнік з рыбай, у якім выкарыстоўваюць: шпінат і шчаўе — па 250 грамаў, хлебны квас — 1 літр, свежыя агуркі — 2, адварную рыбу — 250 грамаў, лімонную цэдру — 1 чайная лыжка, зялёную цыбулю — 75 грамаў, корань хрэна — 50 грамаў і кроп[1].

Прыгатаванне[правіць | правіць зыходнік]

Буракі падзяляюць на 3 часткі: карняплод, хвосцікі і ліст. Карняплод, моркву, бульбу і цыбулю чысцяць і наразаюць саломкай. Хвосцікі і ліст (бацвінне) — малымі кавалкамі па 2 см. Ваду ў каструлі даводзяць да закіпання, пасля чаго дадаюць бульбу. Праз 5 хвілін у каструлю дадаюць хвосцікі буракоў (бацвінне). Адначасна ў патэльні на алеі тушаць цыбулю, моркву і буракі да мяккасці. Тады ў патэльню дадаюць нарэзаныя кубікамі таматы і агуркі. Праз 5-10 хвілін тушаную гародніну кладуць у каструлю, куды таксама дадаюць ліст буракоў (бацвінне) і вараць да гатоўнасці. Такі бацвіннік можна падаваць у астуджаным або цёплым выглядзе. Таксама ў яго можна дадаць зеляніну і адварное яйцо[1].

У выпадку гатавання на квасе бацвінне спачатку адварваюць у вадзе цягам 15 хвілін. Затым ваду зліваюць, бацвінне астуджаюць і наразаюць дробнымі кавалкамі. Нарэзаныя дробнымі кубікамі агуркі змешваюць з бацвіннем і апускаюць у квас, куды дадаюць зеляніну. Такую страву падаюць да стала астуджанай[1].

Пры гатаванні бацвінніка з рыбай шчаўе і шпінат добра прамываюць, прыпускаюць у гарачай вадзе і прапускаюць праз сіта. Атрыманую зялёную масу астуджаюць, пасля чаго ў яе дадаюць лімонную цэдру і квас, нарэзаныя кубікамі агуркі, зялёную цыбулю і кроп. Пасля гэтага бацвіннік падаюць разам з адварной рыбай (акунь, ласось, сёмга, омуль і нельма) і коранем хрэна[1].

Зноскі

  1. а б в г д Ганна Каляда (14 ліпеня 2018). "Бацвінне: царская страва ў сялянскім выкананні". Партал «Здаровыя людзі». Праверана 18 ліпеня 2018.
  2. Бацвінне // Этнаграфія Беларусі: энцыклапедыя / гал.рэд. Іван Шамякін. — Мінск: Беларуская савецкая энцыклапедыя, 1989. — С. 54. — 575 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-014-9.