Бекеш (балада)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Бекеш
Bekiesz
Жанр балада
Аўтар Ян Чачот
Мова арыгінала польская
Дата напісання ліпень 1819
Перакладчык Кастусь Цвірка
Электронная версія

«Бекеш» (польск.: Bekiesz) — балада Яна Чачота, напісаная ў ліпені 1819 года.

Паводле Уладзіміра Мархеля, балада «Бекеш» уяўляе сабой вершаваную прозу, у якой надзвычай размытыя галоўныя прыкметы рамантычнай балады (строгая кампазіцыя і напружанае развіццё падзей)[1].

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Рэшткі Бекешавай гары (справа) у канцы XIX стагоддзя

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

Даследчыкі сцвярджаюць, што гэтая балада была напісана пад уплывам аднайменнага твору Тамаша Зана[2]. Калі Зан міфалагізаваў паданне ў адпаведнасці з тагачаснай літаратурнай мовай і перанёс падзеі ў час язычніцтва, надаўшы вершаванай форме апавядальнасць, то Чачот грунтаваўся выключна на гістарычнай аснове і блізкім да яе народным паданні.

Сюжэт[правіць | правіць зыходнік]

Балада падзяляецца на дзве часткі. Першая частка ўяўляе сабой паэтычны пераказ народнага сюжэта «Пра трох братоў, двух разумных, а трэцяга дурня», які апавядае пра тое, як пэўны смелы рыцар узабраўся колісь на вяршыню шкляной гары да сваёй каралеўны, але нечакана для ўсіх аказаўся тым, якога ў народзе звалі «дурнем». Ён пачаў спаборнічаць з разумнымі братамі і перамог.

Другая частка балады апавядае, як фанабэрысты ваявода, пад уплывам пачутай народнай казкі, дзеля сватання сваёй дачкі Малгосі загадвае рыцарам узбірацца на конях на вяршыню стромкай гары: хто найхутчэй узбярэцца — за таго і мусіў аддаць ваявода Малгосю. Першым на горную вяршыню ўзабраўся Бекеш, які на гэты час ужо быў заручаны і пакляўся ў вернасці сваёй каханай. За здраду перад святым шлюбам у рыцара-пераможца б’е маланка, і той падае з гары мёртвым. Асэнсаваўшы свой благі ўчынак, ваявода загадвае ўзвесці помнік маладому ваяру — Бекешаву гару. Таксама ваявода вырашае аддаць сваю дачку таму, хто найбольш выславіцца на паслугах Айчыны.

Гістарычнае тло[правіць | правіць зыходнік]

Каспар Бекеш — камандзір венгерскай пяхоты ў войску польскага караля Стэфана Баторыя, які быў вядомы ў Рэчы Паспалітай як смелы і разумны камандзір. Ён памёр у 1580 годзе ў Гродне. Паколькі Бекеш належаў да секты антытрынітарыяў і не мог быць пахаваным на каталіцкім могільніку, Стэфан Батары загадаў перавезці яго цела ў Вільню і пахаваць на ўзвышшы, якое адсюль атрымала назву — Бекешава гара, пра якую з часам узнікла народнае паданне[3]. Як адзначае Ян Чачот у заўвагах да вершу, «Бекешава гара сярэдняя паміж Замкавай і Крыжовай».

Фальклорны матэрыял[правіць | правіць зыходнік]

Паданне «Пра трох братоў, двух разумных, а трэцяга дурня» было шырока распаўсюджана ў беларускім і польскім фальклоры і сустракаецца ў некалькіх этнаграфічных зборніках[4]. Яно было добра вядомае Я. Чачоту: пра яе, пачутую ў маленстве, паэт згадвае ў прадмове да «Сялянскіх песень з-над Нёмана і Дзвіны» 1846 года:

" Не магу без нейкага мілага ўзрушэння прыгадаць забытыя паданні, якія я чуў і ведаў у дзіцячыя гады... Трэці брат, які звычайна малюецца ў казках дурнем, сядзіць у кажушку за печчу, заўсёды больш набожны за двух разумных братоў. Тыя купляюць коней, набываюць дарагія ўборы і едуць па каралеўну, што сядзіць на шкляной гарэ, а гэты, як яны паехалі, ідзе на бацькоўскую магілу, моліцца і плача, а бацька яму гаворыць: «Ідзі туды і туды і знойдзеш каня і ўсё ўбранне з медзі». Ідзе ён, свіснуў; выскаквае медны конь, на якім ён імчыцца на гару. Усіх здзіўляе гэты рыцар; ніхто не ўехаў так высока, як ён. Тое ж паўтараецца з сярэбраным канём і залатым, на якім ён ужо дасягае каралеўны[5]. "

Зноскі

  1. Гісторыя беларускай літаратуры XI—XIX стагоддзяў у двух тамах. Том 2. Новая літаратура : другая палова XVIII—XIX стагоддзе. — Мінск: «Беларуская навука», 2007. С. 184
  2. Гісторыя беларускай літаратуры XI—XIX стагоддзяў у двух тамах. Том 2. Новая літаратура : другая палова XVIII—XIX стагоддзе. — Мінск: «Беларуская навука», 2007. С. 183
  3. Чачот Я. Наваградскі замак: Творы / Уклад., пер. польскамоўн. твораў, прадм. і камент. К. Цвіркі. — Мінск: Мастацкая літаратура, 1989. — С. 292. — 327 с.
  4. Станкевіч, С. Ян Чачот // Беларускія элементы ў польскай рамантычнай паэзіі = Pierwiastki białoruskie w polskiej poezji romantycznej / Валерый Булгакаў. — 1-е выд.. — Вільня: Інстытут беларусістыкі; Беласток: Беларускае гістарычнае таварыства, 2010. — С. 52. — 211 с. — ISBN 83-60456-21-6.
  5. Чачот Я. Наваградскі замак: Творы / Уклад., пер. польскамоўн. твораў, прадм. і камент. К. Цвіркі. — Мінск: Мастацкая літаратура, 1989. — С. 190—191. — 327 с.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]