Перайсці да зместу

Беларускае навукова-краязнаўчае таварыства ў Латвіі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Беларускае навукова-краязнаўчае таварыства ў Латвіі
БНКТЛ
Сфера дзейнасці навуковая, краязнаўчая, этнаграфічная і гістарычная дзейнасць
Дата заснавання 7 ліпеня 1932
Дата роспуску жнівень 1936
Тып арганізацыя
Лідар Кастусь Езавітаў
Краіна
Цэнтр  Латвія Рыга (вул. Ільінская, 20/25)

Белару́скае навуко́ва-краязна́ўчае тавары́ства ў Ла́твіі (БНКТЛ) — грамадска-навуковая арганізацыя беларускай нацыянальнай меншасці ў міжваеннай Латвіі, якая існавала ў 19321936 гадах. Займалася зборам і папулярызацыяй этнаграфічнай, гістарычнай і фальклорнай спадчыны латвійскіх беларусаў.

Перадумовы стварэння

[правіць | правіць зыходнік]

Пачаткам арганізаванай краязнаўчай працы беларусаў у Латвіі стала стварэнне 1 чэрвеня 1926 года навукова-краязнаўчага гуртка пры Таварыстве беларусаў-выбаршчыкаў. Ініцыятарам і старшынёй гуртка выступіў беларускі палітычны і грамадскі дзеяч Кастусь Езавітаў, а сакратаром стаў Пятро Масальскі[1]. На першым пасяджэнні была падрыхтавана адозва да беларускага настаўніцтва з заклікам далучыцца да збірання этнаграфічных матэрыялаў. Для папулярызацыі гэтай працы К. Езавітаў выдаў брашуру «Бярыцеся ўсе за навукова-даследчую працу», у якой абгрунтаваў неабходнасць фіксацыі ўнікальных гаворак і фальклору латгальскіх беларусаў. Гурток актыўна працаваў, праводзіў навуковыя чытанні і збіраў народныя апавяданні і казкі з розных валасцей Латгаліі і Ілукштаншчыны, якія пазней публікаваліся ў газеце «Голас Беларуса»[2].

Заснаванне і развіццё

[правіць | правіць зыходнік]

У 1932 годзе беларускі актыў Рыгі вырашыў стварыць на базе гуртка самастойную арганізацыю. 15 красавіка 1932 года адбыўся сход ініцыятыўнай групы, у якім прынялі ўдзел К. Езавітаў, Аляксандр Родзька, Сцяпан Сіцько, Міхась Краўчанка, Казімір Мяжэцкі, Галіна Нікіфароўская, Вікторыя Доўгая і Якуб Кастылюк[3]. Пасля падрыхтоўкі і перакладу статута на латышскую мову (гэтым займалася Ніна Пінская), 7 ліпеня 1932 года Рыжскі акруговы суд афіцыйна зарэгістраваў арганізацыю пад назвай Беларускае навукова-краязнаўчае таварыства ў Латвіі[4][5].

Часовае праўленне ўзначаліў К. Езавітаў, яго намеснікам стаў А. Родзька, сакратаром — Г. Нікіфароўская, скарбнікам — С. Сіцько[5]. Афіцыйны юрыдычны адрас арганізацыі знаходзіўся ў Рызе на вуліцы Ільінскай (Elija iela), 20/25[6][7]. Для пашырэння дзейнасці былі створаны рэгіянальныя аддзелы: у Дзвінску (імі кіравалі Сяргей Сахараў і Аляксей Барткевіч) і ў Люцыне (кіраўнік Сяргей Казека)[7].

На піку сваёй актыўнасці ў 1933 годзе арганізацыя налічвала 15 сапраўдных сябраў, 5 сябраў-карэспандэнтаў і 15 кандыдатаў. 2 верасня 1933 года адбыўся першы агульны сход БНКТЛ, які абраў новае пастаяннае праўленне: К. Езавітаў (старшыня), Г. Нікіфароўская і А. Родзька (намеснікі), С. Сіцько (скарбнік), Франц Клагіш (сакратар), а таксама шэраг іншых актывістаў. У рэвізійную камісію ўвайшлі Язэп Каяла, С. Сахараў і Ян Кудраўцаў[8].

Згодна са статутам, галоўнай мэтай таварыства было аб'яднанне ўсіх беларускіх і прыхільных да беларускага адраджэння навуковых і аматарскіх сіл у Латвіі. Арганізацыя планавала сумесна працаваць над пытаннямі гісторыі, геаграфіі, этнаграфіі, літаратуры, мастацтва, музыкі, фальклору і эканомікі Латвіі і Беларусі. Важнай задачай з'яўлялася пашырэнне здабытых ведаў сярод грамадства і садзейнічанне беларуска-латышскаму збліжэнню[5].

Сярод канкрэтных практычных задач вылучаліся: збор вуснай народнай творчасці, стварэнне параўнальнага беларуска-латышска-латгальскага слоўніка, а таксама заснаванне Беларускага этнаграфічнага музея ў Рызе[9].

Этнаграфічная і краязнаўчая праца

[правіць | правіць зыходнік]

Асноўным напрамкам працы БНКТЛ стала збіранне вуснай народнай творчасці латгальскіх і ілукштанскіх беларусаў. Для экспедыцый таварыства набыло фанограф. Да працы актыўна прыцягваліся настаўнікі беларускіх школ і мясцовая моладзь, у прыватнасці з Таварыства беларускай моладзі ў Латвіі. Кіраўніцтва БНКТЛ распрацавала і разаслала інструкцыі па зборы фальклору, дзе прасіла дэталёва апісваць мясцовыя абрады, такія як беларускае вяселле, пахаванне, радзіны, гульні і інш.[10].

Значны ўнёсак у збор матэрыялаў зрабілі настаўнікі Франц Клагіш, Алесь Сальцэвіч, Міхась Талерка, Казімір Сянкевіч, Сымон Маціеўскі, Галіна і Надзея Нікіфароўскія, Міхась Зуеўскі, Антон Лейтан, Сяргей Казека і іншыя. Калектыў настаўнікаў і вучняў Дзвінскай беларускай гімназіі пад кіраўніцтвам С. Сахарава і Андрэя Якубецкага сабраў дзясяткі твораў. За тры гады працы БНКТЛ сабрала звыш 600 народных песень і 70 апавяданняў[11][12].

Таварыства таксама збірала прадметы матэрыяльнай культуры (вопратку, прылады працы) і атрымала папярэднюю згоду ад Латвійскага этнаграфічнага музея на стварэнне беларускага кутка ў Прэйльскім (Прэждэнскім) замку[13].

Гістарычная і архіўная праца

[правіць | правіць зыходнік]

Кіраўніцтва БНКТЛ рабіла захады па зборы дакументаў, звязаных з гісторыяй беларускага нацыянальнага руху. У 1932 годзе таварыства здолела атрымаць частку архіва і дыпламатычны пашпарт дзеяча БНР Яўгена Ладнова, які памёр у Дзвінску[14][13]. БНКТЛ збірала звесткі пра беларускага пісьменніка з Латгаліі Віктара Вальтара, шукала архівы Цёткі, звяртаючыся да яе мужа Сцяпонаса Кайрыса, а таксама інфармацыю пра Браніслава Эпімах-Шыпілу, Вацлава Іваноўскага і Яўхіма Карскага[15].

У 1932 годзе таварыства пачало падрыхтоўку да выдання біяграфічнага слоўніка «Біяграфіі дзеячоў Беларускага Адраджэння» (арыг. Біографіі дзеячоў Беларускага Адраджэньня), аднак з-за адсутнасці шырокага водгуку на просьбы аб наданні матэрыялаў, праект застаўся нерэалізаваным[15].

Міжнародныя сувязі

[правіць | правіць зыходнік]

Таварыства актыўна кантактавала з замежнымі беларускімі дзеячамі і навукоўцамі. Шчыльныя сувязі падтрымліваліся са старшынёй Рады БНР Васілём Захаркам, які ў снежні 1932 года перадаў у архіў БНКТЛ мемарандум Рады БНР у Лігу Нацый. Таксама вялася перапіска з Тамашом Грыбам і Міколам Вяршыніным у Празе, Язэпам Варонкам у Чыкага[16].

Навуковыя кантакты ўключалі супрацоўніцтва з даследчыкам мінуўшчыны Полаччыны Баляславам Брэжгам, літоўскім гісторыкам Мікаласам Біржышкам і эстонскім мовазнаўцам Вілемам Эрнітсам. Апошняму таварыства дапамагала ў вывучэнні беларускіх гаворак і зборы матэрыялаў на Пячоршчыне[17].

Выдавецкая праца

[правіць | правіць зыходнік]

Выдавецкая дзейнасць БНКТЛ была моцна абмежавана фінансавымі цяжкасцямі. У 1932 годзе быў надрукаваны статут арганізацыі, а ў 1933 годзе — брашура «Праграма збірання вуснай народнай творчасці». Планаваўся выпуск латышска-беларускага слоўніка на 25 000 слоў, які рыхтаваў П. Масальскі, і шэрагу навуковых прац Б. Брэжгі і М. Вяршыніна, аднак гэтыя праекты не былі рэалізаваны. Свае знаходкі і справаздачы сябры таварыства друкавалі пераважна на старонках часопіса «Беларуская школа ў Латвіі»[18].

Пасля дзяржаўнага перавароту 15 мая 1934 года новы аўтарытарны рэжым пачаў абмяжоўваць правы нацыянальных меншасцей. Палітычная паліцыя пачала наступ на беларускія арганізацыі пад прыкрыццём барацьбы з антыдзяржаўнымі сіламі.

У жніўні 1936 года Беларускае навукова-краязнаўчае таварыства ў Латвіі было ліквідавана. Афіцыйным абгрунтаваннем закрыцця стала нібыта адсутнасць актыўнай дзейнасці і няздольнасць выдаць слоўнік і зборнік фальклору. Аднак сапраўднай прычынай былі палітычныя падазрэнні паліцыі ў дачыненні да старшыні К. Езавітава, яго левых поглядаў і сувязей з БССР. У пастанове аб ліквідацыі адзначалася, што дзейнасць таварыства і яго кіраўніка нясе пагрозу бяспецы Латвіі: «пагражае знешняй і ўнутранай бяспецы краіны», а Езавітаў праз таварыства «праводзіў дзейнасць на карысць стварэння незалежнай Беларусі, у межах якой павінна была апынуцца частка латвійскай дзяржавы...»[19][20]. Спробы аднавіць дзейнасць арганізацыі ў далейшым поспеху не мелі.

  1. Грыбоўскі 2023, с. 53.
  2. Грыбоўскі 2023, с. 53—54.
  3. Грыбоўскі 2023, с. 55.
  4. Latvijas Valsts vēstures arhīvs (LVVA). F. 1897, ap. 1, l. 2, lp. 4.
  5. 1 2 3 Грыбоўскі 2023, с. 56.
  6. Статут Беларускага навукова-краязнаўчага т-ва ў Латвіі // Крывіцкія руны. Вып. ІІ. С. 392–393.
  7. 1 2 Грыбоўскі 2023, с. 57.
  8. Грыбоўскі 2023, с. 58.
  9. Грыбоўскі 2023, с. 56—57.
  10. Грыбоўскі 2023, с. 62.
  11. Lietuvos centrinis valstybės archyvas (LCVA). F. 368, ap. 1, b. 34, l. 6.
  12. Грыбоўскі 2023, с. 63—64.
  13. 1 2 Грыбоўскі 2023, с. 65.
  14. LVVA. F. 1897, ap. 1, l. 3, lp. 16, 24, 25.
  15. 1 2 Грыбоўскі 2023, с. 66.
  16. Грыбоўскі 2023, с. 67—68.
  17. Грыбоўскі 2023, с. 69—70.
  18. Грыбоўскі 2023, с. 73—74.
  19. LVVA. F. 1897, ap. 1, l. 7, lp. 8.
  20. Грыбоўскі 2023, с. 76—77.
  • Грыбоўскі Ю. Беларускае навукова-краязнаўчае таварыства ў Латвіі: стварэнне і дзейнасць (1932–1936) // Беларускі Гістарычны Агляд : часопіс. — 2023. — Т. XXX. — С. 52—77.