Беларускае прэс-бюро
Беларускае прэс-бюро — інфармацыйнае бюро і карэспандэнцкія пункты, якія ствараліся ўрадам Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) для інфармавання замежнай грамадскасці пра Беларусь, беларускае пытанне і дзейнасць урада БНР.
Першае прэс-бюро існавала з лета 1919 да 1925 пры Надзвычайнай місіі БНР у Берліне. Выдавала інфармацыйны бюлетэнь на беларускай і нямецкай мовах (1-ы нумар захоўваецца ў Цэнтральнай бібліятэцы АН Літвы), фундатарам і шэф-рэдактарам якога ў 1919 быў князь С. Л. Сапега.
Беларускія прэс-бюро дзейнічалі таксама ў Рызе пры Вайскова-дыпламатычнай місіі БНР у Латвіі і Эстоніі (1919—1921; кіраўнік У. Грунтоў), Капенгагене (1919—1921; доктар І. Лур'е), Коўне (пры дыпламатычным прадстаўніцтве БНР у Літве, 1921—1924; выдавала свой бюлетэнь), Нью-Ёрку (1921; Бубешка), Таліне (называўся інфармацыйны аддзел, 1921—1922; М. Чарвякоў).
Карэспандэнцкія пункты ў розны час існавалі ў Парыжы, Празе, Варшаве, Вене, Бялградзе, Сафіі, Вільні, Гданьску, Канстанцінопалі. Задачай кожнага бюро было забяспечваць сродкі масавай інфармацыі краіны свайго месцазнаходжання матэрыяламі пра падзеі на Беларусі і вакол яе, збіраць інфармацыю па беларускай праблеме і дасылаць яе ў берлінскае прэс-бюро.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Лобаў, Р. А. Беларускае прэс-бюро / Р. А. Лобаў // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1993. — 494 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-074-2. — С. 357.