Беларускае таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Беларускае таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі
Місія Развіццё дружбы і супрацоўніцтва беларускага народа з народамі замежных краін
Дата заснавання 7.4.1926
Тып Грамадская арганізацыя
Старшыня Ніна Іванова
Цэнтр

Беларускае таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі — добраахвотная грамадская арганізацыя, якая садзейнічае развіццю дружбы і супрацоўніцтва беларускага народа з народамі замежных краін. Створана 7 красавіка 1926 як Таварыства культурных сувязей Савецкай Беларусі з заграніцай. Каля вытокаў яго былі Я. Купала, Я. Колас, Ц. Гартны, М. Чарот і іншыя дзеячы беларускай культуры. У 1952—1958 мела назву Беларускае таварыства культурнай сувязі з заграніцай. У 1956 годзе па праекце архітэктара Яўгена Заслаўскага ўзведзены двухпавярховы будынак таварыства па вуліцы Захарава, 28. 12 верасня 1991 зарэгістравана Міністэрствам юстыцыі Рэспублікі Беларусь.

У склад таварыства на правах калектыўных членаў уваходзяць грамадскія арганізацыіцыі, творчыя саюзы, калектывы работнікаў прамысловых прадпрыемстваў, калгасаў, навучальных і навуковых устаноў і інш. На 1 студзеня 1990 мела 12 рэспубліканскіх аддзяленняў: Таварыства савецка-польскай дружбы (з 1958), Савецкае таварыства дружбы з Германіяй (з 1958), Таварыства савецка-кітайскай дружбы (з 1958), Таварыства савецка-балгарскай дружбы (з 1961), Таварыства савецка-чэхаславацкай дружбы (з 1961), Таварыства савецка-венгерскай дружбы (з 1963), таварыства «СССР — Канада» (з 1962), таварыства «СССР — Фінляндыя» (з 1963), таварыства «СССР — Францыя» (з 1964), Таварыства савецка-в’етнамскай дружбы (з 1966), Таварыства савецка-кубінскай дружбы (з 1973), Таварыства савецка-аўстрыйскай дружбы (з 1980). Працавалі 10 абласных, 38 гарадскіх і раённых, 311 пярвічных арганізацый. Працуюць секцыі: садзеяння сацыяльна-эканамічнаму развіццю рэспублікі і ліквідацыі вынікаў радыёактыўнага забруджання; узаемасувязі з грамадскімі арганіцыямі рэспублікі; па ўзаемадзеянню з замежнымі краінамі; літаратуры і мастацтва; грамадскіх і гуманітарных навук.

Сучасная назва і статут прыняты 17 снежня 1978 на рэспубліканскай канферэнцыі таварыства. Асноўныя задачы, вызначаныя статутам: азнаямленне грамадскасці замежных краін са здабыткамі культуры беларускага народа, са знешняй палітыкай Рэспублікі Беларусь, садзейнічанне ўмацаванню міра міжнароднаму супрацоўніцтву; папулярызацыя на Беларусі дасягненняў навукі і культуры ў замежных краінах, арганіцыя дапамогі жыхарам Беларусі, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Таварыства супрацоўнічае з 320 грамадскімі арганізацыямі 74 краін свету, у т. л. Аўстрыі, В’етнама, Вялікабрытаніі, Бельгіі, Германіі, Італіі, ЗША, Канады, Славакіі, Польшчы, праводзіць вечары дружбы, Дні Беларусі, сустрэчы, дыскусіі, выстаўкі. У рабоце Таварыства ўдзельнічаюць беларускія пісьменнікі, вучоныя, кампазітары і інш. У 1991 у сувязі з абвяшчэннем суверэнітэту Рэспублікі Беларусь пачата стварэнне самастойных таварыстваў дружбы з асобнымі замежнымі краінамі.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]