Беларуская Народная Рэспубліка 1918—1920 гг.: ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці
| Беларуская Народная Рэспубліка 1918—1920 гг.: ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці | |
|---|---|
| польск.: Białoruska Republika Ludowa 1918–1920. U źródeł białoruskiej państwowości | |
| Аўтар | Дарота Міхалюк |
| Жанр | Манаграфія |
| Мова арыгінала | польская мова |
| Арыгінал выдадзены | 2010 |
| Перакладчык | Алесь Пілецкі |
| Выдавецтва | Інбелкульт |
| Выпуск | 2015 |
| Старонак | 496 |
| ISBN | 978-5-00076-016-1 |
«Беларуская Народная Рэспубліка 1918—1920 гг.: ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці» (польск.: Białoruska Republika Ludowa 1918–1920. U źródeł białoruskiej państwowości) — манаграфія польскага гісторыка Дароты Міхалюк, упершыню выдадзеная на польскай мове ў 2010 годзе. У 2015 годзе выйшаў беларускі пераклад. Лічыцца грунтоўнай, энцыклапедычнай працай па гісторыі БНР[1].
Апісанне
[правіць | правіць зыходнік]У манаграфіі даследуюцца ўмовы, у якіх нарадзілася і развівалася ідэя беларускай дзяржаўнасці: ад канцэпцыі палітычнай аўтаноміі да абвяшчэння незалежнай дзяржавы 25 сакавіка 1918 года Трэцяй Устаўной граматай. Аўтарка аналізуе дзейнасць урадаў БНР, іх спробы атрымаць міжнароднае прызнанне, а таксама дасягненні і няўдачы ў знешняй палітыцы. Шмат увагі надаецца аналізу міжнацыянальных адносін і палітычнага светапогляду жыхароў Беларусі[2].
Храналагічна праца завершана лютым 1920 года — момантам падзення ўрада Антона Луцкевіча. На думку аўтаркі, гэта азнаменавала развал беларускага незалежніцкага лагера і страту ўрадам БНР здольнасці дзейнічаць[3].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]Праца грунтуецца на шырокай архіўнай базе. Аўтарка выкарыстала матэрыялы з Архіва новых актаў у Варшаве, Цэнтральнага вайсковага архіва, Архіва канцылярыі прэзідэнта ў Празе, Дзяржаўнага архіва ў Любліне, Беларускай бібліятэкі і музея імя Францішка Скарыны ў Лондане, Літоўскага цэнтральнага дзяржаўнага архіва ў Вільні, Бібліятэкі Літоўскай акадэміі навук, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва ў Мінску, Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, расійскіх і ўкраінскіх архіваў. Таксама выкарыстоўваліся дакументальныя публікацыі, успаміны, прэса таго перыяду і больш за 200 навуковых распрацовак[1].
Тэматыка і асноўныя пытанні
[правіць | правіць зыходнік]Манаграфія з’яўляецца па сутнасці дысертацыяй на атрыманне навуковай прафесарскай ступені, таму вызначаецца метадалагічнай дакладнасцю[1].
Найбольш наватарскай часткай працы лічыцца разгляд канцэпцый межаў БНР. Даследчыца звяртае ўвагу на непадрыхтаванасць беларускай дэлегацыі (у складзе А. Цвікевіча, С. Рак-Міхайлоўскага і інш.) да перамоў з прадстаўнікамі УНР наконт межаў. Беларускі бок не меў папярэдне распрацаванай агульнай пазіцыі і абапіраўся пераважна на этнічную карту Я. Карскага (1903), у той час як украінскі бок меў падтрымку навуковага асяроддзя Кіеўскага ўніверсітэта. Перамовы былі спынены толькі дзякуючы ўмяшанню прафесара М. Доўнара-Запольскага[1].
Раздзел «Урад Антона Луцкевіча на міжнароднай арэне» падрабязна аналізуе фармаванне беларускай дыпламатыі. Сярод поспехаў адзначаюцца прыхільнасць прэзідэнта Чэхаславакіі Т. Масарыка, згода Германіі на выдачу пашпартоў БНР і прызнанне ўрада БНР дэ-факта з боку Фінляндыі ў снежні 1919 года. Адначасова паказваюцца і няўдачы: Францыя лічыла Беларусь часткай Расіі, узнікалі непаразуменні з Літвой, а дыпламатычны візіт А. Луцкевіча да І. Падарэўскага ў Варшаву скончыўся фактычным зрывам сустрэчы з-за правакацыі польскага боку[1].
Таксама ў кнізе разглядаюцца праблемы фармавання войска БНР, бежанства падчас Першай сусветнай вайны і паланізацыі на Гарадзеншчыне і Віленшчыне пасля адыходу нямецкіх войск[1].
Гісторыя выдання
[правіць | правіць зыходнік]Кніга з’яўляецца перакладам з польскай мовы манаграфіі Białoruska Republika Ludowa 1918—1920. U źródeł białoruskiej państwowości, якая выйшла ў 2010 годзе ў навуковым выдавецтве Універсітэта Мікалая Каперніка ў Торуні.
Беларускае выданне выйшла ў 2015 годзе ў смаленскім выдавецтве «Інбелкульт». Навуковым рэдактарам выступіў Станіслаў Рудовіч, пераклад зрабіў Алесь Пілецкі. Паводле слоў аўтаркі, дзякуючы заўвагам навуковага рэдактара, беларускамоўная версія ў некаторых месцах была ўдакладнена і нязначна адрозніваецца ад польскага арыгінала[4].
Ацэнкі
[правіць | правіць зыходнік]Рэцэнзент Анастасія Ільіна ў часопісе «Беларускі гістарычны агляд» ахарактарызавала кнігу як «энцыклапедычную працу па гісторыі Беларускай Народнай Рэспублікі», якая запаўняе значны прабел у беларускай гістарыяграфіі. Адзначаецца, што ў сучаснай Беларусі гэтая тэма застаецца ў пэўнай ступені забароненай, таму выхад такога грунтоўнага даследавання, нават за мяжой, з’яўляецца важнай падзеяй[1].
Цэнзура
[правіць | правіць зыходнік]У канцы снежня 2025 года па Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь ўнесла кнігу «Беларуская Народная Рэспубліка 1918—1920 гг.: ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці» ў спіс забароненых да распаўсюду друкаваных выданняў. Рашэнне было патлумачана тым, што выданне «здольныае нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам краіны"[5].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- 1 2 3 4 5 6 7 Ільіна 2010.
- ↑ Міхалюк 2015, с. 13.
- ↑ Міхалюк 2015, с. 5, 14.
- ↑ Міхалюк 2015, с. 8.
- ↑ Мінінфарм загадаў канфіскаваць з продажу 52 кнігі: сярод іх пра БНР, а таксама пра каханне, фемінізм і выхаванне дзяцей. Наша Ніва (27 сакавіка 2024). Праверана 29 снежня 2025.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Міхалюк, Д. Беларуская Народная Рэспубліка 1918—1920 гг.: ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці / навук. рэд. С. Рудовіч; пер. з польскай А. Пілецкі. — Смаленск: Інбелкульт, 2015. — 496 с. — ISBN 978-5-00076-016-1.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]Ільіна, А. Michaluk, Dorota. Białoruska Republika Ludowa 1918-1920. U podstaw białoruskiej państwowości. Toruń, 2010 // Беларускі гістарычны агляд. — 2010. — Т. 17. — № 1—2.