Беларуская дэмакратычная апазіцыя

З пляцоўкі Вікіпедыя
(Пасля перасылкі з Беларуская апазіцыя)
Jump to navigation Jump to search
Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь у 1991-1995 гадах, якім карыстаюцца некаторыя апазіцыйныя беларускія арганізацыі

Беларуская дэмакратычная апазіцыя — сукупнасць розных палітычных партый, рухаў і іншыя аб’яднанняў грамадзян, якія выступаюць супраць, як яны вважаюць, аўтарытарнага кіравання Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, за аднаўленне дэмакратыі ў краіне, адраджэнне беларускай мовы і культуры.

Гісторыя апазіцыі[правіць | правіць зыходнік]

Прыход Аляксандра Лукашэнкі да ўлады[правіць | правіць зыходнік]

У 1990 годзе Аляксандр Лукашэнка быў абраны народным дэпутатам БССР 12-га склікання; быў членам канстытуцыйнай камісіі[1]. Стварыў фракцыю «Камуністы за дэмакратыю», якая выступала за захаванне СССР у дэмакратычнай форме. Заваяваўшы сваёй рыторыкай рэпутацыю апантанага барацьбіта за справядлівасць, у 1993 годзе Лукашэнка быў абраны старшынёй часовае камісіі Вярхоўнага Савета па барацьбе з карупцыяй, створанай для вывучэння дзейнасці камерцыйных структур пры ўладзе. У гэтай сваёй якасці Лукашэнка абвінаваціў у карупцыі шэраг членаў кабінета Кебіча, а самога В. Кебіча назваў галавой «прамаскоўскай мафіі». 1 красавіка 1994 года «камісія Лукашэнкі» была ліквідавана як «выканаўшая задачу па даследаванні».

У пачатку 1994 года была прынята новая Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь. Паводле яе ў ліпені таго года адбыліся прэзідэнцкія выбары, на якія выставілі свае кандыдатуры шэсць палітыкаў. Аляксандр Лукашэнка ўдзельнічаў у выбарах як незалежны кандыдат, базуючыся на папулісцкай праграме ў духу лозунгаў барацьбы з карупцыяй, павышэння заработкаў і інтэграцыі з Расіяй. Скандальным эпізодам перадвыбарчай кампаніі Лукашэнкі быў замах на яго жыццё, якія нібыта быў здзейснены каля Лёзна.

Сярод іншых кандыдатаў былі Станіслаў Шушкевіч, Зянон Пазняк і прэм'ер-міністр Беларусі Вячаслаў Кебіч, які лічыўся фаварытам. У першым туры Лукашэнка атрымаў 44,82% галасоў. За Кебіча прагаласавалі 17,33% выбаршчыкаў, 12,8% прагаласавалі за Пазняка, а 10% прагаласавалі за Шушкевіча. Лукашэнка быў падтрыманы шэрагам палітыкаў з дэмакратычнага стану, у тым ліку Анатолем Лябедзькам і Віктарам Ганчаром, якія бачылі ў ім супрацьвагу постсавецкай наменклатуры ў асобе Кебіча і будучы інструмент правядзення рэформ. Другі тур адбыўся 10 ліпеня, на ім А. Лукашэнка канчаткова перамог, атрымаўшы 80,1% галасоў.

Супрацьстаянне Прэзідэнта з Вярхоўным Саветам[правіць | правіць зыходнік]

14 мая 1995 года адначасова прайшлі выбары ў Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь 13-га склікання прайшлі і рэспубліканскі рэферэндум[2]. Закон надаваў палітычным партыям, калі яны мелі першасныя арганізацыі ў адпаведных акругах, права вылучаць кандыдатаў. З-за нізкай яўкі выбаршчыкаў за два туры атрымалася выбраць 119 дэпутатаў, калі для фарміравання Вярхоўнага Савета патрабавалася не менш за 174 дэпутаты (не менш за дзве траціны ад поўнага складу ў 260 чалавек)[2]. Разам з тым з-за адсутнасці кворуму не атрымалася працягнуць дзейнасць папярэдняга складу дэпутацкага корпуса. Назіральнікі канстатавалі ў гэты перыяд абвастрэнне барацьбы паміж прэзідэнцкай і заканадаўчай галінамі ўлады[2]. Суддзя Канстытуцыйнага суда Рэспублікі Беларусь Міхаіл Пастухоў адзначае, што выбары былі фактычна сарваныя выканаўчай уладай, і тлумачыць такую пазіцыю тым, што Аляксандр Лукашэнка не хацеў выбрання моцнага органа прадстаўнічай улады, які мог бы кантраляваць законнасць яго дзеянняў і рашэнняў і пры наяўнасці падстаў пачаць працэдуру імпічменту[3]. Пасля выбараў выканаўчая ўлада адкрыта перашкаджала працы Вярхоўнага Савета 12 склікання, які паводле закону захоўваў свае паўнамоцтвы: Вярхоўны Савет пазбавілі службовых аўтамабіляў, дэпутам, якія працавалі на прафесійнай аснове, перасталі выплочваць заробак і пазбавілі матэрыяльна-тэхнічных умоў дзейнасці[3]. Па рашэнні Канстытуцыйнага суда 29 лістапада 1995 года былі праведзены паўторныя выбары ў акругах, дзе яны не адбыліся[3], другі тур адбыўся 10 снежня. У выніку паўторных выбараў колькасць выбраных дэпутатаў дасягнула 198 чалавек, чаго было дастаткова для правамоцнасці новага складу Вярхоўнага Савета[2].

У парламент новага складу не атрымалася патрапіць ніводнаму прадстаўніку Беларускага Народнага Фронту, які меў моцную апазіцыйную фракцыю ў Вярхоўным Савеце 12-га склікання[2]. Пры выбары Старшыні Вярхоўнага Савета акрэсліліся разыходжанні паміж Вярхоўным Саветам і прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, які прапаноўваў прызначыць Старшынёй Вярхоўнага Савета былога прэм’ер-міністра Вячаслава Кебіча, хоць вага апазіцыі ў складзе Вярхоўнага Савета 13-га склікання была меншай, чым у папярэднім складзе[4]. Паколькі пад уплывам «прэзідэнцкай вертыкалі» ў складзе Вярхоўнага Савета 13 склікання аказалася шмат прадстаўнікоў структур кіравання, кіраўнікоў калгасаў і саўгасаў і мала прафесійных палітыкаў і юрыстаў, новы парламент стаў праводзіць палітыку падтрымання рашэнняў Аляксандра Лукашэнкі[3]. Без тлумачэння прычын з Канстытуцыйнага суда былі адкліканы ўсе прапановы, якія паступілі ад папярэдняга старшыні Вярхоўнага Савета Мечыслава Грыба наконт канстытуцыйнасці ўказаў прэзідэнта[3].

Аднак дэмакратычна настроеныя дэпутаты аб’ядналіся ў адзіную фракцыю і пачалі аказваць заўважны ўплыў на рашэнні парламенту. Яны патрабавалі справаздачы прэзідэнта і ўраду пра выкарыстанне бюджэтных і пазабюджэтных сродкаў, узнімалі пытанні да міністраў, выступалі за строгае выкананне Канстытуцыі і законаў[3].

Улетку 1996 года Аляксандр Лукашэнка выступіў з ініцыятывай правядзення рэспубліканскага рэферэндуму і прыняцця новай рэдакцыі Канстытуцыі, дзе ўсе ўладныя паўнамоцтвы пераходзілі да прэзідэнта. Пад ціскам выканаўчай улады Вярхоўны Савет 6 верасня 1996 года прызначыў рэспубліканскі рэферэндум па чатырох пытаннях, аднак гэта рашэнне парламенту па прапанове спікера Сямёна Шарэцкага было разгледжана Канстытуцыйным судом на прадмет адпаведнасці Канстытуцыі. У выніку суд 4 лістапада 1996 года вынес рашэнне, што на абавязковы рэферэндум не можа выносіцца пытанне пра ўнясенне змен і дапаўненняў у Канстытуцыю[3]. У выніку рашэння Канстытуцыйнага суда Вярхоўны Савет змяніў сваю пастанову і прызнаў, што на абавязковы рэферэндум выносяцца толькі пытанні пра перанос Дня незалежнасці Рэспублікі Беларусь і пра выбарнасць кіраўнікоў мясцовых органаў улады[3]. Не згаджаючыся з рашэннем Канстытуцыйнага суда і Вярхоўнага Савета, Аляксандр Лукашэнка выдаў два ўказы, дзе насуперак Канстытуцыі і Закону «Аб народным галасаванні (рэферэндуме) у Рэспубліцы Беларусь» вызначыў парадак уступлення ў сілу рашэнняў рэспубліканскіх рэферэндумаў аб зменах і дапаўненнях Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, а таксама пра несапраўднасць рашэння Канстытуцыйнага суда[3].

73 дэпутаты Вярхоўнага Савета звярнуліся 19 лістапада 1996 года ў Канстытуцыйны суд з прапановай пра адхіленне Аляксандра Лукашэнкі ад пасады ў сувязі з шматлікімі выпадкамі парушэння ім Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь[3], якіх налічвалася 18 актаў[5]. У той жа дзень Канстытуцыйны суд распачаў справу «Аб парушэнні Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь А. Лукашэнкам Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь»[5], якую ён павінен быў разглядаць 22 лістапада.

Умяшанне Расіі[правіць | правіць зыходнік]

21 лістапада ў Мінск прыехалі прэм'ер-міністр Расіі Віктар Чарнамырдзін і яго намеснік Валерый Сяроў, старшыня Дзяржаўнай думы Расіі Генадзь Селязнёў і старшыня Савета Федэрацыі Расіі Ягор Строеў[6]. У ноч з 21 на 22 лістапада яны правялі перамовы з кіраўніцтвам Беларусі, у выніку чаго было падпісана «Пагадненне аб грамадска-палітычнай сітуацыі і канстытуцыйнай рэформе ў Рэспубліцы Беларусь». Пагадненне падпісалі прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, які абавязаўся скасаваць свае ўказы пра абавязковы рэферэндум у пытаннях змены і дапаўненняў Канстытуцыі; Старшыня Вярхоўнага Савета Сямён Шарэцкі, які мусіў забяспечыць адкліканне з Канстытуцыйнага суда звароту дэпутатаў; а таксама Старшыня Канстытуцыйнага суда Валерый Ціхіня, які абавязваўся спыніць справу аб парушэнні прэзідэнтам Лукашэнкам Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь[5]. Умяшанне Расіі ва ўнутраныя справы Беларусі не дазволіла дэпутатам ВС арганізаваць імпічмент Лукашэнку.

Падпісанне пагаднення не дазволіла Канстытуцыйнаму суду пачаць 22 лістапада года разгляд справы, выніковае пасяджэнне суду было прызначана на 26 лістапада. Разам з тым раніцай 26 лістапада былі абвешчаны вынікі рэспубліканскага рэферэндума, які пазбаўляў Вярхоўны Савет сваіх паўнамоцтваў, а Канстытуцыйны суд у новых умовах спыніў справу аб парушэнні Канстытуцыі Аляксандрам Лукашэнкам[5] пасля прыняцця пастановы Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пра адкліканне звароту дэпутатаў Вярхоўнага Савета з Канстытуцыйнага суда[4].

Разгон Вярхоўнага Савета[правіць | правіць зыходнік]

26 лістапада 1996 года пасля абвяшчэння вынікаў рэспубліканскага рэферэндума група дэпутатаў Вярхоўнага Савета, лаяльных да палітыкі кіраўніка дзяржавы, пад кіраўніцтвам намесніка Старшыні Вярхоўнага Савета Ю. Малумава прыняла закон «Аб спыненні паўнамоцтваў Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь трынаццатага склікання». Суддзя Канстытуцыйнага суда Рэспублікі Беларусь адзначае, што для прыняцця рашэння пра датэрміновае спыненне паўнамоцтваў Вярхоўнага Савета патрабуецца прынамсі дзве траціны галасоў ад ліку выбраных дэпутатаў, гэта значыць не менш за 134 галасы «за»[3]. Нягледзячы на гэта, 27 лістапада была сфарміравана Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, пасля чаго Аляксандр Лукашэнка падпісаў Закон «Аб спыненні паўнамоцтваў Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 13 склікання»[7].

Ляяльныя да прэзідэнта дэпутаты Вярхоўнага Савета 13-га склікання былі запрошаны ў Адміністрацыю Прэзідэнта, дзе 62 з 84 дэпутатаў у дзень абвяшчэння вынікаў рэферэндуму напісалі заяву з просьбай аб залічэнні ў Палату Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу[4].

50 дэпутатаў Вярхоўнага Савета 13-га склікання праігнаравалі прапанову напісаць заяву аб уключэнні іх у склад Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу, каля 70 дэпутатаў працягвалі пасяджэнне Вярхоўнага Савета адначасова са стварэннем новага парламенту. Ад імя прэзідыума Вярхоўнага Савета дэпутатамі была прынятая заява аб непрызнанні вынікаў рэферэндуму 1996 года. На наступны дзень, 28 лістапада, калі дэпутатамі былі прызначаны эканамічныя слуханні з удзелам найбуйнейшых партый, будынак Вярхоўнага Савета быў зачынены «на рамонт», і сход дэпутатаў Вярхоўнага Савета 13-га склікання канчаткова згубіў прыкметы парламенцкай сесіі[4].

1996—1999[правіць | правіць зыходнік]

Вярхоўны Савет страціў магчымасць выконваць заканадаўчыя і прадстаўнічыя функцыі, але быў прызнаны міжнароднай супольнасцю[4]. З лютага 1997 года дэпутаты Вярхоўнага Савета працягвалі сваю дзейнасць у якасці палітычных эспертаў і пачалі пераважна называць свае пасяджэнні «дэпутацкімі сходамі» замест былой назвы — «дэпутацкія сесіі». У гэты час максімальная колькасць дэпутатаў Вярхоўнага Савета не перавышала 50 чалавек[4].

Разам з тым, Вярхоўным Саветам была створана Камісія па прававой ацэнцы дзеянняў прэзідэнта, старшынёй якой быў абраны Віктар Ганчар. 14 кастрычніка 1997 года дэпутатамі была падтрымана справаздача камісіі і падпісаная заява аб немагчымасці выканання Аляксандрам Лукашэнкам прэзідэнцкіх паўнамоцтваў. Пастанова была прызначана стаць першым крокам ва ўзнаўленні працэдуры імпічменту прэзідэнта, таму наданне дэпутацкім сходам статусу паўнамоцтваў пасяджэнняў Вярхоўнага Савета мела прынцыповае значэнне. Група дэпутатаў на чале з Віктарам Ганчаром распрацавала пакет матэрыялаў для падрыхтоўкі і правядзення паўнамоцных пасяджэнняў Вярхоўнага Савета, сярод дэпутатаў пачаўся другі збор подпісаў за імпічмент, але пастанова аб пазбаўленні дэпутацкіх мандатаў членаў Палаты прадстаўнікоў была заблакавана камуністамі, аграрамі і часткай сацыял-дэмакратаў, у выніку чаго Вярхоўны Савет не змог прызнаць за сабой права збіраць парламенцкія сесіі[4].


Лагатып «Хартыі’97»

10 лістапада 1997 створана грамадзянская ініцыятыва «Хартыя’97», якая накіравана на праваабарончую дзейнасць і аб’яднанне палітычных сіл, апазіцыйных да палітыкі Аляксандра Лукашэнкі. Хартыя, складзеная па аналогіі з Хартыяй’77, дэкларацыяй, што абвясціла прынцыпы пераадолення таталітарызму і аднаўлення дэмакратыі ў Чэхаславакіі, канстатавала парушэнні правоў чалавека ў Беларусі, разбурэнне нацыянальнай культуры. Першымі Хартыю падпісалі 104 вядомыя ў краіне палітыкі, грамадскія і культурныя дзеячы, журналісты. З найбольш значных дзяржаўных дзеячаў сярод іх былі 2-ія міністр унутраных спраў Юрый Захаранка (1994—1995), міністр абароны Павел Казлоўскі (1992—1994), старшыня Нацыянальнага банка Станіслаў Багданкевіч (1991—1995) і старшыня ўрада Міхаіл Чыгір (1994—1996), міністр знешніх эканамічных сувязяў Міхаіл Марыніч (1994—1998), усе 3 старшыні Вярхоўнага Савета Станіслаў Шушкевіч (1991—1994), Мечыслаў Грыб (1994—1996) і Сямён Шарэцкі (1996). Пазней дакумент падпісалі больш за 100 000 грамадзян Беларусі[8].

Прэзідэнцкія выбары 1999 года[правіць | правіць зыходнік]

У 1999 годзе Вярхоўны Савет прызначыў выбары прэзідэнта Беларусі, паколькі паўнамоцтвы Лукашэнкі скончыліся ў гэтым годзе па Канстытуцыі 1994 года[9]. У склад зацверджанай Вярхоўным Саветам Цэнтральнай выбарчай камісіі на чале з Віктарам Ганчаром увайшлі прадстаўнікі БНФ, АГП, Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады, Беларускай асацыяцыі журналістаў, а таксама прафесійных саюзаў. Цэнтрвыбаркам быў вымушаны працаваць у паўпадполлі, не маючы сталага памяшкання. Афіцыйныя структуры не рызыкавалі мець адносіны з ЦВК, так як гэта магло пагражаць як найменш звальненнем працы, а ў горшым выпадку і прыцягненнем да крымінальнай адказнасці[10]. Галасаванне прыйшлося праводзіць па кватэрах. 19 мая 1999 года вынікі выбараў былі падведзены, але не апублікаваныя з-за цяжкасцей з арганізацыяй выбараў.

21 жніўня 1999 года дэпутаты Вярхоўнага Савета, верныя Канстытуцыі 1994 года, прызначылі Сямёна Шарэцкага выконваючым абавязкі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь[11][12].

Па сутнасці, спроба правесці выбары стала палітычнай акцыяй, якая паказала, што існуе неабходнасць ператварэнняў грамадства на падставе Канстытуцыі 1994 года. Адбылася актывізацыя беларускага грамадства і якасныя змены ў дэмакратычнай апазіцыі.

1999—2000[правіць | правіць зыходнік]

Віктар Ганчар

Увосень 1999 года крызіс, які ўзнік пасля выказванняў Зянона Пазняка на адрас старшыні ЦВК Віктара Ганчара, скончыўся расколам БНФ на дзве структуры: партыю БНФ пад кіраўніцтвам В. Вячоркі і Кансерватыўна-хрысціянскую партыю БНФ З. Пазняка. Дзейнасць самога Вярхоўнага Савета была дэзарганізавана ад’ездам яго старшыні Сямёна Шарэцкага ў Літву. Выконваць абавязкі старшыні ўзяўся Віктар Ганчар, але яго знікненне ў верасні 1999 фактычна паклала канец дзейнасці Вярхоўнага Савета.

Прэзідэнцкія выбары 2001 года[правіць | правіць зыходнік]

Прэзідэнцкія выбары адбыліся 9 верасня 2001 года. Аб’яднаная апазіцыя выставіла супраць А. Лукашэнкі адзінага кандыдата, прафсаюзнага дзеяча Уладзіміра Ганчарыка. Перамога А. Лукашэнкі была абвешчана ўжо пасля першага туру. Арганізацыя па бяспецы і супрацы ў Еўропе не прызнала легітымнасць выбараў з-за пераследу апазіцыі, байкоту апазіцыйнага кандыдата ў сродках масавай інфармацыі і фальсіфікацыяў вынікаў галасавання. Толькі Расія і некалькі аўтарытарных дзяржаў СНД прызналі легітымнасць выбараў.

Парламенцкія выбары і рэферэндум 2004 года[правіць | правіць зыходнік]

17 кастрычніка 2004 года адбыліся парламенцкія выбары, па выніках якіх у склад Палаты прадстаўнікоў не ўвайшоў ніводны прадстаўнік апазіцыі. Разам з выбарамі прайшоў рэферэндум, ініцыяваны Лукашэнкам, зняў канстытуцыйнае абмежаванне прэзідэнцтва двума тэрмінамі. Кансерватыўна-Хрысціянская Партыя — БНФ арганізавала байкот выбараў і рэферэндума[13].

2004—2006[правіць | правіць зыходнік]

Абласныя арганізацыі шэрагу апазіцыйных партый пазбавілі ўліку і зачынілі па прычыне неадпаведнасці патрабаванню аб пераўліку пад юрыдычным адрасам[14][15]. Таксама абмяжоўвалася дзейнасць няўрадавых аб’яднанняў. У 2005 годзе пазбавілі ўліку 68 НУА. З 1284 заявак таго ж года на ўтварэнне новых НУА Міністэрства юстыцыі задаволіла толькі 61 (5 %)[14].

У лістападзе 2004 года ў Літве прадстаўнікамі Еўрапейскай кааліцыі і Народнай кааліцыі «5+» было падпісана пагадненне аб утварэнні Аб’яднаных дэмакратычных сіл Беларусі (АДС).

Прэзідэнцкія выбары 2006 года[правіць | правіць зыходнік]

Аляксандр Мілінкевіч

На выбарах 2006 года ад кандыдатамі ў прэзідэнты Беларусі ад апазіцыі сталі Аляксандр Казулін, старшыня Сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада», і Аляксандр Мілінкевіч, вылучэнец ад апазіцыйнага Кангрэса дэмакратычных сіл. У час перадвыбарчай кампаніі чыноўнікі агітавалі за Лукашэнку і абмяжоўвалі агітацыю за апазіцыйных кандыдатаў — Казуліна і Мілінкевіча[16][17]. Ужываліся пагрозы звальнення і арышты членаў іх ініцыятыўных груп. Таксама ажыццяўлялася запалохванне журналістаў няўрадавых газетаў[18]. Мясцовыя органы ўлады канфіскоўвалі апазіцыйныя ўлёткі і штрафавалі за іх распаўсюджанне, а таксама заміналі сходам апазіцыі. Да 18 сакавіка 8 з 30 давераных асоб Аляксандра Мілінкевіча знаходзіліся пад вартаю або ў зняволенні, у тым ліку старшыня Партыі Беларускага народнага фронту Вінцук Вячорка і старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. Такія ж захады ўжылі да 80 удзельнікаў перадвыбарнае кампаніі Казуліна. Апазіцыйных агітавальнікаў, да таго ж, прыгняталі частымі спыненнямі для абшуквання[19].

2 сакавіка пры спробе рэгістрацыі на зладжаны ўрадам[19][20] 3-ці Усебеларускі народны сход гвалтоўна затрымалі Казуліна. Прысутных журналістаў таксама збілі. Да таго ж, стралялі па аўтамабілі члена перадвыбарнага штаба Казуліна Юрыя Радзівіла. Падчас затрымання Казуліна звінавацілі ў двух правапарушэннях, што падпадалі пад Крымінальны кодэкс.

На прэс-нарадзе 16 сакавіка старшыня Камітэту дзяржаўнае бяспекі, генеральны пракурор і міністр унутраных спраў заявілі, што апазіцыя рыхтуе сілавы захоп улады ў дзень выбараў, а ўдзельнікі пратэстаў у той дзень будуць лічыцца тэрарыстамі паводле артыкула 289 Крымінальнага кодэксу. Лукашэнка ў тэлезвароце 17 сакавіка пагражаў прыхільнікам апазіцыі пераследам. Яго перадвыбарчы штаб таксама пагражаў дабрабыту выбаршчыкаў, што бралі ўдзел у недазволеных агітацыйных сходах апазіцыі[19].

Джынсавая рэвалюцыя[правіць | правіць зыходнік]

19 сакавіка
Намётавы гарадок на Кастрычніцкай плошчы. 21 сакавіка

Увечары 19 сакавіка Казулін і Мілінкевіч заявілі прысутным на Кастрычніцкай плошчы Мінску 10 тысячам чалавек (усяго ў мітынгу паўдзельнічала каля 30 тысяч чалавек), што выбары не адпавядалі волевыяўленню народа, бо іх сфальсіфікавалі. Яны таксама запатрабавалі правядзення дэмакратычных выбараў 16 ліпеня 2006 года. Пасля ўдзельнікам было прапанавана прайсці да плошчы Перамогі, дзеля ўскладання кветак да помніку. Было таксама прапанавана на наступны дзень зноў прыйсці на плошчу. 20 сакавіка некалькі тысяч чалавек зноў сабраліся на плошчы разам з кандыдатамі ў прэзідэнты. Былі ўсталяваныя некалькі намётаў. Больш за 100 ўдзельнікаў і ўдзельніц акцыі пратэсту, уключаючы членаў штабоў кандыдатаў, былі затрыманы міліцыяй. 21 сакавіка Казулін адмовіўся працягваць удзел у акцыі пратэсту і заклікаў усіх пакінуць Кастрычніцкую плошчу і прыйсці на дэманстрацыю ў Дзень Волі (25 сакавіка). Але гэты заклік не быў падтрыманы іншымі. Аляксандр Мілінкевіч заявіў, што застанецца з моладдзю.

Нягледзячы на затрыманні, дэманстрацыя пратэсту працягвалася на плошчы 5 дзён, пакуль з 3:00 да 3:15 раніцы 24 сакавіка міліцыя не ліквідавала намётавы гарадок. 460 чалавек, якія знаходзіліся там, былі арыштаваны міліцыяй. Лукашэнка заявіў, што сам факт правядзення падобных акцый сведчыць пра дэмакратычнасць беларускага грамадства. За ўдзел ва ўсіх паслявыбарчых пратэстах затрымалі больш як 500 чалавек[21].

2006—2010[правіць | правіць зыходнік]

2627 мая 2007 года адбыўся Кангрэс дэмакратычных сіл Беларусі. На ім была прынятая «Малая Канстытуцыя Беларусі», «Эканамічная платформа» і «Стратэгія дэмакратычных сіл Беларусі». Сустаршынямі АДС былі абраны тагачасны лідар Партыі БНФ Вінцук Вячорка (адказны за інфармацыйна-мабілізацыйную і міжнародную працу), лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька (адказны за распрацоўку пазітыўнай альтэрнатывы), лідар Партыі камуністаў Беларускае Сяргей Калякін (адказны за структурнае будаўніцтва), лідар Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Анатоль Ляўковіч (адказны за выбарчыя кампаніі). У Палітычную Раду АДС увайшлі прадстаўнікі буйных партый Беларусі, грамадскага сектара, творчай інтэлігенцыі, прадпрымальнікаў.

9 сакавіка 2008 года «Малады Фронт», спасылаючыся на ідэйнае і структурнае раз’яднанне суб’ектаў АДС[22], выйшаў са складу гэта кааліцыі[23].

27 кастрычніка 2008 года «Еўрапейская кааліцыя» заявіла пра спыненне дзеяння дагавора аб утварэнні АДС, матывуючы гэта адыходам часткі суб’ектаў АДС ад прынцыпаў фарміравання кааліцыі[24].

Акцыі і кампаніі апазіцыі[правіць | правіць зыходнік]

Стаўленне грамадзян да апазіцыі[правіць | правіць зыходнік]

У ліпені 2009 года сацыялагічны цэнтр «Зеркало-инфо» правёў апытанне, паводле якога 40 % апытаных выказалі свой давер апазіцыі, 55 % — ураду. Пры гэтым апазіцыя атрымала самы высокі адмоўны рэйтынг (адказ «не давяраю зусім») — 34 %[25].

У чэрвені 2011 года, па даных зарэгістраванага ў Літве Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (НІСЭПД), колькасць беларусаў, якія не давяраюць Аляксандру Лукашэнку, перавысіла колькасць тых, хто яму давярае. З апытаных толькі 13,1 % выказалі давер палітычным партыям, у той час як 60,9 % адказалі, што ім не давяраюць. Пры гэтым у апазіцыі да цяперашняй улады лічаць сябе 16,9 % апытаных (у снежні таго ж года — 21,3 %). Лукашэнку давяралі 43,4 %, а не давяралі 43,2 % (у снежні 39,1 % супраць 49,1 %), пры гэтым яго электаральны рэйтынг к параўнанні са снежнем павялічыўся з 31,5 % да 33,4 % (у сакавіку 2010 — 34,5 %)[26].

У снежні 2013, па даных НІСЭПД, большасць беларусаў галасавала б за кандыдата, які не мае дачынення ні да ўлады, ні да апазіцыі. 15,8 % рэспандэнтаў выказалі давер апазіцыі, 63,4 % не давярае апазіцыі (у верасні — 15,3 % супраць 62,8 %). Толькі 13,9 % рэспандэнтаў прагаласавалі за прадстаўніка апазіцыі. Электаральны рэйтынг за Андрэя Саннікава склаў 3,2 % (у верасні было 3,1 %), Анатоля Лябедзькі — 0,7 % (1,4 %) , Віталя Рымашэўскага — 0,3 % (0,6 %), Уладзіміра Някляева — 7,1 % (5,2 %). Электаральны рэйтынг Аляксандра Лукашэнкі склаў 34,8 % (у верасні — 42,6 %)[27].

У сакавику 2016 года, па даных НІСЭПД, у апазіцыі да цяперашняй улады сябе лічылі 18 % апытаных. Пра гатоўнасць узяць удзел у акцыях супраць пагаршэння эканамічнага становішча заявілі 18,2 %. Рэйтынг апазіцыйных палітычных партый, адзначаецца ў даследаванні, дасягнуў мінімальнага значэння ў 11,3 %. Электаральны рэйтынг Таццяны Караткевіч склаў 6,9 % (у снежні 2015 года было 9,9 %, на прэзідэнцкіх выбарах у кастрычніку 2015 года — 15,7 %), Мікалая Статкевіча — 2,9 %, кожнага з астатніх апазіцыйных палітыкаў — менш як па 1 %. Прапанову групы палітыкаў правесці ў маі 2016 года кангрэс дэмакратычных сіл падтрымлівалі 21,8 % рэспандэнтаў, не падтрымлівалі — 54,2 %, абыякавымі да яе былі — 18,9 %. Электаральны рэйтынг Аляксандра Лукашэнкі знізіўся да 27,3 %[28].

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Постановление Верховного Совета Республики Беларусь от 20 июля 1990 г. №166-XII «Об избрании Конституционной комиссии» (руск.) 
  2. 2,0 2,1 2,2 2,3 2,4 КАМПАНИЯ ПРОШЛА ПОД ЗНАКОМ КОНФРОНТАЦИИ ВЕТВЕЙ ВЛАСТИ // Naviny.by. Белорусские новости, 14 мая 1995 г.
  3. 3,00 3,01 3,02 3,03 3,04 3,05 3,06 3,07 3,08 3,09 3,10 М. И. Пастухов. Какой парламент в Беларуси «правильный»? // Журнал «ПРАВО И ПОЛИТИКА» № 5, 2001 [1]
  4. 4,0 4,1 4,2 4,3 4,4 4,5 4,6 Ірына ЕКАДУМАВА, Палітычная сістэма Беларусі з 1996 па 2000 год. Працэс раздваення органаў улады ў выніку канстытуцыйнага крызісу лістапада 1996
  5. 5,0 5,1 5,2 5,3 Аляксандр ВАШКЕВІЧ, Міхаіл ПАСТУХОЎ, Палітычная сістэма Беларусі з 1996 па 2000 год. Канстытуцыйны суд і канстытуцыйны крызіс 1996 г.
  6. «Ноч здрадніцтва» 14 гадоў таму // Радыё Свабода, 22 лістапада 2010 г.
  7. ЗАКОН РЕСПУБЛИКИ БЕЛАРУСЬ 27 ноября 1996 г. № 821-XIII «О прекращении полномочий Верховного Совета Республики Беларусь тринадцатого созыва»(руск.) 
  8. Віншуем Хартыю’97 з юбілеем!
  9. Прэзідэнцкія выбары 1999 // Радыё «Свабода»
  10. Андрэй Ляховіч. Раздзел 2. Палітычная сістэма Беларусі з 1996 па 2000 год — Альтэрнатыўныя прэзідэнцкія выбары мая 1999 года: ініцыятары, ход правядзення, палітычныя наступствы
  11. Политики 1994-го. Где они сегодня? // TUT.by
  12. Семен ШАРЕЦКИЙ: «Я не горю желанием вернуться…» // ЭМИГРАНТЫ, Народная воля
  13. Зянон Пазняк Беларуская палітыка — лета 2003. Беларуская Салідарнасць (29 сакавіка 2011).
  14. 14,0 14,1 Выніковая справаздача Місіі БДІПЧ АБСЕ па назіранні за прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі 19 сакавіка 2006 г. Старонка 6 // Сайт АБСЕ. 7 чэрвеня 2006.
  15. Альгерд Невяроўскі. Партыя працы ліквідаваная рашэннем Вярхоўнага суда Беларусі // Радыё «Свабода». 3 жніўня 2004.
  16. Выніковая справаздача Місіі БДІПЧ АБСЕ па назіранні за прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі 19 сакавіка 2006 г. Старонкі 14—15 // Арганізацыя па бяспецы і супрацы ў Еўропе. 7 чэрвеня 2006.
  17. Крымінальны пераслед грамадзян Беларусі па палітычных матывах падчас прэзідэнцкай выбарчай кампаніі 2006 г. // Праваабарончы цэнтр «Вясна». 13 сакавіка 2006.
  18. Выніковая справаздача Місіі БДІПЧ АБСЕ па назіранні за прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі 19 сакавіка 2006 г. Старонка 15 // Сайт АБСЕ. 7 чэрвеня 2006.
  19. 19,0 19,1 19,2 Выніковая справаздача Місіі БДІПЧ АБСЕ па назіранні за прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі 19 сакавіка 2006 г. Старонка 17 // Арганізацыя па бяспецы і супрацы ў Еўропе. 7 чэрвеня 2006.
  20. Указ прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 21 // Звязда. №10 (25599), 17 студзеня 2006 г.
  21. Выніковая справаздача Місіі БДІПЧ АБСЕ па назіранні за прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі 19 сакавіка 2006 г. // Арганізацыя па бяспецы і супрацы ў Еўропе. 7 чэрвеня 2006
  22. http://mfront.net/content.php?content.894
  23. http://www.nn.by/index.php?c=ar&i=15817
  24. http://www.bsdpng.info/modules.php?name=News&file=view&news_id=533
  25. Каму давяраюць беларусы
  26. Беларусы не надта давяраюць апазіцыйным партыям, прэзідэнту і нават адзін аднаму
  27. 15 % апытаных беларусаў згодныя: Размаўляеш па-расейску — страляеш у свой народ
  28. НІСЭПД: Электаральны рэйтынг Лукашэнкі знізіўся да 27,3 %

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]