Беларуская бібліятэка і музей імя Францішка Скарыны

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Беларуская бібліятэка і музей імя Францішка Скарыны
Краіна
Тып арганізацыі бібліятэка, музей і некамерцыйная арганізацыя
Заснаванне
Дата заснавання 1971
skaryna.org
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Беларуская бібліятэка і музей імя Францішка Скарыны (англ.: The Francis Skaryna Byelorusian Library and Museum) — грамадска-культурны асяродак у Лондане, у 1979 годзе атрымаў статус «незалежнай навукова-харытатыўнай установы» і з’яўляецца «ўласнасцю ўсіх беларусаў».

Адкрыты для ўсіх, хто цікавіцца беларусістыкай незалежна ад нацыянальнасці. Аб’ядноўвае беларускіх эмігрантаў і англійскіх вучоных-беларусістаў. Існуе пераважна на ахвяраванні, на працэнты ад іх укладаў у банк.

Аснову бібліятэкі склалі прыватныя зборы беларускіх святароў Часлава Сіповіча і Льва Гарошкі, якія пераехалі ў Лондан адпаведна з Рыма (1948) і Парыжа (1958). Яе афіцыйнае адкрыццё ў асобным будынку (Холдэн роуд, 37, раён Фінчлі) адбылося 15 мая 1971 года (мемарыяльную дошку адкрыў прафесар славянскай філалогіі Оксфардскага ўніверсітэта Р. Оці).

Бібліятэка і музей займаюць 8 пакояў, у якіх захоўваецца каля 40 тыс. тамоў кніг і камплектаў газет і часопісаў. Сярод іх фрагмент першай кнігі «Царствы» Ф. Скарыны, куплены на аўкцыёне бібліятэкі С. Дзягілева ў Монтэ-Карла, Статут Вялікага княства Літоўскага 1588, рэдкія беларускія выданні, надрукаваныя ў Куцейне, Вільні і Супраслі, першадрукі зборнікаў М. Багдановіча, К. Буйло, М. Гарэцкага, Я. Купалы, М. Танка, Ядвігіна Ш. і іншых беларускіх пісьменнікаў, першавыданні прац гісторыкаў А. Гваньіні, А. Каяловіча і інш., творы эмігранцкіх аўтараў. У калекцыі рукапісаў аўтографы Я. Коласа, Я. Купалы (паэма «Курган»), 24 старабеларускамоўныя дакументы 1499—1682 гадоў. Асобна зберагаюцца архівы Пінскага праваслаўнага духоўнага праўлення (каля тысячы дакументаў), кампазітара М. Куліковіча-Шчаглова, калекцыя старых карт. У музейных пакоях экспануюцца ўзоры беларускага народнага ткацтва і вышыўкі, 2 слуцкія паясы і сшыты з паясоў арнат, сельскагаспадарчыя і хатнія прылады, калекцыя манет ВКЛ і інш. Вывешаны жывапісныя і графічныя работы К. Каганца, Б. Малкіна, П. Сергіевіча, мастакоў-эмігрантаў В. Жаўняровіча, П. Мірановіча, М. Наўмовіча, М. Паўлюкоўскага, М. Саўкі-Міхальскага і інш.

Бібліятэка вядзе выдавецкую дзейнасць («Пантыфікальная літургія» XVII ст., зборнік вершаў М. Багдановіча, А. Гаруна і 3. Бядулі ў арыгінале і англійскім перакладзе і інш.), праводзіць навуковыя канферэнцыі, прысвечаныя юбілеям дзеячаў беларускай культуры (Я. Купала і Я. Колас, Ф. Скарына, В. Ластоўскі, I. і А. Луцкевічы), праблемам гістарычнай спадчыны, рэлігійнага жыцця, арганізуе штогадовыя курсы лекцый па беларусазнаўству, сустрэчы з гасцямі з Беларусі, вечары паэзіі. 3 асяродкам цесна супрацоўнічае Англа-беларускае таварыства.

Узначальвае бібліятэку рада, якая складаецца з дзеячаў беларускай эміграцыі і брытанскіх беларусазнаўцаў.

У кастрычніку 2023 года Telegram-канал бібліятэкі і музея імя Францішка Скарыны ў Лондане быў прызнаны «экстрэмісцкім» па рашэнні суда Лідскага раёна[1].

Архіўныя фонды[правіць | правіць зыходнік]

Рукапісы[правіць | правіць зыходнік]

Асобную групу матэрыялаў складаюць дакументы з архіваў Рады БНР. Сярод іх рукапісная праца Васіля Захаркі «Галоўныя мамэнты Беларускага Руху» (апублікавана ў «Запісах БІНіМ»[2], а таксама некалькі арыгінальных лістоў даваенных дзеячаў БНР[3].

Зноскі

  1. Telegram-канал бібліятэкі і музея імя Францішка Скарыны ў Лондане прызнаны «экстрэмісцкім». Што трэба ведаць пра легендарную Скарынаўку. Будзьма беларусамі!.
  2. Захарка, В. Галоўныя моманты беларускага руху // Запісы БІНІМ. — 1999. — № 24. — С. 5—87.
  3. Гардзіенка, Н. Беларусы ў Вялікабрытаніі / Наталля Гардзіенка; пад рэд. А. Гардзіенкі. — Мн.: Медысонт, 2010. — 620 с. — С. 443. — (Бібліятэка Бацькаўшчыны; кн. 18). ISBN 978-985-6887-63-8

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]