Беларуская газета (1933)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
«Беларуская газета»
Тып газета
Заснавана 8 чэрвеня 1933
Спыненне публікацый 30 студзеня 1934
Палітычная прыналежнасць Камуністычная партыя Заходняй Беларусі
Мова беларуская
Галоўны офіс

«Беларуская газета» — неафіцыйны орган КПЗБ, які легальна выдаваўся ў Заходняй Беларусі на беларускай мове ў Вільні з 8 чэрвеня 1933 да 30 студзеня 1934, у час т. зв. «жэста ўзаемапавагі» польскіх улад да СССР пасля падпісання ў 1932 годзе пакта аб ненападзе, калі часова на землях Заходняй Беларусі крыху аслаб тэрор. Рэдактар-выдавец А. Карповіч, кіраўнікі — прадстаўнікі ЦК КПЗБ Я. Міско (падп. псеўданім «Лазар», да № 6), В. Таўлай («Васіль»), А. Зубовіч («Юрка»), В. Эпштэйн («Даніла»), С. Бергман.

Прапагандавала сацыялізм, уз'яднанне Заходняй Беларусі з БССР, выступала супраць фашызацыі грамадскага жыцця ў Польшчы, нацыянальнага ўціску, крытыкавала палітыку і дзейнасць беларускай санацыі, Беларускай хрысціянскай дэмакратыі і іншых партый і груповак. Актыўна абараняла інтарэсы працоўных Заходняй Беларусі, пісала пра бяспраўе ў Вільні, забастоўкі беластоцкіх тэкстыльшчыкаў, работу Таварыства беларускай школы і інш.

Вялікую ўвагу аддавала пытанням міжнароднага жыцця, выкрывала нацызм (арт. «У краіне свастыкі», «Гітлер — Еўропа — Мы»), шырока асвятляла судовы працэс над Г. Дзімітровым. У нумарах 8 і 10 мела літаратурныя старонкі. Друкавала творы М. Васілька, П. Граніта, Ф. Грышкевіча, А. Дубровіча, М. Засіма, А. Іверса, В. Канцавога, П. Пестрака, П. Радзюка, М. Танка, В. Таўлая, Я. Чабора, М. Явара і інш. Па ініцыятыве рэдакцыі газета 10 снежня 1932 у Вільні быў скліканы нелегальны з'езд заходнебеларускіх пісьменнікаў, на якім створаны Літаратурны фронт сялянска-рабочых пісьменнікаў Заходняй Беларусі. Разам з тым, у асобных матэрыялах (арт. «Адкрытымі вачыма», 19 студзеня 1934, і інш.), слепа верачы інструкцыям з-за савецкага кардону, апалагетычна ўслаўляючы «шчаслівае» жыццё беларусаў у БССР, «пільную» рэвалюцыйную дзейнасць камуністычнай партыі, «Беларуская газета» скочвалася на артадаксальна-бальшавіцкія пазіцыі, займалася па сутнасці паклёпам на грамадска-палітычных і культурных дзеячаў Заходняй Беларусі I. Дварчаніна, Р. Шырму, С. Рак-Міхайлоўскага, П. Мятлу, А. Гаўрылюка, П. Валошына, М. Бурсевіча, М. Кахановіча і інш., на некаторыя грамадскія арганізацыі, напрыклад, ТБШ, якое быццам бы пэўныя сілы спрабавалі «ўцягнуць... на шлях супрацоўніцтва з паланізатарскімі арганізацыямі».

Асобныя нумары і артыкулы газеты канфіскоўваліся ўладамі Польшчы. На 17-м нумары забаронена. Найбольш актыўныя супрацоўнікі газеты Дубровіч, Карповіч, Міско, Таўлай, Чабор арыштаваны і пасля 2-гадовага следства засуджаны.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]