Беларуская дзіцячая літаратура

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці

Белару́ская дзіця́чая літарату́ралітаратура на беларускай мове, прызначаная для дзяцей і падлеткаў, іх выхавання і адукацыі праз мову мастацкіх вобразаў.

Бярэ свой пачатак з даўніх часоў ад дзіцячага фальклору (казкі, калыханкі, прыгаворы, загадкі, песні, дзіцячыя гульні і г. д.). Станаўленне, як жанру літаратуры, адносіцца да XVI стагоддзя, часу ўзнікнення беларускага кнігадрукавання. Спачатку развіваецца пераважна як літаратура рэлігійнай скіраванасці. Больш выразна накіраванасць на дзіцячую аўдыторыю фарміруецца ў XIX стагоддзі. Найбольшы росквіт адносіцца да XX стагоддзя, калі зарадзіўся і стаў развівацца рух беларускага нацыянальнага адраджэння. У гэты час дзіцячая літаратура ўзбагацілася новымі яркімі імёнамі, жанрамі і творамі, якія даходзілі да юнага чытача праз дзіцячыя газеты, часопісы, кнігі, сцэнічныя пастаноўкі. Багата развіваецца і ў XXI стагоддзі, папаўняючыся не толькі новымі імёнамі і яркімі творамі, але і новымі формамі падачы матэрыялу з дапамогай сучасных сродкаў і інавацый.

Станаўленне беларускай дзіцячай літаратуры праз беларускі дзіцячы фальклор[правіць | правіць зыходнік]

Вытокі беларускай дзіцячай літаратуры ляжаць у вуснай народнай творчасці. Вусна-паэтычная творчасць на Беларусі з даўніх часоў спрыяла выхаванню высокіх грамадскіх ідэалаў, здаровых маральных прынцыпаў і мастацкага густу народа. Гэтую ж функцыю выконваў і дзіцячы фальклор[1]. Тэрмін «дзіцячы фальклор» з'явіўся ў пачатку ХХ стагоддзя[2][K 1]. Пад яго паняццем разумелася тая частка вусна-паэтычнай творчасці, якая была даступнай, цікавай і карыснай у павучальным плане самім дзецям, і адпавядала пэўным асаблівасцям іх узроставага ўспрымання. Але карані дзіцячага фальклору ляжаць значна глыбей, і яго жанры часцяком звязаны з замоўнай паэзіяй. У дзіцячым фальклоры можна вылучыць тры асноўныя групы, якія склаліся гістарычна і замацаваліся ў фалькларыстыцы:

  1. творы, якія складаліся спецыяльна для дзяцей (забаўлянкі, калыханкі, песні, дзіцячыя гульні, некаторыя казкі, пястушкі і т. п.);
  2. творы, якія страцілі сваё значэнне для дарослых і перайшлі да дзяцей (прыгаворы, загадкі, лічылкі, заклічкі, казкі, некаторыя песні, гульні і пад.);
  3. творы, якія прыдумалі самі дзеці[2].

Такім чынам тэрмін «дзіцячы фальклор» робіцца вельмі шырокім. Бо ён аб'ядноўвае ў сабе ўсе віды вуснай народнай паэзіі, створанай дарослымі для дзяцей, а таксама і творчасць саміх дзяцей. Сюды ж уваходзяць і тыя творы, якія хоць спачатку і ствараліся для дарослых, але з цягам часу так ці інакш перайшлі ў разрад творчасці для дзяцей[4].

Гісторыя збірання і вывучэння дзіцячага фальклору пачынаецца ў першай палове XIX стагоддзя. Найбольш раннімі з'яўляюцца запісы Яна Чачота[5] і Аляксандра Рыпінскага[6]. У іх працах можна знайсці хай і не шматлікія, але прыклады беларускіх калыханак і дзіцячых песень. Вельмі каштоўныя і дастаткова поўныя калекцыі дзіцячага фальклору пакінулі П. В. Шэйн, Е. Р. Раманаў, М. А. Федароўскі, У. М. Дабравольскі. П. В. Шэйн уключыў у свае зборнікі «Беларускія народныя песні» (1874 г.) і «Матэрыялы для навучання быту і мовы рускага насельніцтва Паўночна-Заходняга краю» (1887 г.) калыханкі, забаўлянкі, дражнілкі, рознага зместу дзіцячыя песні, а таксама апісанні гульняў з адпаведнымі ім песнямі і лічылкамі. У гэтыя працы ўвайшло звыш 100 узораў творчасці для дзяцей[7].

Таксама багата прадставіў дзіцячы фальклор Е. Р. Раманаў у I—II выпусках «Беларускага зборніка» (1886 г.), прысвечанага народным песням[7]. А ў VIII выпуску ён змясціў звыш 70 апісанняў беларускіх гульняў і забаў, якія суправаджаюцца песенькамі. М. А. Федароўскі ў V томе сваёй працы «Lud białoruski» (1958 г.) падаў багаты песенны матэрыял: калыханкі, дзіцячыя песенькі і прыпеўкі, апроч таго — дражнілкі і забаўлянкі. У. М. Дабравольскі ў працы «Смаленскі этнаграфічны зборнік» (1903 г.) змясціў калыханкі, дзіцячыя песні, дражнілкі, апісанне гульняў, дзіцячыя прыгаворы, заклічкі. З найбольш поўных збораў дзіцячага фальклору трэба адзначыць запісы С. П. Сахарава. У яго зборніку «Народная творчасць Латгальскіх і Ілукстэнскіх беларусаў» (1940 г.) багата песень, апісанняў гульняў, карагодаў і іншых жанраў дзіцячага фальклору[8].

Пісьменнік Васіль Вітка, які таксама цікавіўся дзіцячым фальклорам і яго літаратурнай апрацоўкай, у сваёй кнізе «Дзеці і мы» (1977 г.) адвёў гэтай тэматыцы асобны раздзел — «Дыялогі з унукамі». На пытанне — што ж такое дзіцячы фальклор? — сам Васіль Вітка адказвае так: «Гэта і мастацтва, і літаратура, і самая дасканалая педагогіка»[2]. А даследчыца дзіцячага фальклору Т. В. Зуева адзначала: «Дзіцячы фальклор — спецыфічная галіна мастацкай творчасці, якая мае, у адрозненне ад фальклору дарослых, сваю паэтыку, свае формы бытавання і сваіх носьбітаў. Агульная родавая прыкмета дзіцячага фальклору — суаднясенне мастацкага тэксту з гульнёй»[9][1].

Зараджэнне беларускай літаратуры для дзяцей. XVI стагоддзе[правіць | правіць зыходнік]

Першы аркуш Псалтыра, біблейскай кнігі старазапаветнага цыклу, выдадзенага Ф. Скарынам (6.8.1517, Прага)

З узнікненнем беларускага кнігадрукавання пачалі распаўсюджвацца і вучэбныя кнігі. Першымі такімі кнігамі былі «Псалтыр» Францыска Скарыны (1517 г., «Детям малым початок всякое доброе науки…»), «Катэхізіс» Сымона Буднага (1562 г., кніга для дарослых і падручнік для дзетак), «Наука ку читаню и розуменю писма словенского» Лаўрэнція Зізанія (1596 г.)[10].

XVII стагоддзе[правіць | правіць зыходнік]

Верш С. Полацкага у форме зоркі «Шчырапрывітанне цару Аляксею Міхайлавічу з нагоды нараджэння царэвіча Сімеона» 1680

Першыя старонкі беларускай (ды і рускай) дзіцячай паэзіі звязаны з імем Сімяона Полацкага[11]. Яе нараджэнню спрыяла яго актыўная педагагічная дзейнасць — пасля вучобы ў Кіева-Магілянскім калегіуме атрымаў званне «дыдаскала» (настаўніка), пасля чаго працаваў настаўнікам брацкай пачатковай школы пры Богаяўленскім манастыры Полацка. На выпадкі грамадскіх і царкоўных урачыстасцей ён даваў вучням заданні складаць вершы. Ён і сам складаў дэкламацыі — панегірычныя вершы, якія былі прызначаны для публічнага выканання адным або некалькімі вучнямі, напрыклад — прывітальныя вершы на прыезд цара Аляксея Міхайлавіча ў Полацк і Віцебск былі разлічаны на чытанне дванаццаццю «отракамі». Большасць яго вершаў на польскай і лацінскай мовах можна аднесці да так званай «школьнай паэзіі», якая ўяўляла сабой выклад тагачаснай універсітэцкай навукі сілабічным вершам. Пад час свайго знаходжання ў Маскве пры царскім двары ён заснаваў так званую «Верхнюю друкарню». І сярод першых надрукаваных у ёй кніг быў падручнік для дзяцей «Букварь языка славенска»[12].

XVIII стагоддзе[правіць | правіць зыходнік]

У XVIII стагоддзі з'яўляюцца такія драматургічныя творы, як школьная драма-маралітэ, інтэрмедыя, камедыя і батлейка. Большасць школьных драм былі напісаны на польскай альбо царкоўнаславянскай мовах, і не мелі моцнага ўплыву на вучнёўскае ўспрыманне. Але дзякуючы ім з'явіліся інтэрмедыі, якія пісаліся пераважна самімі навучэнцамі, якія былі знаёмыя і з мясцовым фальклорам і валодалі гутарковай мовай. Персанажамі такіх інтэрмедый былі: студыёзус (студэнт), вучоны-літаратар, вучань-уцякач, селянін, літвін, шляхціч, маскаль, яўрэй, чорт, драгун[13]. Інтэрмедыі былі папулярныя сярод вучнёўскай моладзі і стымулявалі да літаратурнай творчасці на роднай мове. На аснове інтэрмедыі ўзнікла камедыя, якая ўзяла ад школьнай драмы павучальна-рэлігійны змест, а ад інтэрмедыі і народнай драмы сатырычнае гучанне, гумар, займальную фабулу, і хуткае развіццё дзеяння. Усё гэта з'явілася каштоўным матэрыялам і для батлейкавай драмы. Адна з найбольш папулярных батлеечных пастановак была сцэнка пра Мацея і лекара-шарлатана, якая непасрэдна была звязана з інтэрмедыяй «Мацей і лекар-шарлатан»[14].

XIX стагоддзе[правіць | правіць зыходнік]

У пачатку XIX стагоддзя з'яўленне кожнага новага твора ў беларускай літаратуры было сапраўднай грамадскай падзеяй[15]. Таму адзіны з твораў Паўлюка Багрыма, якому пашанцавала дайсці да нас, з'яўляецца вельмі каштоўным увогуле як для беларускай літаратуры, так і для дзіцячай у прыватнасці. Адзіны з яго вершаў «Зайграй, зайграй, хлопча малы…» захаваўся дзякуючы публікацыі ў кнізе «Аповесць майго часу» (Лондан, 1854 г.) польскага літаратара Ігнація Яцкоўскага[K 2]. Верш вылучаўся паэтычнасцю і глыбокім грамадзянскім зместам. Герой верша, дзіця, у ім шкадуе, што не можа навек застацца малым дзіцём і не бачыць пакут родных і блізкіх. У сваіх вершах Паўлюк Багрым падымаў тэму абяздоленага дзяцінства, а таксама ужываў фальклорныя матывы і нацыянальны каларыт[10]. Так у вершы паэт узгадвае пра павер'е, што калі кажан сядзе на галоўку дзіцяці, то яно перастане расці[16].

«Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях», Ян Баршчэўскі. Вокладка выдання 1884 года

Фалькларыст Міхаіл Дзмітрыеў, які займаўся збіраннем беларускай вусна-паэтычнай творчасці, міфалагічных легенд, апісваў народныя звычаі і цікавіўся жывой беларускай мовай, выдаў зборнікі беларускай паэзіі «Вопыт збірання песень і казак сялян Паўночна-Заходняга краю» (1868 г.) і «Збор песень, казак, абрадаў і звычаяў сялян Паўночна-Заходняга краю» (1869 г.). У дадзеныя зборнікі увайшлі 277 сямейна-бытавых, каляндарна-абрадавых і пазаабрадавых песень, 8 казак і апісанні абрадаў[17].

У XIX стагоддзе для дзяцей пісалі Францішак Багушэвіч, які ў свой час казаў пра неабходнасць стварэння кніжак для дзяцей на роднай мове. Сувязь з фальклорам была адной з характэрных асаблівасцей яго творчасці[18]. Самым блізкім да дзіцячага фальклору можна назваць яго верш «Калыханка». А ў аснове яго паэмы «Кепска будзе!» закладзены драматычны лёс хлопчыка, які з ранніх гадоў пазнаў сіроцтва і несправядлівасць улад. Гэты твор выхоўвае спачуванне, міласэрнасць і неабыякавасць да цяжкай долі. Мае сацыяльны падтэкст і яго байка «Воўк і авечка», у якой у вобразе ваўка выступае аканом, які адпраўляе сына сялянкі ў рэкруты[19].

Думку пра «сонца навукі» для дзяцей выказаў у вершы «Роднай старонцы» Янка Лучына[18]. Прыдатнай для дзіцячага чытання можна лічыць і творчасць Яна Баршчэўскага. Найбольш вядомы яго польскамоўны празаічны збор беларускіх народных апавяданняў і казак у літаратурнай апрацоўцы «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях», які ў XIX стагоддзі быў надзвычай папулярны[16]. Беларускамоўны пераклад легенды са зборніка быў апублікаваны ў віленскай газеце «Гоман». У творы вельмі прыкметна цяга аўтара да «страшнай» фантастыкі і містыкі, што прыцягвае прагнага да казачных цудаў падлетка. У сучасных умовах захаплення жанрам фэнтэзі гэты мастацкі твор вабіць беларускамоўных юнакоў і дзяўчат сваёй таямнічай загадкавасцю, аповедам пра лесуноў, ваўкалакаў, ведзьмакоў, русалак. Сучаснікі ж пісьменніка былі схільны ў апавяданнях Баршчэўскага бачыць «беларускі гафманізм» (ад імя нямецкага казачніка Гофмана), з яго сімволіка-фантастычнай формай паказу барацьбы светлых ды цёмных сіл, высакародства ды хцівасці[20].

У рамантычным кірунку развівалася і паэзія Яна Чачота, які займаўся збіраннем фальклору і ўвасабляў фальклорныя сюжэты ў мастацкім слове[20]. Мовазнавец і фалькларыст XX стагоддзя Кастусь Цвірка адзначаў, што творчасць такіх дзеячаў таго часу, як Ян Баршчэўскі, Ян Чачот, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч стала «прадвеснем нашага нацыянальнага адраджэння» і, адпаведна, дзіцячай літаратуры. А за імі крочылі такія майстры слова, як Францішак Багушэвіч, Адам Гурыновіч, Янка Лучына[21]. У другі парэформенны перыяд умовы для развіцця беларускай літаратуры значна пагоршыліся. Гэтаму прычынай быў вялікадзяржаўны ўціск пасля паўстання 1863—64 гадоў. Беларускае кнігадрукаванне было забаронена. Паплечнік генерала Мураўёва-вешальніка Іван Карнілаў, які ў тыя часы ўзначальваў Віленскую вучэбную акругу, і іншыя прадстаўнікі царскай улады, ставілі сваёй галоўнай задачай русіфікацыю краю[21]. І толькі у канцы XIX стагоддзя зноў на беларускай зямлі загучаў беларускі верш — верш паэта-дэмакрата і асветніка Францішка Багушэвіча, намаганнямі якога беларускае слова было пастаўлена ў адзін шэраг з іншымі еўрапейскімі мовамі[22].

XX стагоддзе[правіць | правіць зыходнік]

Пачатак XX стагоддзя[правіць | правіць зыходнік]

«Беларускі лемантар» — першая кніга для навучання дзяцей на беларускай мове, 1906 г.

Пачатак XX стагоддзя адзначыўся беларускім культурна-нацыянальным адраджэннем, якое пашырылася пасля рэвалюцыі 1905 года[23]. У гэты час пачалі адкрывацца нацыянальныя школы, быў легалізаваны беларускі друк (пачалі выходзіць такія газеты як «Наша доля» і «Наша ніва»). У 1906 годзе выходзіць першая кніга для навучання дзяцей на роднай мове «Беларускі лемантар» (аўтар невядомы)[18].

Але ў той жа час адчуваўся недахоп менавіта мастацкай літаратуры на роднай мове, асабліва для дзяцей і падлеткаў. З гэтай прычыны Аляксандр Уласаў (былы рэдактар «Нашай Нівы») звярнуўся да мінскага губернатара з прашэннем «дазволіць выданне беларускамоўнага месячніка для дзяцей і моладзі „Лучынка»[24]. Першы нумар гэтага літаратурнага і навукова-папулярнага выдання ўбачыў свет у 1914 годзе (рэдактар Аляксандр Уласаў). А першы яго нумар адкрываўся вершам Цёткі «Лучынка». Гэтая аўтарка і вызначыла мэту часопіса ў звароце «Да вясковай моладзі беларускай», надрукаваным у другім нумары: «Лучынка будзе старацца заглянуць у кожны куток нашай Беларускай Старонкі, пазнаць усе яе балючкі, паказаць іх Табе, Моладзь, растлумачыць, якім спосабам з гэтых балючак вылячыць Родную Старонку»[25]. Алаіза Пашкевіч (Цётка) падняла праблему выхавання ў юнага пакалення любові да роднага слова. Яе асветніцкая дзейнасць адыграла пэўную ролю ў станаўленні літаратуры для дзяцей. У 1906 годзе выйшла яе кніга вершаў «Першае чытанне для дзетак беларусаў», у якой яна закранула тэму жыцця беларускай вёскі. Таксама яна надавала ўвагу фальклорнай тэматыцы (казкі, прыказкі, загадкі, прыпеўкі), закранала маральна-этычную праблематыку (кніга «Гасцінец для малых дзяцей», 1906 г.). Цётка стала пачынальніцай навуковай белетрыстыкі для дзяцей (пісала артыкулы на старонках часопіса «Гутаркі аб птушках»: «Жаваранак», «Пералётныя птушкі» і інш.)[18].

А ў літаратуру прыходзяць такія будучыя класікі беларускай літаратуры, як Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч. У 1909 годзе Якуб Колас напісаў навучальны дапаможнік «Другое чытанне для дзяцей беларусаў», у якім у вершах паэтызаваў прыроду, апісваў вясковы побыт[18]. Закладае фальклорную аснову Колас у сваю павучальную казку «Дзед і мядзведзь» (1918 г.)[26]. Фальклорная першааснова была закладзена і ў арніталагічны цыкл вершаў Кандрата Лейкі («Сарока», «Бусел» «Журавель» і інш.) — пачынальніка нацыянальнай драматургіі для дзяцей[27]. Пісаў песенна-лірычныя творы для дзяцей, а таксама казкі, Карусь Каганец («Журавель і чапля», «Ваўчок», «Адкуль зязюля ўзялася»). Вялікую ўвагу пытанням школьнага навучання надаваў Вацлаў Ластоўскі («Родныя зярняты», 1915 г.; «„Незабудка“ — першая пасля лемантара чытанка», 1918 г.; «„Сейбіт“ — другая пасля лемантара чытанка», 1918 г.). У яго творах прасочваліся таксама і фальклорныя матывы («Варона і рак», «Пра зязюлю», «Зайчык», «Бяздоннае багацце»)[27].

Звяртаўся да фальклорных матываў і Максім Багдановіч, які далучае дзяцей да асноў маралі ў сваёй казцы «Мушка-зелянушка і камарык — насаты тварык» (1915 г.)[27].

20-я — 40-я гады XX стагоддзя[правіць | правіць зыходнік]

У пачатку 1920-х гадоў разгортваецца перыядычны друк для дзяцей. Першым беларускамоўным выданнем для дзяцей пасля рэвалюцыі стаў часопіс «Зоркі» (1921—22 гг.)[K 3][28]. На змену «Зоркам» са снежня 1924 года прыходзіць «Беларускі піянер»[K 4] (1924—29 гг.); выходзіць газета «Піянер Беларусі» (з 1929 г.)[27].

Выказвае пашану да роднай мовы ў зборніку «Матчына мова» (1918 г.) Алесь Гарун. Пішуць свае першыя юнацкія аповесці Міхась Чарот («Свінапас», 1924 г.), Анатоль Вольны («Два», 1925 г.). Пісьменнікі Андрэй Александровіч, Анатоль Вольны і Алесь Дудар разам ствараюць прыгодніцкі раман «Ваўчаняты» (1925 г.), у якім адлюстроўваюць змаганне юных герояў за свабоду свайго народу. З'яўляюцца і драматычныя творы для дзяцей — п'еса «Пастушкі» Міхась Чарота (1921 г.), «Цудоўная ноч» (1927 г.) і «Ёлка Дзеда Мароза» (1927 г.) Сяргея Новіка-Пяюна.

Вокладка чаcопісу «Заранка», № 8-9

З'яўляецца перыядычны друк на тэрыторыі Заходняй Беларусі — пачынае сваю дзейнасць часопіс «Заранка» (1927—31 гг.) пад рэдакцыяй Зоські Верас, на старонках якога папулярызуюць роднае слова Алесь Гарун, Канстанцыя Буйло, Якуб Колас, Міхась Машара і інш.. Крыху пазней выходзяць заходнебеларускія часопісы «Пралеска» (1934—35 гг.), «Снапок» (1937 г.), «Беларускі летапіс» (1933—39 гг.)[29].

Маладыя беларускія пісьменнікі працуюць над стварэннем новага вобраза юных герояў тагачаснай сучаснасці — аповесці «Перамога» (1930 г.), «Незвычайны мядзведзь» (1930 г.) Алеся Якімовіча, «Пастка» (1935 г.) Сымона Баранавых. У сваім артыкуле «Праблемы сучаснай беларускай дзіцячай літаратуры» (1931 г.) Алесь Якімовіч адзначыў, што недахоп тагачаснай літаратуры для дзяцей быў у ігнараванні запатрабаванняў самога дзіцяці як чытача, бо, на яго думку, многія пісьменнікі таго часу глядзелі вельмі спрошчана на гэтую літаратуру, маўляў, дзеці неразборлівыя, і таму ўсё спажывуць. Засяродзіў ён ўвагу на праблеме спецыфікі дзіцячай літаратуры і ў сваім выступленні на I Усебеларускім з'ездзе пісьменнікаў (чэрвень 1934 г.), на якім падкрэсліў, што літаратура для дзяцей раўнацэнная частка ўсёй беларускай літаратуры, але са сваёй спецыфікай. І спецыфікай не ў спрашчэнні, а наадварот — у адборы найбольш важнага і цікавага матэрыялу для дзяцей, які павінен мець яркае афармленне з улікам узроставых і псіхалагічных асаблівасцей дзяцей[30]. Таксама Якімовіч выдаў першую ў беларускай савецкай дзіцячай літаратуры азбуку (вершаваную) «Слухай — запамінай», у 1948 годзе. І толькі значна пазней, пачынаючы з 70-х гадоў, былі напісаны беларускімі аўтарамі дзясяткі азбук, у якіх аўтары праяўлялі вынаходлівасць, фантазію, уменне ўключыць у іх пазнавальныя звесткі, эфекты гульні, прыгоды[31].

Завастраў увагу на значнасці дзіцячай літаратуры і Якуб Колас. Ён казаў аб тым, што дзяцей змалку трэба прывабіць кнігай, і выклікаць у іх устойлівую цікавасць да чытання, што далучэнне да кніжнай культуры пачынаецца ўжо з дзіцячага садка. У сваёй «Методыцы роднай мовы» (1926 г.) ён падкрэсліваў, што працэс далучэння да кніжнай культуры актывізуецца ў пачатковых класах. А Васіль Вітка пісаў, што з першых дзён праз гульню трэба далучаць дзяцей да слоў роднай мовы, чаму актыўна спрыяе выкарыстанне на ўроках і пазакласных занятках твораў беларускай дзіцячай літаратуры[31]. Якуб Колас яшчэ і апрацоўвае народныя казкі («Дудар», «Як пеўнік ратаваў курачку», «Зайкіна хатка» і інш.), а таксама стварае і вершаваныя казкі («Рак-вусач», 1926 г.). У юнацкай аповесці «На прасторах жыцця» (1926 г.) аўтар упершыню ў беларускай літаратуры паспрабаваў распрацаваць жанр юнацкай аповесці. Яго паэма «Міхасёвы прыгоды» (1934 г.) ўражвае метафарычнасцю мовы, сваім лірычна-эпічным пачаткам, і апісаннем прыроды. Якуб Колас стаў тэарэтыкам дзіцячай літаратуры, а традыцыі яго майстэрства ўжываюцца і ў сучаснай літаратуры для юнага чытача[26].

Вокладка і тытульны ліста зборніка аповядаў Я. Маўра «Слёзы Тубі», 1938 г.

З'яўляюцца новыя гучныя імёны беларускай культуры, узбагаціўшыя мастацкі вопыт дзіцячай літаратуры сваімі творамі — Янка Маўр («Палескія рабінзоны», 1930 г.), Міхась Лынькоў («Міколка-паравоз», 1936 г.), Кузьма Чорны («Насцечка», 1940 г.). Ствараюць паэзію для дзяцей Янка Купала (верш «Дзіцячае»), Якуб Колас (вершы «За навуку», «Дзед-госць»), Змітрок Бядуля (верш «Маладая вясна»). Пачынае развівацца і жанр казкі ў дзіцячай літаратуры — ў творах Алеся Якімовіча («Каваль Вярнідуб», 1935 г.), Міхася Лынькова («Пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў», 1935), Змітрака Бядулі («Мурашка Палашка», 1939 г.; «Сярэбраная табакерка», 1940 г.)[29].

На старонках часопіса «Зоркі» друкуюцца вершы для дзяцей Янкі Купалы («Песня і казка», «Мароз», «Сын і маці» і інш.). Апроч напісання сваіх твораў, ён займаецца перакладам дзіцячай паэзіі (верш «Ёлачка» Раісы Кудашавай, «Дзед і баба» Юзафа Крашэўскага). У сваіх вершах Купала нярэдка выкарыстоўвае фальклорныя матывы (верш «Дзіцячае»). Фальклорную аснову заклаў і Віталь Вольскі ў свае п'есы («Цудоўная дудка» і «Дзед і жораў», 1939 г.)[32].

Галоўным рэдактарам часопіса «Зоркі» быў Змітрок Бядуля. Яго творы для дзяцей адрозніваліся драматызмам і ў той жа час прастатой і лаканічнасцю апісання, вастрынёй канфліктаў і глыбокім псіхалагізмам («Малыя дрывасекі», «Дзе канец свету?»). Апроч таго ён пісаў артыкулы аб развіцці дзіцячай літаратуры і перыядычнага друку («Справа старэння новых школьных падручнікаў і выдання дзіцячага часопіса», «Аб дзіцячым друку» і інш.)[26]. Звяртаўся ён і да матываў вуснай народнай творчасці (казкі «Іванка-прастачок», «Скарб» і інш.).

Шматграннасцю таленту адзначыўся Янка Маўр. Яго першая ў беларускай літаратуры навукова-фантастычная аповесць на беларускай мове «Чалавек ідзе» (1926 г.) дала пачатак фантастычнаму і прыгодніцкаму жанрам у беларускай літаратуры[33]. Распрацоўку жанру прыгодніцкай літаратуры ён працягнуў у сваіх аповесцях «У краіне райскай птушкі» (1928 г.), «Сын вады» (1928 г.), рамане «Амок» (1929 г.). Звяртаўся ён і да нацыянальнай тэматыкі («Палескія рабінзоны», 1930 г.), і да праблемы выхавання (аповесць «ТВТ», 1934 г.)[34]. Янка Маўр падкрэсліваў, што беларускім пісьменнікам трэба клапаціцца аб тым, каб дзеці, сённяшнія і заўтрашнія малыя чытачы маглі сказаць калі вырастуць, што ўсім добрым яны абавязаны кнігам[35].

Дзіцячая беларуская літаратура ваеннага часу адрозніваецца патрыятычнай накіраванасцю, уласцівай усёй мастацкай літаратуры ваеннага перыяду (вершы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Танка, Аркадзь Куляшоў, Пятруся Броўкі, апавяданні Кузьмы Чорнага, Міхася Лынькова). У гэты перыяд адчувалася арганічнае збліжэнне літаратуры для дарослага чытача і дзяцей. Асобна з твораў для дзяцей, напісаных у вайну, варта адзначыць верш Янкі Купалы «Хлопчык і лётчык на вайне», апавяданне Алеся Якімовіча «Піянер Геня», зборнік вершаў Эдзі Агняцвет «Міхасёк», а таксама лібрэта дзіцячай оперы «Джанат»[36].

Але і пасля вайны прасочваецца ваенная тэматыка, якая ў літаратуры пераважае. У 1948 годзе выходзіць кніга «Ніколі не забудзем», якая была складзена Янкам Маўрам разам з Пятро Рунцом па пісьмах-успамінах дзяцей, якія непасрэдна перажылі тыя страшныя гады. Усяго да аўтараў кнігі паступіла каля чатырохсот дзіцячых твораў[37]. Выходзіць цэлы шэраг на тэму «дзяцінства і вайна» — аповесць «Андрэйка» Паўла Кавалёва (1948 г.), «Самыя юныя» Івана Сіўцова (1949 г.), паэма «Песня пра піянерскі сцяг» (1949 г.) Эдзі Агняцвет[36].

50-я — 70-я гады XX стагоддзя[правіць | правіць зыходнік]

У пачатку 1950-х гадоў таксама назіраецца тэматыка вайны ў творах беларускіх пісьменнікаў. Выходзяць паэмы Кастуся Кірэенкі («Алёнчына школа», 1951 г.), Антона Бялевіча («Ідзі, мой сын», 1953 г.), Эдзі Агняцвет («Будзем сябраваць», 1955 г.), Анатоля Астрэйкі («Прыгоды дзеда Міхеда», 1956 г.)[36].

У той жа час выходзяць і новыя творы, на мірную тэматыку. Распрацоўваюць школьную тэму Янка Брыль («Лета ў Калінаўцы», 1950 г.; «Добры дзень, школа», 1953 г.), Аляксандр Якімовіч («Гаворыць Масква», 1954 г.), Павел Кавалёў (зборнік апавяданняў «Згублены дзённік», 1954 г.), Міхась Даніленка («Вернасць слову», 1956 г.), Алена Васілевіч («Заўтра ў школу», 1956 г.) і інш.[38].

Значна ўзбагаціла пасляваенную дзіцячую прозу навукова-фантастычная аповесць Янкі Маўра «Фантамабіль прафесара Цылякоўскага» (1954 г.), якая стала працягам распрацоўкі ім фантастычнага жанру[38].

У пачатку свайго творчага шляху да мінуўшчыны і набыткаў фальклору звярнуўся Уладзімір Караткевіч, сведкам чаго сталі яго «Казкі і легенды маёй Радзімы», якія ён даслаў для ацэнкі Якубу Коласу летам 1952 года. Караткевіч добра разумеў вялікае выхаваўчае значэнне казкі і яе ролю ў фарміраванні любові да радзімы, да беларускай мовы[39]. Патрыятычнай па зместу стала яго казка «Лебядзіны скіт», у якой апавядаецца пра падзеі даўніны, калі татары рабавалі рускія землі. У завяршэнні казкі пісьменнік прыводзіць дзве версіі пра ўзнікненне назвы «Белая Русь» — ад лебядзінага апярэння стала белай вопратка ў яе людзей, а яшчэ яна таму «белая», што не была пад татарамі[39]. На беларускім народным фальклоры заснавана і яго казка «Вужыная каралева», у якой апавядаецца аб трагічнай гісторыі прыгажуні Яліны і яе мужа, вужынага караля. Караткевіч шмат вывучаў, запісваў, і творча выкарыстоўваў фальклор, які ўспрымаў як духоўны скарб народа[40].

Вокладка кнігі Івана Сяркова «Мы з Санькам у тыле ворага» (Мал. І. Волкавай; Мінск : Беларусь, 1970)

Вяртаецца ў літаратуру пасля працяглага перапынку Уладзімір Дубоўка. Выходзяць яго зборнікі казак «Цудоўная знаходка» (1960 г.), «Мілавіца» (1962 г.), «Кветкі — Сонцавы дзеткі» (1963 г.), «Залатыя зярняты» (1975 г.), якія адметны сваёй маральна-этычнай праблематыкай і філасафічнасцю зместу. Апроч Дубоўкі вяртаюцца на радзіму пасля сталінскіх рэпрэсій пісьменнікі Сяргей Грахоўскі, Алесь Пальчэўскі, Станіслаў Шушкевіч, Алесь Звонак, Язэп Пушча[41].

Раскрывае ў сваіх кнігах паэзіі вобразы роднага краю Аляксей Пысін («Матылёчкі-матылі», 1962 г.; «Вясёлка над плёсам», 1964 г.), паказвае прыгажосць прыроды Еўдакія Лось («Абутая ёлачка», 1961 г.; «Казка пра Ласку», 1963 г.; «Вяселікі», 1964 г.)[42].

Ізноў падымае тэму Вялікай Айчынай вайны, паказваючы жахі акупацыі вачыма дзяцей, Іван Сяркоў, у трылогіі: «Мы з Санькам у тыле ворага» (1968 г.), «Мы — хлопцы жывучыя» (1970 г.), «Мы з Санькам — артылерысты» (1989 г.)[41].

У 1971 годзе выходзіць знакавая гістарычная аповесць Алеся Якімовіча «Кастусь Каліноўскі», а ў 1976 годзе — «Цяжкі год». Піша Якімовіч і казкі, заснаваныя на фальклорных матывах («Пра смелага Вожыка», «Вераб'ёвы госці» і інш.), а таксама перакладае на беларускую мову казкі Аляксандра Пушкіна, Сяргея Маршака, Карнея Чукоўскага[43].

Звяртаецца да навукова-пазнавальнага жанру з элементамі публіцыстыкі Віталь Вольскі, які выдае такія краязнаўчыя кнігі, як «Падарожжа па краіне беларусаў» (1968 г.), «Палессе» (1971 г.), а таксама такі цыкл прыродазнаўчых нарысаў, як «Лёс Дункана» (1978 г.), «Дзень добры, Бяроза» (1984 г.). Прыгожа апісвае прыроду Белавежскай пушчы ў аднайменным нарысе Уладзімір Караткевіч («Белавежская пушча», 1975 г.), які апроч таго раскрывае і свой талент казачніка-наватара праз традыцыйныя вобразы і матывы ў сваім зборніку «Казкі» (1975 г.). У той жа перыяд выходзіць яго эмацыянальна-ўзнёслы сказ пра Беларусь «Зямля пад белымі крыламі» (1977 г.).

Прыгожы свет дзяцінства адкрываецца ў апавяданнях Вісарыёна Гарбука (зборнік «Незнарок і знарок», 1969 г.; «Такіх кветак не бывае», 1971 г.; «Горад без папугайчыкаў», 1983 г.) і Уладзіміра Юрэвіча («Тараскавы турботы», 1966 г.; «Дзе начуе сонца», 1970 г.; «Нястрашны страх», 1986 г.). Пазнавальны і выхаваўчы патанцыял праз апавяданні пра прыроду паказаў Павел Місько («Восеньскім днём», «Лясныя дарункі» і інш.). Маральна-этычныя пытанні ён падымае праз апавяданні «Добры чалавек», «Каляндар сумлення». У сваёй гумарыстычнай аповесці «Навасёлы, або Праўдзівая, часам вясёлая, часам страшнаватая кніга пра незвычайны месяц у жыцці Жэні Мурашкі» ён вучыць дзяцей пачуццю адказнасці і навучае кантраляваць свае ўчынкі і паводзіны. Падымае праблемы сяброўства і чалавечых узаемаадносін праз паўфантастычныя аповесці «Прыгоды Бульбобаў» (1977 г.) і «Грот афаліны» (1985 г.)[42]. Апроч таго, ён перакладае на беларускую мову паэмы Мікалая Гогаля «Мёртвыя душы», казкі Пятра Яршова «Канёк-гарбунок», асобныя творы Уладзіміра Цендракова, Уладзіміра Лічуціна, Яўгена Носава, Васіля Бялова, Карнея Чукоўскага.

Не застаецца ўбаку і драматургія — адна за адной з'яўляюцца гераічныя п'есы Алеся Махнача «Шпачок» (1963 г.) і «Гаўрошы Брэсцкай крэпасці» (1969 г.), Валянціна Зуба «Марат Казей» (1963 г.) і «Юнацтва рыцара» (1972 г.)[44].

80-я — 90-я гады XX стагоддзя[правіць | правіць зыходнік]

Тыя сацыяльна-палітычныя змены ў грамадстве, якія адбываліся ў 80—90-ых гадах XX стагоддзя, паўплывалі не толькі на асаблівасці развіцця беларускай дзіцячай літаратуры гэтага перыяду, але і на прынцыпы адбору твораў для чытання ў дашкольных выхаваўчых установах і школах. Былі выключаны з рэкамендацыйных спісаў для дзіцячага чытання творы, якія ў новых умовах страцілі сваю актуальнасць, тыя, што вызначаліся дакучлівым дыдактызмам, спрошчанасцю, і чые літаратурная якасці былі далёкія ад мастацтва. Але актуальнымі і да сённяшняга часу засталіся творы для дзяцей Андрэя Аляксандровіча, Змітрака Бядулі, Алеся Якімовіча, Уладзіміра Дубоўкі, Янкі Маўра, Міхася Лынькова, Кузьмы Чорнага, Віталя Вольскага, Васіля Віткі, Станіслава Шушкевіча і іншых. Дзіцячая літаратура савецкага перыяду стала важнай часткай нацыянальнага пісьменства, а яе найлепшыя набыткі — дарагім скарбам беларускага народа. У гэты час беларуская дзіцячая літаратура выйшла на больш шырокія тэматычныя абсягі, і паўней і глыбей загучала тэма Бацькаўшчыны[45].

Нацыянальнай адметнасцю вылучаюцца творы Васіля Жуковіча (зб. «Гуканне вясны», 1992 г.), Уладзіміра Карызны «Іграй, жалейка, не змаўкай», 1998 г.), Леаніда Пранчака («Дзяўчынка-беларуска», 1993 г.)[46].

Займальна піша для дзяцей Артур Вольскі, адзін з заснавальнікаў часопіса «Вясёлка», сааўтар падручнікаў па літаратурным чытанні для пачатковай школы «Буслянка». На працягу 1980-90 гадоў ён напісаў даволі шмат кніг для дзяцей («Сонца блізка ўжо зусім», 1984 г.; «Дабяруся да нябёс», 1984 г.; «Ад А да Я — прафесія мая», 1987 г. і інш.). За кнігу «Карусель» (1996 г.) пісьменнік у 1997 годзе быў ушанаваны званнем лаўрэата Літаратурнай прэміі імя Янкі Маўра[47]. Таксама нельга не адзначыць і яшчэ аднаго пісьменніка, цесна звязанага з «Вясёлкай» — Уладзіміра Ліпскага, таксама лаўрэата прэміі імя Янкі Маўра. Яго творчасць вылучаецца арыгінальнасцю сюжэта, казачнасцю, і прыгодніцкімі элементамі («Клякса-Вакса і Янка з Дзіўнгорска», 1982 г.; «Пра Андрэйку Добрыка і чорціка Дуроніка», 1993 г.; «Каралева белых прынцэс», 2000 г.)[48].

Цікава і ўдала спалучаюць фантастычнае з рэальным у сваіх творах Раіса Баравікова («Галенчына "Я", або Планета Цікаўных Хлопчыкаў», 1990 г.) і Алесь Савіцкі («Радасці і нягоды залацістага карасіка Бубліка», 1993 г.)[46].

Жанравай разнастайнасцю вылучаецца паэзія Рыгора Барадуліна, які віртуозна карыстаўся гукапісам, гуляў словам, ды каламбурыў («Індыкала-кудыкала», 1986 г.; «Кобра ў торбе», 1990 г.; «Трышка, Мішка і Шчыпаў ехалі на чоўне», 1996 г.). Адрозніваюцца своеасаблівасцю і яго азбукі («Азбука не забаўка», 1985 г.; «Азбука — вясёлы вулей», 1994 г.)[49].

У 1990-х гадах выходзіць беларускамоўны рэлігійны каталіцкі часопіс для дзяцей «Маленькі рыцар Беззаганнай», дадатак да каталіцкага выдання «Ave Maria», заснаванага Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіяй. Галоўны персанаж ў часопісе — хлопчык, «Маленькі рыцар Беззаганнай»[50].

У пачатку 1990-х гадоў у перыядычным друку выходзяць навукова-папулярныя нарысы пра даўнюю беларускую гісторыю Сяргея Тарасава, Уладзіміра Арлова, Кастуся Тарасава, Вітаўта Чаропкі. Апроч таго выходзяць і кнігі на дадзеную тэматыку, якія адаптаваны да ўспрыняцця малодшымі школьнікамі[51].

У 1995 годзе выходзіць фотачасопіс «Лесавік» (рэдактар і выдавец — Уладзімір Ягоўдзік), які вызначыў сваёй мэтай экалагічнае выхаванне дзяцей. Адрозненне ад іншых выданняў — тэматычныя нумары-фотарэпартажы пра нацыянальныя паркі Беларусі. Апроч таго часопіс вядзе экалагічнае выхаванне падрастаючага пакалення на літаратурна-мастацкім матэрыяле, праводзяцца прэзентацыі новых беларускамоўных кніг пра прыроду[52]. Рэдактар часопіса Ягоўдзік і сам прысвячаў свае творы роднай прыродзе, закладаючы ў іх фальклорную аснову («Ці вернецца князь Кук», 1993 г.; «У царстве Вадзяніка», 1995 г.; «Дзівосны карабель», 1995 г., «Птушыная дарога», 2002 г.)[48].

Закранае аспекты выхавання дзяцей Эдуард Луканскі ў зборніку «Госць з Чырвонай кнігі» (1997 г.), дзе аўтар паказвае чытачу, як трэба выхоўваць у сабе беражлівыя адносіны да грамадскіх здабыткаў, паважлівасць і далікатнасць у адносінах са старэйшымі, і іншыя станоўчыя якасці характару[53].

Пачатак XXI стагоддзя[правіць | правіць зыходнік]

Проза пачатку XXI стагоддзя характарызуецца ўстойлівасцю і паслядоўным засваеннем традыцый канца XX стагоддзя. Таксама, як і раней, на першым плане застаецца станаўленне гарманічна развітай асобы чалавека, выхаванне пачуцця супольнасці і ўласнай годнасці. Маральна-этычныя пытанні раскрываюцца ў большасці твораў розных жанраў[51].

Так, напрыклад, аповесць Валерыя Гапеева пра школьнае жыццё «Пастка на рыцара» (2002 г.) прысвечана сістэме маральна-этычных каштоўнасцей пакалення «next»[54]. За кнігу аўтар ганараваны літаратурнай прэміяй імя Ул. Калесніка Брэсцкага аблвыканкама. У 2013 годзе выйшлі яго кнігі — казка «Сонечная паляна»[55] і зборнік апавяданняў для падлеткаў «Я размалюю для цябе неба».

Друкуецца цэлы шэраг матэрыялаў на гістарычную тэматыку. Сяргей Тарасаў публікуе замалёўкі пра найбольш значныя падзеі ў старажытнай Беларусі і гістарычных асоб — Францыска Скарыну, Льва Сапегу, Канстанціна Астрожскага і іншых. Уладзімір Арлоў і Кастусь Тарасаў публікавалі яшчэ ў канцы мінулага стагоддзя легенды і паданні, на аснове чаго пазней напісаны нарысы-падарожжы па гісторыі Беларусі («Беларусь. Гістарычнае падарожжа для дзяцей» (Кастусь Тарасаў, 2000 г.)). На гістарычныя тэмы піша і Уладзімір Бутрамееў («Вялікія і славутыя людзі зямлі Беларусі», 2002 г.; «Славутыя родам сваім», 2006 г.)[56]. Прыродазнаўчым характарам вызначаюцца казкі са зборніка Расціслава Бензерука «Зайцаў кажушок» (2004 г.), выкарыстоўвае пісьменнік і арыгінальную форму «казкі-загадкі»[57].

Паводле аднаго з прынцыпаў літаратуры — прыдуманае ў прыдуманым (як у творах мюнхгаўзіяды) напісаны твор Васіля Шырко «Дзед Манюкін і ўнукі» (2003 г.), у якім дзядуля распавядае гісторыі фантастычнага характару, якія нібыта здарыліся з самім старым. У гэтых гісторыях схаваны філасофскі змест, а таксама прытчавая павучальнасць[58].

Значны ўклад у беларускую дзіцячую літаратуру ўносіць Алесь Бадак, які выступае актыўным прапагандыстам дзіцячай літаратуры, з'яўляецца адным з арганізатараў клуба дзіцячых пісьменнікаў[59], і сам шмат піша для дзяцей вершаў, аповесцей, казак і пазнавальнай літаратуры («Незвычайнае падарожжа ў краіну ведзьмаў», 2001 г.[46]; «Адзінокі васьмікласнік хоча пазнаёміцца», 2007 г.; «Жывёлы: заалагічныя эцюды», 2009 г.; «Неверагодныя гісторыі з жыцця чараўнікоў», 2011 г.). За кнігу «Расліны: батанічныя эцюды» (2008 г.) з серыі для дзяцей «Усім пра ўсё» Алесь Бадак стаў лаўрэатам прэміі «Залаты купідон» за найлепшую кнігу года ў намінацыі «Публіцыстыка»[60].

Прытчавасцю, сюжэтнай займальнасцю і своеасаблівай манерай пабудовы інтрыгі вызначаюцца казкі Алены Масла[57] («Таямніцы закінутай хаты», 2005 г.; «Каляды ў хроснай», 2005 г.; «Пацучок Фэлік падарожнічае», 2013 г.). У вельмі арыгінальнай форме прыпаднесла Аксана Спрынчан сваю кнігу «Таташ Яраш, мамана Аксана, дачэта Альжбэта. Поўны эксклюзіў» (2013 г.) — пазітыўная і пазнавальная кніга пра сям'ю, словы і сваю краіну. Кніга арыгінальная тым, што гісторыямі ў ёй дзеліцца зусім не маці Аксана, а менавіта яе дачка Альжбэта[61]. Таксама Аксана Спрынчан з'яўляецца ўкладальніцай кніжак для дзяцей «Вершаваная энцыклапедыя жывёльнага свету» (таксама аўтар канцэпцыі, тэксту; 2013 г.), «Зорная Кася» (зборнік казак; 2014 г.).

У 2012 годзе ўбачыла свет кніга Людмілы Рублеўскай «Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега», першая кніга з прыгодніцка-фантасмагарычнай трылогіі пра вучня Мінскага езуіцкага калегіума Пранціша Вырвіча[62]. Беларуская літаратуразнаўца і крытык А. Бязлепкіна адзначыла, што апавяданне кнігі праяўляе адразу дзве тэндэнцыі: з аднаго боку, рамантычна-прыгодніцкае асветніцтва У. Караткевіча, а з другога — пастуляванне традыцыйных каштоўнасцей як процівага постмадэрнізму[63]. У 2014 годзе выйшлі яшчэ дзве кнігі з трылогіі — «Авантуры студыёзуса Вырвіча» і «Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча». Частка «Авантуры Пранціша Вырвіча» абрана «Кнігай года — 2015» (арганізатар праекта Беларускі ПЭН-цэнтр)[64].

У 2013 годзе выйшла кніга Вольгі Гапеевай «Сумны суп», якая складаецца з пяці казачных гісторый. З кнігай Гапеева стала лаўрэаткай прэміі СБП і Пэн-цэнтра «Экслібрыс» імя Янкі Маўра[65]. У тым жа годзе Таццяна Сівец атрымала літаратурную прэмію Саюза пісьменнікаў Беларусі «Залаты купідон» у галіне дзіцячай літаратуры за сваю прыгодніцкую кніга для дзяцей «Куды прапала малпа Маня?»[66].

Са жніўня 2013 года дзіцячы часопіс «Вясёлка» пачаў выпускаць свой дадатак — чытанку-маляванку «Буся»[67]. А сам часопіс «Вясёлка» працягвае літаратурную адукацыю і маральна-этычнае выхаванне сваіх чытачоў. На старонках часопіса перавага аддаецца казкам, якія прапагандуюць дабро і справядлівасць, узаемадапамогу. Таксама часопіс вядзе сайт (з 2011 года), на якім змешчаны казкі і дзіцячыя вершы. Пры гэтым ва ўсіх творах вельмі дакладна расстаўлены маральныя акцэнты, і гэта аднолькава адносіцца як да фальклорных казак («Каралевіч, чараўнік і ягоная дачка», «Заяц і вожык», «Дзяцел, лісіца і варона» і іншыя), гэтак і да літаратурных твораў з казачным сюжэтам («Цямлівы кот і шляхецкі сын» Алега Грушэцкага, «Прынцэса Румзаніда ў Краіне Лялек» Алены Масла, «Пра кашэчага караля і мышку-прынцэсу» Раісы Баравіковай, «Бусел і бусляняты» Язэпа Лёсіка і інш.)[68].

У 2015 годзе выйшлі кнігі, якія адзначыліся не толькі зместам, але і выдатным афармленнем. Гэта фэнтэзійны раман «Сем камянёў» Аляксея Шэіна і казка «Красамоўнае сэрца» пісьменніка і мастака Алега Аблажэя. Абедзве кнігі ў 2016 годзе намінаваны на Літаратурную прэмію Цёткі (заснавальнікі прэміі — Беларускі ПЭН-цэнтр, фонд «Вяртанне», Саюз беларускіх пісьменнікаў) у намінацыі «Найлепшая кніга для дзяцей і падлеткаў»[69], а кніга «Красамоўнае сэрца» яшчэ і на прэмію «Гліняны Вялес»[70].

Сучасная беларуская проза для дзяцей імкнецца па магчымасці задаволіць запатрабаванні кніжнага рынку. З'яўляюцца творы, адносна новыя для беларускай літаратуры паводле формы і зместу (комікс, фэнтэзі, навуковая фантастыка і інш.[71][72][73]. Адначасова з тым беларускія пісьменнікі ікнуцца захаваць традыцыі класічных узораў славеснага мастацтва — як стылявыя традыцыі, так і духоўныя. У XXI стагоддзі істотным чынам змяняецца роля кнігі, якая замяняецца віртуальнай прасторай. І гэта павінна падштурхнуць беларускіх пісьменнікаў да пошуку альтэрнатыўных спосабаў перадачы духоўнага і навуковага вопыту беларускага народа, напрыклад — праз стварэнне аўдыёкніг, фільмаў, камп'ютарных гульняў, віртуальных бібліятэк. І ва ўсім гэтым вядучую ролю павінна адыграць дзіцячая кніга[74].

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Не ўжываўся ў фалькларыстыцы сам тэрмін «дзіцячы фальклор». Творы, якія збіральнікі фальклору называлі «дзіцячымі песнямі», «калыханкамі», «пацешкамі» і г. д., змяшчаліся ў фальклорных зборніках побач з абрадавай паэзіяй, часцей за ўсё далучаліся да радзінных, хрэсьбінных песень[3].
  2. Па ўспамінах Яцкоўскага ў Багрыма такіх вершаў было шмат, але яны былі адабраныя па цэнзурных меркаваннях. За чытанне сваіх вершаў у часы Крошынскага бунту Багрым быў здадзены ў рэкруты, адкуль вярнуўся дадому ўжо пажылым чалавекам.
  3. Да гэтага ў 1919 годзе была спроба выдаць дзіцячы часопіс у Вільні, «Зялёныя дрэўцы». Але захаваўся толькі адзін яго, першы нумар.
  4. Напачатку часопіс меркавалася назваць «Чырвоныя зоркі».

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. 1,0 1,1 Макарэвіч, 2008, с. 25
  2. 2,0 2,1 2,2 Яфімава, 1996, с. 7
  3. Барташэвіч Г. А. Дзіцячы фальклор / склад. Г. А. Барташэвіч, В. І. Ялатаў — Мн.: Навука і тэхніка, 1972. — С. 8.
  4. Барташэвіч, 1972, с. 8
  5. Jan Czeczot Piosnki wieśniacze z nad Niemna i Dźwiny, cz. 2 — Wilno, 1836—1839.
  6. A. Rypiński Białorus — Paryż, 1840.
  7. 7,0 7,1 Барташэвіч, 1972, с. 5
  8. Барташэвіч, 1972, с. 6
  9. Зуева Т. В. Детский фольклор // Литературная энциклопедия терминов и понятий / Под ред. А. Н. Николюкина — М., 2000. — С. 223.
  10. 10,0 10,1 Несцяровіч, 2008, с. 6
  11. Макарэвіч, 2008, с. 41
  12. Макарэвіч, 2008, с. 42
  13. Макарэвіч, 2008, с. 44
  14. Макарэвіч, 2008, с. 45
  15. Макарэвіч, 2008, с. 47
  16. 16,0 16,1 Макарэвіч, 2008, с. 48
  17. Белазаровіч В. А. Фарміраванне беларускай нацыянальнай гістарыяграфічнай канцэпцыі ў XIX — пачатку XX ст. // Гістарыяграфія гісторыі Беларусі / Пад агульн. рэд. І. П. Крэня, А. М. Нечухрына — Гродна: Гродзенскі дзяржаўны універсітэт ім. Я. Купалы, 2006. — С. 163. — 346 с. — ISBN 985-417-858-7.
  18. 18,0 18,1 18,2 18,3 18,4 Несцяровіч, 2008, с. 7
  19. Макарэвіч, 2008, с. 53
  20. 20,0 20,1 Макарэвіч, 2008, с. 49
  21. 21,0 21,1 Макарэвіч, 2008, с. 51
  22. Макарэвіч, 2008, с. 52
  23. Макарэвіч, 2008, с. 14
  24. Гімпель Т. М. Святло «Лучынкі» // Роднае слова : Часопіс. — 1994. — № 7—8. — С. 139.
  25. Макарэвіч, 2008, с. 14—15
  26. 26,0 26,1 26,2 Несцяровіч, 2008, с. 11
  27. 27,0 27,1 27,2 27,3 Несцяровіч, 2008, с. 8
  28. Макарэвіч, 2008, с. 16
  29. 29,0 29,1 Несцяровіч, 2008, с. 9
  30. Макарэвіч, 2008, с. 4
  31. 31,0 31,1 Макарэвіч, 2008, с. 5
  32. Несцяровіч, 2008, с. 10
  33. Канэ Ю. М. Мавр, Янка // Краткая литературная энциклопедия(руск.) бел. / Под ред. А. А. Суркова(руск.) бел. — М.: Сов. энциклопедия(руск.) бел., 1967. — Т. 4. — С. 487.
  34. Несцяровіч, 2008, с. 12—13
  35. Гілевіч М. С. «Хоць малыя, але — чалавекі!»: Інтэрв'ю з Я. Маўрам // Літаратура і мастацтва : Газета. — 10 жніўня 1965. — С. 3.
  36. 36,0 36,1 36,2 Несцяровіч, 2008, с. 13
  37. Медзвядзькова А. Г. Ніколі не забудзем. Гісторыя стварэння кнігі — Магілёў: Цэнтральная гарадская бібліятэка імя К. Маркса, 2013. — С. 2. — 4 с.
  38. 38,0 38,1 Несцяровіч, 2008, с. 14
  39. 39,0 39,1 Макарэвіч, 2008, с. 461
  40. Макарэвіч, 2008, с. 463
  41. 41,0 41,1 Несцяровіч, 2008, с. 16
  42. 42,0 42,1 Несцяровіч, 2008, с. 17
  43. Несцяровіч, 2008, с. 15
  44. Несцяровіч, 2008, с. 18
  45. Макарэвіч, 2008, с. 11
  46. 46,0 46,1 46,2 Несцяровіч, 2008, с. 25
  47. Макарэвіч, 2008, с. 495
  48. 48,0 48,1 Несцяровіч, 2008, с. 24
  49. Несцяровіч, 2008, с. 23
  50. Макарэвіч, 2008, с. 23—24
  51. 51,0 51,1 Макарэвіч, 2008, с. 482
  52. Макарэвіч, 2008, с. 22—23
  53. Макарэвіч, 2008, с. 484
  54. Макарэвіч, 2008, с. 483
  55. Гапееў Валеры. Сонечная паляна. Prastora.by. Архівавана з першакрыніцы 23 ліпеня 2015. Праверана 23 ліпеня 2015.
  56. Макарэвіч, 2008, с. 485
  57. 57,0 57,1 Макарэвіч, 2008, с. 491
  58. Макарэвіч, 2008, с. 490
  59. Ладуцька К. Літаратура для дзяцей, дзіцячая літаратура. Маладосць. Архівавана з першакрыніцы 20 красавіка 2014. Праверана 20 красавіка 2014.
  60. Пакачайла А. Алесь Ба­дак: «Верш пі­шаш для ся­бе, пес­ню — для пуб­лі­кі». Звязда (2014-04-04). Архівавана з першакрыніцы 28 красавіка 2014. Праверана 28 красавіка 2014.
  61. Богуш С. Крышку пра кніжку. Вясёлка (17 кастрычніка 2013). Архівавана з першакрыніцы 20 красавіка 2014. Праверана 20 красавіка 2014.
  62. Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега. Выдавецкі дом «Звязда» (31 ліпеня 2013). Архівавана з першакрыніцы 20 красавіка 2014. Праверана 20 красавіка 2014.
  63. Бязлепкіна А. П. Рублеўская Людміла. "Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега" (23 снежня 2012). Архівавана з першакрыніцы 20 красавіка 2014. Праверана 20 красавіка 2014.
  64. ПЭН-цэнтр абраў пераможцаў першай прэміі "Кнігі года". TUT.BY (25 мая 2015). Праверана 28 мая 2015.
  65. Вызначаны пераможцы конкурсу “Экслібрыс” імя Янкі Маўра (бел.) . СБП (2013-09-11). Архівавана з першакрыніцы 12 верасня 2013. Праверана 12 верасня 2013.
  66. Яна Явіч Вітаем, пераможцы! // Літаратура і мастацтва : газета. — Мн.: СПБ, 5 верасня 2014. — В. 4784. — № 35. — С. 3.
  67. “Буся” і “Вясёлка” – верныя сябры. Вясёлка (2013). Архівавана з першакрыніцы 17 студзеня 2016. Праверана 17 студзеня 2016.
  68. Смаль В. М., Еўдакіменка М. Асаблівасці кантэнту сайта часопіса «Вясёлка» // СМИ. Культура. Молодежь / Под общ. ред. Л. В. Скибицкой. — Брест: БрГУ имени А.С. Пушкина, 2015. — С. 187. — 226 с.
  69. Назван полный список Литературной премии Тетки. Наша Ніва (9 сакавіка 2016). Архівавана з першакрыніцы 16 сакавіка 2016. Праверана 16 сакавіка 2016.
  70. Запольская Я. Абвешчаны шорт-ліст сёлетняга „Глінянага Вялеса”. Беларускае Радыё Рацыя (19 студзеня 2015). Архівавана з першакрыніцы 19 студзеня 2015. Праверана 20 студзеня 2015.
  71. Макарэвіч, 2008, с. 492—493
  72. Фіналістаў конкурсу “Экслібрыс” імя Янкі Маўра ўганаравалі ў Мінску. Саюз беларускіх пісьменнікаў (15 кастрычніка 2013). Архівавана з першакрыніцы 23 красавіка 2014. Праверана 23 красавіка 2014.
  73. Ляйкоўская В. Фіналістаў конкурсу «Экслібрыс» уганаравалі // Кніганоша : газета. — Мн.: ЗБС «Бацькаўшчына», кастрычнік, 2013. — № 22. — С. 4.
  74. Макарэвіч, 2008, с. 494

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

На беларускай мове[правіць | правіць зыходнік]

  • Алейнік Л. А., Лапіцкая А. М. Каму чытаць «Міколку-паравоза»? // Літаратура і мастацтва : газ.. — Мн.: РВУ «Выдавецкі дом "Звязда"», 15 жніўня 2014. — В. 4781. — № 32. — С. 8. — ISSN 0024-4686.
  • Барташэвіч Г. А. Дзіцячы фальклор / Пад. рэд. К. П. Кабашнікава — Навука і тэхніка, 1972. — 736 с. — 15400 экз.
  • Барсток М. М., Гурэвіч Э. С., Яфімава М. Б., і інш. Беларуская дзіцячая літаратура. Вучэб. дапам. для філал. фак. і фак. педагогікі і методыкі пачатковага навучання / Пад рэд. М. Б. Яфімавай, М. М. Барсток — Мн.: Вышэйшая школа, 1980. — 350 с. — 4000 экз.
  • Грушэцкі А. Л. Шэсць стагоддзяў дзіцячай літаратуры // Літаратура і мастацтва : газ.. — Мн.: РВУ «Выдавецкі дом "Звязда"», 15 жніўня 2014. — В. 4781. — № 32. — С. 6. — ISSN 0024-4686.
  • Гурэвіч Э. С. Беларуская дзіцячая літаратура (1917 — 1967) / Пад рэд. В. В. Барысенка — Мн.: Навука і тэхніка, 1970. — 312 с.
  • Гурэвіч Э. С. Юны чытач і дзіцячая літаратура // Сучасная літаратура і чытач — Мн.: Навука і тэхніка, 1988.
  • Ляшук В. М., Яфімава М. Б. Беларуская дзіцячая літаратура: Хрэстаматыя / Рэцэнзент: В. М. Бігеза — Мн.: Вышэйшая школа, 1996. — 655 с. — 6000 экз. — ISBN 985-06-0159-0.
  • Макарэвіч А. М., Яфімава М. Б., і інш. Беларуская дзіцячая літаратура / Пад рэд. А. М. Макарэвіча, М. Б. Яфімавай, — Мн.: Вышэйшая школа, 2008. — 688 с. — 3500 экз. — ISBN 978-985-06-1440-7.
  • Несцяровіч В. Б., Шаўлоўская М. Ф. Беларуская дзіцячая літаратура — Мн.: Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, 2008. — 27 с.
  • Шаўлоўская М. Ф. Беларуская дзіцячая літаратура: Хрэстаматыя — Мн., 2003.

На рускай мове[правіць | правіць зыходнік]

  • Голенченко Г. Я. Источники по истории белорусской культуры: (Старопечатные учебные книги XVI — первой половины XVII в.) // Из истории книги в Белоруссии — Мн., 1979.
  • Гуревич Э. С. Боль и тревоги наши: Дети, война, литература — Мн.: Наука и техника, 1986. — 253 с.
  • Гуревич Э. С. Детская литература Белоруссии — М.: Детская литература, 1982. — 239 с.