Беларуская дуда

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
«Беларускі дудар». Майстар Алесь Шаціла. Бронза, камень. 2022 г.
Традыцыйная аднабурдонная беларуская дуда (2009 год)

Дуда́, народныя назвы перагудніца, сопль, дудуха[1], дудынька, дудулька, дудуська, дудуленька, дудусенька, весялуха, ігруння, гудуха — беларускі традыцыйны архаічны духавы музычны інструмент, быў распаўсюджаны на тэрыторыі Беларусі, у першую чаргу на Паазер’і, датрываў да XX стагоддзя. Такі самы канструкцыйны тып дуды вядомы ў Літве і Латвіі. Сёння дударская традыцыя адноўлена і развіваецца. У традыцыйнай культуры беларусаў дуда — касмалагічны, рытуальны, актыўны, мужчынскі інструмент[2].

У траўні 2023 года культура беларускай дуды прызнана аб’ектам гісторыка-культурнай спадчыны і ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.

Арэал дуды ў свеце[правіць | правіць зыходнік]

Дуда як музычны інструмент быў адзін з найбольш папулярных на тэрыторыі Еўразіі і Паўночнай Афрыкі. Дуда вядомая ў Індыі, Іране, сярод арабскіх народаў у паўднёва-заходняй Азіі, у Тунісе, па ўсёй Еўропе, сярод каўказскіх народаў і на Паволжы (у фінскамоўных народаў мары, мардва, чувашы).

У пісаных крыніцах упершыню з дакладнасцю гэты інструмент згадваецца ў І ст. н.э. у рымскага гісторыка Светонія. Рымляне або арабы пазней прынеслі гэты інструмент у Паўночную Афрыку. У раннім Сярэднявеччы дуда пашырылася па Паўднёвай, Заходняй і Сярэдняй Еўропе, а пазней дайшла і да поўначы і ўсходу Еўропы.

Ад Сярэднявечча найчасцей дуда выкарыстоўвалася як народны і вайсковы музычны інструмент. Ад ХІІІ стагоддзя дуда робіцца інструментам падарожных трубадураў і мінезінгераў, пазней пранікае ў каралеўскія двары і ў свабодныя гарады Еўропы. У XVII ст. дуда замацоўваецца і ў прафесійнай музыцы, калі французскія арыстакраты палюбляюць вясковы стыль. Тады ж дуда ўдасканальваецца: каб у мех не трэба было праз «соску» дзьмуць увесь час, прыдумляюцца прылады, з дапамогай якіх мех напампоўваўся паветрам не ротавым спосабам. Як вайсковы інструмент дуда найдаўжэй, бадай ажно да цяпер, выкарыстоўвалася ў Ірлындыі і Шатландыі[3].

Стадыі развіцця дуды[правіць | правіць зыходнік]

Самай старажытнай формай дуды лічыцца спалучэнне дудачкі (жалейкі) з адтулінамі (касцяной і пазней драўлянай, адзінарнай або падвойнай) і пухіра. Ва ўсходнееўрапейскім рэгіёне такі інструмент, ужо як амаль зніклы рэлікт, згадваецца этнографамі на поўначы літоўскага Аўкштайцкага Паазер’я ў ваколіцах Сартайскага рэгіянальнага парку (каля Дусетаў). Такі самы архаічнай канструкцыі інструмент вядомы ў паволжскіх народаў мары, мардвы, чувашаў, ёсць звесткі пра такую дуду і ў фінскамоўнага народу водзь у ваколіцах цяперашняга расійскага Санкт-Пецярбургу.

Аўкштайцкі рэгіён, дзе ў Літве згадваецца такая «прота-дуда», лічыцца зонай кансервацыі музычнай архаікі, тут вядомыя яшчэ два музычныя архаізмы — жаночы шматгалосны спеў «сутарцінес» і мужчынскія ансамблі аднагукавых жалеек «скудучай». Як і ў Літве, марыйцы і чувашы побач архаічных «прота-дуд» з пухіром ужывалі і дуды з мехам, пашытым са скуры, і аднагукавымі «бурдонамі», што ўстаўляліся ў мех.

Дуды не з жывёльным пухіром, але з пашытым са скуры мехам (без асобна ўстаўленага ў мех басовага «бурдона») лічацца наступным этапам развіцця гэтага музычнага інструмента. У Сярэднявеччы такія дуды, зробленыя са скуры парсюка, вядомыя па Еўропе. Яшчэ ў ХХ стагоддзі такія дуды былі вядомыя ў Індыі, а з падвойнай дудачкай — у арабаў Азіі і Паўночнай Афрыкі. У Тунісе з адной і той жа дудачкай маглі іграць і проста так, і прыладзіўшы яе да меха — каб забяспечыць бесперарыўнасць музыкі.

Трэцяя стадыя — дуды з устаўленымі ў мех «гукамі» (з адным, двума і больш), што выдавалі адзін басовы гук, на фоне якога гучала мелодыя, перабіраная на «жалейцы». Такія дуды лічацца класічнымі, ужо ў ХІІІ-XIV стагоддзя на такіх дудах гралі ў Заходняй і Цэнтральнай Еўропе. Менш-больш у гэты ж час, або трохі пазней, такія дуды дасягнулі і Ўсходняй Еўропы, у тым ліку тэрыторыі цяперашняй Беларусі, Літвы, Латвіі, Эстоніі, захаду цяперашняй Расіі.

Гісторыя дуды ў Еўропе апісаная ў кнігах Пера-Ульфа Альма «Дуда ў паўночных краінах» (1990), Вільяма Доналдсана «Дуда гаранаў і шатландскае грамадства ў 1750—1950 гадах» (2000), у двухтомніку Збігнева-Ежы Пшэрэмбскага «Дуды» (2006, 2007).[4]

Дуда ва Усходняй Еўропе[правіць | правіць зыходнік]

У Паўночнай Еўропе дуда засведчаная ўжо ад XIV стагоддзя, для шведаў яна ўпершыню апісаная ў 1555 годзе. На тэрыторыі Латвіі і Эстоніі дуды дакладна засведчаныя для XVI стагоддзя, пазней дуда называецца улюбёным народным інструментам у латышоў і эстонцаў. Паводле З. Е. Пжэрэмбскага, дуда была вельмі папулярная на Літве (у шырокім сэнсе) і ў Польшчы ў XVI—XVII стагоддзях.

Дудар і даследчык дударства Т. Кашкурэвіч звязвае ўсходнееўрапейскі арэал пашырэння дуды з тэрыторыяй Вялікага княства Літоўскага і таму прапануе называць тып дуды, вядомы на тэрыторыі Беларусі, Усходняй Літвы (Аўкштойці) і Ўсходняй Латвіі (Латгаліі), «літоўскім». З тэрыторый, датычных да цяперашняй Беларусі, дуда вядомая з Віцебскай, Мінскай, Віленскай, Гарадзенскай губерній.

Даволі рана дуду на беларуска-літоўскім памежжы сталі называць «рускай дудой», гэта было звязана з трансфармацыйнымі моўна-культурнымі працэсамі ў гэтым рэгіёне. Пазней «беларускай дудой» у сваёй творчасці называлі гэты інструмент пісьменнікі і паэты Арцём Вярыга-Дарэўскі, Ялегі Пранціш Вуль, Адам Міцкевіч, Ян Баршчэўскі, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч.

Той жа канструкцыйны тып дуды засведчаны ў літоўцаў, дуда вядомая на літоўскім Панямонні (у ваколіцах Вялёны за Каўнасам), на Жамойці (каля Шаўляя), на поўначы Літвы (Пасваліс), яна была дастаткова распаўсюджаная на тэрыторыі сучаснай Літвы яшчэ ў другой палове ХІХ стагоддзя. На пачатак ХХ стагоддзя яе арэал звузіўся да Аўкштойцкага Паазер’я, што мяжуе з Латвіяй і цяперашняй Беларуссю, гэты рэгіён вядомы музычнымі архаізмамі. Паводле тэрыторыі распаўсюджання дуду тут сталі называць «лабанорская дуда» (ад Лабанорскай пушчы)[5].

У Літве дуда (dūda) выйшла з ужытку раней, чым на тэрыторыі цяперашняй Беларусі, — апошнія згадкі фіксуюцца 1920-мі гадамі, у часе мадэрнай Літоўскай Рэспублікі. Больш позняе захаванне дудаў у Беларусі, а таксама наяўнасць выразу «руская дуда», «беларуская дуда» дае нагоду часам сцвярджаць пра запазычанне гэтага інструмента з тэрыторыі цяперашняй Беларусі на тэрыторыю цяперашніх Літвы (а таксама і Латвіі), але доказаў гэтаму бракуе. У спісе нематэрыяльнай спадчыны Рэспублікі Беларусь традыцыя грання на дудзе зафіксавана пад назвай «культура беларускай дуды».

Тыпы дуды на тэрыторыі Беларусі[правіць | правіць зыходнік]

Дуда ў Дзяржаўным музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Рэспублікі Беларусь

На тэрыторыі Беларусі вядомыя чатыры тыпы гэтага інструмента:[2]

  • Дуда — дуда з адным «гукам». Найбольш пашыраны тып беларускіх дудаў.
  • Мацянка (муцянка) — так званая «дасканалая» дуда (з некалькімі «гукамі»). Захаваўся толькі адзін інструмент. Дуда была пашыраная сярод каталіцкага насельніцтва[6].
  • Двухбурдонная дуда з гукамі-самародкамі.
  • Дуда з вялікім цэльным мехам-панчохай.

Сцвярджаецца пра існаванне дуды на этнаграфічнай тэрыторыі беларусаў, а таксама літоўцаў і латышоў, з глыбокай старажытнасці, але гістарычныя сведчанні паказваюць час не раней за XIV стагоддзе. Уключанасць дуды ў архаічныя касмалагічныя схемы дазваляе адсунуць час узнікнення дуды ў Беларусі ў самую раннюю эпоху.[2]

Больш за ўсё інфармацыі і матэрыялаў захавалася пра аднагукавую канструкцыю дуды і пра канструкцыю дуды-мацянкі. Дудары сустракаюцца ў шматлікіх народных паданнях, творах беларускіх аўтараў XIX і XX стагоддзяў, такіх як Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Адам Міцкевіч, Браніслаў Тарашкевіч і інш.

Дуду даследвалі Мікалай Анімеле, Мікалай Нікіфароўскі, Еўдакім Раманаў, Вацлаў Ластоўскі, Мікалай Прывалаў, Сяргей Сахараў, Ніна Назіна, Зміцер Сасноўскі, Вячаслаў Калацэй, Аляксандр Сурба[7].

Культура беларускай дуды ў межах этнаграфічнага рассялення беларусаў на пачатку 20 ст. на карце Карскага[7].

Дуда ў народнай культуры[правіць | правіць зыходнік]

Да канца XIX стагоддзя дуда была адным з асноўных інструментаў народнага музычнага побыту беларусаў.

Згодна з Т. Кашкурэвічам, дуда мела найвышэйшы сакральны статус як рэч, зробленая з ахвярнай жывёлы.

Як у беларусаў, так і ў суседніх літоўцаў, дуда выкарыстоўвалася ў абрадах, звязаных з асноўнымі момантамі жыцця чалавека. Абавязковым была прысутнасць дудара на хрэсьбінах (рытуальнае нараджэнне), на вяселлі (рытуальнае пераўвасабленне ў статус дарослага, сталага чалавека) і, магчыма, на пахаванні (рытуале пераходу чалавека ў іншы свет).

Пра сакральны статус інструмента сведчаць касмаганічныя дударскія тэксты, у якіх у пэўных сімвалах апісваецца пабудова свету, як яе разумелі тагачасныя беларусы. І дуда, і дудар там прысутнічаюць і займаюць істотнае месца. Гэта ўнікальная з’ява ў Еўропе, бо ні ў воднай традыцыі дуда так не міфалагізаваная, як у Беларусі[8].

Дуда-«весялуха» мела шырокае выкарыстанне пры танцах, песнях, прыпеўках на сямейных і каляндарных святах, ігрышчах, кірмашах, а таксама ў ансамблі са скрыпкай ды цымбаламі.

Апошнім зафіксаваным публічным выступам дудара лічыцца канцэрт на рэспубліканскім аглядзе мастацкай самадзейнасці ў Менску. Адбывалася гэта ўжо пасля вайны (1951 г.), а выступіў на ім 85-гадовы Язэп Гвозд з вёскі Турасполле на Вушаччыне. Зараз дуда зноў становіцца абявязковым інструментам народных ансамбляў.

Над адраджэннем дуды з 1970-х гадоў і да нашага часу працавалі такія майстры, як Іван Лычкоўскі, Аляксандр Жукоўскі, Уладзімір Гром, Вячаслаў Пратасевіч, Уладзімір Пузыня, Алесь Лось, Тодар Кашкурэвіч, Мар’ян Скрамблевіч, Віктар Кульпін, Аляксандр Сарнаўскі, Сяржук Вінаградаў, Алесь Жура, Уладзімір Бярбераў, Славамір Казак, Юрась Панкевіч, Дзяніс Сухі, Аляксандр Сурба, Сяргей Чубрык, Алесь Чумакоў, Андрэй Шклёда і інш[7].

Гістарычныя сведчанні[правіць | правіць зыходнік]

Дудар з вёскі Лынгмяны Свянцянскага павета Віленскай губерні.

Найранейшым гістарычным сведчаннем існавання дудаў на тэрыторыі Беларусі можна было б лічыць выяву дудара ў складзе скамарохаў з Радзівілаўскага летапісу XII стагоддзя, які грае на безбурдоннай дудзе, кшталту польскай siersienki, тыпе дуды, пашыраным па ўсёй сярэдневяковай Еўропе — аднак згаданая мініяцюра не можа быць цалкам імаверным сведчаннем праз адсутнасць інфармацыі аб паходжанні самога мастака (ён мог паходзіць і не з Беларусі), адсутнасць этнаграфічных фактаў пазнейшых часоў[2].

Літоўская этнакультуролаг Пране Дундулене (Pranė Dundulienė), спасылаючыся на пісьмовыя крыніцы, сцвярджае, што дудамі і песнямі народ сустракаў пераможныя войскі князя Альгерда ў XIV—XV стагоддзях[2]. У XVI—XVII стагоддзях А. Бецэнберг пісаў пра літоўскія дуды, якія мясцовы люд называў дудрагіне (dūdraginė).[2]

Пісьмовыя крыніцы XV—XVI стагоддзяў упершыню згадваюць музычны інструмент, які называецца дуда («Аповесці пра трох каралёў-вешчуноў» у XV стагоддзі і «Аповесці пра Трыстана і Ізольду» XVI стагоддзя), у якіх мясцовыя перакладчыкі скарысталіся назвай дуда для перакладу на мясцовую мову назваў нейкіх музычных інструментаў, што адпавядаюць этнаграфічным рэаліям Блізкага Усходу і Заходняй Еўропы, з якімі перакладчыкі, хутчэй за ўсё, не былі знаёмы[2].

У кнізе «Праўдзівы і грунтоўны аповед пра веру русаў, іх шлюбныя і пахавальныя абрады, побыт і адзенне…», выдадзенай у 1582 годзе ў Ростаку, лютэранскі пастыр Паўль Одэрборн, апісваючы жыхароў з ваколіц Дзісенскага Паазер’я, піша:

«У вытанчанай музыцы яны не дасведчаныя, зусім не граюць на струнных інструментах, дзеля забавы ў іх звычайна выкарыстоўваецца толькі дуда з мехам. На вяселлях і іншых пачостках вельмі часта водзяць карагоды пад гучнае плясканне ў далоні.» Апісваючы шлюбны абрад русінаў Падзвіння даследчык сцвярджае: «Сумеснае жыццё ў іх не прынята весці да таго часу, пакуль маладыя не будуць злучаны пад час публічнай урачыстасці. Для гэтага каля адзінаццатай гадзіны ночы маладых пад гукі лютняў і дудаў, пад святлом паходняў прыводзяць у храм[9]

У Слоўніку старажытнарускай мовы І. Сразнеўскага дуда — знак крукавога пісьма, выява якога схематычна адпавядае тыпу аднабурдоннай дуды, накшталт польскай siersienki[2]. Дакументы XVII стагоддзя (указ Віленскага сойму ад 1656 года) згадваюць:

Люди людные, которые службы не мають, и теж медведъники, дудъники, скрипъки, трубачи и иншие в местех будучие музыки, и хто колвекъ не маючи певной службы…[2]

Ой, повесю я дуду на зялёному на дубу,
Ніхай дуда грае, да ніхай маці чуе,
Да ніхай маці чуе мне вячэру готуе,
Вячэру з галушкамі, посцельку с подушкамі.

Жніўная беларуская народная песня з Палесся (в.Вялікая Гаць Івацэвіцкі раён)[10]

У тагачасных судовых кнігах — у актавай кнізе полацкага гродскага суда — гаворыцца:

…пан Бутько, выскочивши с пекарни свое зъ секирою, учинивши окрик, преречоного Алексанъдра Лешонъка обухом в руку левою понижей локтя подвакроть шкодливее ударыл… а другого Ивана Совостеенка, Дудара, тою жъ секирою в хрибет оберучъ ударилъ, и кгды тотъ преречоный Иванъ от него уходил, а пан Бутько оного догонить не мог, тою жъ секирою за ним кинул, и кгды бы долетела, снать бы его и на смерть забил…[2]

У актавай кнізе пінскага гродскага суда ад 1699 года (скарга дудара на пінскага гандляра за тое, што ён зачараваў яго дуду):

…na…Chwedora dowodzili, ze iest takowey ze nauki oycowskiey, ktory przed wielo ludzmi w miasteczku Janowie, pod czas iarmarku, graiacemu na dudzie dude zamovił, ze grac przestała, az go tamten prosił y na głos kazdo rzecz zamawia[2]

Адзінай даўняй ілюстрацыяй, дзе выяўленая дуда, між іншым, у якасці ваеннага інструмента ў Вялікім Княстве Літоўскім у XVI стагоддзі, ёсць малюнак Прускай хронікі, які паказвае ўезд караля Жыгімонта Аўгуста ў Данцыг (тып дуды, прадстаўлены на малюнку, верагодны для тутэйшай традыцыі, ён уяўляе сабой двухбурдонную дуду з бурдонамі, якія тырчаць угару і маюць рагаўні, жалейка, на жаль, заслоненая постаццю каня).[2]

Трупа Ігната Буйніцкага пасля выступлення ў Спорцінг-Палацы ў 1912 годзе.

З XVIII стагоддзя вядома пакуль адна фіксацыя дудаў, якая даецца ў тэксце камедыі 1787 года пад аўтарствам ксяндза К. Марашэўскага (легенда, падобная на камедыю, была зафіксавана на Браслаўшчыне ў больш познія часы недалёка ад кляштара ў Забелах[2].

У пачатку XX стагоддзя Ігнат Буйніцкі з Палівачоў на Глыбоччыне ўпершыню ў гісторыі вывеў беларускую дуду на тэатральную сцэну і зрабіў яе візітоўкай свайго тэатру. Пра скокі пад дуду пісалі на плакатах-анонсах трупы. Дудар Адам Шульга прымаў актыўны ўдзел у гастролях тэатра ў Вільні, Варшаве і Пецярбургу. Тады дуду ўпершыню пабачылі многія прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі. Для Буйніцкага дуда не была проста адным з трох інструментаў у традыцыйнай капэлі, але сімвалам беларускай культуры ў цэлым, сінонімам беларускай даўніны і народнасці. У публікацыі «Нашай Нівы» з 1910 года (3 снежня, № 49) чытаем, што пасля заканчэння сімфанічнага канцэрта кампазітара і дырыжора Людаміра Міхала Рагоўскага ў Вільні (12 лістапада) у знак падзякі «яму былі дадзены на ўспамін…. ад арганізатараў беларускага тэатру — беларуская дуда»[11]. Па словах даследчыцы Ірыны Шумскай, калі ў 1911 годзе Міхал Рагоўскі пераяжджаў з Вільні ў Парыж, то пакінуў падораныя інструменты ў фондзе калекцыі Івана Луцкевіча, якія ў 1921 годзе сталіся часткай Беларускага музею ў Вільні. Пасля ліквідацыі музея ў 1944 годзе дуда трапіла ў фонд літоўскага музея, дзе захоўваецца па сённяшні дзень. Паходжанне дуды з беларускага музея пацвярджае надпіс на мяху дуды. Ігнат Буйніцкі зрабіў важкі ўнёсак у захаванне і развіццё традыцыі беларускай дуды[7].

У 1960-я гады быў створаны беларускі сцэнічны танец «Дударыкі», пры выкананні якога праяўляліся вынаходлівасць, дасціпнасць, здольнасць абудзіць у чалавечай душы ўзнёслыя пачуцці. Раней узору «Дударыкаў» быў створаны традыцыйны танец «Дудачка».

Канструкцыя дуды[правіць | правіць зыходнік]

Канструкцыя традыцыйнай дуды:

  • Скураны мех (пузыр) — выкарыстоўваецца для ўтрымання пэўнага ціску, робяць са скуры казы, цяляці, барсука, сабакі.
  • Маленькая драўляная трубка (соска , сапель) — выкарыстоўваецца для напаўнення паветрам меха.
  • Ігравая трубка (перабор, жалейка) — ігравая трубка з 7 адтулінамі для перабірання пальцамі і пішчыкам з адзінарным язычком, для выконвання найгрышаў і мелодый.
  • Гук (бурдоны, або некалькі бурдонаў) — трубка, або трубкі, якія маюць пішчык з адзінарным язычком з чароту, або гусінага, індычага, ці цяцерынага пяра.
  • Рагавень (ражок) — дзве закручаныя пад градусам 180 драўляныя часткі, якія замацоўваюцца на пераборы і гуку для надання адмысловага тэмбру. Гэты элемент з’яўляецца распазнавальнай часткай беларускай, аднагукавай дуды. Толькі ў беларускай дудзе ражкі зробленыя выключна з дрэва і закручаныя пад адмысловым вуглом.

Для вырабу меха выкарыстоўваюць скуру казы, целяці, барсука, сабакі.[2] Для вырабу ўсіх драўляных трубак выкарыстоўваюць клён, ясень, вярбу.[2]

Тыпы беларускіх дудаў[правіць | правіць зыходнік]

Дуда-муцянка, сучасная рэканструкцыя
  • Асноўны, найбольш пашыраны тып на абшарах былога Вялікага Княства Літоўскага (паводле матэрыялаў XIX—XX стагоддзяў) — аднабурдонная дуда, арэал якой абмяжоўваецца Віцебшчынай, поўначчу Міншчыны і Гродзеншчыны, захадам Смаленшчыны, Віленшчынай, а таксама Латгаліяй.

Гэты тып інструменту складаецца з меху, скроенага са скуры казы, цяляці, барсука, сабакі ў форме, што нагадвае гусь з доўгай шыйкай, у якую спераду ўстаўленая меладычная трубка з рагаўнём (жалейка), ззаду ў мех замацавана бурдонная трубка з рагаўнём (гук), у верхняй частцы меху замацаваная трубка для ўдзімання паветра (сапель). Усе трубкі — драўляныя, стружаныя ці точаныя на кружале з клёну, ясеню, вярбы і ўстаўленыя альбо непасрэдна ў мех, альбо праз умацаваныя ў мех драўляныя перахаднікі вальцовай ці шарападобнай формы. Часта трубкі і рагаўні аздабляліся літым у дрэва алавяным, алюмініевым або тыражным срэбным арнаментам, а таксама тыражнымі колцамі з медзі, алюмінію, жалеза. Пішчык звычайна рабіўся з чароту або з расшчэпленага гусінага ці йндычынага пяра[2].

  • Дуда-муцянка (мацянка, мыцьянка)[13] (генетычна звязаным з папярэднім тыпам), апісаная Е. Раманавым і М. Анімеле — у цэлым захоўвае такую ж самую канструкцыю, за выняткам таго, што замест аднаго бурдона ў тое самае месца размяшчаюцца тры, якія не маюць рагаўнёў.

Гэты тып дудаў (паводле М. Анімеле) быў больш пашыраны ў асяроддзі беларусаў-каталікоў — а адзіны інструмент, які захаваўся да нашага часу, паходзіць з тэрыторыі Латгаліі (былы Люцынскі павет Віцебскай губерні, зараз гэта Лудзенскі раён, Латвія). Паводле Е. Раманава, даўжэйшы бурдон настройваецца ў актаву да ніжэйшага гука перабору, меншыя ж даюць квінту папярэдніх. Тып дзвюхбурдоннай дуды вядомы ў шэрагу апісанняў і ілюстрацыйных матэрыялаў і ўяўляе сабой крыху іншы тып канструкцыйнай пабудовы. Мех тут мае выгляд бурдзюка з тонкай шыйкай, куды мацуецца жалейка, але, у адрозненне ад папярэдняга тыпу, не мае шыйкі ў задняй частцы для ўмацавання бурдонаў і ў цэлым нагадвае форму заходнееўрапейскіх, галандскіх ці нямецкіх інструментаў.

Бурдоны звісаюць унізе і замацоўваюцца:

  • у адзін перахаднік, умацаваны ў дольнай частцы меху;
  • з аднаго месца, крыху вышэй ад ніжняй часткі меху;
  • у пярэднія ножкі жывёлы, бліжэй да жалейкі;
  • па абодва бакі меху, трохі вышэй ад яго ніжняй часткі.

Такая дуда трымаецца пераважна перад сабой. Існуюць варыянты такіх дудаў як з рагаўнямі, гэтак і без іх. У дудах, якія не маюць рагаўнёў, канцы бурдонных і меладычных трубак маюць варонкападобныя пашырэнні.[2]

Лепельская дуда з вёскі Верабкі[правіць | правіць зыходнік]

Беларуская дуда 1877 года захоўваецца ў Лепельскім краязнаўчым музеі. Адзначаюць выбітнае эстэтычнае аздабленне яе рагаўнёш, жалейкі, бурдонаў. Лепельская дуда канструкцыйна мае скураны мех, жалейку з рагаўнём (з 7-ю адтулінамі на жалейцы і 2-мя адтулянамі на рагаўні жалейцы), соску, адзін бурдон з рагаўнём[14].

Глыбоцкая дуда з вёскі Верацеі[правіць | правіць зыходнік]

Глыбоцкая дуда з вёскі Верацеі.

Глыбоцкая дуда з вёскі Верацеі (гміна Празарокі) захоўваецца ў фондзе Нацыянальнага музея Літвы і датуецца 1849 годам (на 28 гадоў старэй за лепельскую). Дакладная копія Глыбоцкай дуды зробленая майстрам Сяргеем Чубрыкам захоўваецца ў Глыбоцкім гісторыка-этнаграфічным музеі. У глыбоцкай дуды мех пашыты са скуры барсука, поўсцю навонкі[15]. Глыбоцкая дуда лягла ў аснову міфу пра "Лабанорскую дуду" у Літве і на працягу гадоў выступала як адзіная ілюстрацыя такой дуды. Першы раз «Глыбоцкая дуда» выступае ў якасці «Лабанора дуда» у «Вялікай Савецкай энцыклапедыі», дзе выдуманы тэрмін праілюстраваны глыбоцкай дудой. Глыбоцкая дуда таксама пададзеная як літоўская ў другім выданні «Атласа музыкальных инструментов народов СССР» (1975) пад рэдакцыяй К. Вярткова. Першае выданне выйшла ў 1964. Глыбоцкая дуда была прадстаўленая як літоўская ў серыі "Музычныя інструменты народаў СССР" на пачцы запалак, з 1983 году (агулам 21 этыкетак, якія друкаваліся на пяці запалкавых фабрыках).

Этнавясковыя дудары[правіць | правіць зыходнік]

  • Адам Шульга — дудар з трупы Ігната Буйніцкага з Празарокаў (Глыбоцкі раён). Уваходзіў у склад традыцыйнай капэлы пры тэатры Ігната Буйніцкага у якой былі дудар, скрыпак і цымбаліст.
  • Пётр Бурэц — знакаміты дудар[16] з в. Асінаўка (Глыбоцкі раён)
  • Мікола Караткевіч (1932 г.н.) — вучань Пятра Бурца і захавальнік памяці пра знакамітага дудара з вёскі Асінаўка (Глыбоцкі раён). Магчыма апошні вясковы дудар.
  • Уладзімір Паўлавіч Забела (1928 г.н.) — дудар[17] і арганізатар традыцыйных святаў з вёскі Шо (Глыбоцкі раён).
  • Гаўрыла Слаўчык — дудар з Гарадоцкага раёна. У 1931 годзе, ва ўзросце 95 гадоў, Гаўрыла Слаўчык быў быў запісаны на фанограф Яўгенам Гіпіусам і Зінаідай Эваль (Ленінград). Частка запісаў была апублікаваная Яўгенам Гіпіусам у 1941 годзе[18].
  • Фёдар Іванавіч Стэсь (Хведар Квецька) — 1869 г.н., в. Церасполле (Полацкі раён)
  • Мікола Усцінаў — 1871 г.н., в. Бараўцы (Полацкі раён).
  • Сымон Шыхавец — в. Хаўхоліцы (Барысаўскі раён). Дудар з фатаздымка 1925 г., з маладнякоўцамі — Іларыем Барашкам, Уладзімірам Дубоўкам і Язэпам Пушчам.
  • Нічыпар Шыхавец — в. Хаўхоліцы (Барысаўскі раён). Дудар з фатаздымка 1925 г., з маладнякоўцамі — Іларыем Барашкам, Уладзімірам Дубоўкам і Язэпам Пушчам.
  • Фёдар Ціханавец (Хвёдар Ціхановіч) — в. Дамжэрыцы (Бягомльскі раён).
  • Міхаіл Іванавіч Пугач — в. Старынкі (Ушацкі раён).
  • Язэп Гвозд — 85-гадовы Язэп Гвозд з Ушаччыны (вёска Турасполле) выступіў на рэспубліканскім аглядзе мастацкай самадзейнасці ў Мінску у 1951 годзе. Гэты выступ лічыцца апошнім публічным выкананнем на беларускай дудзе[19] даадраджэнскага перыяду.
  • Сурма — дудар з трупы Уладзіслава Галубка, сустрэты заснавальнікам тэатра падчас гастроляў на Барысаўшчыне, хутчэй за ўсё ў 1926 годзе. Дудару на той час было 70 гадоў[20].
  • І. Гвоздзеў — калгаснік сельгасарцелі імя Красіна Чашніцкага раёна. І. Гвоздзеў ва ўзросце 88 гадоў выступаў разам або ў межах адной праграмы з 5-гадовым цымбалістам Юрам Мураўёвым з Віцебска, 6-гадовым Дзімам Казанскім з Суражскага раёна і 85-гадовым А. Мураўёвым флейцістам з Суражчыны. Перыяд імавернай дзейнасці 1944—1956[21].

Прынцып і манера грання[правіць | правіць зыходнік]

Купалле ў беларускай вёсцы

Падчас грання дудар трымаў дуду альбо гарызантальна пад пахай, альбо вертыкальна перад сабой.

У час ігры дудар націскае левым локцем на мех, паветра паступае ў жалейку і бурдон (бурдоны) і прымушае вібрыраваць язычкі, што знаходзяцца ў сярэдзіне трубак — гэта выклікае моцнае і рэзкае гучанне.

У Беларусі вылучаюцца дзве манеры грання:

  • закрытая манера (традыцыйная)
  • адкрытая манера (агульнасярэднявечная)

Беларуская дуда ў мастацтве і літаратуры[правіць | правіць зыходнік]

Беларускай дудзе прысвечаны шэраг мастацкіх твораў. Беларускія мастакі, пісьменнікі, разбяры, і іншыя майстры бачылі ў дудзе моцны мастацкі вобраз.

Постаць беларускага дудара сустракаецца практычна ва ўсіх відах прыкладнога мастацтва: маляваныя дываны, саломка, разьба па дрэву, і многія іншыя.

Найстарэйшымі прыкладамі выкарыстання вобразу дудара з’яўляюцца працы мастака Міхася Філіповіча, з 1930-ых гадоў.

Сучасны стан[правіць | правіць зыходнік]

У XXI стагоддзі дударскі рух у Беларусі карыстаецца надзвычайнай папулярнасцю, паступова з’яўляюцца новыя музычныя гурты, якія выкарыстоўваюць дуды ў сваёй творчасці.

Некаторыя беларускія гурты і артысты, якія выкарыстоўваюць у сваёй творчасці дуды (у тым ліку і замежнай традыцыі):

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Вацлаў Ластоўскі. Слоўнік таўталёгіяў
  2. а б в г д е ё ж з і к л м н о п р Літоўская дуда. Інструмент-міф / Тодар Кашкурэвіч // DRUVIS : альманах Цэнтра этнакасмалогіі KRYŬJA. – 2008. – № 2. – С. 101–112.
  3. Rūta Žarskienė. Užmirštieji muzikos instrumentai: dūdmaišis ir Lietuva // Tautosakos darbai XLII, 2011 194—222. C. 194—196.
  4. Rūta Žarskienė. Užmirštieji muzikos instrumentai: dūdmaišis ir Lietuva // Tautosakos darbai XLII, 2011 194—222. C. 196—199.
  5. Rūta Žarskienė. Užmirštieji muzikos instrumentai: dūdmaišis ir Lietuva // Tautosakos darbai XLII, 2011 194—222. C. 199—210.
  6. http://repository.buk.by/bitstream/handle/123456789/805/ASABL%20VASC%20%20BELARUSKAY%20DUDYI-MACYANK%20.pdf?sequence=1(недаступная спасылка)
  7. а б в г «Дудары Глыбоцкага краю» В. Воранаў
  8. Беларускія архетыпы — дуда Архівавана 13 красавіка 2010. // Размова Анатоля Мяльгуя з Тодарам Кашкурэвічам — Kryuja centar etnakasmalogiji, 2008.
  9. http://www.belhistory.eu/pa%D1%9El-oderborn-pra%D1%9Edzivy-i-grunto%D1%9Eny-apoved-pra-veru-rusa%D1%9E/#ftn14
  10. Беларуская народная песня Ой, повешу я дуду, soundcloud.com.
  11. https://www.svaboda.org/a/27937897.html
  12. [1]
  13. Ліцвінская дуда Мацянка Архівавана 4 сакавіка 2016., belduda.com
  14. Старыя інструменты Беларусі // Дакументальная кінастужка. — ТАА «Реплимастер», Расійская Федэрацыя. — 2007.
  15. Глыбоцкі гісторыка-краязнаўчы музей: http://spadchyna.glubmusej.by/be/nasha-spadchyna/znakamityya-zemlyaki
  16. Архіўная копія(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 17 кастрычніка 2021. Праверана 9 лістапада 2020.
  17. https://www.graj.by/35350/
  18. http://www.kimpress.by/index.phtml?page=2&id=14100&mode=print
  19. https://www.sb.by/articles/vozvrashchenie-zabytogo-simvola.html
  20. «Дудары Глыбоцкага краю» В. Воранаў
  21. А. У. Русецкага і Ю. А. Русецкага «Мастацкая культура Віцебшчыны (Паазер’е, Падзвінне, Верхняе Падняпроў’е): на шляху да новых творчых здабыткаў (1944—1991)»
  22. Афіцыйная старонка гурту Irdorath Архівавана 7 жніўня 2012..
  23. Афіцыйная старонка гурту Litvintroll(недаступная спасылка).
  24. Афіцыйная старонка гурту Osimira.
  25. Афіцыйная старонка гурту Testamentum Terrae Архівавана 22 ліпеня 2013..
  26. Афіцыйная старонка гурту PAWA Архівавана 30 красавіка 2016..
  27. Афіцыйная старонка гурту Znich.
  28. Афіцыйная старонка гурту Ветах.
  29. Комінч, Ганна. Віталь Воранаў - папулярызатар беларускай дуды . Беларускае Радыё Рацыя (30 ліпеня 2019). Архівавана з першакрыніцы 19 ліпеня 2020. Праверана 19 ліпеня 2020.
  30. https://kapelarej.bandcamp.com/album/poudzien-i-pounacz
  31. Афіцыйная старонка гурту Кашлаты Вох.
  32. Афіцыйная старонка гурту Стары Ольса.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]