Беларуская дэтэктыўная проза

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Беларуская дэтэктыўная проза — мастацкія творы напісаныя беларускімі аўтарамі ў дэтэктыўным жанры.

Развіццё дэтэктыўнага жанра ў беларускай літаратуры[правіць | правіць зыходнік]

Першымі творамі дэтэктыўнага жанру прынята лічыць апавяданні Эдгара По, напісаныя ў 1840-я гады. Гісторыя беларускага дэтэктыва пачынаецца значна пазней, затое эвалюцыянаваў ён дастаткова хутка: ад дэтэктыва класічнага тыпу да сучаснага і да дэтэктыва, які стаіць на сумежжы з іншымі літаратурнымі жанрамі. Беларускі дэтэктыў, як і ў сусветнай літаратуры, ствараецца ў розных напрамках — ён можа быць крымінальным, гістарычным, палітычным і нават гумарыстычным. Шэраг аўтараў застаюцца прыхільнікамі стылю Уладзіміра Караткевіча і пішуць пад уплывам беларускай гісторыі, а часам і міфалогіі: гэтаму спрыяе багатая культурная спадчына Беларусі[1].

Беларускі дэтэктыў мае адзнакі як сфармаванага «класічнага дэтэктыва» ці ангельскага, запазычанага ад сусветных стандартаў гэтага літаратурнага жанра, так і адметнага, характэрнага выключна для беларускай літаратуры[2].

XX стагоддзе[правіць | правіць зыходнік]

Першым беларускім пісьменнікам, які звярнуўся да гэтага літаратурнага напрамку, з’яўляецца Уладзімір Караткевіч, талент якога раскрыўся ў жанры гістарычнага дэтэктыву. Напісаную ім у 1958 годзе аповесць «Дзікае паляванне караля Стаха» (апубл. 1964 г.) тагачасныя крытыкі параўноўвалі сюжэтнай схемай з вядомай аповесцю А. Конан Дойла «Сабака Баскервіляў». Цікава, што сам Караткевіч пра сабе любіў казаць: «Я — беларускі Аляксандр Дзюма!»[3], пры тым што любіў наш пісьменнік чытаць і Конан Дойла і Дзюма. Годная старонкі дэтэктыўнага раману гісторыя здарылася і з самім «Дзікім паляваннем». Неяк увечары ўзімку Караткевіч засядзеўся ў рэстарацыі ў Доме творчасці, чытаючы сябрам урыўкі з новай аповесці. Вярталіся з застолля яны ўжо ноччу, ішлі праз лес. І выпадкова рукапіс згубіўся недзе ў заснежаным лесе. І толькі дзякуючы ахоўніцкай сабаке, якая раніцай адшукала і выкапала з-пад снегу рукапіс, наша літаратура не страціла адзін з найлепшых сваіх твораў[4]. Цікава што пры першым знаёмстве са сваёй будучай жонкай, Валянцінай, тая яму сказала: «Раз вы пісьменнік, чаму б вам не напісаць дэтэктыў, напрыклад такі, як „Дзікае паляванне караля Стаха“». Яна чытала раман у часопісе «Маладосць», але не звярнула ўвагі, хто аўтар. Уладзімір засмяяўся: «Дык гэта ж я напісаў!», што прывяло Валянціну ў збянтэжанасць. Яна наогул вельмі любіла дэтэктывы, і ўжо калі яны абраліся шлюбам, Караткевіч нават казаў: «Дэтэктывы я пішу для жонкі!». І тое варта правільна зразумець, бо ў той час напісанне дэтэктываў лічылася малапрэстыжным заняткам, большым попытам карысталіся вострасюжэтныя аповесці. І фактычна менавіта Валянціна ўгаварыла напісаць Уладзіміра «Чорны замак Альшанскі» (1979 г.), які пачынаецца словамі: «В. К., якой гэты раман абяцаў дзесяць год назад, з удзячнасцю». І Караткевіч быў шчыра здзіўлены, калі ў кнігарнях за кнігай выстройваліся чэргі, а задаволенная Валянціна казала: «Ён — мой рыцар, ён падарыў мне замак!»[5].

Шматграннасцю на дэтэктыўнай ніве вылучаецца былы супрацоўнік крымвышуку, генерал-лейтынант, лаўрэат літаратурных прэмій Мікалай Чаргінец. Пісьменнік, які ў беларускую літаратуру ўвёў так званы міліцэйскі дэтэктыў, жанр, які звычайна карыстаецца найбольшай папулярнасцю. Першая яго кніга выйшла яшчэ ў 1973 годзе. Ён з’яўляецца аднім з запатрабаваных беларускіх пісьменнікаў дэтэктыўнага жанру, і не апошнюю ролю іграе тут яго вопыт у крымвышуку. Заслугоўвае ўвагі яго зборнік дэтэктыўных аповесцяў «Служба дни и ночи» (1981 г.), заснаваная на рэяльных падзеях. Аповесці гэтай кнігі аб’яднаны аднымі і тымі ж героямі, галоўны з якіх капітан міліцыі, а затым і маёр Вятроў. Знакамітыя раманы Чаргінца «Вам — задание» (1982 г.), «За секунду до выстрела» (1983 г.) перавыдаюцца каля двух дзясяткаў разоў на працягу ўжо больш 20 гадоў, а частка яго твораў экранізавана. З-пад яго пяра выйшла амаль паўсотні займальных кніг мастацкай прозы, большасць з якіх — вострасюжэтныя дэтэктывы.

Шмат гадоў правёў на аператыўнай рабоце і Віктар Праўдзін, дэтэктывам якога прысутны дынамічны сюжэт, строгая логіка развіцця дзеянняў, таямніцы, якія раскрываюцца ў фінале, што і можна бачыць у яго аповесці «Боль (Споведзь міліцыянера)» (1996 г.), альбо рамане «Вяртанне з апраметнай» (1999 г.). Таксама заслугоўваць увагі і зборнік дэтэктываў Уладзіміра Сіўчыкава «Кінжал з крыламі» (1994 г.).

Удала ў класічным дэтэктыўным напрамку напісана кніга Міраслава Адамчыка «Забойства на Каляды» (1992 г.), у якой галоўны герой, дэтэктыў-аматар супрацьстаіць афіцыйнаму прафесійнаму следчаму ў лепшых традыцыях Шэрлака Холмса і Эркюля Пуаро, толькі замест арыстакратычных англійскіх пабудоў — шляхецкі маёнтак ХVІІІ стагоддзя пана Адама Кастравіцкага. Гэтая аповесць удала спалучае класічны англійскі дэтэктыў з беларускай рэчаіснасцю. Там, дзе Конан Дойл паказвае вобраз сваёй добрай старой Англіі віктарыянскіх часоў — Адамчык малюе нам вобразы шляхецкай і высокароднай Беларусі[1].

XXI стагоддзе[правіць | правіць зыходнік]

У 2004 годзе выдавецтва «Мастацкая літаратура» выдала цэлы зборнік «Карона Вітаўта Вялікага» з серыі «Сучасны беларускі дэтэктыў», у які увайшлі творы каля дваццаці аўтараў, сярод якіх — Адам Глобус, Уладзімер Сіўчыкаў, Віктар Праўдзін, Людміла Рублеўская, Міраслаў Шайбак. Пасля гэтага ў гэтай сэрыі выйшлі асобныя кнігі Людмілы Рублеўскай, Віктара Праўдзіна, Сяргея Трахімёнка і Леаніда Маракова.

Людмілай Рублеўскай зроблены значны ўнёсак у беларускую літаратуру. Яна, калі можна так выказацца — працягвая лепшыя традыцыі Караткевіча ў жанры гістарычнага дэтэктыву. Нездарма яе гісторыяцэнтрычныя творы некаторымі айчыннымі крытыкамі параўноўваюцца з «меладраматычнымі інтэрпрэтацыямі» мастацкіх ідэй У. Караткевіча. Так, падзеі ў яе рамане «Золата забытых магіл» (2005 г.) адбываюцца паралельна ў найбольш цікавыя для Караткевічы часы паўстання Кастуся Каліноўскага і ў наш час. А гераіня аповесці «Пярсцёнак апошняга імператара» (2005 г.) спазнае трагічную і гераічную гісторыю свайго роду, які выяўляецца каралеўскім.

Некаторыя аўтары выступаюць пры напісанні твораў калектыўна пад літаратурнай маскай. Так, Тэафілія Сабоцкая і Уладзімір Сакалоў — калектыўныя псеўданімы Міраслава Адамчыка, Адама Глобуса (Уладзімір Адамчык) і Максіма Клімковіча. Найлепшыя дэтэктывы і трылеры Адама Глобуса увыйшлі ў кнігу «Замак» (2005 г.). Падзеі апавядання Максіма Клімковіча «Люстраная фіранка» (уперш. апубл. у 1993 г.) разгортваюцца прама ў бары Дома літаратара. У напісанай Клімковічам разам з Міраславам Адамчыкам аповесці «Каханка д’ябла, або карона Вітаўта Вялікага» (1991 г.), якую літаратуразнаўца Ганна Кісліцына назвала першым беларускім трылерам, дзеянне круціцца вакол кароны Вітаўта Вялікага, зробленую ватыканскімі майстрамі, і якою Вітаўт збіраўся каранавацца ў 1429 годзе.

Вольга Тарасевіч на презентацыі сваіх кніг, перавыданых у Выдавецкім доме «Звязда». XX Міжнародная кніжная выстава, Мінск, 2013

Выдатны стыль апавядання, які спалучае дынаміку сюжэту з непрадказальным фіналам, можна бачыць у рамане-трылогіі доктара юрыдычных навук Сяргея Трахімёнка «Российский триллер» (2010 г.), у якім апавядацца пра аператыўную дзейнасць супрацоўнікоў міліцыі, якія выкрываюць дасведчаных злачынцаў. За раман «Сіндром выгарання», выпушчаны «Мастацкай літаратурай» у серыі «Сучасны беларускі дэтэктыў» у 2007 годзе, пісьменнік адзначаны нацыянальнай літаратурнай прэміяй «Залаты Купідон» (2008 г.).

Да гістарычнага дэтэктыву можна аднесці і кнігі Анатоля Рэзановіча. Так, сюжэт яго рамана «Отшельник» (2011 г.) разгортваецца на фоне гістарычных падзей, якія адбываліся на тэрыторыі Беларусі ў 1930-80 гады. А асновай раману «Охотник за искусством» (2012 г.) паслужыла рэяльная гісторыя, звязаная са скарбам — залатымі ўпрыгожваннямі скіфаў, прывезенымі аднім журналістам у Мінск.

Адной з найбольш паспяховых сярод беларускіх пісьменнікаў наогул, і ў жанры дэтэктыву ў прыватнасці, на сёння з’яўляецца Вольга Тарасевіч(руск.) бел. — аўтар больш за 20 кніг, якія друкуюцца ў буйнейшым расійскім выдавецтве «Эксмо». У аснове большасці яе вострасюжэтных дэтэктываў — раследванні, якія нязменна прысвечаны артэфакту — прадмету мастацтва. Частка серыі яе кніг з галоўнай гераіняй — пісьменніцай і журналісткай Лікай Уронская і прафесарам крыміналістыкі Уладзімірам Сядовым была экранізавана Белтэлерадыёкампаніяй, як 12-серыйны тэлесерыял «Пацалунак Сакрата», у якім удала атрымалася перанесці персанажаў з расійскай рэчаіснасці ў беларускія рэаліі, пры гэтым захаваўшы дух раманаў Тарасевіч. Яе раманы — «Без чайных церемоний» (2006 г.), «Ожерелье Атона» (2007 г.), «Плачущий ангел Шагала» (2007 г.), «Крест Ефросинии Полоцкой» (2007 г.), перавыданы ў 2012-13 гадах у беларускім выдавецтве «Выдавецкі дом „Звязда“»[1].

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. 1,0 1,1 1,2 Алег Грушэцкі Беларускі дэтэктыў. Міфы і рэальнасць // Літаратура і мастацтва : газета. — Мн.: СПБ, РВУ «Звязда», 18 ліпеня 2014. — В. 4777. — № 28. — С. 6. Архівавана з першакрыніцы 22 ліпеня 2014.
  2. Ануфрэня І.І. Спецыфіка беларускага дэтэктыва ў кантэксце сусветнага мастацтва // Дзявятыя Калеснікаўскія чытанні: зборнік матэрыялаў Рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі / Пад рэд. У. А. Сенькаўца — Брэст: БрДУ, 2015. — С. 9. — 202 с. — ISBN 978-985-555-559-0.
  3. Адам Глобус Словы пра пісьменніка Уладзіміра Караткевіча // Імёны. Літаратурныя партрэты / Пад рэд. В. Акудовіча — Мн.: ЛогвінаЎ, 2013. — С. 15. — 122 с. — (Бібліятэка «Беларускі калегіюм»). — 300 экз. — ISBN 978-985-6991-063-2.
  4. Адам Глобус Словы пра пісьменніка Уладзіміра Караткевіча // Імёны. Літаратурныя партрэты / Пад рэд. В. Акудовіча — Мн.: ЛогвінаЎ, 2013. — С. 8. — 122 с.
  5. Адам Глобус Словы пра пісьменніка Уладзіміра Караткевіча // Імёны. Літаратурныя партрэты / Пад рэд. В. Акудовіча — Мн.: ЛогвінаЎ, 2013. — С. 13. — 122 с.