Беларуская моладзь (гурток)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Беларуская моладзь, гурток)

«Беларуская моладзь» — гурток нацыянальна свядомай, пераважна студэнцкай моладзі ў Мінску. Існаваў з восені 1920 да лістапада 1922. Зарэгістраваны ў Наркамаце асветы БССР.

Месціўся ў памяшканні былога клуба «Беларуская хатка», тут пад эгідай гуртка працаваў «Клуб беларускай моладзі — Беларуская хатка». Задачы: пашыраць нацыянальную свядомасць сярод моладзі і грамадства, дапамагаць увядзенню беларускай мовы ў школах і грамадскіх установах, выхоўваць сяброў гуртка ў нацыянальным духу.

У клубе працавалі секцыі: тэатральная (кіраўнік А. Ляжневіч, Цэрах, У. Фальскі), літаратурная (кіраўнік Я. Колас), мастацкая (Юдовіч), музычная (Скальская), танцавальная (Ч. Родзевіч). 3 гуртком супрацоўнічалі Я. Купала, Я. Лёсік, Ц. Гартны, У. Тэраўскі. Сябры гуртка бралі ўдзел у агульна-гарадскіх нацыянальна-культурных мерапрыемствах, падтрымлівалі сувязі с арганізацыямі беларускай моладзі ў Віцебску, Горы-Горках, Магілёве, Слуцку, Маскве і інш. Планавалася выданне маладзёжнага часопіса і скліканне агульнабеларускага з’езда беспартыйнай моладзі.

Сябры гуртка і клуба праводзілі культурныя мерапрыемствы, заснавалі беларускі хор (кіраўнік Тэраўскі). 30 ліпеня 1921 на базе клуба створана культурна-асветная арганізацыя «Хата беларускага мастацтва», якая, аднак, самастойна не працавала. Дзейнасць гуртка і клуба рэзка крытыкавалася савецкімі партыйнымі і камсамольскімі органамі. Пасля рэквізіцыі ўладамі ў канцы 1922 памяшкання хаткі дзейнасць перанесена ў БДУ, гурток рэарганізаваны ва Усебеларускае студэнцкае аб’яднанне БДУ.

Пасля скасавання аб’яднання ў пачатку 1923 гурток аднавіў працу як Беларускі гурток вывучэння анархізму (зарэгістраваны ў БДУ), правёў некалькі сходаў і дыскусій. Вясной 1923 пасля ўмяшання ЦК КП(б)Б рэгістрацыя гуртка скасавана. Магчымасці стварэння легальнай арганізацыі беларускай моладзі былі вычарпаны. Сябры гурткоў уключыліся ў работу легальных студэнцкіх прафсаюзных і навуковых арганізацый.

Сябрамі гуртка былі паэты А. Александровіч і А. Дудар, драматург Я. Рамановіч, артыст Б. Платонаў, гісторыкі Т. Забела і Я. Кіпель, літаратуразнаўцы і крытыкі А. Адамовіч, П. Каравайчык, а таксама У. Сянько, А. Комар, Б. Бузаноўская, В. Шыкар, В. Даўгаленка, А. Вольскі, В. Дзятка, В. Камар, С. Грамыка, А. Гураў, сёстры Юцкевіч і Габрыновіч, Чайкоўская, Мунвіз, Аксельрод, Т. Апацёнак, Казакевіч, Юдовіч, М. Адзярыха, М. Пашковіч, Я. Пашковіч і інш.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]