Беларуская народная грамада (1933)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да навігацыі Перайсці да пошуку

«Беларуская народная грамада» («БНГ») — назва арганізацыі, прыдуманай следчымі ДПУ БССР для ўзбуджэння крымінальнай справы і правядзення палітычнага працэсу ў барацьбе з іншадумствам нацыянальнай інтэлігенцыі ў чэрвені – жніўні 1933; працяг палітычнага працэсу па справе «Саюза вызвалення Беларусі».

У арганізацыю было ўключана 68 чалавек, пераважна беларускія пісьменнікі (З. Астапенка, У. Жылка, Л. Калюга, М. Лужанін, Ю. Таўбін і інш.), настаўнікі, студэнты, аб’яднаных у 13 ячэек. Паводле версіі ДПУ, «БНГ» ахапіла сваёй дзейнасцю Мінск, Оршу, Слуцк, Капыльскі, Мазырскі, Слуцкі, Мінскі і іншыя раёны БССР, а таксама беларускае земляцтва ў Маскве, Ленінградзе і Смаленску. Паводле версіі ДПУ, у цэнтальнае бюро «БНГ» уваходзілі Ф. П. Купцэвіч, А. В. Карачун, Л. Калюга, П. І. Рагачэўскі, К. М. Сяледчык, В. В. Лушчыцкі, Р. С. Міхальчык, ідэйнае кіраўніцтва прыпісвалася К. Б. Езавітаву, які знаходзіўся ў Рызе.

Асноўнай мэтай арганізацыі лічылася аддзяленне Беларусі ад Савецкай Расіі і ўстанаўленне «буржуазна-дэмакратычнай Беларускай Народнай Рэспублікі» з наступнай ліквідацыяй сацыялістычных форм у сельскай гаспадарцы і ў прамысловасці: аднаўленне прыватнай уласнасці на зямлю і сродкі вытворчасці, стварэнне хутарской сістэмы землекарыстання. Новае дзяржаўнае ўтварэнне павінна было ажыццявіцца «ў блоку Літва-Латвія-Беларусь са сталіцай саюзнай дзяржавы ў г. Вільня ці ў саюзе дзяржаў Літва-Украіна-Беларусь». «Контррэвалюцыйная дзейнасць» членаў арганізацыі выяўлялася найперш у нязгодзе з узмацненнем на Беларусі таталітарнага рэжыму, распаўсюджванні меркаванняў пра «русіфікатарскую і каланізатарскую палітыку Масквы, ідэалізацыю самабытнасці Беларусі і беларускай мовы, працягванне ў друк нацдэмаўскіх тэрмінаў», у апазіцыі да палітыкі калектывізацыі. «Кіраўнікі» арганізацыі атрымалі па 5 гадоў папраўча-працоўных лагераў, «члены» — ад 2 да 3 гадоў, частка была выслана на Урал, у Казахстан, 11 «членам» было залічана папярэдняе зняволенне. Вінаватымі сябе прызналі 20 чал. Іх паказанні, а таксама паказанні 3 «членаў» арганізацыі, якія праходзілі па справе сведкамі, сталі адзінай падставай для пакарання.

24 жніўня 1956 г. Судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда БССР, разгледзеўшы пратэст пракурора БССР на пастановы Асобай нарады пры калегіі АДПУ ад 10 жніўня і 4 лістапада 1933, якімі былі засуджаны ўдзельнікі «БНГ», пастанавіла справу ў адносінах 44 чал. спыніць за адсутнасцю саставу злачынства. Астатнія рэабілітаваны ў 1-й палове 1990-х г.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]