Беларуская сацыял-дэмакратычная рабочая партыя

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Беларуская сацыял-дэмакратычная рабочая партыя (БСДРП) — арганізацыя бальшавіцкага кірунку, існавала з восені (па іншым дадзеным з лета[1]) 1917 да красавіка 1918 гг. Створана ў Петраградзе на аснове Нарвенскай арганізацыі Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ), спачатку налічвала каля 500 чл., у асноўным рабочых Пуцілаўскага, Абухаўскага, Артылерыйскага заводаў і фабрыкі «Треугольник»[2][3]. Пазней да БСДРП далучылася Гельсінгфорская арганізацыя БСГ, якая аб'ядноўвала каля 200 маракоў Балтыйскага флоту. У выканаўчы камітэт уваходзілі A. Р. Чарвякоў, I. В. Лагун, Ю. У. Памецька, У. В. Скарынка, А. Х. Усціловіч (Усціновіч) і інш.[4]

Вяла палітычную і культурна-асветную работу сярод беларусаў у Петраградзе і яго ваколіцах. Мела прадстаўнікоў у ВЦВК (Усціловіч, з снежня 1917) і Пецяргофскім раённым Савеце Петраграда (Памецка, з лютага 1918). Напачатку БСДРП працягвала падтрымліваць арганізацыйныя сувязі з БСГ, поруч з ёю ў верасні 1917 г. ўваходзіла ў Савет нацыянальных сацыялістычных партый, які аб'ядноўваў дробнабуржуазныя арганізацыі рэгіенаў Расіі. Члены БСДРП бралі ўдзел у Кастрычніцкім узброеным паўстанні ў Петраградзе. У снежні 1917 г. партыя ўдзельнічала ў перавыбарах камітэта Беларускага таварыства ў Петраградзе па аказанню дапамогі пацярпелым ад вайны. Накіравала дэлегатаў на Усебеларускі з'езд і пасля яго разгону падала заяву ў ЦК РСДРП(б) з патрабаваннем стварыць камісію для расследавання гэтага здарэння. У студзені 1918 г. разам з іншымі беларускімі арганізацыямі ў Петраградзе, што стаялі на платформе савецкай улады, удзельнічала ў стварэнні Беларускага нацыянальнага камісарыята (Белнацкома), яго камісарам прызначаны Чарвякоў. У лютым 1918 г. многія члены БСДРП удзельнічалі ва ўзброенай абароне Петраграда ад германскіх інтэрвентаў. Пры садзеянні Пецяргофскага Савета партыя арганізавала кулямётныя курсы. Разам з ваенным аддзелам Белнацкома стварыла атрад Чырвонай гвардыі, які ўвайшоў у Камуністычны атрад Петраградскага камітэта РКП(б) (300 чал., камандзір Усціловіч). У красавіку 1918 г. на аснове БСДРП створана беларуская секцыя РКП(б) пры Пецяргофскім райкоме РКП(б).

Зноскі

  1. Чарвякоў, А. За Савецкую Беларусь / Цэнтральная камісія ЦВК БССР па адзначэнню 10-й гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі. — Мн.: [Б.в.], 1927. — 137 с. — С. 52.
  2. Жылуновіч, З. Беларуская інтэлігенцыя ў гістарычным аспэкце // Полымя. — 1926. — № 6. — С. 81—82.
  3. Жылуновіч, З. Беларускія сэкцыі РКП і стварэньне Беларускай Савецкай Рэспубліккі // Полымя. — 1928. — № 10. — С. 75.
  4. Турук, Ф. Белорусское движение: очерки истории национального движения белоруссов: с прил. образцов белорусских политических партий и национальных организаций и этнографической карты белорусского племени, сост. академиком Е. Ф. Карским / Ф. Турук. — М.: Госиздат, 1921. — 142, [2] с. — С. 42—43.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Недасек, Н. Камунізм і «беларускі нацыяналізм» / Н. Недасек // Спадчына. — 2000. — № 1. — С. 3—31.
  • Скалабан, В. У. Беларуская сацыял-дэмакратычная рабочая партыя / В. У. Скалабан // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1993. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-074-2. — С. 409—410.