Беларуская сялянска-работніцкая грамада

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці

Беларуская сялянска-работніцкая грамада (БСРГ) — масавая легальная рэвалюцыйна-дэмакратычная нацыянальна-вызваленчая арганізацыя працоўных у Заходняй Беларусі ў 19251927 гг.

Сяляне ўцякаюць з ППС, Вызвалення, Сялянскага Саюза і ўступаюць у БСРГ. Язэп Горыд. Маланка № 13, 1926

Арганізавана ва ўмовах сацыяльнага і нацыянальнага прыгнёту з мэтай вызвалення Заходняй Беларусі з-пад улады Польшчы. Дзейнасць БСРГ узначальваў ЦК. Старшыня ЦК Б. А. Тарашкевіч, намеснік старшыні С. А. Рак-Міхайлоўскі, член П. П. Валошын і П. В. Мятла; кіраўнік Цэнтральнага сакратарыята БСРГ М. Т. Бурсевіч, намеснік сакратара В. Макоўскі, палітычны рэдактар газет Я. С. Бабровіч. Праграма БСРГ (прынята 12 мая 1926 г.) змяшчала асноўныя дэмакратычныя і асобныя сацыялістычныя патрабаванні: самавызначэнне Заходняй Беларусі і аб'яднанне ўсіх беларускіх зямель у рэспубліку сялян і рабочых (уз'яднанне з БССР); стварэнне сялянска-рабочага ўрада; устанаўленне дэмакратычных свабод; канфіскацыя памешчыцкіх і царкоўных зямель, пераход іх ва ўласнасць дзяржавы і падзел без выкупу паміж малазямельнымі сялянамі і парабкамі; скасаванне асадніцтва; устанаўленне 8-гадзіннага рабочага дня; увядзенне рабочага кантролю ў вытворчасці, развіццё спажывецкай, вытворчай і крэдытнай кааперацыі; нацыянальная роўнасць і навучанне на роднай мове; свабода сумлення і іншае. Галоўным сродкам сацыяльнага і нацыянальнага вызвалення працоўных БсРГ лічыла адкрытую барацьбу народных мас з эксплуататарамі на аснове саюзу рабочага класа і працоўнага сялянства. БСРГ супрацоўнічала з рэвалюцыйна-дэмакратычнай партыяй польскіх сялян (Незалежная сялянская партыя), украінскай рэвалюцыйна-дэмакратычнай арганізацыяй «Сельроб».

Малітва памешчыка «Божа! Ратуй ад Грамады!». Язэп Горыд. Маланка

Вялікую дапамогу ў стварэнні і дзейнасці БСРГ аказвала Камуністычная партыя Заходняй Беларусі (КПЗБ). Камуністы ўзначальвалі ці ўваходзілі ў склад кіраўніцтва многіх структур Грамады. З дапамогай Грамады КПЗБ накіроўвала рэвалюцыйны рух у краі, а праз іх пасольскі клуб у сейме мела легальную трыбуну[1].

24 чэрвеня 1925 г. дэпутаты польскага сейма Тарашкевіч, Рак-Міхайлоўскі, Валошын і Мятла выйшлі з беларускай нацыянальнай фракцыі сейма і стварылі пасольскі клуб БСРГ. Карыстаючыся дэпутацкай недатыкальнасцю, яны разгарнулі актыўную дзейнасць па стварэнні масавай арганізацыі працоўных для барацьбы супраць сацыянальнага і нацыянальнага прыгнёту. У студзені 1927 г. больш за 2000 гурткоў[2] БСРГ аб'ядноўвалі каля 120 000 членаў, якімі былі ў пераважнай большасці сяляне (беднякі і сераднякі), а таксама рабочыя і прадстаўнікі інтэлігенцыі[3]. Дзейнічала 18 павятовых камітэтаў БСРГ. ЦК БСРГ выдаваў газеты «Жыццё беларуса» (1925 г.), «Narodny zwon» «Беларуская ніва» (1925 г.), «Беларуская справа» (1926 г.), «Народная справа», «Наша справа», «Наш голас», «Наша воля», «Народны звон» (1930 г.), сатырычны часопіс «Маланка». Пад уплывам грамады актывізавалі работу прагрэсіўная культурна-асветніцкая арганізацыя Таварыства беларускай школы, беларускае выдавецкае, навуковае і дабрачыннае таварыствы, Беларускі студэнцкі саюз.

Згрызоты рэакцыйнага журналіста: «Грамадаўцы, дзякуй богу і Пілсудскаму — у астрозе. Каго ж цяпер лаяць?..» Язэп Горыд. Маланка

У выніку дзейнасці КПЗБ грамады ў 1926 г. у Заходняй Беларусі пачаўся ўздым масавага рэвалюцыйнага і нацыянальна-вызваленчага руху, у якім у канцы 1926 — пачатку 1927 гг. наспявалі элементы рэвалюцыйнай сітуацыі. 21 сакавіка 1927 г. БСРГ афіцыйна забаронена польскімі ўладамі. Больш за 4000 яе кіраўнікоў і актывістаў аддадзены пад суд.

Зноскі

  1. Революционный путь Компартии Западной Белоруссии (1921―1939 гг.) / [А. Н. Мацко и др.]; Институт истории партии при ЦК КПБ — филиал Института марксизма-ленинизма при ЦК КПСС. — Мн.: Беларусь, 1966. — 401, [2] с., [8] л. ил. — С. 134—135.
  2. Палуян, У. А. Беларуская сялянска-рабочая грамада / У. А. Палуян; [Рэд.: І. С. Краўчанка]; Акадэмія навук БССР, Інстытут гісторыі. — Мн.: Навука і тэхніка, 1967. — 222, [1] c. — С. 152.
  3. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (далей—НАРБ). Ф. 242. Прадстаўніцтва ЦК КПЗБ. Воп. 1. Спр. 156. Л. 85; НАРБ). Ф. 242. Прадстаўніцтва ЦК КПЗБ. Воп. 1. Спр. 163. Л. 51

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Смалянчук, А. Ф. Разгром «Грамады»: за кулісамі палітычнага скандалу / А. Ф. Смалянчук // Гістарычны альманах / пад. рэд. А. К. Краўцэвіча. — Гродна: Беларускае Гістарычнае Таварыства, 2003. — Т. 8. — С. 214—227.
  • Смалянчук, А. Ф. Разгром «Грамады» на старонках польскага віленскага друку («Пшэглёнд Віленьскі», «Кур'ер Віленьскі», «Слова») / А. Ф. Смалянчук // Гістарычны альманах / пад. рэд. А. К. Краўцэвіча. — Гродна: Беларускае Гістарычнае Таварыства, 2006. — Т. 12. — С. 79—86.
  • Polska na przestrzeni wieków / H. Samsonowicz [i in.]; redactor wydania J. Tazbir. — 2-e wyd. — Warszawa : WPN, 2006. — 803 s.
  • Szpoper, D. Sukcesorzy Wielkiego Księstwa. Myśl polityczna i działalność konserwatystów polskich na ziemiach litewsko-białoruskich w latach 1904—1939 / D. Szpoper. — Gdańsk : Arche, 1999. — 357 s.
  • Szpoper, D. Gente Lithuana, Natione Lithuana. Myśl polityczna i działalność Konstancji Skirmuntt (1851—1934) / D. Szpoper. — Gdańsk : Arche, 2009. — 487 s.