Перайсці да зместу

Беларуская фанетыка

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Фанетычная сістэма беларускай мовы — гукавы лад беларускай літаратурнай мовы.

У беларускай літаратурнай мове 45 гукаў: 6 галосных і 39 зычных. Часам да іх далучаюць 9 падоўжаных зычных гукаў, якія могуць выконваць фаналагічную функцыю. Некаторыя аўтары залічваюць у асноўны гукавы склад толькі 32 зычныя гукі, а 7 зычных азначаюць як рэдкія.

Галосныя: [а], [о], [у], [ы], [э][заўв 1], [і].

Зычныя: [б], [б’], [в], [в’], [γ][заўв 2] [γ’][заўв 2], [г’][заўв 3], [г’][заўв 3], [з], [з’], [д], [z][заўв 4], [z’][заўв 5], [ж], [ž][заўв 6], [й], [к], [к’], [л], [л’], [м], [м’], [н], [н’], [п], [п’], [р], [с], [с’], [т], [ў], [ф], [ф’], [х], [х’], [ц], [ц’], [ч], [ш].

Падоўжаныя зычныя з фаналагічнай функцыяй: [ж:], [з’:], [z’:], [л’:], [н’:], [с’:] [ц’:] [ч:] [ш:].

Артыкуляцыйная база

[правіць | правіць зыходнік]

Агульныя рысы артыкуляцыйнай базы беларускай мовы — агульная ненапружанасць пры гукаўтварэнні, моцнае памякчэнне (палаталізацыя) адных зычных і цвёрдасць іншых.

З агульнай ненапружанасці вынікаюць:

  • губна-губная артыкуляцыя пры вымаўленні /в/ пасля галосных і перад [у], [о];
  • адсутнасць розніцы ў артыкуляцыі губ пры ўтварэнні цвёрдых і мяккіх губных [б], [п], [м], іх цвёрдае вымаўленне ў канцы слоў і перад зычнымі: сем, дроб, сям’я — [с’амйа].
  • ператварэнне зубных [д], [т] пры памякчэнні ў змычна-шчылінныя [z’] і [ц’] адпаведна праз ненапружанасць кончыка языка (дзеканне і цеканне);
  • працяжнае вымаўленне [γ].

Характэрная і досыць яркая рыса — схільнасць да моцнага памякчэння зычных («мяккасць») і велярызацыя ўсіх цвёрдых зычных. Пры вымаўленні мяккіх зычных [z’], [ц’], [з’], [с’], [н’] кончык языка апускаецца да ніжніх зубоў, а месца змычкі языка пераносіцца на паднябенне, што робіць гэтыя гукі гіпермяккімі. Вымаўленне цвёрдых гукаў суправаджаецца заўсёды пад’ёмам задняй часткі спінкі языка да цвёрдага паднябення, што надае ім асаблівую цвёрдасць[1].

Пераважная колькасць гукаў утвараюцца ў цэнтры ротавай поласці пры высокім агульным пад’ёме языка, самая актыўная частка яго — сярэдняя. У задняй частцы ротавай поласці ўтвараецца нязначная колькасць гукаў[заўв 7].

Артыкуляцыйна-фізіялагічная класіфікацыя галосных[3]:

ПярэдніяСярэдніяЗаднія
Верхнія iɨu
Сярэднія ɛɔ
Ніжнія a
Беларуская
транскрыпцыя
МФА Апісанне Прыклады
і i верхні пад’ём, пярэдні рад, неагублены ліст
э ɛ сярэдні пад’ём, пярэдні рад, неагублены гэты
ы ɨ верхні пад’ём, сярэдні рад, неагублены мыш
а a ніжні пад’ём, сярэдні рад, неагублены кат
у u верхні пад’ём, задні рад, агублены шум
о ɔ сярэдні пад’ём, задні рад, агублены кот

У залежнасці ад пазіцыі галосныя ў беларускай мове могуць мяняць свой характар без змянення асноўных акустычных якасцей. Усе галосныя пасля мяккіх зычных пачынаюцца са становішча языка, вельмі падобнага да яго становішча пры вымаўленні галоснага [і], а ў цэнтральнай фазе становяцца больш пярэднімі і крыху больш высокімі па пад’ёме[4].

Пры яго ўтварэнні ніжняя сківіца апушчана, рот шырока раскрыты, а язык нязначна падымаецца ў напрамку да сярэдне-задняй часткі паднябення. Губы пры гэтым займаюць нейтральнае становішча[5].

Па губной артыкуляцыі адрозніваецца ад іншых галосных толькі тым, што адлегласць паміж верхняй і ніжняй губамі найбольшая. Бакавыя краі языка злёгку падымаюцца ўверх, дакранаючыся да карэнных зубоў і самых краёў паднябення. Цэнтральная падоўжная частка языка аказваецца значна ніжэй яго краёў. Кончык языка адцягнуты ад ніжніх зубоў унутр ротавай поласці. Уся пярэдняя частка языка плоская і прыціснута да ніжняга паднябення. Такім чынам, галосны [а] — ніжняга пад’ёму сярэдне-задняга рада, неагублены[5].

У ненаціскным становішчы артыкуляцыя гэтага гука адрозніваецца ад апісанай меншай выразнасцю пад’ёму языка і меншай ступенню раскрыцця рота. Вышэйшы пункт пад’ёму языка ссоўваецца ў напрамку да сярэдзіны зоны[5].

Пасля мяккіх зычных, асабліва ў ненаціскным становішчы, [а] пераходзіць у разрад зычных сярэдняга рада[5].

Гук [і] характарызуецца самым высокім пад’ёмам языка. Шчыліна для праходу паветра паміж зубамі вузкая, ніжняя сківіца апушчана вельмі нязначна. Уся маса цела языка і нават яго корань рухаюцца наперад. Пярэдняя частка спінкі языка прыўзнята да пярэдніх верхніх зубоў і пярэдняй часткі паднябення. Пры ўтварэнні [і] узнікае досыць вузкая шчыліна паміж цвёрдым паднябеннем і сярэдзінай спінкі языка. У ненаціскным становішчы якіх-небудзь прыкметных адрозненняў у артыкуляцыі [і] не назіраецца. Характэрнай асаблівасцю яго з’яўляецца тое, што яму могуць папярэднічаць толькі мяккія зычныя. Праход у поласць носа закрыты, губы ўдзелу ва ўтварэнні гэтага гука не прымаюць. Галосны [і] — верхняга пад’ёму пярэдняга рада, неагублены[5].

Галосны гук [ы] сустракаецца толькі пасля цвёрдых зычных. Пры яго вымаўленні пярэдняя частка языка злёгку адцягнута ад зубоў і высока падымаецца да сярэдзіны паднябення. Праход паміж паднябеннем і языком некалькі шырэйшы, чым пры артыкуляцыі [і]. Губы звычайна нейтральныя, але часам заўважаецца іх лёгкае гарызантальнае нацяжэнне. Праход у поласць носа закрыты. Гук [ы] — верхняга пад’ёму сярэдняга рада, неагублены[5].

У ненаціскным становішчы [ы] у носьбітаў літаратурнага вымаўлення можа адрознівацца толькі крыху ніжэйшай ступенню пад’ёму языка[5].

Гук [у] утвараецца пры моцна ўзнятай і адцягнутай назад задняй частцы спінкі языка. Увесь язык сабраны ў камяк, кончык яго далёка адсунуты ад ніжніх зубоў. Галосны [у] з’яўляецца моцна агубленым (лабіялізаваным). Губы пры яго вымаўленні выцягнуты наперад і ўтвараюць вельмі вузкі круглы праход для паветра. Галосны [у] — верхняга пад’ёму задняга рада, лабіялізаваны. У моўнай плыні пераход ад артыкуляцыі папярэдняга зычнага да артыкуляцыі [у] ажыццяўляецца дастаткова хутка, таму што ўжо пры вымаўленні гэтага зычнага губы поўнасцю падрыхтаваны для артыкуляцыі [у], гэта значыць выцягнуты ўперад і акруглены. У выніку ўсе зычныя, якія знаходзяцца ў адным складзе з [у] аказваюцца агубленымі. Гэты гук выяўляе найменшую залежнасць ад фанетычнай пазіцыі. У прыватнасці на вытрымку практычна не аказваюць уплыву мяккія зычныя. Свае слыхавыя ўласцівасці ён захоўвае і ва ўсіх ненаціскных пазіцыях[6].

Гук [о] па становішчы губ пры яго вымаўленні вельмі нагадвае [у], толькі праход для паветра паміж імі значна большы. Краі задняй часткі языка высока падымаюцца ў напрамку да мяккага паднябення і прыціскаюцца да карэнных зубоў і нават краёў паднябення. Сярэдняя падоўжная частка языка знаходзіцца некалькі ніжэй яго краёў, кончык далёка адцягнуты ўнутр ротавай поласці. Вышэйшы пункт пад’ёму знаходзіцца некалькі ніжэй, чым пры ўтварэнні [у]. Мяккае паднябенне закрывае праход у поласць носа. Гук [о] — сярэдняга пад’ёму задняга рада, лабіялізаваны[7].

Як і пры вымаўленні [у], губы моцна выцягваюцца наперад яшчэ да пачатку артыкуляцыі [о] і папярэднія зычныя аказваюцца лабіялізаванымі. Характэрна, што ў пачатковай фазе (экскурсіі) выцягванне губ больш моцнае. К канцу гука губы рухаюцца ў нейтральнае становішча. Таму ў большасці гаворачых па-беларуску гэты гук пад моцным націскам у пачатковай фазе вельмі нагадвае па артыкуляцыі [у], а ў канцавой фазе да некаторай ступені сходны з [а]. У становішчы пасля мяккіх зычных моцным змяненням падвяргаецца экскурсія[8].

Галосны [э] у пачатку слова, у сярэдзіне пасля цвёрдых зычных і пры ізаляваным вымаўленні ўтвараецца пры значным раскрыцці рота, пад’ёме спінкі языка да сярэдняй часткі паднябення і пасіўных губах. Краі языка падымаюцца значна вышэй, чым сярэдзіна, і прыціскаюцца да бакавых зубоў і краёў паднябення. Кончык языка крыху адцягнуты ад ніжніх зубоў, але не прыціснуты і распластаны, як пры [а], а звычайна патоўшчаны і злёгку прыўзняты. Мяккае паднябенне паднятае і закрывае праход у поласць носа. Гук [э] — сярэдняга пад’ёму пярэдняга рада, неагублены. Не пад націскам пасля цвёрдых зычных [э] сустракаецца амаль выключна ў запазычаннях. Пасля мяккіх зычных [э] у значнай ступені мяняе свае артыкуляцыйныя якасці і становіцца галосным сярэдне-высокага пад’ёму[9].

Артыкуляцыйна-фізіялагічная класіфікацыя зычных[10]:

Спосаб утварэння Удзел голасу і шуму Месца ўтварэння
губныя язычныя
губна-губныя губна-зубныя пярэдне­язычныя сярэдне­язычныя задне­язычныя
зубныя пярэдне-паднябенныя сярэдне-паднябенныя задне-паднябенныя
цвёрдыя мяккія цвёрдыя мяккія цвёрдыя мяккія мяккія цвёрдыя мяккія цвёрдыя
Змычныя (выбухныя) глухія p [п] [п’] [т] [к’] k [к]
звонкія b [б] [б’] [д] ɡʲ [г’] ɡ [г]
Змычна-шчылінныя (афрыкаты) глухія t͡s̪ [ц] t͟͡sʲ [ц’][11] t͡ʂ [ч]
звонкія d͡z̪ [z] d͟͡zʲ [z’][11] d͡ʐ [ž]
Шчылінныя (фрыкатыўныя) глухія f [ф] [ф’] [с] s̠ʲ [с’][11] ʂ [ш] [х’] x [х]
звонкія [з] z̠ʲ [з’][11] ʐ [ж] ɣʲ [γ’] ɣ [γ]
Апраксіманты санорныя w [ў] ʋ [в] ʋʲ [в’] j [й]
Дрыжачыя (вібранты) r [р]
Насавыя m [м] [м’] [н] [н’][11]
Ротавыя (бакавыя) ɫ̪ [л] [л’]

Утварэнне цвёрдых гукаў суправаджаецца велярызацыяй — пад’ёмам задняй часткі языка да мяккага паднябення[12].

Палаталізацыя

[правіць | правіць зыходнік]

Палаталізацыя зычных заключаецца ў тым, што побач з асноўнымі артыкуляцыямі дадаткова падымаецца сярэдняя частка языка да паднябення, таму рэзка змяняецца форма ротавай поласці і гук набывае спецыфічную афарбоўку, якую і прынята называць мяккасцю. Зразумела, што палаталізавацца не можа [й], паколькі яго асноўная артыкуляцыя звязана з пад’ёмам сярэдняй часткі языка. Таму яго называюць палатальным у адрозненне ад усіх іншых мяккіх, або палаталізаваных гукаў[3].

Большасць зычных сучаснай беларускай мовы ўтвараюць пары па цвёрдасці і мяккасці. Не мае адпаведнага цвёрдага гук [й], адпаведны мяккі адсутнічае ў гукаў [ў], [z][заўв 8]. У асобную групу вылучаюцца зацвярдзелыя зычныя [ж], [ш], [ž], [ч], [р], [ц][заўв 9].

Апікальныя і дарсальныя зычныя

[правіць | правіць зыходнік]

Вымаўленне зубных зычных [т], [д], [с], [з], [н], [л], [л’], [ц], [z] і альвеалярнага [р] звязана са змыканнем кончыка языка з верхнімі зубамі або ўтварэннем шчыліны паміж гэтымі органамі. Таму іх называюць не проста пярэднеязычнымі, а кончыкавымі (апікальнымі). Астатнія пярэднеязычныя з’яўляюцца спінкавымі (дарсальнымі)[13].

Свісцячыя і шыпячыя зычныя

[правіць | правіць зыходнік]

Паводле акустычнага ўражання вылучаюцца свісцячыя зычныя: [с], [з], [ц], [z], [с’], [з’], [ц’], [z’] — і шыпячыя зычныя: [ш], [ж], [ч], [ž]. Пярэдняя частка языка прымае актыўны ўдзел ва ўтварэнні зычных шыпячых, аднак адносна цвёрдага паднябення месца іх артыкуляцыі значна далей ссунута ў ротавую поласць, чым у іншых пярэднеязычных гукаў.

Зычныя фанемы /в/ і /в’/ назіраюцца ў наступных артыкуляцыях[14]:

Пры вымаўленні гука [в] ніжняя губа ўнутраным бокам змыкаецца з верхнімі зубамі па краях, а спераду паміж ёю і двума пярэднімі цэнтральнымі зубамі застаецца шчыліна. Верхняя губа пры гэтам нейтральная. Язык, як і пры артыкуляцыі іншых губных цвёрдых, адцягваецца ад зубоў у глыбіню ротавай поласці і прыкметна прыўзнімаецца ў напрамку да мяккага паднябення[15].

Ступень выражанасці губна-зубной артыкуляцыі фанемы /в/ розная перад рознымі галоснымі. Найбольш ярка яна выражана перад галоснымі [ы] і [э], менш выразная перад галосным [а], яшчэ менш выразная перад [о] і амаль зусім не выражана перад [у], дзе гук [в] практычна не адрозніваецца ад губна-губнога [ў][16].

Пры ўтварэнні [ў] становішча губ аналагічнае іх становішчу пры галосным [у], толькі крыху меншы праход для паветранага струменя. Язык адцягнуты назад і падняты ўверх значна больш, чым пры [у]. У выніку ўтвараюцца дзве больш вузкія, чым пры [у], шчыліны: паміж верхняй і ніжняй губамі і паміж мяккім паднябеннем і задняй часткай спінкі языка. Зычны [ў] шчылінны губна-губны (білабіяльны). Але шчыліна па сваіх памерах значная і шум не утвараецца, таму яго адносяць да плаўных[12].

Утварэнне зычнага [й] пасля галосных перад зычнымі і перад паўзай характарызуецца ўзнікненнем шчыліны дзякуючы пад’ёму сярэдзіны языка да сярэдзіннай часткі цвёрдага паднябення. Становішча языка падобнае на яго становішча пры артыкуляцыі галоснага [і], але пры вымаўленні [й] зона датыкання языка да паднябення большая, чым пры вымаўленні [і]. Яго разам з [ў] называюць паўгалосным або нескладовым галосным. Але дакладней абодва гэтыя гукі адносіць да зычных хоць бы на той падставе, што, як і ўсе іншыя зычныя, яны не ўтвараюць самастойнага склада[12].

Другі варыянт [й] сустракаецца перад галоснымі (яма, ехаць, краіна). У гэтым выпадку утвараецца доўгая і дастаткова вузкая шчыліна, асабліва вузкая насупраць задняй часткі цвёрдага паднябення. Гэта сярэднеязычны зычны гук. Паколькі шчыліна вельмі вузкая, у ей узнікаюць завіхрэнні паветранай плыні, якія ўспрымаюцца як шум. Па меры набліжэння да галоснага гук паступова ўзмацняецца, набліжаючыся да галоснага [і], што абумоўлена змяншэннем пад’ёму языка. Паступова змяншаецца і шум. Якой-небудзь прыкметнай мяжы паміж [й] і наступным галосным не назіраецца[12].

Зычныя [z’], [ц’] і гістарычна, і функцыянальна з’яўляюцца парнымі з [д], [т]. Аднак іх вымаўленне істотна адрозніваецца ад вымаўлення апошніх і складае адну з адметных рыс беларускай фанетыкі, якая атрымала назву дзекання і цекання. Мяккія [ц’], [z’] па спосабе ўтварэння належаць не да змычных, як [д], [т], а да змычна-шчылінных. Пры іх вымаўленні спачатку ўзнікае змыканне языка з цвёрдым паднябеннем, а затым наступае хуткае ўтварэнне шчыліны, якая існуе пэўны час, перш чым органы мовы пяройдуць да артыкуляцый, неабходных для ўтварэння наступнага гука. Пры гэтым з бакоў язык прыціскаецца да карэнных зубоў і разцоў, а таксама да краёў паднябення такім чынам, што плошча змыкання аказваецца істотна большай параўнанні з [д] і [т]. Спераду таксама ўзнікае дастаткова вялікая зона змыкання. Часта кончык языка апушчаны і не прыціскаецца да верхняга паднябення. Зона змычкі спераду ніколі не захоплівае зубы, а цалкам прыходзіцца на паднябенне. У некаторых выпадках змычка спінкі языка з паднябеннем вельмі слабая[17].

У час размыкания толькі пярэдняя частка языка адрываецца ад паднябення, а з бакоў змычка захоўваецца. Сярэдзіна языка прагінаецца, у выніку чаго паміж паднябеннем і спінкай языка утвараецца шчыліна, у якой узнікае шум, характэрны для [з’], [с’], але з рэзкім пачаткам. Зрух месца ўтварэння змычкі прыводзіць да таго, што гучанне [z’], [ц’] набывае больш або менш значнае шапеляватае (нагадвае [ж], [ш]) адценне. Таму мяккія змычна-шчылінныя [z’], [ц’] нельга аднесці да тыповых свісцячых, як [z], [ц][18].

Да шапеляватых адносяцца таксама і мяккія шчылінныя [с’], [з’]. Шчыліна ў іх таксама утвараецца значна глыбей у ротавай поласці, у заальвеалярнай зоне, паміж спінкай языка і паднябеннем. Бакі языка прыціскаюцца толькі да крайніх карэнных зубоў і паднябення, а кончык апускаецца да ніжніх зубоў. Сама шчыліна шырэйшая, чым у час вымаўлення цвёрдых [с], [з], нягледзячы на тое, што плошча змыкання языка з паднябеннем значна большая. Язык займае вельмі высокае становішча, блізкае да яго становішча пры вымаўленні галоснага [і][19].

Істотна адрозніваецца і артыкуляцыя мяккага [н’] ад артыкуляцыі цвёрдага [н]. У момант змычкі кончык языка апушчаны і звычайна не датыкаецца да пярэдніх зубоў і паднябення. Змычка ўтвараецца пярэдняй часткай спінкі языка і яго краямі, якія прыціскаюцца да заальвеалярнай зоны цвёрдага паднябення. Гэта азначае, што месца артыкуляцыі ссунута ў заднюю зону. Плошча змыкання значна большая, чым у [н]. Уся пярэдняя частка языка высока паднята ў напрамку да цвёрдага паднябення[20].

Зычны [р] адносіцца да дрыжачых. Пры яго артыкуляцыі кончык языка падымаецца вышэй узроўню верхніх зубоў, злёгку выцягваецца ў напрамку да альвеол або нават да заальвеалярнай зоны. Задняя частка языка крыху прыўзнята да мяккага паднябення, якое закрывае праход у поласць носа. Гук утвараецца ў выніку ваганняў галасавых звязак. У той жа час кончык языка робіць вагальныя рухі, то збліжаючыся з паднябеннем, то аддаляючыся ад яго[12].

Фанема /м/ рэалізуецца ў[14]:

  • губна-губным насавым зычным гуку [m]: [m]аці;
  • губна-зубным насавым зычным гуку [ɱ] перад /ф/ і /в/: а[ɱ]фара.

Асаблівасці ў спалучэнні і вымаўленні гукаў

[правіць | правіць зыходнік]
  • Аканне і яканне — вымаўленне [о], [а], [э] як [а] у ненаціскных складах.
  • Заўсёды цвёрдыя шыпячыя і [р].
  • Фрыкатыўны гук [γ]. Выбухны гук [г] у беларускіх словах сустракаецца даволі рэдка, апроч іншаземных слоў і пры азванчэнні глухога [к] перад звонкімі [з], [д], [γ] (як у словах вакзал [вагза́л], анекдот [ан’эгдо́т], пакгаўз [пагγаўс])[21]. У альтэрнатыўным правапісе выбухны гук абазначаецца на пісьме літарай ґ.
  • Адсутнасць рэдукаваных галосных[22].
  • Зычныя могуць адрознівацца даўжынёй гучання, якая ўказвае на стык марфем: аддаць — [ад:а́ц’], адтуль — [ат:ул’]. Таксама даўжыня гучання зычных можа служыць для адрознення слоў, набываючы, такім чынам, фаналагічнае значэнне: насенне—на сене, мяккі ж— мякіш. Да такіх належаць: [з’:], [с’:], [z’:], [ц’:], [ж:], [ч:], [л’:], [н’:], якія шырока ўжываюцца на месцы гістарычнага спалучэння «мяккі зычны+j».
  • Пераход гука [у] ў гук [ў] пасля галосных[заўв 10].
  • Наяўнасць прыстаўных і ўстаўных галосных перад збегам зычных і зычных перад націскнымі галоснымі, а таксама наяўнасць устаўнога гука [й] у некаторых[заўв 11] іншамоўных словах.
  • У выніку фанетычных працэсаў — чаргаванне складоў ро, ло, ле адпаведна са складамі ры, лы, лі.
  1. Абазначаецца таксама знакам [е].
  2. 1 2 Фрыкатыўны гук.
  3. 1 2 Выбухны гук. У асноўным сустракаецца ў запазычаных словах.
  4. Абазначаецца таксама як [дз].
  5. Абазначаецца таксама як [дз’].
  6. Абазначаецца таксама як [дж].
  7. Для параўнання: у каўказскіх мовах больш характэрная заднеязычная, гартанная артыкуляцыя; ва ўкраінскай мове больш зычных утвараецца ў пярэдняй частцы ротавай поласці, артыкулююць кончык языка і яго пярэдняя частка, таму ўкраінскія зычныя — больш напружаныя[2].
  8. Пару паводле цвёрдасці-мяккасці ўтвараюць [д] і [z’].
  9. Пару паводле цвёрдасці-мяккасці ўтвараюць [т] і [ц’].
  10. Але не кожнае спалучэнне "галосны+ў" з'яўляецца вынікам такога пераходу.
  11. Паводле некаторых аўтараў (Сцяцко), заўсёды.
  1. Беларуская мова 1994, с. 45.
  2. Сучасная беларуская мова, 1995. C.34,35.
  3. 1 2 Беларуская мова 1994, с. 46.
  4. ФБЛМ 1989, с. 21.
  5. 1 2 3 4 5 6 7 ФБЛМ 1989, с. 37.
  6. ФБЛМ 1989, с. 38.
  7. ФБЛМ 1989, с. 38—39.
  8. ФБЛМ 1989, с. 39.
  9. ФБЛМ 1989, с. 39—40.
  10. Беларуская мова: энцыклапедычны даведнік / пад агул. рэд. Д.В. Дзятко. Мн.: Беларусь, 2022. — С. 89. — 495 с. ISBN 978-985-01-1558-4.
  11. 1 2 3 4 5 ФБЛМ 1989, с. 61.
  12. 1 2 3 4 5 Беларуская мова 1994, с. 47.
  13. ФБЛМ 1989, с. 60.
  14. 1 2 Алесь Булойчык, Уладзімір Кошчанка. Беларускі фанетычны канвертар (BelG2P) – ад вытокаў да рэалізацыі. Нацыянальны корпус беларускай мовы.
  15. ФБЛМ 1989, с. 43.
  16. ФБЛМ 1989, с. 45—46.
  17. ФБЛМ 1989, с. 56—57.
  18. ФБЛМ 1989, с. 57.
  19. ФБЛМ 1989, с. 57—58.
  20. ФБЛМ 1989, с. 58.
  21. Андрэй Каляда. Сцэнічная мова. — Мінск: «Беллітфонд», 2006.
  22. Сучасная беларуская мова, 1995. C.35.
  • Фанетыка беларускай літаратурнай мовы / І. Р. Бурлыка, Л. Ц. Выгонная, Г. В. Лосік, А. І. Падлужны; Рэд. А. І. Падлужны. Мн. : Навука і тэхніка, 1989. — 335 с. ISBN 5-343-00292-7.
  • Беларуская мова: Вучэб. дапам. / Э. Д. Блінава, Н. В. Гаўрош, М. Ц. Кавалёва і інш.; Пад рэд. М. С. Яўневіча. — Мн. : Выш. школа, 1991. ISBN 5-339-00539-9
  • А. І. Падлужны. Артыкуляцыя гукаў // Беларуская мова : энцыклапедыя / пад рэд. А. Я. Міхневіча. Мн.: БелЭн, 1994. — С. 45—48. — 654 с. 10 000 экз. ISBN 5-85700-126-9.
  • Сучасная беларуская мова: Уводзіны. Фанетыка. Фаналогія. Арфаэпія. Графіка. Арфаграфія. Лексікалогія. Лексікаграфія. Фразеалогія. Фразеаграфія: Вучэб. дапам. / Я. М. Камароўскі, В. П. Красней, У. М. Лазоўскі і інш. — 2-е выд., дапрац. і дап. — Мн. : Выш. школа, 1995. — 334 с. ISBN 985-06-0075-6.