Беларуска-аўстралійскія адносіны

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Беларуска-аўстралійскія адносіны — адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Аўстраліяй. Дыпламатычныя адносіны паміж дзяржавамі ўстаноўлены 9 студзеня 1992 года. Аўстралія стала трэцяй краінай, з якой Рэспубліка Беларусь устанавіла дыпламатычныя адносіны.

У жніўні 2014 года пачало працу Пасольства Рэспублікі Беларусь у Аўстраліі. Пасол Рэспублікі Беларусь у Аўстраліі — Віктар Адамавіч Шых. У Рэспубліцы Беларусь па сумяшчальніцтве акрэдытаваны Пасол Аўстраліі ў Расіі Пітэр Тэш.

Аўстралію з візітамі наведвалі намеснік Міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь В. Б. Рыбакоў (у 2013 і 2015 гадах, для ўдзелу ў двухбаковых кансультацыях паміж міністэрствамі замежных спраў), старшыня Мінгарвыканкама М. А. Ладуцька (для ўдзелу ў цырымоніі перадачы права на правядзенне чэмпіянату свету 2013 года па веласіпедным спорце ад г.Мельбурна г. Мінску), дырэктар Дэпартамента знешнеэканамічнай дзейнасці МЗС Рэспублікі Беларусь Р.Собалеў і начальнік упраўлення Азіі, Аўстраліі і Акіяніі МЗС А. М. Грынкевіч (у маі 2016 года).

Візіты ў Беларусь ажыццяўлялі генерал-губернатар Аўстраліі У.Дж. Хейдэн і начальнік дэпартамента Еўропы Міністэрства замежных спраў і гандлю Аўстраліі Дж. Ньюман.

У рамках XVI Саміту Руху недалучэння адбылася сустрэча Міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Макея са спецыяльным пасланнікам Прэм'ер-міністра Аўстраліі Дж. Х'юіт. На 67-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН адбылася сустрэча Міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Макея з Міністрам замежных спраў Аўстраліі Б.Карам.

Паміж Беларуссю і Аўстраліяй падпісаныя Мемарандум аб узаемаразуменні паміж БелГПП і ГПП Заходняй Аўстраліі (жнівень 2010 года), Мемарандум аб узаемаразуменні паміж Інстытутам фізікі НАН Беларусі і Каледжам фізічных і матэматычных даследаванняў Аўстралійскага нацыянальнага ўніверсітэта (красавік 2010 года), Мемарандум аб узаемаразуменні паміж авіяцыйнымі ведамствамі Беларусі і Аўстраліі (май 2013 года), Мемарандум аб узаемаразуменні паміж міністэрствамі замежных спраў аб двухбаковых кансультацыях (чэрвень 2013 года), Пагадненне аб навуковым супрацоўніцтве і ва ўзаемадзеянні ў галіне падрыхтоўкі навуковых кадраў паміж Аўстралійскім нацыянальным універсітэтам і Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі (люты 2015 года), Мемарандум аб узаемаразуменні паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Аўстраліі аб супрацоўніцтве ў галіне мастацтваў і культуры (люты 2015 года).