Беларуска-венесуэльскія адносіны
Беларуска-венесуэльскія адносіны — двухбаковыя адносiны Беларусi i Венесуэлы.
Дыпламатычныя адносіны ўсталяваны 4 лютага 1997 года[1]. Кіраўніцтвы Беларусі i Венесуэлы маюць падобныя пазіцыі па асноўных пытаннях сусветнай палітыкі. Краіны актыўна ўдзельнічаюць у працы ААН, Руху недалучэння. Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Венесуэле з 2008 па 2012 года з'яўляўся Валянцін Гурыновіч. З 2012 года гэтую пасаду займае Алег Пафёраў.
Агляд[правіць | правіць зыходнік]
На тэрыторыі Венесуэлы пры ўдзеле беларускіх спецыялістаў завершана будаўніцтва і ўведзены ў эксплуатацыю такія аб'екты як жылы мікрараён на 2520 кватэр у сектары Гуасімаль, г.Маракай, штат Арагуа; жылы мікрараён на 4448 кватэр у раёне ваеннай базы «Лібертадор», штат Арагуа; 288 кватэр у складзе 8 дамоў у раёне ваеннай базы «Фуэртэ цівун», штат Міранда; завод па вытворчасці керамічных блокаў магутнасцю 25 млн. блокаў у год у Гуарэнас-Гуацірэ, штат Міранда; завод па зборцы трактароў «Беларус», завод па зборцы грузавых аўтамабіляў "МАЗ", завод па зборцы дарожна-будаўнічай тэхнікі — усе ў прамысловай зоне «Санта Інэс», штат Барынас.[2]
Цяпер відавочна, што беларуска-венесуэльскія адносіны можна падзяліць на два перыяды: чавесаўскі і постчавесаўскі. Першы перыяд (2006 - 2013) характарызуецца цеплынёй і станоўчай дынамікай адносін. Прэзідэнт Венесуэлы Уга Чавес ў 2006 годзе наведаў Беларусь і з тых часоў ажыццяўляў візіты штогод — у 2007, 2008, 2009 і 2010 гадах. Беларускі прэзідэнт, Аляксандр Лукашэнка ў адказ наведаў Венесуэлу ў 2007, 2010 і 2012 гадах. Два лідары вельмі сімпатызавалі адзін аднаму. У гэтыя гады актывізавалася эканамічнае супрацоўніцтва, а таксама развіццё двухбаковых сувязей у галіне культуры, навукі, адукацыі, у гуманітарнай сферы. Прэзідэнты Беларусі і Венесуэлы прынялі ўдзел у пуску першай чаргі сумеснага прадпрыемства па здабычы нафты «Петралера Беловенесалана». Яно здабыла 1 млн тон нафты ўжо ў 2008, а ў перспектыве планавалася здабыча да 7 млн тон нафты штогод. Перыяд скончыўся са смерцю Уга Чавеса 5 сакавіка 2013 года. Другі перыяд стаў часам ахаладжэння і кансервацыі ўсяго дасягнутага.
Чавесаўскі перыяд (2006-2013)[правіць | правіць зыходнік]
Развіццю двухбаковых адносін судзейнічалі:
- афіцыйны візіт прэзідэнта Венесуэлы Уга Чавеса ў Беларусь у ліпені 2006 (падпісаны Дагавор аб стратэгічным супрацоўніцтве, мемарандум аб узаемапаразуменні ў сферы палітычных кансультацый паміж МЗС Беларусі i Венесуэлы, дасягнуты пагадненні ў галіне нафтахіміі, металургіі, сельскай гаспадаркі i ў ваенна-тэхнічнай галіне);
- сустрэча прэзідэнтаў Беларусі i Венесуэлы падчас саміта Руха недалучэння ў Гаване ў верасні 2006;
- візіт афіцыйнай дэлегацыі Рэспублікі Беларусь на чале з Дзяржаўным сакратаром Савета Бяспекі Рэспублікі Беларусь Віктарам Шэйманам у Венесуэлу ў верасні 2006 (падпісаныя 23 пагадненні, у тым ліку ў ваенна-тэхнічнай галіне на агульную суму каля 1 млрд USD).
Аснову беларускага экспарту ў 2005 склалі калійныя i азотныя ўгнаенні. Назіраецца тэндэнцыя да павелічэння аб'ёмаў паставак іншых асноўных экспартных тавараў і дыверсіфікацыі экспарту: шын, электраабсталявання, дэталей і абсталявання для аўтамабіляў і трактараў, сінтэтычных ніцей. Двухбаковы тавараабарот склаў звыш 15 млн. USD.
2007 — 2008[правіць | правіць зыходнік]
У 2007 краіны працягвалі рэалізоўваць курс на доўгатэрміновае стратэгічнае партнёрства. 19—25 сакавіка адбыўся візіт у Венесуэлу Дзяржаўнага сакратара Савета Бяспекі Рэспублікі Беларусь, сустаршыні беларуска-венесуэльскай сумеснай камісіі высокага ўзроўню В.Шэймана. Абмяркоўваліся пытанні двухбаковага палітычнага, гандлёва-эканамічнага, навукова-тэхнічнага і ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва.
Па выніках візіту было падпісана 24 дакументы, з якіх 11 — у нафтагазавай сферы (адносна стварэння сумеснага прадпрыемства па здабычы нафты, арганізацыі вытворчасці і зборкі вібрацыйных крыніц, правядзення сейсмаразведачных работ і стварэння для гэтага сумеснага прадпрыемства «СейсмаВенБел», газіфікацыі з дапамогай беларускіх спецялістаў венесуэльскіх гарадоў, у т.л. сталіцы штата Барынас).
Было заяўлена, што заводы па вытворчасці сваёй тэхнікі пабудуюць Мінскі трактарны завод, Мінскі аўтамабільны завод і Беларускі аўтамабільны завод. Адзначалася, што гэта будзе не зборачная вытворчасць (як меркавалася раней), а заводы па максімальнай лакалізацыі вытворчасці, з пастаўкай вырабленай прадукцыі на рынкі краін рэгіёна. Высокія бакі дамовіліся, што беларускія спецыялісты будуць праектаваць і будаваць офісны квартал, а таксама два жылых мікрараёна на 5-6 тыс. кватэр. Пацверджаны ранейшыя планы ў сферы індустрыяльнага і горадабудаўніцтва.
Падпісана пагадненне аб будаўніцтве пад Каракасам беларускімі будаўнікамі жылога раёна на 5 тыс. кватэр. Абмеркаваны перспектывы будаўніцтва беларусамі гарадоў у Венесуэле, для чаго вырашана распрацаваць 5 генеральных планаў у 2007 і яшчэ 4 генпланаў у 2008—2011. Запланавана будаўніцтва завода будматэрыялаў на базе беларускіх тэхналогій магутнасцю 100 млн цаглін у год. Удакладнены пачатак узвядзення беларускімі спецыялістамі горада і трох аграгарадкоў — у 2007 праводзіўся выбар месцаў іх будаўніцтва.
Разгледжаны ўмовы стварэння сумесных прадпрыемстваў па зборцы аўтамабіляў «МАЗ» і «БелАЗ», трактараў «МТЗ», дарожнай і камунальнай тэхнікі «Амкадор». Венесуэльцам перададзены праекты кантрактаў на пастаўку аўтатрактарнай і сельскагаспадарчай тэхнікі.
Венесуэльскі бок пацвердзіў зацікаўленасць у беларускіх тэхналогіях у галіне сельскай гаспадаркі і харчавання (выраб сухога і згушчанага малака, тушаніны, захоўванне і складзіраванне замарожаных прадуктаў, вытворчасць і захоўванне кармоў для жывёлы), прапанаваў стварыць сумеснае прадпрыемства па перапрацоўцы кавы.
У красавіку Мінск наведала ўрадавая дэлегацыя Венесуэлы.
У маі ў Каракасе адбылося першае пасяджэнне сумеснай камісіі па супрацоўніцтву ў галіне навукі і тэхналогій. Пачалася работа па стварэнню Двухбаковага інвестыцыйнага фонда. Беларусі было прапанавана ў перспектыве ўступіць у Гуманітарны банк міжнароднага развіцця, які ствараецца Венесуэлай, Іранам і Малайзіяй для забеспячэння фінансавай незалежнасці краін-удзельніц ад міжнародных фінансавых арганізацый.
У снежні ў Каракасе прайшла нацыянальная выстаўка Беларусі, на якой узоры сваёй прадукцыі выставілі 216 беларускіх прадпрыемстваў. Выстаўка была прыўрочана да афіцыйнага візіту ў Венесуэлу Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Лукашэнкі. У рамках візіту было падпісана 15 міждзяржаўных пагадненняў і мноства кантрактаў паміж суб'ектамі гаспадарання абедзвюх краін.
Былі падпісаны міжурадавыя пагадненні аб супрацоўніцтве ў гандлёва-эканамічнай сферы, аб садзеянні ажыццяўленню і ўзаемнай абароне інвестыцый, аб пазбяганні двайнога падаткаабкладання, аб адмене віз у нацыянальных пашпартах. Заключаны пагадненні паміж міністэрствамі фінансаў дзвюх краін, аб культурным супрацоўніцтве, аб супрацоўніцтве ў галіне адукацыі, а таксама ў сферы барацьбы са злачыннасцю.
5 сакавіка 2013 у дзень смерці Уга Чавеса па ўсёй Беларусі былі прыспушчаны дзяржаўныя сцягі.
Постчавесаўскі перыяд (з 2013)[правіць | правіць зыходнік]
З прыходам да ўлады Нікаласа Мадура адбылося ахаладжэнне адносін. Хоць у 2013 годзе Беларусь стала адной з першых краін, якія наведаў Нікалас, гэта адбылося хутчэй за ўсё па інерцыі. У наступныя гады аб'ём гандлю скараціўся ў сотні разоў, затухлі супольныя праекты, дзяржаўныя СМІ перасталі называць Венесуэлу і яе новага прэзідэнта нашымі сябрамі. Па той жа інерцыі у 2010-х гады былі дабудаваны сумесныя прадпрыемствы. Сярод іх завод «ВенеМінск» у штаце Барынас, які выпускае трактары. У 2015 годзе там жа быў адкрыты завод па зборцы беларускай дарожна-будаўнічай тэхнікі, пабудаваны пры ўдзеле беларускіх спецыялістаў.
Адлюстраванне ў культуры[правіць | правіць зыходнік]
Беларуска-венесуэльскія адносіны знайшлі адлюстраванне ў культуры: так сяброўскім эканамічным стасункам дзвюх дзяржаў прысвечана песня "Венесуэла" гурта Разбітае сэрца пацана.
Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]
Спасылкi[правіць | правіць зыходнік]
- Торговые отношения Республики Беларусь со странами Латинской Америки (1992—2008 гг.)
- Посольство Республики Беларусь в Боливарианской республике Венесуэла
- Посольство Боливарианской республики Венесуэла в республике Беларусь Архівавана 14 студзеня 2022.
Зноскі
- ↑ Пратакол аб устанаўленні дыпламатычных адносін паміж Рэспублікай Беларусь i Рэспублікай Венесуэла// Сайт Валерыя Леванеўскага. Дата доступу: 26 мая 2009
- ↑ http://venezuela.mfa.gov.by/ru/bilateral_relations/trade_economic/