Беларуска-камбаджыйскія адносіны

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Беларуска-камбаджыйскія адносіны — адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Каралеўствам Камбоджа. Дыпламатычныя адносіны паміж дзяржавамі ўсталяваныя 25 студзеня 1995 года.

У траўні 1999 года адбыўся візіт у Рэспубліку Беларусь дэлегацыі Міністэрства нацыянальнай абароны Каралеўства Камбоджа на чале з першым намеснікам Міністра Пор Бун Сро.

З ліпеня 2011 года Пасол Беларусі ў Сацыялістычнай Рэспубліцы В'етнам акрэдытаваны ў Каралеўстве Камбоджа па сумяшчальніцтве. У верасні 2011 года ў Камбоджы ў рамках 32-й сесіі Міжпарламенцкай асамблеі АСЕАН Парламенту Беларусі прысвоены статус назіральніка. У сакавіку 2012 года Камбоджу наведала дэлегацыя на чале з намеснікам Міністра прамысловасці Рэспублікі Беларусь Віталём Прымай.

У чэрвені 2012 года адбыўся візіт у Беларусь старшыні Нацыянальнай асамблеі Парламента Каралеўства Камбоджы Хенга Самрына. Адбыліся яго сустрэчы з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкам, Прэм'ер-міністрам Рэспублікі Беларусь Міхаілам Мясніковічам, кіраўніцтвам Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

У лютым 2013 года адбыўся візіт дэлегацыі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь на чале са Старшынёй Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Андрэйчанкі ў Камбоджу. Адбыліся яго сустрэчы і перамовы са Старшынёй Нацыянальнай асамблеі Парламента Каралеўства Камбоджа Хенгам Самрынам, Прэм'ер-міністрам Камбоджы Хун Сенам. У рамках візіту арганізаваны сустрэчы і перамовы членаў беларускай дэлегацыі з кіраўніцтвам камбаджыйскіх міністэрстваў прамысловасці, шахтаў і энергетыкі; адукацыі, моладзі і спорту; сельскай, лясной гаспадаркі і рыбалоўства; Камбаджыйскай гандлёвай палаты. Падпісаны шэраг міжведамасных пагадненняў (аб міжпарламенцкім супрацоўніцтве, аб супрацоўніцтве ў сферы адукацыі, аб супрацоўніцтве паміж ГПП; аб усталяванні кансультацый паміж знешнепалітычнымі ведамствамі дзвюх краін).

У сакавіку і кастрычніку 2012 года адбыліся візіты ў Камбоджу дэлегацый на чале з кіраўніцтвам Міністэрства прамысловасці Рэспублікі Беларусь. У рамках візітаў адбыліся сустрэчы і перамовы з кіраўніцтвам ключавых камбаджыйскіх міністэрстваў і арганізацый, якія адказваюць за гандлёва-эканамічныя пытанні.

У студзені 2014 года Камбоджу наведаў Пасол Беларусі В. Я. Садоха, адбыліся сустрэчы з намеснікам Прэм'ер-міністра — Міністрам замежных спраў і міжнароднага супрацоўніцтва Камбоджы, Міністрам шахтаў і энергетыкі Камбоджы, Міністрам адукацыі, моладзі і спорту Камбоджы, Міністрам аховы здароўя Камбоджы, а таксама кіраўнікамі камбаджыйскіх міністэрстваў: нацыянальнай абароны; сельскай, лясной гаспадаркі і рыбалоўства; прамысловасці і рамёстваў.

У сакавіку 2014 года адбыўся афіцыйны візіт у Камбоджу Міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Макея. У рамках візіту адбыліся перамовы з Прэм'ер-міністрам Камбоджы Хун Сенам, намеснікам Прэм'ер-міністра — Міністрам замежных спраў і міжнароднага супрацоўніцтва Камбоджы Хор Намхонгам, заключана міжурадавае Пагадненне аб бязвізавых паездках для ўладальнікаў дыпламатычных і службовых пашпартоў.

У сакавіку 2014 года Камбоджу таксама наведала дэлегацыя дзелавых колаў на чале з намеснікам Міністра прамысловасці Беларусі Генадзем Браніслававічам Свідэрскім.

У красавіку 2016 года ў г. Пнампені адбылося 1-е пасяджэнне міжурадавага Сумеснага Беларуска-камбаджыйскага Камітэта па гандлёвым і эканамічным супрацоўніцтве. У канцы траўня 2017 года запланаваны Дні культуры Беларусі ў Камбоджы.