Беларуска-кувейцкія адносіны

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Беларуска-кувейцкія адносіны — адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Дзяржавай Кувейт. Дыпламатычныя адносіны паміж дзяржавамі ўсталяваныя 25 мая 1992 года.

Пасол Рэспублікі Беларусь у ААЭ акрэдытаваны ў Дзяржаве Кувейт па сумяшчальніцтве. Пасол Дзяржавы Кувейт у Расійскай Федэрацыі акрэдытаваны ў Рэспубліцы Беларусь па сумяшчальніцтве.

У кастрычніку 2002 года адбыўся афіцыйны візіт у Кувейт беларускай дзяржаўнай дэлегацыі на чале з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкам.

Узаемадзеянне паміж Беларуссю і Кувейтам ў рамках ААН мае канструктыўны характар. Краіны паспяхова ўзаемадзейнічаюць па пытанні падтрымкі кандыдатур у склад выбарных органаў арганізацый сістэмы ААН.

Дагаворна-прававую базу двухбаковых адносін складаюць міжурадавыя пагадненні аб эканамічным, гандлёвым і тэхнічным супрацоўніцтве, аб садзейнічанні ажыццяўленню і ўзаемнай абароне інвестыцый, аб пазбяганні падвойнага падаткаабкладання, аб паветраных зносінах, мемарандум аб узаемаразуменні аб правядзенні сумесных кансультацый паміж міністэрствамі замежных спраў, пагадненне аб супрацоўніцтве паміж БелГПП і Гандлёва-прамысловай палатай Кувейта, Пагадненне аб супрацоўніцтве паміж НАН Беларусі і Кувейцкім інстытутам навуковых даследаванняў.