Беларуска-латвійскія адносіны

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Беларуска-латвійскія адносіны
Беларусь і Латвія
Беларусь
Беларусь
Латвія
Латвія
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Канверт першага дня Беларусі, прысвечаны 25-годдзю Беларуска-Латвійскіх адносін, 2017 год.

Беларусь і Латвія мяжуюць адна з адной; важным аспектам двухбаковых адносін з’яўляецца транзіт беларускіх тавараў праз латвійскія порты. Абедзве краіны з’яўляюцца членамі ААН і АБСЕ. Дыпламатычныя адносіны ўстаноўлены ў 1992 годзе[1], адкрыццё абодвух пасольстваў адбылося ў 1993 годзе[2].

У Беларусі ёсць пасольства ў Рызе і консульства ў Даўгаўпілсе. Пасол Беларусі ў Латвіі — Васіль Міхайлавіч Марковіч. Раней паслом былі Міхаіл Марыніч, Аляксандр Герасіменка, Марына Іванаўна Даўгаполава. У Латвіі ёсць пасольства ў Мінску і консульства ў Віцебску. Пасол Латвіі ў Беларусі — Міхаіл Папкоў. Раней паслом была Майра Мора.

У Латвіі на сярэдзіну 2010 года пражывае 2014 грамадзян Беларусі[3]. Акрамя таго, у Латвіі пражывае каля 79 700 этнічных беларусаў, якія з’яўляюцца другой па колькасці нацыянальнай меншасцю краіны (каля 3,5 % насельніцтва). У Беларусі паводле дадзеных перапісу 1999 года пражывала 2239 латышоў[4].

Латвійскі экспарт у Беларусь склаў у 2009 годзе 92 млн латаў, беларускі ў Латвію — 163 млн латаў[5]. З 2004 па 2008 тавараабарот паміж краінамі вырас з 395,8 да 2322,2 мільёнаў долараў[2]. Асноўныя артыкулы беларускага экспарту — нафтапрадукты, прадукцыя хімічнай, металургічнай і машынабудаўнічай галін прамысловасці, а таксама неапрацаваныя лесаматэрыялы, асноўныя артыкулы латвійскага экспарту — морапрадукты, кормы для жывёл, прадукцыя тэкстыльнай, фармацэўтычнай і металургічнай прамысловасці[2].

Гісторыя ўзаемных адносін[правіць | правіць зыходнік]

У снежні 1991 года Рэспубліка Беларусь і Латвійская Рэспубліка падпісалі Дэкларацыю аб прынцыпах добрасуседскіх адносін. Дыпламатычныя дачыненні ўрады ўстанавілі 7 красавіка 1992 года. У 1993 годзе ў Мінску адкрылася латвійскае пасольства, а ў Рызе — беларускае. У 1994 годзе Беларусь адкрыла генеральнае консульства ў Дзвінску, а Латвія — у Віцебску[6].

У 1993 годзе Латвію наведаў з візітам міністр замежных спраў Беларусі Пётр Кузьміч Краўчанка. У 1995 годзе ў Мінску двойчы пабываў прэм’ер-міністр Латвіі Марыс Гайліс. У тым жа годзе ўпершыню адбыўся візіт у Беларусь дэлегацыі латвійскага парламента. У верасні 1997 года на міжнароднай нарадзе ў Вільні адбылася сустрэча прэзідэнтаў. У сакавіку 1998 года Латвію наведаў міністр замежных спраў Беларусі Іван Антановіч, у маі таго ж года — прэм’ер-міністр Сяргей Лінг. Уладзімір Ярмошын, які змяніў яго на пасадзе кіраўніка ўрада, ажыццявіў візіт у Латвію ў сакавіку 2001 года. У кастрычніку 2000 года адбыўся візіт у Беларусь міністра эканомікі Латвіі Айгара Калвіціса. У 1998 і 2001 гадах Беларусь для ўзаемінаў з Нацыянальным сходам наведвалі латвійскія парламенцкія дэлегацыі. У 2001 годзе ў латвійскім парламенце была створана група па супрацоўніцтве з Рэспублікай Беларусь. У 2006 годзе Латвія аб’явіла, што не дапусціць на сваю тэрыторыю вышэйшых службовых асоб Беларусі, якія маюць дачыненне да парушэння правоў чалавека і дэмакратычных норм. 31 студзеня 2008 года бакі падпісалі пагадненне аб узаемных паездках грамадзян. У лютым пагадненне набыло моц. Першая сустрэча кіраўнікоў урадаў Сяргея Сідорскага і Іварса Годманіса адбылася 11 ліпеня 2008 года ў будынку латвійскай памежнай аховы на КПП «Урбаны — Сілене». У лістападзе 2008 года ў рамках правядзення чарговай выстаўкі «Беларусь-ЭКСПА» ў Рызе пабываў Сяргей Сідорскі. Візіт у адказ Іварса Годманіса, падчас якога адбылася сустрэча і з Аляксандрам Лукашэнкам, адбыўся ў лютым 2009 года[6].

У 2011 годзе Латвія, нароўні з шэрагам іншых краін ЕС, адмяніла пошліны за доўгатэрміновыя візы для беларускіх грамадзян.[7]

Латвія з’яўляецца адной з нешматлікіх краін Еўрасаюза, у якія ў XXI стагоддзі здзяйсніў візіт прэм’ер-міністр Беларусі.[8]

24 мая 2021 года, пасля таго, як мэр Рыгі замяніў чырвона-зялёны сцяг Беларусі на бел-чырвона-белы сцяг, у МЗС Беларусі быў выкліканы амбасадар Латвіі Эйнарс Семаніс. Амбасадару прапанавалі пакінуць Беларусь цягам 24 гадзін, а супрацоўнікаў цягам 48 гадзін[9]. У адказ на гэта, Латвія выслала беларускіх дыпламатаў.

Мяжа[правіць | правіць зыходнік]

У жніўні 1993 года Беларусь і Латвія падпісалі пагадненне аб прыгранічных пунктах пропуску, у лютым 1994 года — пагадненне, якое спрашчае працэдуру пропуску праз мяжу жыхароў прыгранічных тэрыторый. 21 лютага 1994 года ўрады падпісалі Дамову аб мяжы. За аснову мяжы была прынята лінія, якая склалася да моманту ўключэння Латвіі ў склад СССР у 1940 годзе. У маі 1998 года бакі пачалі працэс дэмаркацыі і ў кастрычніку 2006 года завяршылі яго, устанавіўшы апошні памежны знак ля вёскі Карасіна ў Браслаўскім раёне. У верасні 2007 года ў Мінску на пасяджэнні змешанай дэмаркацыйнай камісіі былі падпісаны, сшыты і апячатаны пячаткамі міністэрстваў замежных спраў пратаколы і каталог каардынат, памежных знакаў, дэмаркацыйная карта і апісанне дзяржаўнай мяжы[6].

Скандал[правіць | правіць зыходнік]

У 2006 годзе супраць латвійскага дыпламата ў Мінску было ўзбуджана крымінальная справа аб распаўсюджванні парнаграфічнай прадукцыі,[10] пасля чаго пасол Латвіі быў адкліканы для кансультацый амаль на тры месяцы.[11]

Ваеннае супрацоўніцтва[правіць | правіць зыходнік]

8 ліпеня 2022 года памочнік Міністра абароны Рэспублікі Беларусь па пытаннях міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва палкоўнік Валерый Равенка паведаміў, што латвійскі бок адмовіў беларускім ваенным спецыялістам у наведванні воінскай часці ў Латвіі згодна з Венскім дакументам аб мерах умацавання даверу і бяспекі[12].

Зноскі

  1. https://web.archive.org/web/20080907025526/http://www.mfa.gov.lv/lv/Arpolitika/divpusejas-attiecibas/4176/ (лат.)
  2. а б в Інфармацыя пра двухбаковыя адносіны на сайце МЗС РБ(недаступная спасылка) (копія Архівавана 6 сакавіка 2016.)
  3. http://www.pmlp.gov.lv/lv/statistika/dokuments/2010/ISVP_Latvija_pec_VPD.pdf Архівавана 11 жніўня 2011. (лат.)
  4. Нацыянальны склад насельніцтвы Рэспублікі Беларусь // Перапіс насельніцтва 1999 г. (асноўныя вынікі)
  5. EXPORTS AND IMPORTS BY COUNTRIES AND TERRITORIES (англ.)
  6. а б в Аляксандр Ціхаміраў. Рыгу падштурхоўваюць адліга і крызіс(недаступная спасылка)// Пагоня. 9 сакавіка 2009
  7. Латвія будзе выдаваць візы беларусам бясплатна Deutsche Welle 22.01.2011
  8. Сідорскі здзяйсняе працоўны візіт у Латвію Архівавана 29 верасня 2010.
  9. Макей: посол Латвии был приглашен в МИД в связи с оскорблением госфлага Беларуси в Риге (руск.). БелТА (24 мая 2021). Праверана 24 мая 2021.
  10. Латышскае порна ў Беларусі пераследуецца па законе Архівавана 14 ліпеня 2014.
  11. Пасол Латвіі Майра Мора: «Пасля ўсяго, што здарылася, гарката нейкая засталася…» Архівавана 14 ліпеня 2014.
  12. The West's frivolity towards... (руск.). Twitter-старонка Валерий Ревенко (8 ліпеня 2022). Праверана 9 ліпеня 2022.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]