Беларуска-перуанскія адносіны

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Беларуска-перуанскія адносіны — адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Перу. Дыпламатычныя адносіны паміж дзяржавамі ўсталяваныя 19 лютага 1997 года.

У сакавіку 1998 года адкрыта аддзяленне Пасольства Рэспублікі Перу ў Рэспубліцы Беларусь (у 2003 годзе па рашэнні перуанскага боку было зачынена). Пасол Перу ў Расіі акрэдытаваны ў Беларусі па сумяшчальніцтве. У лютым 2009 года ў Мінску адкрыта Ганаровае консульства Перу.

У чэрвені 2014 года Пасол Беларусі ў Аргенціне акрэдытаваны ў Перу па сумяшчальніцтве.

Міждзяржаўныя кантакты ажыццяўляюцца таксама ў рамках работы міжнародных форумаў. Наладжаны абмен пратакольнымі пасланнямі.

У рамках 53-й сесіі ГА ААН у 1998 годзе адбылася сустрэча міністраў замежных спраў дзвюх краін.

У ходзе пасяджэння Каардынацыйнага бюро міністраў замежных спраў краін-членаў РН у 1998 годзе ў Картахене (Калумбія) адбылася сустрэча першага намесніка Міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь з намеснікам Міністра замежных спраў Рэспублікі Перу.

У 1999 годзе Перу наведала беларуская дэлегацыя на чале з Першым намеснікам Міністра замежных спраў. У рамках візіту адбыліся сустрэчы з першым Віцэ-прэзідэнтам Перу і Старшынёй камісіі па знешнепалітычных пытаннях Нацыянальнага кангрэса.

У 1999 годзе ў рамках штогадовага пасяджэння саветаў кіраўнікоў Сусветнага банка і МВФ адбылася сустрэча намесніка Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь з Міністрам рыбалоўства Рэспублікі Перу.

У верасні 2005 года ў Нью-Ёрку ў рамках работы 60-й сесіі ГА ААН адбылася двухбаковая сустрэча Міністра замежных спраў Беларусі з Міністрам замежных спраў Перу, падчас якой кіраўнік перуанскага знешнепалітычнага ведамства прапанаваў разгледзець магчымасць правядзення візіту ў Перу Міністра замежных спраў Беларусі.

У верасні 2014 года прайшоў візіт намесніка Міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь А. Я. Гур'янава ў Ліму.