Перайсці да зместу

Тэрытарыяльная спрэчка за Заходняе Палессе (1939)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Тэрытарыяльная спрэчка за Заходняе Палессе — палітычны канфлікт паміж кіраўніцтвам Беларускай ССР і Украінскай ССР увосень 1939 года вакол адміністрацыйнай прыналежнасці тэрыторыі Заходняга Палесся (з гарадамі Брэст, Пінск, Кобрын, Пружаны і Столін). Спрэчка ўзнікла пасля паходу Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь і Заходнюю Украіну і завяршылася на карысць БССР дзякуючы асабістаму ўмяшанню І. В. Сталіна[1].

Пытанне аб прыналежнасці Палесся мела даўнія гістарычныя і этнаграфічныя карані. Пасля падзення Расійскай імперыі ў 1918 годзе ў адпаведнасці з палажэннямі мірнага дагавора ў Брэсце частка Заходняга Палесся была перададзена Украінскай Народнай Рэспубліцы (УНР). Дзеячы Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) выказалі катэгарычную нязгоду з падобным размежаваннем тэрыторый, што абвастрыла адносіны паміж украінскім і беларускім нацыянальнымі рухамі яшчэ ў 1918 годзе[2]. Кансультант беларускай дэлегацыі ў Кіеве гісторык М. Доўнар-Запольскі тады настойваў на тым, што беларуcкі народ мае гістарычнае, эканамічнае і этнаграфічнае права на Палессе, а ўкраінскія прэтэнзіі з’яўляюцца неабгрунтаванымі[3].

У міжваеннай Польшчы тэрытарыяльныя прэтэнзіі ўкраінцаў на гэтыя землі захоўваліся. Украінскія нацыянальныя партыі і арганізацыі ўключалі Палессе ў межы будучай незалежнай Украіны, а ў 1920-я — 1930-я гады там актыўна дзейнічала ўкраінскае таварыства «Просвіта»[2]. Галоўным навуковым аргументам украінскага боку была «Этнаграфічная карта беларускага племені» (1903), складзеная рускім лінгвістам Яўхімам Карскім. Абапіраючыся выключна на дыялекталагічныя (фанетычныя) асаблівасці мясцовых гаворак, Карскі аднёс да «маларускага племені» Бельскі, Брэсцкі, Драгічынскі, Кобрынскі, Пружанскі, Пінскі і Столінскі паветы[2].

Складанасць вызначэння этнічнай мяжы пагаршалася тым, што значная частка мясцовага насельніцтва мела невыразную нацыянальную ідэнтычнасць і называла сябе «тутэйшымі» або «палешукамі». Згодна з польскім перапісам 1931 года, такіх налічвалася 707 тысяч чалавек[4]. Пры гэтым польскія ўлады мэтанакіравана заніжалі колькасць украінцаў у Палескім ваяводстве (да 4,8 %), каб ізаляваць рэгіён ад уплыву ўкраінскага нацыяналізму з суседняй Валыні і Галічыны[5]. З іншага боку, падчас расійскага перапісу 1897 года ў Брэсцкім павеце для 64,3 % людзей роднай мовай запісалі ўкраінскую мову, у Кобрынскім — 79,5 %, хоць у Пружанскім толькі для 6,6 %[5].

Сутнасць канфлікту (праекты бакоў)

[правіць | правіць зыходнік]

Пасля далучэння Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны да СССР у верасні 1939 года паўстала неабходнасць правесці выразную адміністрацыйную мяжу паміж БССР і УССР.

Першы сакратар ЦК КП(б) Украіны М. С. Хрушчоў праявіў ініцыятыву і без узгаднення з Мінскам накіраваў у ЦК УКП(б) у Маскву свой праект размежавання. Паводле ўкраінскага праекта, мяжа павінна была прайсці значна паўночней агульнапрынятай этнаграфічнай лініі. Хрушчоў прапаноўваў уключыць у склад Украіны гарады Брэст, Пружаны, Столін, Пінск, Лунінец і Кобрын, а таксама большую частку Белавежскай пушчы[6].

Даведаўшыся пра гэта, Першы сакратар ЦК КП(б) Беларусі П. К. Панамарэнка тэрмінова склікаў пасяджэнне Бюро ЦК КП(б)Б, каб выпрацаваць контрпрапановы. Беларускае кіраўніцтва прыцягнула гістарычныя і статыстычныя матэрыялы, каб абгрунтаваць свае правы на Палессе. Была выкарыстана дакладная запіска гісторыка Уладзіміра Пічэты ад 20 лістапада 1939 года, які даказваў, што дыялекталогія Карскага не можа быць адзіным крытэрыем, бо эканамічна, гістарычна і палітычна басейн ракі Прыпяці заўсёды быў цесна звязаны з Беларуссю і складаў адзінае цэлае з часоў ВКЛ[7]. Акрамя таго, беларускае кіраўніцтва абапіралася на польскія перапісы, даказваючы, што ўкраінцаў на Палессі амаль няма, а ўсе «тутэйшыя» з’яўляюцца беларусамі[5].

Бюро ЦК КП(б)Б 19 лістапада 1939 года зацвердзіла беларускі праект мяжы, згодна з якім да УССР адыходзіў толькі Камень-Кашырскі павет, дзе ўкраінцы сапраўды складалі большасць[8].

Сустрэча ў Сталіна

[правіць | правіць зыходнік]

22 лістапада 1939 года П. Панамарэнка быў выкліканы са сваімі прапановамі ў Маскву. У прыёмнай І. Сталіна ў Крамлі ён сутыкнуўся з М. Хрушчовым, паміж якімі адбылася вострая славесная пепалка. Калі Хрушчоў даведаўся, што беларускі праект цалкам супярэчыць украінскаму, ён выйшаў з сябе. Паводле ўспамінаў Панамарэнкі, Хрушчоў пачаў крычаць: «Ага, вы вучоным не верыце, вы што, больш за іншых ведаеце? А ці чулі вы пра тое, што пачынаючы з сярэднявечча на тэрыторыях, якія вы хочаце ўключыць у склад Беларусі, жылі і працягваюць жыць украінцы, што Налівайка, Багдан Хмяльніцкі і іншыя ўключалі насельніцтва гэтых тэрыторый у свае войскі, што гістарычныя кнігі зусім не згадваюць у сувязі з гэтымі раёнамі пра беларусаў?». На гэта Панамарэнка адказаў, што як кіраўнік абавязаны абараняць інтарэсы Беларусі на аснове абгрунтаваных даных[9].

Неўзабаве іх паклікалі ў кабінет Сталіна, які сустрэў іх жартам: «Здарова, гетманы, ну, як з граніцай? Вы яшчэ не пабіліся? Не пачалі яшчэ вайну з-за граніц?». Пасля даклада Хрушчова Сталін катэгарычна адхіліў украінскі праект: «Мяжа, якую прапануе таварыш Хрушчоў, цалкам непрымальная. Яна нічым не можа быць абгрунтавана. Яе не зразумее грамадская думка. Немагчыма колькі-небудзь сур’ёзна казаць пра тое, што Брэст і Белавежская пушча з’яўляюцца ўкраінскімі раёнамі. Калі прыняць такую мяжу, то заходнія вобласці Беларусі па сутнасці знікаюць. І гэта была б дрэнная нацыянальная палітыка»[10].

Затым Сталін звярнуўся да Хрушчова, каб змякчыць адмову: «Скажыце прама, вылучаючы гэтыя прапановы, вы, напэўна, мелі на ўвазе іншае: вам хацелася б атрымаць лес, яго на Украіне ж не так шмат?». Хрушчоў пацвердзіў, што УССР мае патрэбу ў лесе. Сталін узяў карту, пракрэсліў лінію мяжы паводле беларускага праекта, але ў адным месцы на зялёным масіве зрабіў невялікі выгіб на поўнач са словамі: «Няхай гэты раён адыдзе да Украіны». Гэта задаволіла абодва бакі[11].

Наступныя крокі мелі чыста юрыдычны характар. 29 лістапада 1939 года Прэзідыум Вярхоўнага Савета БССР прыняў пастанову аб размежаванні абласцей паміж БССР і УССР[12]. Неўзабаве, 4 снежня 1939 года, быў выдадзены адпаведны Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР «Аб размежаванні абласцей паміж Украінскай ССР і Беларускай ССР»[13].

У выніку Заходняе Палессе разам з Брэстам і Пінскам засталося ў складзе БССР. Да Украінскай ССР адышоў толькі Камень-Кашырскі павет, а таксама невялікая частка тэрыторыі Драгічынскага і Пінскага паветаў дзеля забеспячэння Украіны ляснымі рэсурсамі[14]. Гэтая лінія з невялікімі зменамі стала асновай для сучаснай дзяржаўнай граніцы паміж незалежнымі Беларуссю і Украінай.

  • Петровская О. Формирование границ Западной Белоруссии в 1939–1940 гг.(руск.) // Журнал российских и восточноевропейских исторических исследований : часопіс. — 2012. — № 1(4). — С. 24–41.
  • Государственные границы Беларуси : сб. документов и материалов : в 2 т. Т. 2. (ноябрь 1926 – декабрь 2010) / сост. : В. Е. Снапковский, А. В. Тихомиров, А. В. Шарапо. — Минск: БГУ, 2013. — 333 с. ISBN 978-985-518-871-2.