Беларускім партызанам (верш)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Беларускім партызанам
Выданне
Аўтограф верша (фрагмент)
Жанр верш
Аўтар Янка Купала
Мова арыгінала беларуская
Дата напісання 19 верасня 1941
Дата першай публікацыі 28 верасня 1941
Асобнае выданне зборнік «Беларускім партызанам» (1942)
Электронная версія

«Беларускім партызанам» — грамадзянска-патрыятычны верш-пасланне Янкі Купалы, завершаны 19 верасня 1941 года ў Падмаскоўі, недалёка ад Каломны, у Чарнарэцкім лясніцтве.[1] Упершыню надрукаваны ў рускім перакладзе М. Галоднага[1] ў газеце «Красная звезда» 28 верасня 1941 года. Адзін з самых вядомых у спадчыне песняра, верш даў назву пасмяротна выдадзенаму ў 1942 годзе зборніку Я. Купалы. Меў шырокі водгук у грамадстве і фактычна стаў партызанскім гімнам. У 1942 годзе ў Казані надрукаваны як улётка. Шмат разоў перадрукоўваўся ў ваенны час, быў улёткай і плакатам, перадаваўся па радыё. Першыя радкі былі пазыўнымі радыёстанцыі «Савецкая Беларусь», якая вяла перадачы з Масквы. Аўтографы верша захоўваюцца ў Літаратурным музеі Янкі Купалы.[2]

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Верш працягвае і развівае матывы купалаўскае публіцыстыкі савецкага часу. Патрыятычнае «я» паэта пашыраецца ў духу купалаўскай паэтычнай маштабнасці да абсягаў калектыўнага «я» народу, прамаўляецца ад імя народу і Радзімы. Стыль паэтычнай мітынговай прамовы, адозвы вызначаецца пераходамі ад закліку і праклёну да просьбы і заклінання, ад абурэння, гневу да пяшчоты і ласкавасці. Выразная страфічная будова з уласцівай ёй вылучанасцю заключнага радка, метрычныя і інтанацыйныя зрухі перадаюць перажыванне ад балючага відовішча фашысцкіх здзекаў да прадбачання светлых дзён адваяванае свабоды. Прамая экспрэсыя ацэначных і ўзмацняльных словаў дапаўняецца таўталогіяй, лексічнай кантраснасцю. Нярэдка гуказапісаная выразнасць набывае акрэсленую стылёвую функцыю праз гукаваю збліжанасць словаў і алітэрацыйную агучанасць радкоў.[2] Літаратуразнаўцы, у прыватнасці Галіна Тычка, адзначаюць, што ў вершы ёсць «нейкая невытлумачальная патаемная чароўнасць, той унутраны агонь, што захапляе чытача».[1]

Пераклады і мастацкія ўвасабленні[правіць | правіць зыходнік]

На англійскую мову верш пераклалі У. Мэй і В. Рыч, на асецінскую — А. Пухаеў, на балгарскую — Н. Антанаў, Н. Вылчаў, на венгерскую — А. Гідаш, на іспанскую — К. Шэрман, на грузінскую — А. Бегашвілі, Т. Джангулашвілі, на казахскую — Ж. Абдзірашаў, на кыргызскую — Ц. Уметаліеў, на латышскую — Ю. Ванаг, на літоўскую — П. Кейдошус, С. Нагінскас, на рускую — М. Берэнгдорф, М. Галодны, Н. Кіслік, В. Уладзіміраў, на таджыкскую — М. Фархат, на узбекскую — Міртэмір, М. Шэйхзадэ, на ўкраінскую — С. Крыжаноўскі, М. Цярэшчанка, на французскую — Ж. Гаш, на чэшскую — К. Беднарж[2].

Матывы і вобразы верша сустракаюцца ў вершах А. Вялюгіна «Стала песня славаю народа», К. Кірыенкі «Песня народа», У. Нядзведскага «Песня Купалы», у лірычным цыкла М. Лужаніна «Па дарогах Купалы» і інш.[2]

На музыку верш паклалі А. Багатыроў, Ул. Мулявін, П. Падкавыраў, Р. Пукст, М. Чуркін.[2]

Зноскі

  1. а б в Віталь Скалабан. «Партызаны, партызаны, беларускія сыны!» (недаступная спасылка). Советская Белоруссия (18 жніўня 2006). Архівавана з першакрыніцы 2 ліпеня 2013. Праверана 18 чэрвеня 2013.
  2. а б в г д В. Бечык Беларускім партызанам (верш) // Янка Купала : Энцыклапедычны даведнік. — Мінск: БелСЭ, 1986. — С. 82.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Янка Купала: Энцыкл. даведнік / БелСЭ; Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн., БелСЭ, 1986. — 727 с, 26 л. іл.; Артыкул «Беларускім партызанам (верш)» / Аўтар — В. Бечык. — C. 82.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]