Беларускія ведамасці (газета)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
«Беларускія ведамасці»
Тып газета
Выдавец Максім Іванавіч Гарэцкі
Краіна
Рэдактар Максім Іванавіч Гарэцкі
Заснавана 14 верасня 1921
Спыненне публікацый 15 студзеня 1922
Мова беларуская
Галоўны офіс

«Беларускія ведамасці» — штотыднёвая грамадска-палітычная і літаратурная газета на беларускай мове.

Выдавалася ў Вільні (14.9.1921 — 15.1.1922). Рэдактар-выдавец М. Гарэцкі.

Асвятляла эканамічнае і палітычнае жыццё ў Сярэдняй Літве і Заходняй Беларусі на першым этапе іх інкарпарацыі ў склад Рэспублікі Польшча, вяла работу па выхаванні палітычнай і нацыянальнай самасвядомасці беларускага народа, па згуртаванні яго дэмакратычных сіл, выкрывала паўсюднае парушэнне польскай адміністрацыяй правоў чалавека, фальсіфікацыю перапісу насельніцтва, паведамляла пра гаротнае становішча былых бежанцаў — ахвяр І сусветнай вайны, масава рэпатрыіраваных з Савецкай Расіі, і абыякавасць улад да іх праблем. Друкавала матэрыялы па гісторыі Беларусі, якія садзейнічалі абуджэнню гістарычнай памяці беларусаў (аўтары У. Ігнатоўскі, П. Станіч, М. Кахановіч, А. Смоліч), Пісала пра аўтакефалію царквы ў славян і праблемы аўтакефаліі беларускай праваслаўнай царквы (Т. Вароніч), будучы лёс Віленшчыны (М. Краўцоў), кааператыўны рух у краі (I. Мялешка, С. Чыжэўскі і інш.). Шмат увагі аддавала барацьбе за нацыянальную асвету і школу на роднай мове, інфармавала пра станаўленне беларускага школьніцтва, апублікавала статут Таварыства беларускай школы, мемарыял Цэнтральнай беларускай школьнай рады да міністра асветы Польшчы, артыкулы пра школьную палітыку ўлад, самаахвярнасць энтузіястаў беларускай школьнай справы (М. Гарэцкі, пад крыптанімам «А. В.»). На старонках газеты змешчаны матэрыялы пра Беларускую нацыянальна-палітычную нараду ў Празе, на якой прысутнічалі прадстаўнікі розных частак падзеленай Беларусі і ўсіх беларускіх асяродкаў (допісы Кастусёнка), рашэнне Беларускага нацыянальнага камітэта адносна выбараў у Віленскі сейм і матывіроўка іх байкоту, артыкулы на актуальныя палітычныя тэмы М. Гарэцкага (пад псеўд. А. Мсціслаўскі, Дзед Кузьма), інфармацыя пра культурна-грамадскі рух беларусаў у Латвіі, палітычныя і культурныя падзеі ў Літве, Украіне, Савецкай Беларусі, свеце і краі.

Друкавала этнаграфічныя матэрыялы пра Беларусь, фальклорныя запісы, раздзелы з «Хрэстаматыі беларускае літаратуры. XI век — 1905 г.» М. Гарэцкага і творы з «Беларускага дэкламатара», вершы і апавяданні Г. Леўчыка, Л. Родзевіча, Н. Арсенневай, А. Маленца, Ф. Умястоўскага, Я. Пачопкі, М. Гарэцкага і інш., змясціла рэцэнзію У. Жылкі на паэзію Н. Арсенневай. 3 літаратурных і гістарычных матэрыялаў, апублікаваных у газеце, выдадзены «Беларускі дэкламатар» і 3 зборнікі (1921).

Выйшла 19 нумароў. Напярэдадні выбараў у Віленскі сейм газета закрыта ўладамі Сярэдняй Літвы. Яе рэдактар М. Гарэцкі быў зняволены ў Лукішскую турму, потым дэпартаваны з Вільні.[1]

Зноскі

  1. ЭнГістБел, Т.1 с.460 Ліс А. С.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Ліс А. «Беларускі ведамасці» // ЭГБ у 6 т. Т. 1. Мн., 1993.